Калі б вусны Ніканора Іванавіча ды прыставіць да носа Івана Кузьміча, ды ўзяць каліва развязнасці, як у Балтазара Балтазаравіча, ды дадаць крыху ад мажнога Івана Паўлавіча... Хто не памятае формулу выбару ідэальнага мужа ад гераіні Мікалая Гогаля Агаф’і Ціханаўны? Няпросты аказаўся ў яе выбар: каб быў у паненкі адзін жаніх, то што за праблема?.. А вось калі чатыры... Не інакш патрэбна пакласціся на волю Божую ды шляхам простага лёсавання абраць сабе мужа?.. Ці паслухаць сваху альбо разумнага дарадцу, у якога ёсць годны кандыдат... Што чакае пераборлівую нявесту ў спектаклі «Жаніцьба», напрыканцы ліпеня паказалі артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. «Цалкам неверагодная гісторыя ў дзвюх дзеях» — як пазначана на афішы — дапамагла завяршыць тэатру 68-ы сезон з вясёлым настроем.
Камедыя Мікалая Гогаля «Жаніцьба» хоць і была напісаная ў ХІХ стагоддзі, але ж дагэтуль закранае вельмі далікатную тэму, што тычыцца чалавечых стасункаў. І будзе цікавая для сцэнічнага ўвасаблення, пакуль людзі думаюць пра тое, дзеля чаго і з кім ствараць сем’і, як абіраць сабе пару на ўсё жыццё — от жа, некаторых герояў п’есы Гогаля нават думка пра гэта ўводзіць у ступар. Вядома, сацыяльны кантэкст змяніўся, і некаторыя рэплікі і заўвагі герояў, што аўтар падаваў з пэўнай доляй сатыры, цяпер успрымаюцца, можа, не так востра і актуальна, але галоўнае засталося. Паколькі ёсць людзі з іх прыватным жыццём. І ёсць жаданне асабістага шчасця, якое можа сутыкацца з няпэўнасцю, нявызначанасцю і бояззю нешта мяняць у жыцці з процілеглага боку. А тут нават усведамленне ўсіх выгод шлюбу не стане вызначальным. Што ж, бедная нявеста, калі зробіць не той выбар...
Камічная сітуацыя, якую адлюстраваў Гогаль — тонка і з гумарам. Смешная п’еса, таму дагэтуль застаецца запатрабаванай у тэатрах. І асноўны пасыл зразумелы: выбірай спадарожніка жыцця не па статусе ці пасадзе, а сэрцам. Глядзі не на знешні бок чалавека, адчувай і цані яго душу — каб была не пустая. А задумвацца пра гэта пачынаюць у юнацкім узросце, калі ўзнікаюць першыя пачуцці ды думкі пра тое: а што ёсць шчасце? Ды і з творчасцю Гогаля знаёмяцца яшчэ ў школе. Таму сышлося шмат фактараў, каб «Жаніцьба» з’явілся ў ТЮГу. І адзін з найбольш істотных для тэатра — імя рэжысёра, які ажыццявіў пастаноўку. Сёлета, якраз за месяц да прэм’еры ў Беларусі, расійскі рэжысёр Цімур Кулаў быў адзначаны спецыяльным прызам журы тэатральнай прэміі «Залатая маска» за пастаноўку ў Татарскім тэатры юнага гледача імя Г. Карыева. Але і дагэтуль яго пастаноўкі траплялі ў лонгліст «Залатой маскі». А яшчэ раней гэты рэжысёр быў адзначаны чатырма намінацыямі на вышэйшую тэатральную прэмію Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт», прычым гэта была пастаноўка «Нос» паводле Гогаля ў піцерскім ТЮГу. Наколькі актуальны Мікалай Гогаль, а яго творы — па сутнасці адлюстраванага ў чалавеку — знаходзяцца па-за часам, ён адчуў менавіта тады, калі глыбока аналізаваў і выбіраў падыход да пастаноўкі. Прытым, што і з «Жаніцьбай» Цімур Кулаў сутыкаўся раней, толькі як акцёр, калі выконваў ролю аднаго з жаніхоў Анучкіна.
Працаваць над «Жаніцьбай» у беларускім ТЮГу ён пагадзіўся на запрашэнне дырэктара Веры Паляковай-Макей, з якой яны сутыкаліся на тэатральных фестывалях. Яна не першы раз прыцягвае да супрацоўніцтва маладых рэжысёраў з Расіі, якіх адрознівае асабістае адчуванне матэрыялу. А яны ў ёй бачаць не толькі чалавека, які выконвае адміністратыўныя абавязкі, але і актрысу. У гэтым спектаклі Вера Палякова-Макей іграе няўдалую нявесту Агаф’ю Ціханаўну, купецкую дачку, якая вельмі хоча пабрацца шлюбам з дваранінам (і нават не думае пра тое, які гэта чалавек). На ролю Падкалёсіна, які падумвае ажаніцца і нават звярнуўся да свахі, прызначаныя два артысты — Уладзіслаў Вінаградаў і Дзмітрый Клімовіч. Іх харызма дазваляе зрабіць уражанне на нявесту, але пры гэтым паказаць зерне сумневу: ці сапраўды яна тая самая? ці сапраўды гэта патрэбна? а навошта, калі і самому жыць можна? Неістотна, што далей чакае пераборлівую нявесту. І няважна, што з іншымі жаніхамі ўжо «папрацаваў» праныра Качкароў.
І ўсё адно, як далей складзецца лёс удзельнікаў інтрыгі, кожны з якіх варты смеху, але адначасова варты і жалю. Ну, так бывае ў жыцці, што зробіш...
Знаўцы і аматары творчасці Гогаля адзначаць, што рэжысёрскі падыход дазволіў фактычна захаваць аўтарскую ідэю і тэкст, з якім працавалі даволі ашчадна. Гэта камедыя — і глядач так бачыць гісторыю. Той выпадак, калі Гогаль застаецца Гогалем без надта арыгінальнага рэжысёрскага прачытання.
А калі гаворка пра ТЮГ, то гэта таксама мае значэнне: каб у маладога гледача (узроставае абмежаванне спектакля 16+) спачатку склалася ўяўленне пра пісьменніка, а яго інтэрпрэтацыі больш патрэбныя людзям са сфарміраванай свядомасцю, якія разумеюць кірункі і задачы сучаснага тэатра.
Але ж версія ТЮГа атрымалася ўсё ж адаптаванай пад сучаснасць: асаблівая аўдыторыя патрабуе і асаблівай увагі: без нудоты і маралізатарства, з лёгкім падыходам. Нават музыка мае значэнне, неабходны нейкі «драйв» — тут гучыць не толькі класіка, але і рок. Большаму ўспрыманню праз сучаснасць паспрыялі касцюмы і афармленне (мастакпастаноўшчык Дар’я Волкава): чорная сцэнічная прастора, і на ёй ёсць галоўны сцэнаграфічны элемент — канапа, якая ў залежнасці ад сітуацыі мяняе свой выгляд з дапамогай дываноў і покрываў. Канапа — сімвал дома, утульнасці, нават пэўнай інтымнасці. Ці здольны хтосьці з чатырох жаніхоў затрымацца тут надоўга? Як там у Гогаля?
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з сайта ТЮГа
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.