Вы тут

Маргарыта Кухта-Маслоўская: Адчуваю, што патрэбная тут


Маргарыта Кухта-Маслоўская пяць гадоў працуе галоўным рэдактарам у «Ляхавіцкім весніку». Самую высокую пасаду ў рэдакцыі газеты яна заняла ў дваццаць чатыры гады і са сваімі абавязкамі спраўляецца: напрыклад, колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках у выдання расце, прагляды некаторых публікацый у месенджарах ужо перасягнулі за мільён, але на гэтым у рэдакцыі спыняцца не збіраюцца. Карэспандэнт «ЧЗ. Чырвонай змены» пагутарыла з гераіняй пра яе вучобу на факультэце журналістыкі БДУ, імклівы кар’ерны рост, спакусу працаваць у сталіцы і многае іншае.


— Маргарыта, з чаго пачаўся ваш шлях у журналістыку?

— Я супрацоўнічала з рэдакцыяй школьнай газеты для дзяцей і моладзі «Дзянніца» гімназіі горада Ляхавічы, у якой на той час вучылася. У нас быў распрацаваны праект сумесна з раённай газетай «Ляхавіцкі веснік», які называўся «Газета ў газеце», там я спрабавала сябе ў якасці карэспандэнта. Праца мне вельмі спадабалася — так апынулася ў гэтай сферы. Калі надышоў час выбіраць прафесію, то тагачасны галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка» Вольга Барадзіна прапанавала паступаць на факультэт журналістыкі ў БДУ па мэтавым накіраванні, а потым вярнуцца і працягваць працаваць у родных мясцінах. Я пагадзілася, і недарма, бо ўсё склалася для мяне найлепшым чынам.

— Чым запомнілася вучоба на журфаку?

— Студэнцтва — найлепшыя гады ў маім жыцці. Я вучылася ў таго пакалення журналістаў-практыкаў, якое ўласна і стварала айчынную журналістыку. Ніколі не забуду Аляксандра Канстанцінавіча Свораба, які ўлюбіў мяне ў прафесію, вучыў, дапамагаў, кіраваў курсавымі работамі. Незлічонае мноства жыццёвых парад ён мне даў. Вельмі ўдзячна яму і ўсім яго калегам.

— Пасля вучобы вы вярнуліся дадому, сталі працаваць у «Ляхавіцкім весніку»…

— Адразу пасля заканчэння вучобы прыехала працаваць карэспандэнтам у родную газету. Тут чакалі і з цеплынёю сустрэлі выпускніцу журфака. Праз некаторы час быў заснаваны аддзел маладзёжнай тэматыкі, я стала яго загадчыкам. Пасля кіраўніцтва раёна прапанавала мне, маладому спецыялісту, узначаліць «Ляхавіцкі веснік». Вельмі ўдзячна, што заўважылі мяне сярод шэрагу не менш таленавітых і перспектыўных кандыдатаў. Галоўная матывацыя цяпер — апраўдаць давер раённай і абласной улады, Міністэрства інфармацыі. Страшна было спачатку, бо аказалася самым маладым галоўным рэдактарам у краіне.

— Як гэтае рашэнне ўспрыняў калектыў?

— Цалкам падтрымалі. І мяне, і ўведзеныя пасля ўступлення ў пасаду навацыі: сёе-тое прыйшлося змяніць кардынальна. Калегі даверыліся, і, спадзяюся, я іх не падвяла. Безумоўна, калі прыходзіць новы кіраўнік — гэта заўсёды складана, бо нейкія звыклыя рэчы змяняюцца новаўвядзеннямі, якіх патрабуе час. Мне было прасцей — я вырасла ў «Ляхавіцкім весніку». Мае калегі — мае настаўнікі. У іх я навучылася многаму з таго, што сёння перадаю маладым людзям, якія прыходзяць да нас на практыку. Скажу больш, толькі дзякуючы калектыву «Ляхавіцкага весніка», я паверыла ў свае сілы. Стаўшы галоўным рэдактарам, спачатку не разбіралася ў многіх пытаннях, бо гэтая пасада не толькі пра творчасць, але і кіраўніцкую дзейнасць. І сумесна з калегамі, якія дапамагалі ва ўсім, наладжана паспяховая работа.

— Ці не было ў вас спакусы прыехаць працаваць у сталіцу пасля размеркавання?

— Я не вельмі люблю буйныя гарады, мне па душы тое месца, дзе жыву і працую цяпер. Нават не ведаю, ці змагла б рэалізаваць сябе і свае ініцыятывы ў вялікім горадзе. У Ляхавіцкім раёне ведаю ўсё: людзей, прадпрыемствы, на якіх яны працуюць, праблемы, якія час ад часу ўзнікаюць. Гэта дапамагае ў прафесіі. Я адчуваю, што патрэбная тут.

— Як вам удаецца ўтрымліваць аўдыторыю ў час, калі ідзе масавае перанасычэнне інфармацыяй?

— У нашай рэдакцыі працуюць універсальныя спецыялісты, гатовыя аператыўна і тэксты на розныя тэмы пісаць, і відэа манціраваць, і фота апрацоўваць. Калі сталі папулярнымі сацыяльныя сеткі, мы вучыліся ствараць для іх кантэнт усёй камандай, каб на выпадак розных няштатных сітуацый калегі маглі падмяніць адно аднаго.

У нас кожная сацыяльная сетка замацаваная за пэўным спецыялістам, у якога свой непаўторны стыль і падыход, таму на выхадзе атрымліваем унікальны кантэнт. Старонкі Telegram, Іnstagram і сайт газеты, напрыклад, маюць пэўныя адрозненні ў напаўненні, таму што ў кожнай сацыяльнай сеткі свая аўдыторыя: людзі розных узроставых груп, інтарэсаў, поглядаў. Мы адсочваем, чым яны цікавяцца, і публікуем адпаведны кантэнт. Ключ да поспеху ў тым, што мы ўсе працуем на вынік, і гэта адчувае наша аўдыторыя. Чытачы чакаюць навіны менавіта ад нас. Звычайна адбываецца так: мерапрыемства пачалося, а ў нашых сацсетках ужо ёсць публікацыя. Калі сутыкаемся з нейкімі непрадбачанымі складанасцямі — людзі пішуць, пытаюцца, што здарылася. Аўдыторыя прывыкла да таго, што мы працуем аператыўна.

— Ці складана сумяшчаць кіраўніцкую дзейнасць і творчасць?

— Заняўшы пасаду галоўнага рэдактара, я баялася, што не змагу пісаць з-за недахопу часу, узровень майстэрства пагоршыцца. Каб гэтага не дапусціць, паабяцала сабе, што раз у нумар будзе выходзіць як мінімум адзін матэрыял майго аўтарства. Працую над гэтым.

Мая любімая тэматыка — уборачная кампанія, першыя тысячнікі, перадавыя экіпажы, сямейныя дынастыі — людзі працы. Выязджаю ў палі сама і фатаграфую, і здымаю відэа. Людзі, якія працуюць на палях, для мяне героі. І пра іх я пішу з вялікім натхненнем. Увогуле з задавальненнем бяруся за любую тэму — гэта своеасаблівы выклік сабе.

— На вашу думку, ці можна журналіста навучыць пісаць?

— Складанае пытанне. Добра памятаю, як рэдагаваліся мае першыя спробы пяра, за якія цяпер трохі сорамна. Тады я захаплялася талентам калег, іх уменнем падабраць патрэбныя словы для апісання любой з’явы, сітуацыі ці праблемы. Да ўзроўню таленавітага журналіста яшчэ расці і расці. Хутчэй, у мяне ёсць імкненне працаваць, таму заўсёды пісала і зараз працягваю гэта рабіць. Развіваць майстэрства можна і трэба. І калі напісаныя табой словы кранаюць чытача да глыбіні душы — вось гэта дасягненне.

— Сапраўдны журналіст, па-вашаму, які?

— У яго ёсць жаданне шукаць інфармацыю і правяраць факты, рухацца наперад, даведвацца аб новым і распавядаць пра гэта іншым, прапускаючы праз сябе. Зацікаўленасць, калі не самая галоўная, то адна з важных якасцяў для журналіста. Карэспандэнт пастаянна павінен быць у пошуку. Я лічу тых людзей у нашай прафесіі паспяховымі, якія не сядзяць на месцы, не баяцца перашкод, гатовы нечаму навучацца.

— Да вас у рэдакцыю сёлета на практыку прыйшлі журналісты-пачаткоўцы. Як можаце ахарактарызаваць заўтрашніх выпускнікоў?

— Яны вельмі смелыя. Нядаўна нашы практыканты атрымалі заданне зняць ролік для «Цік-Тока» і зрабіць апытанне. Я ўбачыла вынік і зразумела, што яны глядзяць на ўсё пад унікальным ракурсам. Мы вучым іх, яны — нас. Гэта вельмі карысны ўзаемаабмен. Хацелася б, каб яны вярталіся ў раёны працаваць. Мы іх чакаем.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра праект «Школьны дзённік».

— Да нас у рэдакцыю стала паступаць шмат школьных навін. Інфаповады былі класнымі, а рэалізацыя недасканалай. Хацелася зрабіць кантэнт больш якасным. Для гэтага мы выбралі такі шлях: не самім перапісваць, а вучыць гэтаму юнкараў, запрашаць іх у рэдакцыю на майстар-класы. Для ўзгаднення такіх мерапрыемстваў мы звярнуліся ў аддзел па адукацыі, у якім падтрымалі нашы ініцыятывы. Прапанаваўшы школьнікам супрацоўніцтва, мы не маглі прадбачыць, што адгукнецца так многа падлеткаў. Зараз вучым іх так пісаць, фатаграфаваць і здымаць відэа, каб наша рэдакцыя потым магла зрабіць рэпост гэтых публікацый. Так стварылі сабе пэўную апору. Мы ганарымся нашымі юнкарамі. «Школьны дзённік» — ужо адладжаны механізм.

— Ці не стамляецеся самі ад інфармацыйнага шуму?

— Люблю адчуванне прыемнай стомленасці. Да таго ж людзі чакаюць, я не магу іх падвесці. Мой адпачынак — гэта час, праведзены з сям’ёй, у якой нарадзілася і якую стварыла. Я баюся ўявіць, што журналістыка сыдзе з майго жыцця. Яна дала мне ўсё.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.

Сілавыя структуры

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.