Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае наведаць выстаўку «Лета — маленькае жыццё», дзе некалькі пакаленняў беларускіх жывапісцаў, графікаў і скульптараў паказваюць лета не проста як сезон, а як цэлы сусвет яркіх эмоцый і момантаў.
Праз прызму мастацтва раскрываецца індывідуальнае ўспрыманне аўтарамі лета: дзіцячыя ўспаміны, прыродныя матывы, пачуццё свабоды і лёгкасці, а таксама глыбокія медытацыі на тэму жыцця і часу. Выстаўка, нягледзячы на памеры (толькі дзве залы), цалкам адлюстроўвае прыгажосць і чараўніцтва летняй пары.
Сустракаюць наведвальнікаў работы старэйшага пакалення беларускіх мастакоў — Уладзіміра Кожуха, Раісы Кудрэвіч, Вячаслава Кубарава, Міхаіла Рагалевіча, Пятра Свентахоўскага, Леаніда Шчамялёва і іншых. Іх творы паказваюць рамантыку вясковага жыцця. Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы выкананы ў розных жанрах і тэхніках. «Дарога на Зарэчча» Міхаіла Рагалевіча, дзе яркія колеры і адкрытая кампазіцыя адсылаюць гледача да мастацкага напрамку «імпрэсіянізм», з’яўляецца звычайным вясковым пейзажам. Кожны летні дзень у вёсцы падобны да папярэдняга: трэба пасвіць жывёлу, рыхтаваць сена, збіраць ураджай. Аднак на карціне Міхаіла Рагалевіча не відаць гэтай сезоннай мітусні, тут толькі цішыня, спакой і спёка. У цэнтры кампазіцыі — з’яўляецца высокая і старая сасна, пад галінамі якой, па адчуваннях, схавалася амаль ўся вёска. «Дарога на Зарэчча» з-за колеравай палітры нагадвае казачны сюжэт, дзе ёсць месца жартам і тонкай маралі.
Побач з работамі Міхаіла Рагалевіча размясціўся твор Вячаслава Кубарава «Вечар на Дзісне», выкананы ў стылі «рэалізм». Аўтар выкарыстоўвае мяккія колеры, робячы акцэнт на плаўнасці пераходаў. На першы погляд, цэнтрам кампазіцыі з’яўляюцца коні на вадапоі, круты бераг, які цалкам зарос непралазнымі хмызнякамі, невялікія хаткі ўдалечыні. Аднак, прыглядаючыся, можна заўважыць, што не меньш важна для мастака і адлюстраванне вечаровага небасхілу і яго адбітку на рачных хвалях. Кантраст паміж яркімі насычанымі колерамі травы і светлымі мяккімі адценнямі аблокаў перадае супярэчлівасць летніх вечароў, калі спёка змяняецца чаканай прахалодай.
Падобныя матывы прасочваюцца ў рабоце Пятра Свентахоўскага «Ліпеньская раніца», дзе, выкарыстоўваючы бледныя шэра-зялёныя адценні, мастак адлюстроўвае пахмурны світанак. Ад твора вее свежасцю і спакоем. На размытым фоне вылучаюцца два кані — матуля і яе маленькае дзіця. У правым ніжнім вугле — у простай кашулі пастух. У творы амаль няма прапрацаваных дэталяў, з-за размытых ліній і бледных колераў здаецца, што на луг апусціўся туман…
Сапраўдны «беларускі» настрой адчуваецца ў рабоце Вікторыі Ільіной «Поле», дзе сярод залатых каласкоў жыта вабяць блакітныя «вочкі» незабудак. Просты сюжэт, які прыцягвае ўвагу на доўгі час. Недарэмна твор размешчаны амаль у цэнтры экспазіцыі, быццам аб’ядноўваючы ўсе летнія матывы ў звычайным пейзажы.
Таксама на выстаўцы прадстаўлены і жанр нацюрмота. Класічным прыкладам з’яўляецца работа Элеаноры Бубашкінай «Нацюрморт з грушамі». Твор таксама можна аднесці да стылю «імпрэсіянізм». Выбраная мастаком палітра адсылае гледача на ўсход, дзе квітнеюць тыгровыя лілеі і спеюць крывава-чырвоныя гранаты. Нацюрморт Васіля Касцючэнкі «Яблычны Спас», у параўнанні з работай Элеаноры Бубашкінай, выглядае вельмі спецыфічна. На чырвоным палатне размясціліся такія ж чырвоныя грушы, яблыкі, кавун і дыня.
Асабліва бачныя толькі зялёныя яблыкі і зялёная лупіна кавуна.
На фоне астатніх работ моцна вылучаецца карціна Уладзіслава Куфко «Тапаграфія зялёнага», выкананая ў стылі «экспрэсіянізм»: чароўныя сілуэты экзатычных птушак, рэк і дрэў на ярка-зялёным дыване палёў. З-за спецыфічнай тэхнікі нанясення фарбаў здаецца, што ўсе складнікі сюжэта сцякаюць уніз. Гледачы бачаць кампазіцыю зверху, што стварае эфект «палёту».
У другой зале экспрэсіянізм прадстаўлены ў большай ступені. Работа Зоі Літвінавай «Мір дому твайму» — гэта крык, жах і роспач. Твор выкананы ў ярка-жоўтых, чырвоных, аранжавых колерах. Сілуэты людзей і жывёл застылі ў напружанай прасторы. З-за гушчыні адценняў здаецца, што ім не хапае паветра. І толькі вялікія рознакаляровыя аблокі пад апошнімі сонечнымі промнямі выглядаюць спакойна і велічна.
У экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя работы Сяргея Сотнікава, Андрэя Асташова і Аляксандра Шаппо. Крохкія шкляныя кампазіцыі Ініты Эманэ (Латвія) прыўносяць марскі брыз і шум хваляў.
Выстаўка працуе да 5 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.