Вы тут

Гаспадаркі і раёны Брэстчыны спраўляюць дажынкі


Брэстчына ўпэўнена набліжаецца да фінальнай кропкі ў справе ўборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых. Многія гаспадаркі ўжо правялі дажынкі, справілі свята ўраджаю і некаторыя раёны.


Адно з найлепшых сельгаспрадпрыемстваў Камянецкага раёна ААТ «Відамлянскае» ўшаноўвала перадавікоў жніва 1 жніўня. У полі знарок пакінулі маленькую дзялянку каласавой культуры, каб ва ўрачыстай абстаноўцы зжаць і звязаць дажыначны сноп. З работай цудоўна справілася жанчына ў нацыянальным касцюме, і гэтае дзеянне сімвалізавала само свята. Як і ўпрыгожаны кветкамі жытні вянок, што ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці надзелі на шыю кіраўніка гаспадаркі, мэтра сельгасвытворчасці — Мікалая Страпко. 

А яшчэ ў гэты дзень у Відамлі было шмат духмяных караваяў, падарункаў віноўнікам урачыстасці, а таксама музыкі і песень.
Добрыя словы героям жніва адрасаваў старшыня Камянецкага райвыканкама Віталь Кулак. 

А днём раней кіраўнік раёна ўшаноўваў земляробаў ААТ «Александрыя-Агра». У гаспадарцы сёлета намалочана 5750 тон збожжа. У суседнім сельгаспрадпрыемстве «Макарава-Агра» намалот склаў таксама больш за паўтысячы тон пры ўраджайнасці 52 цэнтнеры з гектара. З дастойным вынікам аграрыяў павіншавалі кіраўнікі раённай і мясцовай улады. Справілі свята ўраджаю ў сельгаспрадпрыемстве «Агра-Ніва» і іншых гаспадарках раёна.

Першымі ж у вобласці і нават у краіне раённыя дажынкі адсвяткавалі хлебаробы Століншчыны. Варта сказаць, што раён завяршыў уборачную кампанію ў сціслыя тэрміны. Збожжавы клін сёлета заняў у раёне 21 400 гектараў. Уборка праходзіла ва ўмовах, калі трэба было разам са збожжавымі адначасова ўбіраць рапс і нарыхтоўваць кармы для грамадскага пагалоўя. Тэхніка працавала з ранку да позняга вечара, не падвялі і людзі. Такім чынам, аграрыі раёна яшчэ раз прадэманстравалі сваю адданасць справе і роднай зямлі.

Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі шчыра дзякаваў усім ўдзельнікам уборачнай кампаніі:

— Мы вырасцілі і сабралі 92 тысячы тон збожжавых, што на 4 тысячы тон больш за паказчык мінулага года, — сказаў кіраўнік раёна. — Сярэдняя ўраджайнасць склала 42,9 цэнтнера з гектара. На вынік спрацавала мноства фактараў: пачынаючы з паспяхова праведзенай пасяўной, комплексу абаронных мерапрыемстваў і заканчваючы своечасовай падрыхтоўкай тэхнікі да ўборкі, дакладна арганізаванай уборачнай кампаніі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі многія. Былі адзначаны асобныя гаспадаркі, экіпажы камбайнераў, механізатары, вадзіцелі, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак. Цэлы шэраг адзнак атрымалі ў гэты дзень працаўнікі СВК «Фядорскі». На сцэну па заслужаныя ўзнагароды выходзілі, акрамя кіраўніка гаспадаркі Мікалая Агафонава, камбайнеры Леанід Свірскі, Сяргей Дворак, Віктар Саўчук, Віталь Пешка, Аляксандр Пачуйка, вадзіцель Аляксей Курган, галоўны інжынер Дзяніс Савецкі. І нават у традыцыйным конкурсе на лепшую кампазіцыю з цюкоў саломы інсталяцыя «У гасцях у казкі» прафсаюзнай арганізацыі СВК «Фядорскі» заняла прызавое трэцяе месца.

— У гэтым годзе наша сельгаспрадпрыемства адзначае ганаровую дату — 75-годдзе з дня стварэння, — сказаў карэспандэнту «Звязды» старшыня СВК «Фядорскі» Мікалай Агафонаў. — Спецыялізуецца сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў на жывёлагадоўлі. Асновай вытворчасці з’яўляецца комплекс па вырошчванні і адкорме маладняку і чатыры малочна -таварныя фермы. 

А раслінаводства забяспечвае кармавую базу жывёлагадоўлі. Варта сказаць, што адметнасць нашай гаспадаркі, яе эфектыўнасць на працягу 37 гадоў стваралася калектывам пад кіраўніцтвам Рыгора Аляксеевіча Дзямко. Дарэчы, наш былы старшыня, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі быў ганаровым госцем раённых дажынак. І нам не было сорамна перад Рыгорам Аляксеевічам за вынікі працы на ўборцы. Усе службы спрацавалі зладжана, не падвялі механізатары, вадзіцелі.

Андрэй Засімовіч, дырэктар ААТ «Новая Прыпяць», гаспадаркі, якую таксама ўшаноўвалі на раённым свяце ўраджаю, сказаў, што галоўны набытак сельгаспрадпрыемства — гэта яго калектыў:

— У гаспадарцы ёсць механізатары, проста акадэмікі сваёй справы, бо для атрымання высокага ўраджаю галоўнае — правільна ўзараць глебу, якасна пасеяць, а тады ўжо спрацуюць усе астатнія фактары. Радуе, што на змену вопытным майстрам хлебнай нівы прыходзяць маладыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Хлебам і песняй

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.