На працягу вось ужо 100 гадоў органы гандлю выконваюць важную ролю ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. Ад такой дынамікі шмат у чым залежыць дабрабыт спажыўцоў, рэалізацыя іх праў і законных інтарэсаў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як работнікі дадзенай сферы адзначылі вялікі юбілей.
Гандаль суправаджаў чалавека ва ўсе перыяды існавання, гэта тое, без чаго нельга абысціся. За апошнія сто гадоў шмат што змянілася. Аб гэтым распавёў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў.
— Пакупнікі з кожным годам становяцца ўсё патрабавальней. Аднак важна заўважыць, што кожны чалавек, які прыйшоў у краму ці гандлёвы цэнтр, не абдзелены ўвагай. Так павялося, што пакупнік заўсёды мае пэўныя правы. І, дзякуючы вам, гэты прынцып заўсёды вытрымліваецца. Трэба мець асаблівы склад характару, стан душы, каб заўсёды быць у настроі, усміхацца, імкнуцца дапамагчы і аказаць садзейнічанне, стварыць умовы для таго, каб пакупнік заўсёды быў задаволены. А гэта дарагога варта, — адзначыў мэр Мінска. — Сёння мы бачым, што разнастайнасць аб’ектаў гандлю, якая нас акружае, здаецца дасканалай, інфарматызаванай. Але ўсё роўна гэта не можа існаваць без галоўнай фігуры — прадаўца, чалавека, які заўсёды знаходзіцца на месцы і аддае сябе любімай справе.
Юбіляраў чакала канцэртная праграма і віншаванні ад заслужаных артыстаў краіны Аляксандра Саладухі і Алены Ланскай, а таксама музычныя падарункі прагучалі ў выкананні заслужанага любіцельскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага тэатра эстраднай песні «Сябрынка» і віртуоза-балалаечніка Дзмітрыя Стража. Падчас святочнай цырымоніі ганаровымі граматамі, падзякамі, нагруднымі знакамі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, а таксама юбілейнымі медалямі «100 год органам гандлю Беларусі» былі ўзнагароджаны больш за 150 супрацоўнікаў гандлю.
— Вынікі ў беларускім гандлю станоўчыя. За бягучае паўгоддзе мы маем рост практычна па ўсіх паказчыках. Рознічны тавараабарот у краіне вырас на 11,5 працэнтаў, павялічваецца інфраструктура і гандаль працягвае развівацца. У нас у краіне функцыянуе больш за 129 тысяч гандлёвых аб’ектаў і амаль 30 тысяч анлайн-магазінаў. Дарэчы, доля анлайн-гандлю значна вырасла ў гэтым паўгоддзі і склала каля васьмі працэнтаў. Акрамя таго, развіваецца грамадскае харчаванне — 25,5 тысячы рэстаранаў, кафэ, сталовых функцыянуюць і забяспечваюць сацыяльны стандарт на адну тысячу чалавек нашай краіны, — адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.
Па яго словах, у сферы гандлю працуюць больш за 600 тысяч чалавек, а гэта каля 15 працэнтаў ад усяго працаздольнага насельніцтва краіны. «Задачы, якія стаяць перад намі, мы выконваем разам і з гонарам, нягледзячы на ўсе складанасці», — дадаў ён.
Цяжка пераацаніць і ўклад галіны ў развіцці эканомікі, краіны, узроўню дабрабыту і якасці абслугоўвання насельніцтва. Аб гэтым расказаў намеснік старшыні Мінгарсавета Алег Казарэдаў.
— Безумоўна, тэхналагічны і тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы і гандлёвы бізнес сыходзіць у электронную сферу. Гэта толькі даказвае, што каштоўнымі становяцца жывыя зносіны, сустрэчы прадаўца і пакупніка ў стацыянарным аб’екце гандлю, — падкрэсліў ён.
У ліку ўзнагароджаных былі кіраўнікі розных гандлёвых устаноў горада, загадчыкі аддзеламі, касіры і іншыя супрацоўнікі гэтай сферы. Асаблівае прызнанне атрымала прафесійная дзейнасць Надзеі Лазарэвіч, першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама, а таксама начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Алены Нагорнай і іншых спецыялістаў дадзенага ўпраўлення.
— У нашай сталіцы працуе 185 тысяч прадаўцоў, якія аказваюць важную місію — дапамагаюць выбіраць нам неабходную прадукцыю. Віншуем усіх, хто звязан з гэтым днём, жадаем усяго самага найлепшага і, вядома, працаваць на карысць Беларусі, больш прадаваць айчынных тавараў. Кожная галіна заслугоўвае асаблівай увагі, — сказала першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.
На ўрачыстым мерапрыемстве былі падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшае афармленне вітрын гандлёвых і грамадскіх устаноў сталіцы. У катэгорыі крам пераможцам была прызнана кандытарская «Ласунак», якая прадстаўляла фабрыку «Камунарка». Сярод універмагаў сталі пераможцамі «Беларусь», ГУМ і ЦУМ. Аб’екты грамадскага харчавання, якія былі адзначаны за афармленне вітрын, уключаюць кафэ «Варэнік», буфет бізнес-цэнтра «Сталіца» і кафэ «Мінская конка» атэля «Еўропа». Дыпломы за святочнае афармленне былі ўручаны фірменнай краме № 1 «Камунарка», а за арыгінальнасць у стылізацыі вітрыны — магазіну «Белінвентарторг». Акрамя таго, дыпломы за мастацкае афармленне атрымалі крамы, якія належаць «Элеме» і «Мінскхлебпраму».
Кацярына УРБАН.
Фота аўтара.
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.