У Мінску, непадалёку ад парку Чалюскінцаў, размясцілася незвычайная чыгуначная станцыя «Заслонава». Выглядае яна казачна, нібыта нехта разліў бутэлечку з «Алісы ў краіне цудаў» — і класічная станцыя зменшылася ў памерах, а замест вялікіх і важных дарослых усім пачалі запраўляць дзеці. Аднак ніякага чараўніцтва тут няма. Перад намі самая сапраўдная Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава, якая ў наступным годзе будзе адзначаць свой 70-гадовы юбілей.
— Дзіцячая чыгунка — гэта першая прыступка карпаратыўнай сістэмы адукацыі на Беларускай чыгунцы. Тут усё па-даросламу. Адрозненне толькі ў канструкцыі вагонаў і ў памеры каляіны. А ў астатнім наша работа выбудоўваецца гэтак жа, як і ў дарослых, — дзеліцца начальнік Дзіцячай чыгункі імя К. С. Заслонава Максім Маркаў.
Уступіць у рады юных чыгуначнікаў можна з 5 да 7 класа. Праграма навучання разлічана на тры гады. Выхаванцы назапашваюць тэарэтычныя веды па самых розных прадметах ад агульнага курсу чыгункі да гісторыі чыгуначнага транспарту. На другім і трэцім годзе навучання ўжо паглыбляюцца ў тэорыю розных прафесій, здаюць залікі, экзамены і атрымліваюць допускі да летняй практыкі.
Тут і пачынаецца самае цікавае. Традыцыйна ў маі адкрываецца сезон летніх перавозак, дзе юныя чыгуначнікі могуць паспрабаваць сябе ў розных спецыяльнасцях: ад дыспетчара і правадніка да начальніка станцыі і машыніста лакаматыва.
— Сама практыка непарыўна звязана з тым, што мы аказваем паслугі насельніцтву. Так, за мінулы сезон перавезлі каля 59 тысяч пасажыраў, у тым ліку і з замежных дзяржаў, — распавядае Максім Аляксандравіч.
На дадзены момант на Дзіцячай чыгунцы навучаецца каля 540 выхаванцаў. Многія менавіта падчас заняткаў у гуртку «Юны чыгуначнік» задумваюцца і аб выбары будучай прафесіі. Паводле слоў Максіма Маркава, за апошнія пяць гадоў 40–45% выхаванцаў паступалі па чыгуначным кірунку.
Сам ён таксама ў мінулым выхаванец Дзіцячай чыгункі. Максім Аляксандравіч прызнаецца, што менавіта наведванне гэтага гуртка аказала лёсавызначальны ўплыў на яго будучыню. Спадабалася, зацягнула. Так, яго першым працоўным месцам стаў Мінскі вагонны ўчастак. Пазней малады чалавек быў пераведзены на пасаду інструктара Дзіцячай чыгункі, а з 2022 года стаў яе начальнікам.
Таму Максім Аляксандравіч не па чутках ведае аб тым, што дае выхаванцам гэты гурток.
— Першае, што яны атрымліваюць тут, гэта, вядома, каласальны вопыт і веды, з якімі значна лягчэй будзе асвоіць праграму ў чыгуначнай навучальнай установе. Другое — гэта дысцыпліна. У 13-14 гадоў нашы навучэнцы ўжо кіруюць лакаматывам і нясуць адказнасць за пасажыраў. І тут без дысцыпліны нікуды. Да таго ж, пасля атрымання форменнага адзення яны ўжо не звычайныя школьнікі, а самыя сапраўдныя прадстаўнікі Беларускай чыгункі, што таксама вялікая адказнасць, — дзеліцца Максім Маркаў.
Звычайны дзень на летняй практыцы ў юных чыгуначнікаў дзеліцца на чатыры змены. Першы рэйс з пасажырамі адпраўляецца ў 11.00. Але яны ўжо ў 10.00 прыходзяць на планёрку, дзе іх прызначаюць на пасады, а пасля да 10.40 усе павінны паспець заступіць на свае працоўныя месцы.
Мы якраз трапілі на адну з такіх нарад, якую вёў першы намеснік начальніка змены Арцём Грынявіцкі. Малады чалавек сам з дынастыі чыгуначнікаў, таму любоў да гэтай прафесіі ў яго ў крыві. У гэтым годзе Арцём паступае ў каледж. Ён хоча стаць слесарам па рамонце рухомага саставу.
— У мяне тата працуе машыністам электрацягніка. Таму мяне з дзяцінства прыцягвалі цягнікі, іх магутнасць і прыгажосць. На Дзіцячую чыгунку вырашыў прыйсці пяць гадоў таму і з самага пачатку цвёрда вырашыў, што стану чыгуначнікам, — дзеліцца малады чалавек.
Станцыя «Заслонава», на якой і размяшчаецца Дзіцячая чыгунка, з’яўляецца і пачатковай і канчатковай адначасова. На паўдарозе цеплавоз робіць 5-хвілінны прыпынак на станцыі «Сасновы бор» і зноў вяртаецца на «Заслонава» за новымі пасажырамі. Агульны маршрут падарожжа складае ўсяго 4,5 кіламетра.
У той дзень у першай змене каля пульта кіравання быў і юны машыніст Уладзіслаў Булынка. У свае 15 гадоў малады чалавек вельмі ўпэўнена вядзе лакаматыў па рэйках. За плячыма ў яго ўжо два гады вопыту работы машыністам. Ён прызнаецца, што спачатку было ўсё ж крыху страшна, але Улад хутка ўнік у курс справы і зразумеў, што гэта вельмі займальна і цікава. У планах маладога чалавека — паступленне ў БелДУТ і атрыманне ганаровай прафесіі чыгуначніка.
Побач з ім у кабіне быў і памочнік машыніста Аляксандр Алёхін. Гэтаму маладому чалавеку ўсяго 12 гадоў, цяпер ён на другім годзе навучання. Яшчэ год, і ён гэтак жа, як і таварыш, атрымае права кіраваць лакаматывам. А пакуль улюбёныя прафесіі Аляксандра — праваднік і памочнік машыніста.
Цікава і тое, што, апроч асноўнай праграмы, для выхаванцаў арганізоўваюцца самыя разнастайныя актыўнасці, сярод якіх шахматныя і шашачныя турніры, спаборніцтвы па футболе. Таксама юныя чыгуначнікі ўвесь час удзельнічаюць у гарадскіх і рэспубліканскіх святах. Так, на 9 Мая яны радуюць мінчан і гасцей сталіцы акцыяй «Эшалон Перамогі», падчас якой выхаванцы Дзіцячай чыгункі ў савецкай форме працуюць праваднікамі. У Дзень Незалежнасці тут запускаюць «Славянскі экспрэс», а на зімовыя святы можна трапіць у «Навагодні экспрэс».
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.