Вы тут

Студэнцкім ажыятажам на рынку арэнды жылля актыўна карыстаюцца і прасунутыя ашуканцы


З другой паловы лета ў буйных гарадах нашай краіны назіраецца павышаны попыт на кватэры ўнаём з боку студэнтаў і іншых маладых людзей. У апошні час такія кліенты ўсё часцей шукаюць сабе часовае жыллё з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Але часам за прывабнымі словамі маляўнічых аб’яў стаяць далёка не рэальныя гаспадары кватэр…


Сёння на нашы пытанні гэтай тэматыкі адказвае намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці («Упраўленне «К») МУС Беларусі Аляксандр Рынгевіч.

— Якая цяпер назіраецца кіберкрымінагенная абстаноўка ў сферы здачы жылля?

— Гаворка ідзе пра элементарныя махлярствы. Прынятыя намі меры па супрацьдзеянні ашуканскіх дзеянняў, у тым ліку тэхнічнага характару, гэта і Указ кіраўніка дзяржавы № 269 па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям, і іншыя, яны даюць добрыя вынікі. Раней, назіралася шмат банальных крадзяжоў грошай з картак з выкарыстаннем здабытых чужых рэквізітаў. Такіх злачынстваў сёлета ў параўнанні з мінулым годам стала значна менш.

Зламыснікі, разумеючы такую тэхнічную абарону нашых грамадзян, сталі перакваліфікоўвацца на здзяйсненне больш адрасных ашуканскіх дзеянняў, калі яны схіляюць людзей на правядзенне легальных аперацый па элементарным пералічэнні грошай. Яны вярнуліся да самых простых спосабаў падману, калі прапануецца тавар, паслугі ці нешта яшчэ, за што патрабуюць перадаплату, а пасля атрымання грошай прадавец «раствараецца» ў сетцы. Такія спосабы падману выкарыстоўваюцца злачынцамі пастаянна, але маюць некаторую сезоннасць. Напрыклад, бліжэй да Новага года ўсе шукаюць падарункі. Калі гэта пачатак летняга сезона, то шмат хто шукае па аб’явах садовую мэблю і інвентар. Бачачы такую актыўнасць спажыўцоў, ашуканцы не дрэмлюць: яны насычаюць Іnstagram і іншыя сацыяльныя сеткі і гандлёвыя пляцоўкі аб’явамі прыватнага характару, дзе, па сутнасці, прадаецца паветра. Рэальна, у іх нічога няма, але за прыгожыя абяцанні імкнуцца атрымаць перадаплату.

— Падобная схема дзейнічае і з жыллём?

— Ашуканцы ствараюць цэлы механізм. Яны разумеюць, што другая палова лета — час пошуку арэндных кватэр. Пошукам кватэр займаюцца, у тым ліку, першакурснікі або іх бацькі з іншага горада. У інтэрнэце кватэрамі пачынаюць цікавіцца нават не ў жніўні, а значна раней. Таму сетка насычаецца аб’явамі з маляўнічай фатаграфіяй з салодкімі ўмовамі (блізкасць метро, добры рамонт, адэкватныя суседзі і, галоўнае, цалкам рэальная цана пытання). Зусім прыдатны варыянт жылля, які трэба браць проста цяпер. Але... кантакт такой аб’явы (на які нельга патэлефанаваць, набіраючы нумар тэлефона) часцяком размяшчаецца ў месенджарах («Вайбер», WhatsApp, «Тэлеграм»). Так званыя ўласнікі жылля прапануюць пісаць туды. Вельмі часта ашуканцы гэта абгрунтоўваюць тым, што яны знаходзяцца цяпер за межамі краіны і з ім звязацца па-іншаму не атрымаецца.

Менавіта ў гадзіну пік грамадзяне актыўна шукаюць і знаходзяць такія прапановы. Наваспечаны гаспадар «ліквіднага» жылля паступае вельмі проста, ён кажа, што вы не адзіны, хто шукае кватэру, ёсць яшчэ пару варыянтаў з кватарантамі, але... вы асабіста яму так падыходзіце, што ён гатовы выбраць толькі вас. «Давайце зробім так: за адзін месяц перадаплату вы мне пакідаеце, а я аб’яву выдаляю для іншых кліентаў, і кватэра застаецца для вас», — прапануе добранькі ўласнік свабоднага жылля.

Кажучы так, ашуканец разлічвае на тое, што кліент з іншага горада не памчыцца ў Мінск ці іншы абласны цэнтр правяраць наяўнасць такога жылля. Калі кватэра яму патрэбна не літаральна заўтра, спажывец наўрад ці сарвецца сёння ж аглядаць яе. Нібыта ў чалавека ёсць выбар расстацца са сваімі грашыма (не вельмі вялікімі) сёння, але атрымаць добрую кватэру заўтра ці пазней. І такая схема працуе, людзі вераць на слова і пераводзяць свае грошы на іншыя рахункі.

Падчас ажыятажнага попыту такіх аб’яў узнікае даволі шмат. Мы вылоўліваем іх цэлымі групамі. Працуем з дошкамі аб’яў, дзе іх больш за ўсё. На жаль, нашы людзі ўсё часцей разлічваюць на сябе і інтэрнэт. Яны не звяртаюцца ў спецыялізаваныя агенцтвы, да нейкіх іншых пасярэднікаў, а шукаюць самастойна, каб было танней. У дадзеным выпадку прагнасць можа спрацаваць супраць самога кліента.

Па аб’явах у сетцы яму прапануюць добры тавар, але рашэнне неабходна прыняць, амаль не абдумваючы здзелку, проста тут і цяпер, таму што заўтра будзе ўжо позна.

Ашуканцы, па сутнасці, уводзяць чалавека эмацыянальна ў стрэсавы стан і не даюць яму магчымасці разумна і спакойна падумаць і ацаніць усе рызыкі і магчымыя слабыя бакі дамовы на словах. Бо, па сутнасці, такое пагадненне не мае юрыдычнай сілы.

Так у жніўні ў сетцы з ніадкуль узнікаюць часам такія «салодкія» кватэры, якія здаюцца розным людзям па некалькі разоў. У гэты час продаж арэнды па перадаплаце ў буйных гарадах краіны, і не толькі ў сталіцы, становіцца сезонным «піскам». Праўда, ужо ў верасні такія спрытнюгі перапрафілююцца на продаж дзіцячай цёплай вопраткі, а ў снежні на навагоднія цацкі.

— Хто, як правіла, трапляе ў пасткі ў выглядзе танных арэндных кватэр? Гэта самі мінчане, гэта жыхары абласных цэнтраў, або прыезджыя з больш дробных населеных пунктаў?

— Пацярпелымі з’яўляюцца ў асноўным жыхары з рэгіёнаў. Чалавек са сталічнай прапіскай таксама можа патэлефанаваць па гэтых аб’явах, але мінчан складаней «развесці» на грошы, таму што сталічны жыхар заўсёды можа пад’ехаць і паглядзець на жыллё, якога не існуе. Да таго ж жыхары сталіцы амаль са стапрацэнтнай упэўненасцю ведаюць, па якім кошце сапраўды якасная кватэра чужым людзям здавацца ніколі не будзе.

Ёсць, праўда, адна катэгорыя людзей, сярод якой і жыхары буйных гарадоў, якія лічаць, што менавіта ім цяпер пашанцуе пры выбары таннага жылля. Жаданне атрымаць пабольш і лепей, ды да таго ж амаль бясплатна, ніхто не адмяняў. Але заканчваецца такое жаданне сумна.

— Чалавек вырашае шукаць кватэру ў сетцы. Што яму трэба зрабіць, каб не трапіць у пастку да ашуканцаў?

— Па-першае, трэба заўсёды разумець, што пры адсутнасці асабістага візуальнага кантакту трапіць праз інтэрнэт у якую-небудзь пастку вельмі проста. Для ўласнай бяспекі трэба хоць бы зрабіць званок на нумар прапанаванага тэлефона. Не трэба абмяжоўвацца толькі сувяззю ў месенджарах.

Вельмі часта зламыснікі маюць акаўнт нават з беларускімі тэлефоннымі нумарамі, па якіх ніхто не адкажа, альбо нумар тэлефона будзе заблакіраваны, ці гаспадар яго аб арэндзе кватэр ніколі нічога не чуў. Бо акаўнт у месенджарах у іх асобна, а нумар тэлефона асобна. Трэба разумець, што звыклая звязка акаўнт і нумар тэлефона — у ашуканцаў гэта дзве абсалютна розныя рэчы. Калі не ўдаецца звязацца з візаві па звычайным тэлефоне, усё зразумела: перад вамі зламыснік, які выкарыстоўвае гэты акаўнт для сувязі з пацярпелымі. Але ні ў якім разе не трэба для праверкі тэлефанаваць у месенджары, гэта так не працуе. Гэта ні ў якай меры не пацвярджае легальнасць прадаўца.

«Салодкая» цана падкупляе кліента надзеяй таго, што менавіта яму пашанцавала. Што ён першы прачытаў гэтую аб’яву і даведаўся пра гэтую акцыю. Але гэта, як правіла, не так. Такія рэчы, апроч эйфарыі, павінны выклікаць у спажыўца пэўную насцярожанасць. Як і трыгер — разлік толькі на банкаўскую карту, ніякай асабістай сустрэчы. Усё гэта выклікае сумневы ў праўдападобнасці здзелкі.

І яшчэ. Калі вы з іншага горада, але кватэра вам вельмі патрэбна? Тады можна пайсці «ва-банк» і заявіць, што праз 2-3 гадзіны прыедзеце ў горад на агляд. Гаспадар кватэры звычайна пагодзіцца вас сустрэць, а злачынец пачне «віляць» і патрабаваць перадаплаты. Гэтыя рэчы павінны насцярожваць або прыняць іншае рашэнне, аднак такой пілюлі, якая на 100% раскрывае, што перад намі махляр або сумленны чалавек, няма.

Тут чалавек павінен сам прыбраць эмоцыі, уключыць галаву і зразумець: нешта тут нячыста.

— Дапусцім, здарылася тое, што здарылася. Чалавек паддаўся на ўгаворы і заплаціў ашуканцам. Зразумеў гэта і звярнуўся да вас. Ці ёсць верагоднасць, што яго грошы будуць вернутыя?

— Калі кліент зразумеў, што яго падманулі, неабходна зрабіць наступнае: калі ён скампраметаваў рэквізіты сваёй банкаўскай карткі, патрэбна заблакіраваць яе, каб у далейшым з яго грошай не выкрадалі.

Калі чалавек самастойна пераправіў свае грошы камусьці, тады трэба максімальна хутка звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай. На бягучы момант у нашай краіне выбудаваная пэўная сістэма ўзаемадзеяння паміж праваахоўнымі органамі і банкаўскімі ўстановамі. У гэтым выпадку не трэба ехаць у Мінск ці яшчэ кудысьці, дастаткова звярнуцца ў раённы аддзел па месцы жыхарства і паведаміць, што вас падманулі. У нас сёння каналы ўзаемадзеяння так выбудаваныя, што з самых далёкіх куткоў краіны па ўнутраных сваіх сетках інфармацыю перадаём у банкаўскія ўстановы.

Такая перадача інфармацыі займае максімум хвіліны. Пытанне не ў сутках або гадзінах, а ў хвілінах. Калі чалавек нам падаў усю неабходную інфармацыю, тады на працягу гадзіны пасля звароту наша служба фізічна мае магчымасць падзяліцца гэтай інфармацыяй з банкаўскімі структурамі.

Як вы разумееце, дакладны механізм барацьбы з гэтай з’явай у нас ёсць. Пытанне толькі ў часе. Калі пацярпелы будзе доўга «разгойдвацца», тады ён страціць грошы. «Цяпер пятніца. Мяне падманулі, але сёння нікуды не пайду. Буду ціха гараваць. Пайду лепш да праваахоўнікаў у панядзелак». Але гэта ваш час, калі грошы яшчэ можна выратаваць.

Зламыснікі гэта разумеюць і імкнуцца перакідваць гэтыя грошы з рахунку на рахунак, у далейшым паспрабуючы вывесці іх за мяжу, перавесці ў крыптавалюту або заблытаць іх рух якім-небудзь іншым спосабам.

Таму, калі вы трапілі ў бяду, адразу ж неадкладна трэба звяртацца ў праваахоўныя органы. А мы абавязкова дапаможам.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.

Сілавыя структуры

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.