У паўночным рэгіёне працягваецца бітва з надвор’ем за ўраджай. На палетках заняты ўсе свабодныя рукі, камбайны начуюць у палях, а механізатары ўпарта і скрупулёзна закладваюць у засекі тону за тонай хлебнага золата. Моцна гараць сваёй справай маладыя кадры, для якіх асабліва пачэсна ўнесці свой уклад у агульны каравай краіны.
На ўчарашнюю раніцу аграрыі Віцебшчыны сабралі звыш 480 тысяч тон збожжа з улікам рапсу. Тысячны намалот пераадолелі 52 зернеўборачныя экіпажы, з іх восем маладзёжных. 64 хлебаробы перавезлі па тысячы тон золата палёў, восем кіроўцаў пераадолелі планку ў дзве тысячы тон кожны, адзін змог перавесці тры тысячы тон. Астатнія аграрыі імкліва цягнуцца да сваіх калег-перадавікоў, і, у незалежнасці ад таго, колькі тон сабраў той ці іншы экіпаж, уклад кожнага ва ўборачную кампанію неацэнны.
У сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Ліпаўцы» Віцебскага раёна на сёлетнім жніве плячом да пляча шчыруюць вопытныя механізатары і іх пераемнікі — маладыя камбайнеры. У іх ліку — 24-гадовы інжынер працаёмкіх працэсаў Мікіта Гайдукоў. Ужо другую па ліку ўборачную кампанію ён мяняе свой кабінет на кабіну айчыннага «Палесся».
Малады чалавек з мясцовых, абраў галіну сельскай гаспадаркі пасля школы і чатыры гады атрымліваў адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. На размеркаванне вярнуўся ў «Ліпаўцы», тут і працуе ўжо трэці год. У прадпрыемстве зарэкамендаваў сябе як адказны і працавіты спецыяліст, таму кіраўніцтва даверыла Гайдукову самае каштоўнае ў гарачую пару жніва — хлеб. А ён з азартам кожны дзень беражліва збірае налітае сонцам калоссе.
«Нягледзячы на тое што гэта афіцыйна другое маё жніво ў гаспадарцы, першы вопыт удзелу ва ўборачнай кампаніі я атрымаў яшчэ падчас практыкі на Аршаншчыне. Тады, вядома, было страшна: мала што ведаў, адразу трэба было выходзіць у бой (смяецца). Але з кожным днём атрымлівалася лепш, прывыкаў да тэхнікі. Тут, у «Ліпаўцах», сваё плячо падстаўлялі вопытныя калегі, накіроўвалі. Так і працую, ні разу не пашкадаваў аб тым, што сваю маладосць праводжу на полі», — расказвае Мікіта.
Скідку на ўзрост камбайнеру не робяць: на цяжкія палеткі хлопец выходзіць разам з усімі. Штодзень ад відна да відна з перапынкам на гарачы абед каля камбайна і калі ідзе дождж. Сваімі асабістымі «хлебнымі рэкордамі» вясковец хваліцца не любіць, сёлета на яго рахунку ўжо больш чым 200 тон збожжа, а выніку мінулай уборачнай дачакацца не паспеў — дамалаціў і адразу пайшоў у армію. Тут, у прадпрыемстве, маладога чалавека падтрымліваюць не толькі калегі, але і маці, якая працуе дыспетчарам. І малодшы брацік Мікіты ўжо праяўляе інтарэс да сельскагаспадарчай тэхнікі, таму, магчыма, хутка ў гаспадарцы з’явіцца новая сямейная дынастыя. Такіх, дарэчы, у «Ліпаўцах» нямала.
Разам з Гайдуковым на жніве шчыруе і 31-гадовы механізатар Аляксандр Шашкоў. У СУП ён прыйшоў вясной і ўжо задзейнічаны на ўборачнай. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла маладому чалавеку жоўценькі New Holland, адзіны імпартны камбайн. У сельскай гаспадарцы віцябчанін не навічок: даводзілася працаваць у іншых гаспадарках Прыдзвіння, а ў гэтым прадпрыемстве шчыруе на адвозцы «зялёнкі», узворванні глебы. Але сёлетняя кампанія, калі Аляксандру давялося паспрабаваць сябе ў ролі камбайнера, у прафесійным летапісе першая. І, прызнаецца герой, уражанні найярчэйшыя. «Мой бацька ўсё жыццё працуе кіроўцам. Любоў да вялікай тэхнікі пераняў у яго.
Пасля Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці пачаў і сам пракладваць прафесійную сцяжыну. Дарэчы, з жонкай нас звяла таксама сельская гаспадарка — працавалі разам на малаказаводзе», — расказвае Аляксандр Аляксандравіч.
Малады камбайнер удала спалучае свае працоўныя абавязкі з роляй шматдзетнага бацькі. Іх, маленькіх Шашковых, у механізатара трое. Яны і з’яўляюцца для яго той жыватворнай крыніцай, якая дае сілы і натхняе на новыя здзяйсненні ў цяперашнім «гарачым» графіку. На ўсе цяжкасці Саша з шырокай усмешкай адказвае: «Пераадолеем!» і кожную пагодную хвіліну працоўнага дня аддае хлебным нівам.
Нараўне з галоўнымі героямі ўборачнай на зернесушыльных комплексах рупяцца на агульны ўраджай школьнікі. Так, у Докшыцкім раёне сёлета створаны чатыры сельскагаспадарчыя студэнцкія атрады. Гэта добрая магчымасць не толькі правесці летнія канікулы з карысцю, але і падзарабіць. А для кагосьці гэты вопыт можа стаць вырашальным падчас выбару будучай прафесіі.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Таргуны» для моладзі адкрыты ўсе дарогі, асабліва калі не хапае рабочых рук. 16-гадовая Марыя Наско прыйшла на зернесушыльны комплекс прадпрыемства на ліпень-жнівень, цяпер дзяўчына разам з сябрамі працуе пяць дзён на тыдзень. Асноўныя яе абавязкі: дапамагаць прыбіраць сушылкі, падмятаць збожжа пасля тэхнікі. «Не толькі на тэрыторыі комплексу, але і на пад’язных дарогах. Паўсюль павінны быць парадак і чысціня. Павага да зярнятак, якія потым прыходзяць у нашы дамы ў выглядзе духмяных боханаў, — у першую чаргу», — філасофскі разважае дзяўчына. Так, дарэчы, пачынаў яе старэйшы брат, які цяпер працуе ў ААТ.
Прыцягваюць моладзь на дапамогу аграрыям і ў ААТ «Барсучанка», КУСГП «АграСітцы» — тут шчыруюць больш за два дзясяткі дзяўчат і хлопцаў. На зернесушыльным комплексе ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» гэтымі днямі працуе студатрад «Страла» імя Героя Сацыялістычнай Працы У. Ф. Крышталевіч. У прадпрыемстве няма паляводаў, таму дапамога моладзі значная. Старэйшыя праводзяць на комплексе па сем гадзін, а малодшыя — па чатыры. Але самая галоўная ісціна, якую ўжо засвоілі юныя аграрыі, — быць карысным. Прадпрыемству, рэгіёну і, вядома, Беларусі.
Аляксандра Гвоздзева
Фота аўтара
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.