З 26 па 30 жніўня жамчужына Усходу горад Самарканд рыхтуецца прыняць XIII Міжнародны музычны фестываль «Шарк Тароналары», у перакладзе «Мелодыі Усходу». Ён з’яўляецца адным з самых маштабных музычных фэстаў Цэнтральнай Азіі. Праходзіць адзін раз у два гады і заўсёды выклікае захапленне, як удзельнікаў, так і гледачоў, якія напрыканцы лета прыязджаюць у адзін з самых старажытных гарадоў свету.
Арганізатары фестываля нязменна імкнуцца здзівіць гледачоў маштабам і разнастайнасцю прадстаўленых на фестывалі жанраў. Уражвае і колькасць удзельнікаў. У гэтым годдзе чакаецца больш за 300 прадстаўнікоў з 70 краін свету, і гэтыя лічбы па дадзеных Міністэрства культуры Рэспублікі Узбекістан не канчатковыя. Для параўнання: падчас правядзення першага фестываля ў 1997 годзе ў ім прынялі ўдзел музычныя гурты і выканаўцы з 31 краіны свету.
Праграма XIII музычнага фестываля «Шарк Тароналары» абяцае быць вельмі насычанай: урачыстае адкрыцце, навукова-практычная канферэнцыі, майстар-класы вядомых спевакоў і гуртоў, конкурс выканаўцаў, як народнай, так і сучаснай музыкі і песні, цырымонія ўзнагароджання лепшых выканаўцаў нацыянальнай песні і гала-канцэрт. Акрамя таго, удзельнікаў чакае ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй старажытнага Самарканда, наведаць архітэктурныя жамчужыны горада, адчуць магію ўсходняй культуры і атрымаць асалоду ад сусветна вядомай узбекскай гасціннасці. Удзел у грандыёзным фэсце плануе прыняць і прадстаўнічая дэлегацыя з Беларусі.
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота з афіцыйнага сайта фестываля
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».