Вы тут

Хто пачне алімпійскую гісторыю беларускага тхкэвандо


Алімпійскія Гульні ў Парыжы ўжо сталі асаблівымі для беларускага тхэквандо — гэта яго алімпійскі дэбют. Няглядзячы на немалую гісторыю нашы тхэквандысты на галоўных стартах яшчэ ні разу не выступалі. Мог бы адкрыць алімпійскую старонку Арман Маршал-Сіла, але не дазволілі допінгавыя праблемы. 


Першапраходцам стане Георгій Гурцыеў. Для яго гэта таксама першыя Гульні. Але за плячыма ў Георгія салідны досвед. Ён чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 2019 года, пераможца клубнага чэмпіянату Еўропы 2018-га года, чэмпіён Мультыеўрапейскіх гульняў 2018-га. Але ўсё гэтыя медалі Георгій заваяваў, выступаючы за каманду Расіі. Дарэчы, ён двойчы станавіўся чэмпіёнам гэтай краіны. Тхэквандо ён адкрыў для сябе ў родным Уладзікаўказе, у шэсць гадоў апыныўшыся ў спартыўнай секцыі. Як спартсмена яго сфарміравалі менавіта расійскія спецыялісты. У 2022 годзе Георгій Гурцыеў атрымаў званне «Майстар спорту міжнароднага класа». І тады ж вырашыў выступаць за Беларусь. Змена спартыўнага грамадзянства на форму і вынікі спартсмена не паўплывала. У 2023 годзе Георгій Гурцыеў стаў сярэбраным прызёрам чэмпіяната свету. І гэта першы медаль беларускага тхэквандо на чэмпіянатах свету. А ў сакавіку гэтага года на кваліфікацыйным турніры 23-гадовы спартсмен заваяваў пуцёўку на Алімпійскія гульні. Да ўсіх важных стартаў Георгій рыхтуецца ў Беларусі, пад кіраўніцтвам беларускіх спецыялістаў. 

На Алімпійскіх гульнях у Парыжы часопіс Sports Illustrated прагназуе Георгію залаты медаль. Для таго, каб прагноз стаў рэальнасцю, Георгію трэба вельмі моцна пастарацца. У вагавай катэгорыі да 58 кг, у якой і выступае Георгій Гурцыеў, выступіць і алімпійскі чэмпіён Гульняў-2020 італьянец Віта Дэл Аквіла. Пасля перамогі ў Токіа ён часу дарма не губляў — заваяваў залаты медаль чэмпіянату свету-2022. Але не забываем пра непрадказальнасць Алімпійскіх гульняў і ўдачу, якая часта суправаджае навічкоў. 

Каб было цікавей глядзець выступленне Георгія Гурцыева варта запомніць, што мэта спартсмена ў тхэквандо складаецца ў тым, каб наносіць удары нагамі і рукамі ў тулава ці ў галаву суперніка. Візітнай карткай гэтага баявога мастацтва з’яўляецца спалучэнне ўдараў нагамі і рукамі ў хуткай паслядоўнасці. Кожны паядынак у тхэквандо складаецца з трох раўндаў па дзве хвіліны (з хвілінай перапынку паміж раўндамі). Пераможца вызначаецца па найбольшай колькасці набраных за час паядынку балаў. Балы (ад аднаго да пяці) налічваюцца за нанесеныя ўдары, і ацэнка кожнага тэхнічнага дзеяння залежыць ад яго віду і якасці выканання. У выпадку нічыйнага рахунку па заканчэнні трох раўндаў прызначаецца дадатковы час да першага тэхнічнага дзеяння — любы зароблены ў гэтай сітуацыі бал лічыцца «залатым» і прыносіць спартсмену перамогу.

Валерыя СЦЯЦКО. 

Фота НАК Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.