Вы тут

Навошта Лукашэнка ініцыяваў законапраект па пытаннях крымінальнай адказнасці?


Справядлівасць крымінальнага закона — гэта не толькі жорсткія санкцыі, але і прадастаўленне судам усіх магчымасцей для індывідуалізацыі вынесеных рашэнняў. Аб гэтым заявіла журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Як расказала Вольга Чупрыс, яшчэ ў студзені гэтага года ў час нарады па асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць нормы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага законаў.

На думку кіраўніка дзяржавы, у судоў павінна быць больш магчымасцей індывідуалізаваць пакаранне ў залежнасці ад цяжкасці ўчыненага злачынства. Акрамя таго, неабходна было вывучыць, наколькі крымінальнае заканадаўства гуманна ў адносінах да асобных катэгорый асоб і ці ўсе нюансы ўлічваюцца пры назначэнні пакаранняў непаўналетнім, жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, інвалідам. І яшчэ адзін немалаважны момант — Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу вывучыць, як выконваюцца папераджальная і выхаваўчая функцыі крымінальнага закона.

«Гэты мікс абумовіў работу міжведамаснай рабочай групы, якая праходзіла пад эгідай Адміністрацыі Прэзідэнта. Асноўны прынцып, які быў абазначаны Прэзідэнтам і рэалізоўваўся гэтай групай, з’яўляўся наступны: крымінальны закон суровы, але справядлівы, — падкрэсліла Вольга Чупрыс. — Справядлівасць крымінальнага закона — гэта не толькі жорсткія санкцыі. Гэта ў тым ліку розныя санкцыі, якія даюць магчымасць судам прымяняць пакаранне, зыходзячы з усіх умоў учыненага злачынства і асобы самога правапарушальніка».

Па выніках глабальнай рэвізіі заканадаўства скарэкціраваны санкцыі 97 складаў злачынстваў. З іх 65 складаў дапоўнены альтэрнатыўнымі больш мяккімі відамі пакаранняў. «Як правіла, гэта злачынствы менш цяжкія, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі», — растлумачыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Яшчэ ў 32 склады злачынстваў унесены карэкціроўкі, у тым ліку для ўстаранення дысбалансу ў санкцыях. «Падобныя злачынствы па ступені грамадскай небяспекі павінны мець аднолькавае санкцыйнае забеспячэнне. Умоўна кажучы, калі ўчынена махлярства ў складзе арганізаванай групы асоб і крадзеж у складзе арганізаванай групы асоб, то, адпаведна, санкцыйнае забеспячэнне павінна быць аднолькавым. Калі размова ідзе аб забруджванні вод і забруджванні атмасфернага паветра, то гэтыя злачынствы блізкія па сваёй сутнасці і, такім чынам, таксама павінна быць аднолькавым санкцыйнае забеспячэнне», — прывяла прыклады Вольга Чупрыс.

Законапраектам прапануецца не прымяняць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама непаўналетнім і інвалідам. Але дадзеная норма будзе дзейнічаць толькі ў тым выпадку, калі злачынства здзейснена імі ўпершыню, і яно не звязана з замахам на асобу або экстрэмісцкай дзейнасцю.

«Такі ж падыход прапанаваны і адносна ўзяцця пад варту гэтай жа катэгорыі асоб», — дадала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Асаблівая ўвага ў законапраекце ўдзелена працаўладкаванню асоб, якія вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі. «Мы прадугледжваем неабходнасць працаўладкавання тых асоб, якія будуць падлягаць амністыі або з якіх будзе здымацца судзімасць. Гэта вельмі важныя абставіны для таго, каб гэтыя асобы былі інтэграваныя ў грамадства і такім чынам рэсацыялізаваліся», — адзначыла Вольга Чупрыс.

Яшчэ адна цікавая навацыя: злачынствы аб парушэнні правілаў дарожнага руху, якія пацягнулі прычыненне шкоды блізкім сваякам або членам сям’і вінаватай асобы (ч. 2 арт. 317 КК), пераводзяцца ў справы прыватна-публічнага абвінавачання. Гэта значыць, як мяркуецца, распачынаць крымінальныя справы будуць па заяве пацярпелых. Гэта мера заклікана садзейнічаць унутрысямейнаму ўрэгуляванню канфлікту.

Законапраектам скарэкціраваны і нормы аб адказнасці за нарказлачынствы. Прадугледжваюцца альтэрнатыўныя больш мяккія пакаранні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў за набыццё або захоўванне наркотыкаў (ч. 1 арт. 328 КК); абмежаванні волі за разавыя выпадкі іх збыту (ч. 2 арт. 328 КК). Адначасова скарачаецца ніжні памер пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі (ч. 4 арт. 328 КК).

«Увесь гэты комплекс дазваляе сказаць, што ў нейкай меры наша заканадаўства гуманізавана. Але мы гаворым не проста аб гуманізацыі, а аб тым, што мы дасягаем балансу ў крымінальна-прававых санкцыях, дасягаем балансу крымінальнага закона», — заявіла намеснік кіраўніка Адміністрацыі. Прэзідэнта.

Аднак адкуль у беларускім крымінальным заканадаўстве ўзнік дысбаланс? Вольга Чупрыс заўважыла, што на працягу практычна чвэрці стагоддзя ў Крымінальны кодэкс уносілася шмат карэкціровак. Пры ўзмацненні крымінальна-прававой аховы адных грамадскіх адносін выпускалі з-пад увагі іншыя.

«У крымінальна-прававыя нормы змяненні ўносіліся каля тысячы разоў. Гэта вельмі шмат. Таму Прэзідэнт і гаварыў, што трэба паглядзець на крымінальны закон, каб яго ўвесь прошерстить і дзе можна пасунуцца. Трэба даць судам усе магчымасці для індывідуальнага вынясення рашэнняў», — рэзюмавала Вольга Чупрыс.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.