Вы тут

Каля 30 тысяч абітурыентаў сталі студэнтамі беларускіх універсітэтаў


Дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны падалі больш за 40,5 тысячы абітурыентаў. Залічана каля 30 тысяч, і гэта на 2,5 тысячы больш у параўнанні з мінулым годам. Вырасла колькасць залічаных без уступных іспытаў і па-за конкурсам. Гэта матываваныя, таленавітыя маладыя людзі, якія дасягнулі высокіх вынікаў падчас навучання ў школах і каледжах. Такіх сёлета было каля 4,3 тысячы, з іх 1,4 тысячы — уладальнікі залатых і сярэбраных медалёў або дыпломаў каледжаў з адзнакай. Сюды ж адносяцца больш як 850 выпускнікоў каледжаў па педагагічных спецыяльнасцях і больш чым 300 навучэнцаў профільных класаў прафесійнай накіраванасці і кадэцкіх вучылішчаў. Студэнтамі ВНУ сталі і 90 выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Набор мэтавікоў павялічыўся больш як на тысячу.


— Для абітурыентаў і іх бацькоў былі створаны камфортныя ўмовы, — канстатаваў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Бахановіч. — Вынікі ўступнай кампаніі дазваляюць зрабіць выснову аб правільнасці прынятых рашэнняў па ўдасканаленні арганізацыі прыёму ў ВНУ. Змяненняў у правілы ў наступным годзе не плануецца — дзейная рэдакцыя дае магчымасць у поўнай меры забяспечыць усе неабходныя ўмовы для паступлення.

Адной з ключавых навацый сёлетняй уступнай кампаніі стала правядзенне цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання ў адзіныя тэрміны.

— Сёлета разам з інфармацыяй аб выніках ЦЭ і ЦТ абітурыентам была дадзена магчымасць азнаёміцца са скан-копіямі работ у асабістых кабінетах. Да пачатку экзамену была даступная інфармацыя аб парадку разліку першасных балаў за кожнае заданне і табліцы адпаведнасці першасных і тэставых балаў ідэнтычныя табліцам мінулага года, — кажа Аляксандр Генадзевіч. — У сукупнасці гэта дазволіла зрабіць працэдуру праверкі і ацэньвання экзаменацыйных работ празрыстай, стварыць роўныя ўмовы для выпускнікоў 2024-га і мінулых гадоў.

Уражвае і статыстыка атрымання максімальна магчымага выніку тэсціравання. Яго ў гэтым годзе дабіліся 695 абітурыентаў, і гэта практычна на 100 чалавек больш, чым у 2023 годзе.

Першы намеснік міністра нагадаў, што актыўная фаза ўступнай кампаніі пачалася яшчэ ў лютым, калі ў 21 рэгіянальнай ВНУ завяршыліся ўніверсітэцкія алімпіяды па навучальных прадметах. Каля тысячы пераможцаў былі рэкамендаваны да залічэння без уступных экзаменаў. У выніку залічаны на запатрабаваныя спецыяльнасці 375 лідараў алімпіяд, 22 пераможцы ўзялі ўдзел у конкурсе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Мэтавікі

На гэтую траекторыю паступлення ўскладаліся вялікія надзеі. І яны апраўдаліся. Як адзначыў прадстаўнік ведамства, у бягучым годзе былі асабліва актыўныя заказчыкі кадраў, якія падавалі заяўкі на мэтавую падрыхтоўку. Аднак на пустым месцы такая актыўнасць не ўзнікла. Прафарыентацыйная работа была арганізавана ў новым фармаце, а прыцягненне да яе арганізацый — заказчыкаў кадраў стала самым шырокім. З пачатку года было праведзена больш за дзве тысячы спецыялізаваных мерапрыемстваў, у тым ліку дні адкрытых дзвярэй, кірмашы вакансій, кірмашы мэтавай падрыхтоўкі і іншыя. Больш за ўсіх прыцягнула XXІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «Адукацыя і кар’ера», прызначаная для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ і бацькоў. У ёй узялі ўдзел звыш 120 арганізатараў і больш чым 12 тысяч наведвальнікаў. Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі была прадстаўлена 44 каледжамі.

З прыцягненнем звыш 900 арганізацый — заказчыкаў кадраў было арганізавана і другое маштабнае мерапрыемства — «Адзіны дзень адкрытых дзвярэй». Каля 25 тысяч абітурыентаў і іх бацькоў наведалі ВНУ і каледжы краіны. І вось якім атрымаўся вынік.

— План прыёму мэтавікоў склаў 5,6 тысячы месцаў (на 1 тысячу больш, чым у мінулым годзе). Колькасць жа абітурыентаў, якія падалі дакументы, перавысіла 6 тысяч. Такім чынам па дагаворах залічана на 1,1 тысячы студэнтаў больш, чым у 2023 годзе, — прывёў лічбы першы намеснік міністра.

Факт абнадзейлівы, бо роўна столькі спецыялістаў у свой час гарантавана атрымаюць прадпрыемствы і арганізацыі краіны і столькі ж выпускнікоў ВНУ гарантавана атрымаюць сваё першае працоўнае месца.

Яшчэ дзве добрыя навіны: на сёння — найбольшая колькасць мэтавікоў залічана на такія запатрабаваныя спецыяльнасці, як медыцынская, педагагічная і сельскагаспадарчая, і на перспектыву — па словах намесніка старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольгі Смірновай, у 2024/2025 навучальным годзе ў Мінску значна павялічыцца колькасць старшакласнікаў, якія выбралі педагагічны кірунак для навучання ў профільных класах.

— Фармат прыёму абітурыентаў-мэтавікоў сёлета не змяніўся, — працягнуў Аляксандр Бахановіч. — Уступная кампанія для іх была вынесена за рамкі асноўнага прыёму і праведзена з 27 чэрвеня да 12 ліпеня. Разам з тым асаблівасцю прыёму мэтавікоў гэтага года з’яўляецца павышэнне патрабаванняў да заказчыкаў кадраў (неабходнасць забеспячэння конкурсу кожным заказчыкам па большасці спецыяльнасцяў) і да паспяховасці абітурыентаў — быў уведзены ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі не ніжэйшы за 7,0.

Сёння гэта прэстыжна

Падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй у міністэрстве лічаць на сёння адной з найважнейшых, бо менавіта ў такіх кадрах маюць вострую патрэбу галіны эканомікі Беларусі. У ведамстве канстатуюць, што сёння ўсё больш маладых людзей атрыманне такой адукацыі лічаць прэстыжным, а аб попыце на яе гавораць і лічбы. Канчатковыя вынікі падводзіць пакуль яшчэ рана — прыёмная кампанія ў каледжах краіны ідзе поўным ходам, але папярэднія даныя набору ўжо ёсць. Так, на пачатак жніўня на ўзровень ПТА заявы падалі 20,2 тысячы абітурыентаў. На ўзровень ССА на аснове агульнай базавай адукацыі прынята 26,6 тысячы дакументаў, а на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 9,3 тысячы. Да 13 жніўня працягнецца прыём на платнае навучанне на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Папярэджаны — значыць узброены

— Па шэрагу спецыяльнасцяў у прыёмную кампанію гэтага года павысіліся прахадныя балы. У топ-5 увайшлі «Сусветная эканоміка» (БДУ) з прахадным балам у 395 балаў, «Стаматалогія» (БДМУ) — 395, «Праграмная інжынерыя» (БДУІР) — 395, «Эканамічная інфарматыка» (БДУ) — 394, «Прыкладная інфарматыка» (БДУ) — 391. Прыемна, што назіраецца рост прахадных балаў на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага і інжынернага профіляў. У топ-5 спецыяльнасцяў па конкурсе ўвайшоў «Графічны дызайн і мультымедыядызайн»: у ГрДУ імя Я. Купалы на гэтую спецыяльнасць конкурс склаў 20,5 чалавека на месца, у БДУ — 19. На спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (БДУІР) конкурс быў 6,9 чалавека на месца, «Трэнерская дзейнасць» (БДУФК) — 5,5 чалавека, «Правазнаўства» (ВДУ імя П. М. Машэрава) — 3,4 чалавека на месца, «Дзяржаўнае кіраванне і права» (АКП) — 3,3 чалавека на месца, — агучыў лічбы Аляксандр Бахановіч.

У той жа час першы намеснік міністра адзначыў, што конкурс, у адрозненне ад прахаднога бала, не лічыцца тым паказчыкам, які сведчыць аб запатрабаванасці спецыяльнасцяў.

— Таму што на тры бюджэтныя месцы можа паступіць 30 заявак, конкурс тады складзе 10 чалавек на месца. Каб атрымаць такі ж конкурс на спецыяльнасці, на якія мы набіраем 100 бюджэтнікаў, патрэбна адна тысяча заявак, — тлумачыць ён.

У Міністэрстве адукацыі настойліва рэкамендуюць абітурыентам 2025 года ўважліва азнаёміцца з гэтымі лічбамі (яны захоўваюцца на сайтах універсітэтаў на працягу года). Для тых, хто захоча паўтарыць спробу ў наступным годзе, — гэта цудоўная магчымасць сур’ёзна падцягнуць свае слабыя месцы і прааналізаваць памылкі. Тыя, хто будзе паступаць упершыню, змогуць ацаніць свае магчымасці, падумаць і, магчыма, абраць іншы кірунак. Часу для гэтага будзе дастаткова.

Крок у прафесію

І яшчэ адна падказка, аб якой расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Дапамагчы вызначыцца з выбарам прафесіі будучым абітурыентам зможа і лічбавы сэрвіс дзяржаўнай службы занятасці «Крок у прафесію», распрацаваны міністэрствам. На базе гэтага праекта рэалізавана інтэрактыўная анлайн-дыягностыка, якая ўключае 30 камплектаў тэстаў. І хоць новы маштабны лічбавы рэсурс па прафесійнай арыентацыі прызначаны для ўсіх грамадзян, незалежна ад узросту — для маладых людзей, якія толькі пачынаюць пошук справы свайго жыцця, ён асабліва актуальны: прайшоўшы тэсціраванне, у суіскальніка з’яўляецца магчымасць вызначыцца са сферай інтарэсаў і выбраць прафесію з улікам сваіх уменняў і пераваг. Вынікі тэсціравання дадуць магчымасць убачыць не толькі кар’ерную траекторыю па канкрэтнай спецыяльнасці, але і атрымаць інфармацыю, у якой установе адукацыі можна набыць гэтую спецыяльнасць.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Абітурыенты сталі студэнтамі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.