Кіраўнік дзяржавы падчас рабочай паездкі ў Шклоў правёў нараду па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Шклоўскага і Аршанскага раёнаў. Пытанне, найважнейшае не толькі для гэтых раёнаў, але і для ўсёй краіны.
Аляксандр Лукашэнка адразу акрэсліў, што тэма нарады — парадак і далейшае рэфармаванне сельскай гаспадаркі. Пытанне найважнейшае, разгледзелі яго з розных бакоў, таму і працягвалася нарада больш за тры гадзіны. Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба ўдзяліць увагу ролі старшынь райвыканкамаў, нарматыўна-прававым рэгуляванні іх дзейнасці і дакладным разуменні паўнамоцтваў і кола пытанняў. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта неабходна для таго, каб дакладна разумець, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў, і пазбегнуць спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і межаў кампетэнцыі.
А першае пытанне па прыездзе ў Шклоў — аб ўражаннях ад новага месца работы нядаўна прызначанага старшыні Шклоўскага райвыканкама Сяргея Барташа, які да гэтага ўзначальваў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. «Мае першыя ўражанні: база добрая, землі добрыя, з людзьмі трэба трохі дапрацаваць», — сказаў Сяргей Барташ. «Трохі. Гэта — галоўнае», — заўважыў Прэзідэнт. Новаму кіраўніку раёна кіраўнік дзяржавы адразу даў параду адносна работы з людзьмі: «Ты запомні, тут заўсёды былі людзі са сваім царом у галаве: „Тэхналогіі... Ды падумаеш, тэхналогіі...“. Гэта якраз я табе ўдзячны, што ты пагадзіўся. З тваім характарам тут павінен быць парадак. Я ўжо першыя атрымліваю звесткі аб тваёй рабоце. Сказалі: „Не, з гэтым доўга не пагаворыш, сказаў рабіць — рабі, а ўсё правільна гаворыць“. Таму так, трэба патрабаваць. Людзі ўмеюць рабіць усё».. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта неабходна для таго, каб дакладна разумець, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў, і пазбегнуць спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і межаў кампетэнцыі.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, для чаго была арганізавана гэта нарада. Ён нагадаў, што ў свой час была прынятая першая праграма адраджэння вёскі. Дарэчы, на нараду былі запрошаны і людзі, якія тады займаліся гэтым пытаннем. «Тады гэтая праграма адраджэння вёскі была фактычна праграмай выратавання вёскі. Вытокі гэтай праграмы ляжалі ў першай праграме Прэзідэнта „Адвесці краіну ад бездані“. Усё было проста — для таго, каб табе людзі паверылі і, больш за тое, пайшлі за табой, для таго каб стабільнасць была ў дзяржаве — людзей трэба было накарміць і апрануць. Тады ў нас з гэтым былі сур’ёзныя праблемы», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прызнаў, што не адразу было знойдзена правільнае рашэнне, дапускаліся і памылкі. Адной з іх ён назваў курс на фермерства: «Вось давайце па кавалках падзелім зямлю, раздадзім і ўсё пойдзе». Хапіла ў нас розуму, і мусіць, не розуму, Бог нас выратаваў, мы гэтага не зрабілі. Мы перш за ўсё зыходзілі з таго, што фермер — гэта старшыня калгаса, старшыня саўгаса. У той час мы не маглі знайсці моцных кіраўнікоў (і зараз гэтая праблема стаіць, толькі прычына іншая) калгасаў, саўгасаў на тую колькасць, якая тады была. Мы не маглі знайсці. А парэзаць на шматкі зямлю, фермераў стварыць мы паспрабавалі«. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адраджэнне вёскі было вельмі вялікай праблемай, але, нягледзячы на ўсе цяжкасці буйныя сельскагаспадарчыя ўгоддзі, на якіх грунтаваліся сельгасарганізацыі, на шматкі рэзаць не сталі. «І паглядзіце на гэту праблему з сённяшняй вышыні — мы не на шматкі дзелім, мы больш за ўсё імкнёмся да аб’яднання гаспадарак», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыняцце праграмы адраджэння вёскі заклала базу для развіцця сельскай гаспадаркі. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Шклоўскага і Аршанскага раёнаў, сельскагаспадарчай базе якіх могуць пазайздросціць іншыя раёны. «Мы зрабілі, можа, першы крок, можа, некалькі буйных крокаў, але мы адвялі народ ад бездані. Мы яго накармілі, апранулі і гэтак далей. Ці можна супакоіцца? Не», — адзначыў Прэзідэнт. Таму сёння, па яго словах важна, акрэсліць далейшыя шляхі па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ён так шмат увагі ўдзяляе сельскай гаспадарцы: «Некаторыя гэта тлумачаць тым, што Лукашэнка — аграрнік, таму ён больш займаецца сельскай гаспадаркай. Ніякі я не аграрнік. У мяне глыбінных ведаў у сельскай гаспадарцы відавочна недастаткова, каб мяне звалі аграрнікам. Але душа ў мяне сялянская. Я разумею, што гэта галоўнае. Без развіцця вёскі краіны не будзе. Ні нашай, ні Расіі, ні Украіны. Мы славяне, людзі калектыўныя па свайму духу, па менталітэце. Таму сяло — гэта аснова».
Кіраўнік дзяржавы прывёў прычыны, па якіх сёння неабходна і далей развіваць сельскую гаспадарку. Першая — без сельскай гаспадаркі краіны няма. Другое — попыт на прадукты харчавання пастаянна ўзрастае і будзе расці, таму што ў свеце павялічваецца насельніцтва. І тут, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Беларусі важна не адстаць. Трэцяя — сельская гаспадарка дае добрае развіццё, валавы ўнутраны прадукт атрымлівае добры працэнт ад харчавання. Чацвёртае — імідж краіны. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адзін чалавек у сельскай гаспадарцы забяспечвае работу ад 1 да 7 чалавек у горадзе. «Назавіце яшчэ адну такую галіну, якая так забяспечвае працай людзей», — задаў рытарычнае пытанне ён.
«Можна шмат назваць прычын, якія штурхаюць нас да развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Але немалаважна тое, што мы ўмеем гэта рабіць. У нас створана добрая школа, у нас ёсць база. Мы, дзякуй Богу, не разбурылі той падмурак, які быў створаны ў савецкія часы для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, які ў тым ліку цягне вялікі кавалак прамысловасці. Сельгасмашынабудаванне займае, напэўна, палову нашай прамысловасці. Гэта вялікая справа. Я яшчэ раз паўтараю, можна шмат назваць прычын, каб абгрунтаваць далейшыя захады па развіцці вёскі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму фокус увагі накіраваны менавіта на Шклоўскі і Аршанскі раёны. Паводле яго слоў, ягоны родны Шклоўскі раён быў своеасаблівым плацдармам для рэалізацыі праграмы адраджэння вёскі: «Я ведаю тут кожнае поле. Я ведаю тут добра сельскую гаспадарку». На нараду быў запрошаны і Аляксандр Папкоў, які ў свой час распрацоўваў і ўвасабляў праграму адраджэння вёскі ў жыццё. Ён працаваў у Шклоўскім раёне і дасканала ведае сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Паводле слоў Прэзідэнта, тут пачыналі ўвасабляць праграму будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. І ўсё гэта распаўсюдзілася на ўсю краіну. Зразумела, у кожнага раёна свая спецыфіка. Але былі створаны гаспадаркі-маякі, якія падавалі прыклад астатнім. У тым ліку і ў Шклоўскім раёне, напрыклад, ААТ «Александрыйскае».
Прэзідэнт заўважыў, што суседні Аршанскі раён у Віцебскай вобласці ён лічыць самым перспектыўным. Там добрая база, шырокі спектр вытворчасці сельгаспрадукцыі — і племянны статак, і свінагадоўля, і жывёлагадоўля. «Таму недапушчальна, як ён развіваўся апошнія некалькі гадоў і развіваецца зараз», — катэгарычна выказаўся беларускі лідар.
У гэтым і мэта нарады — зрабіць некалькі крокаў па мадэрнізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і вёскі ў цэлым. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, гэта не тая сітуацыя, дзе трэба дэманстраваць узоры і мадэлі, па якіх пойдуць іншыя. Ён звярнуў увагу, што ў кожнага рэгіёна свае асаблівасці сельскагаспадарчай дзейнасці. Але, напрыклад, можна пераймаць досвед арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў. Таму, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы, прымаючы рашэнні на нарадзе ў Шклове, нельга разбурыць тое, што створана і добра працуе ў іншых рэгіёнах. Галоўная задача для галіны — навесці парадак, каб атрымаць найбольшы эфект ад капітальных укладанняў і дысцыпліны тэхналагічнай і выканальніцкай.
Разгляд праблем пачалі з Оршы. Імпульс для развіцця рэгіён атрымаў у канцы 2018 года, калі Прэзідэнтам быў падпісаны Указ № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна» з мэтай павысіць узровень і якасць жыцця людзей. Таксама беларускі лідар нагадаў, што ў дачыненні да Аршанскага раёна была прынята пяцігадовая праграма паскоранага развіцця, якая ахапіла практычна ўсе кірункі вытворчасці і сацыяльнай сферы. «Праект паказальны. Выкарыстоўвалі праграмна-мэтавы метад. Вызначылі элементы інтэгравання. Усе рэсурсы былі выдзелены. Канкрэтна ў АПК Аршанскага раёна ўклалі звыш мільярда рублёў. Раён крыху прыўзнялі. Павялічылі заробкі людзей. Замарудзіўся адток кадраў», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Разам, з тым, нягледзячы на тое, што многае зроблена, не ўсе мерапрыемствы выкананы, заўважыў беларускі лідар. «Шэраг вытворчых і фінансавых паказчыкаў не дасягнуты. Таму губернатару і старшыні Аршанскага райвыканкама я б раіў сур’ёзна з гэтым разабрацца. Спытаем вельмі сур’ёзна — папярэдзіў ён. — Не ўдалося выйсці на параметры па збожжавых і лёне. Засталіся недазагружаныя сыравінай новыя магутнасці па перапрацоўцы. Шэраг ферм да гэтага часу не запоўнены жывёлай. Думаю, вам давядзецца сур’ёзна папрацаваць, каб давесці гэтую праграму да лагічнага завяршэння».
Што тычыцца Шклоўскага раёна, то там таксама ідуць інтэграцыйныя працэсы. У раёне 10 гаспадарак, з іх самыя буйныя — холдынг «Купалаўскае» і прадпрыемствы холдынгу Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта «Александрыйскае» і «ААБ-Агра Гарадзец».
«Ведаю, што кантралёраў і інспектараў тут было шмат, але сістэмныя праблемы амаль не зрушыліся з мёртвай кропкі. — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Калі параўноўваць з мінулым годам, у 2024-м вы злёгку падраслі па валавой прадукцыі малака і буйной рагатай жывёле. Нарыхтавалі больш сенажу і травяных кармоў. Але гэта на паперы. Сянаж і вашы травяныя кармы трэба будзе яшчэ паглядзець па якасці, з-за чаго ў вас дохнуць цяляты, пра гэта навукоўцы і спецыялісты дакладваюць», — заявіў беларускі лідар. Разам з тым, ён заўважыў, што падзеж ската ва ўсіх гаспадарках холдынгу вырас практычна ў два разы. Вялікая праблема з кадрамі, не хапае ветэрынарных спецыялістаў. Растуць даўгі. «Пасля першага этапу, які мы намецілі, выйсці на прыбытковую працу пакуль так і не ўдалося. А база там створана прыстойная», — заўважыў Прэзідэнт.
Што да ААТ «Александрыйскае», то ў яго ўкладзены немалыя рэсурсы, падкрэсліў Прэзідэнт — амаль 40 мільёнаў рублёў — на пагашэнне інвестыцыйных крэдытаў, закупку збожжа, угнаенняў і іншыя мэты. А праблемы практычна тыя ж, што і ў «Купалаўскага»: зніжэнне пагалоўя птушкі, скарачэнне вытворчасці яек, рост падзяжу буйной рагатай жывёлы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праязджаючы на машыне па Шклоўскім раёне, быў здзіўлены ідэальнай апрацоўкай глебы на палях. «Люба-дорага паглядзець. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас не зжыта з савецкіх часоў прыдарожная тэхналогія: Прэзідэнт будзе ехаць — «вылізалі», — іранічна заўважыў кіраўнік дзяржавы. А ў той жа час, калі глядзець з верталёта ўглыб тэрыторыі, сітуацыя зусім іншая. Некаторыя палі нават не ўзараныя. Прэзідэнт задаў лагічнае пытанне: навошта гераічна займацца меліярацыяй, калі меліяраваныя землі не апрацоўваюцца?
«Наша галоўная задача, райвыканкамаў і аблвыканкамаў — каб усе землі былі ўзараны, каб кожны год урадлівасць глебы павышалася, каб дарогі былі ў парадку і гэтак далей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў пра сваё даручэнне: кіраўніцтву спраў сумесна з навукоўцамі выпрацаваць выразную і зразумелую канцэпцыю, як далей будзе развівацца «Александрыйскае». Жалезнае патрабаванне — гэта павінен быць канкрэтны, а галоўнае — рэалістычны план мерапрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вынік будзе толькі, калі людзі самі хочуць працаваць у сельскай гаспадарцы. Асабліва, калі гаворка ідзе пра такія гаспадаркі як «Александрыйская». Паводле яго слоў, многія гаспадаркі мараць аб такой базе і аб такіх умовах.
Прэзідэнт паставіў перад старшынямі райвыканкамаў і аблвыканкамаў задачу — арганізаваць жалезную, нават вайсковую дысцыпліну, калі ўсё, што гаворыць кіраўнік выконваецца неадкладна. У Шклоўскім раёне цяпер за гэта адказвае Сяргей Барташ. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму з пасады міністра перавёў яго на пасаду старшыні райвыканкама. Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Сяргей Барташа ужо як моцнага кіраўніка, пры якім «дурніца» не пройдзе. «Ён вам тут спакойнага жыцця не дасць, таму што ёсць вопыт і веды — ад кіраўніка да міністра», — звярнуў увагу Прэзідэнт. «Ты — зямны чалавек. Вельмі чакаю ад цябе тут выніку. Будзе аказана ўсялякая падтрымка», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На нараду спецыяльна былі запрошаны ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў. Па словах кіраўніка дзяржавы, неабходна падрабязным чынам абгаварыць дэталі і прыняць канчатковыя рашэнні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер для таго, каб атрымліваць прыбытак ад сельскай гаспадаркі, мала карыстацца тым, што дае зямля — патрэбны тэхналогіі. «Мы ўжо вычарпалі тое, што ляжала на паверхні, прыносячы 8 мільярдаў экспарту. Гэта вялікія грошы, ніводная галіна столькі не дае. Гэта ўсё вычарпалі. Трэба тэхналогіямі займацца. А тэхналагічная і выканальніцкая дысцыпліна — гэта галоўнае. Не будзе гэтага — няма чаго займацца і ўкладваць грошы», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён папярэдзіў, што перш чым звярнуцца па грошы, сельгасарганізацыі павінны даказаць, што гэтыя грошы дадуць эфект.
Аляксандр Лукашэнка таксама акрэсліў некалькі крокаў, якія трэба зрабіць.
Першае. Інтэграцыю сельгасвытворцаў трэба працягваць, ствараючы буйныя кампаніі з поўным цыклам вытворчасці. «Там, дзе гэта трэба». — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. Паводле яго слоў, калі невялікія гаспадаркі працуюць добра, то няхай працуюць самастойна. І не трэба такія гаспадаркі губіць далучэннем да іх адсталай гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з кожным выпадкам трэба разбірацца асобна на месцах. «Штучна нічога рабіць не трэба», — заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з інтэграцыяй трэба быць акуратнымі і падыходзіць да ўсяго з розумам, без фанатызму, улічваючы вопыт мінулага і перспектыву на будучыню.
Другое. Узбуйненне павінна адбывацца на базе моцных гаспадарак з выразнай і зразумелай спецыялізацыяй, каб быў прыклад.
Трэцяе. Пераўтварэнні трэба ўкараняць пры строгім выкананні ўсіх тэхналогій, прапрацаванай да драбнюткіх дэталяў сыравіннай базе і строгай дысцыпліне.
«Таму за вынік будуць адказваць не толькі старшыні райвыканкамаў і губернатары. За кожным мерапрыемствам, арганізацыяй, полем, фермай і іншымі аб’ектамі праграмы павінны быць замацаваны канкрэтныя службовыя асобы выканкамаў, міністэрстваў, урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніцтва спраў і Акадэміі навук», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што многім кабінетным работнікам варта ехаць працаваць у гаспадаркі, на зямлі выкарыстоўваючы досвед і веды. Тады і кадравая праблема будзе вырашана, і эфект ад работы сельгаспрадпрыемстваў будзе большы.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў аб сітуацыі ў Шклоўскім раёне і расказаў, якія меры трэба прыняць для эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Сярод іх — павялічэнне долі азімага кліну, колькасці ўзараных зямель, аптымізацыя забеспячэння травянымі кармамі і культывацыя высокабялковых культур. Анатоль Ісачэнка таксама адзначыў, што Шклоўскаму раёну неабходна будаўніцтва сіласна-сянажных траншэйМалочнатаварных комплексаў, у прынцыпе, у вобласці хапае. І як зазначыў старшыня аблвыканкама, новыя будаваць няма неабходнасці, трэба займацца тымі, што ёсць. Для таго, каб забяспечыць дойны статак камбікормамі, трэба запусціць камбікормавы завод.
Анатоль Ісачанка таксама зазначыў, што ў Слаўгарадскім, Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці ёсць станоўчыя прыклады інтэграцыйных структур і прапанаваў падобным чынам выявай дзейнічаць і ў Шклоўскім раёне.
Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што аб’ядноўваць гаспадаркі дзеля аб’яднання не трэба, гэта не панацэя. Паводле яго слоў, у выніку аб’яднання павінен быць фінансавы станоўчы эфект. «Трэба вельмі акуратна падыходзіць і пераконваць людзей. Не павінна быць навязвання зверху», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Шклоўскі раён павінен паказваць усім астатнім раёнам прыклад развіцця сельскай гаспадаркі. Пры гэтым асаблівае даручэнне губернатару — не забывацца і пра іншыя раёны вобласці.
Прэзідэнт асобна спытаў у Сяргея Барташа, у чым ён бачыць развіццё Шклоўскага раёна. «Нам для таго, каб эфектыўна працаваць трэба вырабіць прадукцыі не менш як на 400 мільёнаў. Дзеля гэтага ёсць усё. І калі аналізуючы, папярэднія паказчыкі вытворчасці — мы іх дасягалі», — адказаў старшыня райвыканкама. Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць работы з кадрамі, тэхналогіямі. Сяргей Барташ назваў яшчэ адну праблему — недахоп жылля. Паводле яго слоў, каб выключыць адток кадраў, жыллё трэба будаваць менавіта ў Шклове.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін далажыў, што ў Аршанскім раёне працуе 12 сельгасарганізацый і кардынальных рэформ не плануецца. Цяпер развіваюцца створаныя раней інтэграцыйныя структуры. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што стварэнне такіх структур былі правільным вырашэннем.
«Усё ад жыцця, усё эвалюцыйна ідзе. Ніякіх рэзкіх рухаў ужо не робім», — падкрэсліў Аляксандр Субоцін. Ён таксама адзначыў, што ў Аршанскім раёне ўжо вызначана структура пасяўных плошчаў. Прэзідэнт параіў акуратна павялічваць клін, напрыклад азімых. Аляксандр Субоцін запэўніў, што аграрыі Віцебскай вобласці менавіта такога падыходу і прытрымліваюцца.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Аршанскім раёне найперш першую чаргу трэба навесці парадак у тых гаспадарках, што ўжо ёсць. Пакуль будуць будавацца новыя малочнатаварныя комплексы, трэба давесці да ладу невялікія фермы, дзе сёння ўтрымліваецца жывёла і будзе знаходзіцца, пакуль не адкрыюцца комплексы.
Асобнае пытанне ад Прэзідэнта — сітуацыя на Аршанскім мясакансервавага камбіната, у мадэрнізацыю якога было ўкладзена нямала сродкаў. На гэтым прадпрыемстве выпускаюць і дзіцячае харчаванне. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на гэту прадукцыю ёсць вялікі попыт, у тым ліку з іншых краін. Напрыклад, у дзіцячым харчаванні з Беларусі вельмі зацікаўлены ў Зімбабвэ. Генеральны дырэктар Аршанскага мясакансервавага камбіната Максім Бакураў запэўніў, што да канца года цэх дзіцячага харчавання будзе загружаны на 100 працэнтаў. Таксама на прадпрыемстве плануюць сур’ёзна развіваць выпуск корму для катоў і сабак.
Ігар Мароз, старшыня Аршанскага райвыканкама, адзначыў, што раёну патрабуецца ўмацаванне раённага аграсэрвісу з пакупкай меліярацыйнай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, перш чым закупляць тэхніку, трэба ацаніць, ці сапраўды яна патрэбна гэтаму раёну. У некаторых выпадках можна звярнуцца да суседніх раёнаў. Купляць «абы было» не варта.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што такое звяно як старшыня райвыканкама ў вертыкалі кіравання крыху згубілася. Паводле яго слоў, трэба паглядзець на дзейную нарматыўна-прававую базу па гэтым напрамку. «Тут на тэрыторыі раёна старшыня райвыканкама — прэзідэнт. Я гэта даўно сказаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На нарадзе абмеркавалі, якія рэальныя паўнамоцтвы ёсць у старшыняў райвыканкамаў, наколькі яны могуць распараджацца фінансавымі сродкамі і фармаваць раённы бюджэт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адпаведных пытаннях не трэба адмаўляцца і ад савецкага вопыту, а наадварот, трэба яго вывучаць на прадмет магчымага выкарыстання ў сучасных умовах.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра жалезнае выкананне дысцыпліны і разумнае ўжыванне тэхналогій. Па словах кіраўніка дзяржавы, сачыць за выкананнем тэхналогій павінны і навукоўцы. Яны ж павінны і даводзіць да аграрыяў, старшынь райвыканкамаў, як працаваць з тэхналогіямі вырошчвання розных культур. Тым больш, як заўважыў Прэзідэнт, можа пераймаць досвед у тых гаспадарак, якія засвоілі тэхналогіі і паспяхова іх прымяняюць. Напрыклад, ААТ Агракамбінат «Юбілейнае» ў Аршанскім раёне.
Адзін з варыянтаў развіцця Шклоўскага і Аршанскага раёнаў прадставіў Юрый Назараў, кіраўнік спраў Прэзідэнта. Размова ідзе аб развіцці аграхолдынга «Купалаўскае» з удзелам у новай інтэграцыйнай структуры ААТ «Александрыйскае», ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец» і ААТ «Шклоўскі масларобны завод». Апошнія тры прадпрыемствы ўваходзяць у структуру Кіраўнітва спраў Прэзідэнта Беларусі. Прапаноўваецца аб’яднаць гэтыя прадпрыемствы ў адну структуру. «Я лічу, што мы прыйдзем да агракамбіната, дзе будзе жорсткая цэнтралізацыя. Мы больш падрабязна вывучылі досвед агракамбіната „Дзяржынскі“. Але да гэтай структуры трэба падысці. За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў, аптымізацыі рэсурсаў у нас на роўным месцы будзе эфэкт», — растлумачыў Юрый Назараў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці не могуць гэтыя прадпрыемствы працаваць, як зараз, асобна. Яго запэўнілі, што гэта магчыма, але не дасць патрэбнага эфекту.
«Я не магу спрачацца з гэтым. Толькі каб гэта не было народжана ў кабінетах у Мінску. Каб гэта было прааналізавана з усіх бакоў. Калі вы і старшыня райвыканкама лічыце, што гэта дасць вынік, і мы па мясе загрузім уласныя магутнасці тут і на Оршу лішняе аддадзім...», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Гэтае пытанне выклікала бурнае дадатковае абмеркаванне. Справа ў вось у чым. Гаспадарка «Александрыйскае» — самае буйное і шматгаліновае прадпрыемства ў Шклоўскім раёне. Яго асаблівасць — уласныя перапрацоўчыя магутнасці, але іх трэба мадэрнізаваць і ствараць новыя. Для «Александрыйскага» і іншых гаспадарак стаіць задача забяспечыць жывёлагадоўлю ўласнымі кармамі, а перапрацоўчыя магутнасці прадпрыемства — гарантаванымі аб’ёмамі сыравіны. Цяпер паміж прадпрыемствамі Шклоўскага раёна існуюць таварна-сыравінныя сувязі, але пры гэтым кожнае з іх арыентавана на закрыццё ў першую. чаргу сваіх запатрабаванняў. Прапануецца разгледзець варыянт аб’яднання прадпрыемстваў у адзіную інтэграцыйную структуру — агракамбінат. Рэсурсны патэнцыял гэтага агракамбіната будзе вялікім: плошча сельгасугоддзяў амаль 43 тыс. га, або 59 працэнтаў плошчы сельгасарганізацый раёна. Прадугледжваецца, што аб’яднанне названых прадпрыемстваў у адзіную структуру дасць магчымасць на першым этапе пасля аптымізацыі пасяўных плошчаў забяспечыць да 2028 года галіну жывёлагадоўлі практычна пад поўную патрэбнасць кармамі ўласнай вытворчасці, у тым ліку збожжам. Будзе вырашана пытанне з забеспячэннем мясаперапрацоўчага комплексу ААТ «Александрыйскае» і новага малакаперапрацоўчага прадпрыемства гарантаванай і якаснай сыравінай.
Па выніках абмеркавання, заслухаўшы розныя пункты погляду, кіраўнік дзяржавы агучыў рашэнне: «Давайце дамовімся, што вы яшчэ раз прадумаеце гэтае пытанне. І пажадана, каб быў не адзіны пункт гледжання, а хоць хтосьці сумняваўся. Я не спрачаюся, што трэба аб’яднаць патокі сыравіны. І трэба аб’яднаць нейкім чынам патокі фінансавыя. Вытворчасць, перапрацоўка і гандаль. А мы гэта можам зрабіць у Беларусі адназначна, ну і Расія ў нас купіць гэты прадукт».
У заключэнні нарады Аляксандр Лукашэнка пералічыў асноўныя пытанні, якія трэба вырашаць Шклоўскаму, Аршанскаму раёнам, і адпаведна, іншым рэгіёнам.
Прэзідэнт заўважыў, што адной з прычын падзяжу жывёлы нярэдка называюць адсутнасць вакцынацыі з-за недахопу ветэрынарных урачоў. Ён нагадаў, што па дамоўленасці пры ветэрынарнай структуры была створана група ветэрынарных урачоў, якія павінны абслугоўваць і гаспадаркі, у якіх няма такіх спецыялістаў. Таксама Прэзідэнт даручыў звярнуць увагу на падрыхтоўку і навучанне ветэрынараў.
Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць яшчэ шмат недахопаў у гэтай галіне, пачынаючы з вырошчвання лёну і забеспячэння перапрацоўкі высакаякаснай сыравінай. Хоць напрацоўкі вучоных у гэтым плане ёсць, і ў Беларусі ёсць гаспадаркі, дзе навучыліся на высокім узроўні вырошчваць лён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на работу льнозаводаў. Некаторы час таму яны былі мадэрнізаваны, але цяпер, як дакладваюць Прэзідэнту, месцамі зноў неабходна мадэрнізацыя. «Вы вызначыцеся, нарэшце, колькі нам трэба гэтых заводаў. Вызначыцеся з зонай, дзе будзем апрацоўваць лён. І тады будзем гаварыць аб ільнозаводах, але трэба з гэтых выціснуць максімум», — арыентаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што маладым спецыялістам, якія прыйшлі ў гаспадарку працаваць па размеркаванні, трэба стварыць належныя ўмовы. Гэта задача для старшынь райвыканкамаў і дырэктараў гаспадарак. «Але ні адзін чалавек з ВНУ не павінен сысці на бок. „Год два папрацую і сыйду“, — такіх думак быць не павінна», — заявіў ён.
Прэзідэнт нагадаў свой знакаміты тэзіс — лепей працаваць, чым ваяваць. Зразумела, не павінна быць ніякай расхлябанасці. І гэта таксама зона адказнасці старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў сельгасарганізацый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння трэба разлічваць толькі на сябе. «Калі ёсць добрыя спецыялісты, кадры, тады будзе вынік. Але для гэтага павінна быць выканаўчая дысцыпліна, і тэхналагічная», — заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што арэнднае жыллё ў краіне будзе, але будавацца будзе па іншым прынцыпе. «Мы будзем будаваць пад прадпрыемствы. Дапусцім, мы ў Мінску робім завод на МАЗе — аўтобусы вырабляем, попыт вялікі. Вось пад гэту вытворчасць, як у савецкія часы, мы вам дадзім жыллё. Арэнднае», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Ён удакладніў, што прадастаўляцца такое арэнднае жыллё павінна з пэўнымі абавязацельствамі ў тым ліку з боку кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў. Для арганізацый такія дамы будуць будаваць не бясплатна. Прэзідэнт адзначыў, што такі варыянт яшчэ трэба прадумаць і адпрацаваць больш дэталёва.
«Мужыкі, не эканомце на зарплаце. Я не кажу, што „дармаплату“ плаціць. Але не эканомце на гэтым. Калі чалавеку трэба заплаціць — заплаціце», — паставіў задачу беларускі лідар. Ён заклікаў шукаць варыянты зніжэння сабекошту і нават прапанаваў адзін з варыянтаў — эканоміць на перагонах уборачнай тэхнікі з поля ў машынны двор, бо рабіць гэта кожны раз з далёкага поля зусім не абавязкова.
«Трэба забыцца на гэтыя фермы. Тры гады — крайні тэрмін. Усе малочнатаварныя комплексы павінны быць як з іголачкі. Яны ўсе павінны быць пабудаваны», — даручыў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што работнікаў у сферы АПК не так шмат, і яны хочуць жыць у нармальным жыллі і працаваць на сучасных комплексах. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўдзяліць павышаную ўвагу забяспечанасці жывёлагадоўлі кармамі, каб не дапускаць падзяжу і мець эфектыўную рэнтабельную вытворчасць.
Жорсткае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — аднавіць усе райаграсэрвісы. «Не абмяркоўваецца. Райаграсэрвісы трэба аднавіць, трэба іх функцыі аднавіць. Не толькі ўгнаенні. Дзесьці нафтапрадуктамі яны займаліся, запчасткамі, рамонтам... Вазьміце вопыт, паглядзіце і зрабіце тое, што трэба», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама жорсткае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — звярнуць увагу на будаўнічыя перасовачныя механізаваныя калоны. «Ну як у кіраўніка раёна пад рукой няма будаўнічай арганізацыі? Нейкі рамонт, дах камусьці накрыць, а можа, і дом пабудаваць. Паціху трэба загружаць іх работай», — абурыўся ён.
Больш лакальнае даручэнне па Шклове датычыцца аднаўлення камбікормавага завода: «Трэба, каб ён, адноўлены, быў загружаны на 100 працэнтаў».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Шклове працуе папяровая фабрыка «Спартак», газетная фабрыка, льнозавод. Па яго словах, прамысловыя прадпрыемствы павінны шэфставаць над сельскагаспадарчымі. Калі не могуць дапамагаць грашыма, няхай дапамагаюць кадрамі. Гэта пытанні — на кантролі старшыні райвыканкама і аблавыканкама.
«Мужыкі, я буду вас падтрымліваць, лячыць, карміць што заўгодна рабіць. Адзінае — не змагу вам дапамагчы, калі вы будзеце непрыстойнымі справамі займацца. Карупцыя — гэта выключана. Даравання не будзе. Гэта непрымальна для мяне. Гэта немагчыма», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў Беларусі нідзе нічога таемна не зробіш: «Пачуйце вы, нарэшце, мяне. Не рабіце гэтага. Будзе вынік — мы знойдзем заўсёды капейку вам дапамагчы. Але не лезьце ў гэта. Проста вас прашу і папярэджваю».
«Разбурэнне эканомікі плюс іржа карупцыі — гэта вайна. Страшная справа, — перасцярог Прэзідэнт. — Вайна пачынаецца з эканомікі. Таму я заўсёды нагадваю. Давайце лепш ціха працаваць у ціхай спакойнай краіне, чым ваяваць».
Прэзідэнт паставіў удзельнікаў нарады перад фактам аб тым, што ён і надалей будзе патрабаваць ад кіраўнікоў выканальніцкай дысцыпліны.
Пра вынікі прынцыповай размовы Аляксандр Лукашэнка першым расказаў жыхарам Шклова, якія чакалі сустрэчы з Прэзідэнтам. Ён растлумачыў, што яго прыезд сюды і вялікая нарада абумоўлена тым, што настаў час, калі сельскай гаспадарцы трэба рабіць новыя крокі наперад. «Абавязкова трэба рабіць. Адпачываючы на лаўрах, можам празяваць некаторыя моманты. Сельская гаспадарка для нас стала добрым драйверам росту. Мы прырастаем сур’ёзна, і ў гэтым годзе ў тым ліку», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Склаліся абставіны такім чынам, што трэба было сустрэцца мне тут на нашай зямлі з кіраўнікамі Аршанскага і Шклоўскага раёнаў. Гэта была гістарычная, можна сказаць, сустрэча. Таму што рэфармаваць вёску мы пачыналі адсюль — са Шклоўскага раёна. Я ведаю тут кожнае поле. І абысці мяне ў нечым, падмануць або недагаварыць было складана», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што сёння попыт на прадукты харчавання ў свеце расце. «Таму мы вырашылі зрабіць яшчэ адзін крок. І зноў са Шклоўскага раёна — як далей будзем рухацца ў сельскай гаспадарцы, як будзем карміць і апранаць нашых людзей. Гэта — галоўная тэма, аб чым мы гаварылі. Аб рабоце з кадрамі, будаўніцтве жылля і так далей. Такія мы праблемы абмяркоўвалі. На працягу чатырох гадзін прыйшлі да пэўных рашэнняў — як будзе развівацца Шклоўскі раён і на яго прыкладзе, якім чынам павінны развівацца іншыя раёны», — рэзюмаваў беларускі лідар.
У сваю чаргу жыхары Шклова падзякавалі Прэзідэнту за вялікую ўвагу да малой радзімы і за вялікую працу на карысць агульнай вялікай радзімы. «Вы сапраўды Бацька для нас усіх», — заўважылі шклоўчане. «Але ж бацька часам не толькі гладзіць», — пажартаваў на гэта Прэзідэнт.
Валерыя СЦЯЦКО
г. Шклоў
Фота: БелТА
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.