Вы тут

Адкрылася выстаўка «Слоўнікавы запас»


Да дня нараджэння Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў адкрылася выстаўка «Слоўнікавы запас», дзе сучасныя мастакі-авангардзісты падзяліліся з наведвальнікамі сваімі разважаннямі на тэму мастацкіх тэрмінаў, якія трансліруюць новы погляд на свет у эпоху тэхнагеннай цывілізацыі. 


Сучасным мастацтвам прынята лічыць перыяд другой паловы ХХ — пачатак ХХІ стагоддзяў. На першы погляд здаецца, што ў гэтым часе няма адзіных прынцыпаў і правілаў. Творчасць дастаткова разнапланавая, кожны мастак імкнецца падкрэсліць сваю індыві¬дуальнасць і выпрацаваць асабісты, не падобны на іншых, стыль. Аднак усіх сучасных творцаў аб’ядноўвае важны сацыяльны фактар — жаданне адлюстраваць злабадзённыя тэмы, праблемы ў грамадстве, улічваючы асабісты светапогляд і жыццёвы досвед. 

Здаецца, зусім нядаўна тэрміны «імпрэсіянізм», «супрэматызм», «сюррэалізм» былі чымсьці незвычайным і інавацыйным. Аднак сучасныя мастакі ўжо даўно «перараслі» гэтыя паняцці і пачалі карыстацца новымі. У творчым асяроддзі часта можна пачуць «індыджанізм», «артывізм», «брэндалізм». Апошнія тэрміны апісваюць напрамкі канцэптуальнага мастацтва, якія маюць пэўную сістэму творчага выказвання і камунікацыі. Яны пашыраюцца, становяцца зразумелымі і папулярнымі, асабліва сярод моладзі. 

«Думаю, мы ўклаліся ў колькасць літар у алфавіце, аднак, калі так будзе і далей, спатрэбіцца пашыраць алфавіт», — адзначыў на адкрыцці выстаўкі дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч. 

Сёлета Цэнтру спаўняецца дзевяць гадоў, і выставачны праект «Слоўнікавы запас» стане своеасаблівым пачаткам новага мастацкага фестывалю, які будзе прымеркаваны да юбілею арганізацыі ў наступным годзе. «Таму ўжо магу задаць такі тон і сказаць: Стварайце новыя работы!», — выступіла з прамовай намеснік дырэктара НЦСМ па творчай рабоце Алеся Іназемцава. 

У аснове канцэпцыі праекта знаходзіцца багацце мастацкіх стыляў. Разнастайнасць тэрмінаў адлюстроўвае як асабісты працэс развіцця мастака на творчым шляху, так і агульную з’яву ў мастацтве — пошук новых магчымасцяў і сэнсаў. 

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя палотны, скульптурныя аб’екты і кампазіцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Работы не аб’яднаны адзінай сты¬лістыкай, жанрамі і тэхнікамі. Гэты яркі і шматгранны «выбух» авангарда прываблівае глыбінёй сюжэтаў і арыгінальнымі ідэямі. Мастакі падымаюць розныя сацыяльныя тэмы, дзеляцца ўласнымі перажываннямі і спрабуюць перадаць пачуцці праз фізічную форму. 

Фотапраект Галіны Рапека «Архіў, якога няма» паказвае трагічную гісторыю сям’і творцы. Мастачка расказвае пра небяспечную атмасферу, якая склалася ў яе доме з-за жорсткага характару маці. Галіна вельмі сумавала і зайздросціла сябрам, якія з цеплынёй і замілаваннем гартаюць старыя сямейныя фотаальбомы. Ужо будучы дарослай мастачка знайшла ў сямейным архіве пусты альбом, які стаў для яе «больш нечаканым і жывым, чым калі б ў ім па-ранейшаму захоўваліся фотаздымкі»... Праект прасякнуты холадам і адзінотай, якая адчуваецца ад пустых старонак старога абшарпанага альбома. 

Такі ж настрой у інсталяцыі Андрэя Пічушкіна «Панелька», зробленай з крэслаў, пледаў і прышчэпак. Кампазіцыя вяртае гледача ў дзяцінства, калі будаваць шалаш з крэслаў, падушак і посцілак — гэта важная частка развіцця маленькага чалавека. У гэтым крохкім і недаўгавечным сховішчы дзеці знаходзяць пачуццё самотнасці і абароненасці, знаёмяцца з паняццем уласнасці. Аўтар разважае пра будаўніцтва панельных дамоў, якое павінна было вырашыць праблему з недахопам жылой плошчы ў пасляваенны перыяд. Яны давалі новым жыхарам тоё пачуццё абароненасці і прыватнасці, якога не было ў бараках і камуналках. Аднак памылкі ў будаўніцтве, тонкія сцены падкрэслівалі зменлівасць жыцця. «У сваёй інсталяцыі я спалучаю цёплыя ўспаміны з дзяцінства з постсавецкімі рэаліямі, адлюстраванымі ў кінахроніцы, і ствараю вобраз, які прапаноўвае гледачу спыніцца і задумацца пра сваё мінулае, пра спадыну ўжо неіснуючай краіны...», — дзеліцца Андрэй Пічушкін. 

Прываблівае выкарыстанне мастакамі розных матэрыялаў і тэхнік. Васіліса Васілеўская выканала трыпціх «Поле» з дапамогай вугалю, Максім Зубра ў рабоце «Клаўстрафобія» выкарыстаў гіпс і дрэва, Юлія Цярэшка прыцягвае ўвагу мазаічным малюнкам. 

Праект Вольгі Сямашка «Одум» нагадвае знакаміты малюнак з запалкамі, які калісьці быў вельмі папулярны на абшарах інтэрнэту. Аўтар у форме звычайных латкоў для яек, якія выбудаваны ад пяшчотна-белага да вугальна-чорнага, адлюстроўвае працэс развіцця думкі, пачуцця, эмоцыі ўнутры чалавека. Кожны знойдзе свой сэнс. 

Выстаўка «Слоўнікавы запас» заклікае пачынаючых і прафесійных майстроў рухаць сучаснае мастацтва Еўропы і ўсяго свету да вышэйшых ступеняў яго развіцця. У межах праекта будуць працаваць куратарскія экскурсіі, будзе арганізавана дыскусійная пляцоўка пра сучаснае мастацтва. 

Экспазіцыя працуе да 6 кастрычніка. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.