На нарадзе з удзелам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, яго намеснікаў і кіраўнікоў раённых адміністрацый разглядаліся пытанні дзейнасці прадпрыемстваў горада, яго добраўпарадкаванне і эфектыўнасць ўзаемадзеяння ўлады з насельніцтвам. На мерапрыемстве таксама прысутнічаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па г. Мінску Юрый Фралоў.
Перш-наперш Наталля Качанава засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў на эканамічным складніку жыцця Мінска. Яна адзначыла, што ад дзейнасці гарадскіх прадпрыемстваў залежыць не толькі развіццё горада ў цэлым, але і дабрабыт яго жыхароў. Так, прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца, але ж у аснове ўсіх ацэнак павінна быць эфектыўнасць работы кожнага асобна ўзятага прадпрыемства. На жаль, сёння яшчэ ёсць стратныя прадпрыемствы і такія, дзе своечасова не выплачваецца заработная плата. Хай яны і прыватнай формы ўласнасці, але ўсё роўна такога быць не павінна. Вядома, сітуацыя на кожным з іх розная: некаторыя ў санацыі, некаторыя ў банкруцтве... Аднак там працуюць людзі, жыхары горада, і яны не могуць заставацца без заробкаў.
«Альбо іх (гэтых людзей. — Рэд.) павінны разлічыць і працаўладкаваць на іншыя прадпрыемствы горада, альбо трэба давесці гэта да лагічнага завяршэння. Таму што працаваць са стратамі і не выплачваць заработную плату — гэта недазваляльна», — акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. Акрамя таго, яна нацэліла кіраўнікоў адміністрацый на тое, што яны абавязаны асабіста бываць на прадпрыемствах. На свае вочы ацаніць не толькі вытворчасць, але і ўмовы працы людзей: ці забяспечаны яны гарачым харчаваннем, ці ёсць пакоі для адпачынку, у якім стане бытавыя памяшканні. Нельга абмінаць увагай і прылеглую тэрыторыю, выгляд будынкаў…
Другое пытанне нарады — добраўпарадкаванне. Хоць летні перыяд яшчэ працягваецца, але восень ужо не за гарамі, і трэба рыхтавацца да ўласцівых ёй работ: недзе падсадзіць дрэвы, а недзе — і пасадзіць нанова. Акрамя таго яшчэ ёсць час для заканчэння работ па капітальным і бягучым рамонтах, незавершаных будоўлях.
Асобна Наталля Качанава спынілася на функцыянаванні зон адпачынку: іх у Мінску вельмі многа і работы па стварэнні новых працягваюцца — неўзабаве ў горадзе ўсяго такіх зон стане 80. Гэта вельмі добры прыклад для іншых рэгіёнаў краіны. «Але нам трэба ўсё дашліфаваць, каб у нас нідзе не было нейкіх „мёртвых“ зон», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі.
І працягнула: «Парадак павінен быць усюды... Прадпрыемствы, арганізацыі, установы наводзяць парадак. Але жылыя дамы, дваровыя тэрыторыі... Часам едзеш: бачыш цокаль, які зелянінай пакрыўся, трава расце ўздоўж фасадаў. Так не павінна быць. Гэта не для сталіцы. Усё павінна быць на сістэмнай аснове. Не можа быць у Мінску па-іншаму».
Акрамя таго, Наталля Качанава звярнула ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на ўзаемадзеянне гарадскіх улад з насельніцтвам, азначыўшы асабістыя прыёмы грамадзян яго найбольш эфектыўнай формай. І, адпаведна, рэагаванне на такія звароты павінна быць аператыўным, эфектыўным і дасканалым.
Таксама на нарадзе абмяркоўваліся пытанні развіцця сацыяльнай сферы, медыцынскага абслугоўвання і шэраг іншых.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.