Вы тут

Святочныя матэрыялы з нагоды 100-годдзя Васіля Быкава — у «Маладосці»


З нагоды 100-годдзя Васіля Быкава ў «Маладосці» апублікаваны святочныя матэрыялы Міколы Курыпкі, Віктара Шніпа, анкета пры ўдзеле Ігара Шаладонава, Марылі Буйны, Тамары Мазур і Андрэя Дарожкіна. Пастаянныя рубрыкі прозы і паэзіі напаўняюцца творчымі здабыткамі Настассі Нарэйкі, Ніны Літвінкі, Вікторыі Жытнік, Уладзіслава Грышына, Алеся Стружко, Наталлі Святловай, Пятра Жаўняровіча, Міхася Пазнякова, Змітрака Марозава і Івана Капыловіча. Творы кітайскага празаіка Лу Сіня з’яўляюцца сярод перакладаў (дзякуючы супрацоўніцтву з МДЛУ). Першая частка даследавання Кастуся Лешніцы, прысвечанага беларускай літаратуры ў свеце, у прыватнасці, з хронікі 1966–1985 гг., змяшчаецца ў «Знаках эпохі». 30-годдзю выдання зборніка Максіма Танка «Мой каўчэг» прысвяціў артыкул у рубрыцы «Літаратурны свет» даследчык Мікола Мікуліч. Кідкая вокладка колераў лайма і кавуна, дызайн і ілюстрацыя Мішы Дайлідава, а яшчэ выразныя карціны Ганны Плотнікавай на форзацах ствараюць візуальную аблямоўку нумара. 


* * *

«Яна свядома ахвяравала сабою дзеля мастацтва і, мяркую, не пашкадавала аб гэтым». Апавяданні Настассі Нарэйкі — своеасаблівае прысвячэнне мастакам, якія з’яўляюцца адначасова гаспадарамі свайго таленту і ахвярамі сваёй адчувальнасці. Гучыць у творах тэма ўзаемаадносін з самім сабой, дзе суіснуюць адоранасць, сумнеў, пошук, выбар. Абмалёўваюцца складанасці стасункаў з навакольным светам, з людзьмі, асабліва з каханымі. 

«Так узніклі на тым полі могілкі як знак хрысціянскай міласэрнасці „цывілізаваных“ людзей». У зусім нязвыклым антуражы разгортваюцца падзеі апавядання Уладзіслава Грышына «Закон лесу». Экзатычныя для беларускай літаратуры краявіды і героі — апісваецца супрацьстаянне канадскіх індзейцаў кры і каланістаў. Апавяданне бачыцца данінай павагі заснавальніку прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага напрамку ў айчыннай літаратуры — Янку Маўру. Не займаюся глыбокім факт-чэкінгам, ды не бачу у гэтым патрэбы, бо чытаю мастацкі твор, дзе павінны ўладарыць вымысел і ўмоўнасць. Прыкмячаю, як вымалёўваюцца вобразы: у кароткім тэксце адчуваецца канцэнтраваная ўвага аўтара да псіхалагічных, характаралагічных рыс персанажаў. Запамінальны момант выратавання хлопчыкаіндзейца, адзінага з нямногіх, хто выжыў у яго паселішчы, дзякуючы аднаму з паляўнічых: «Маўчанне маленькага кры не было нямой падзякай за выратаванне. З таго дня гэты хлопчык будзе ненавідзець усіх белых людзей, незалежна ад таго, хто яны». 

«Звычайна слязьмі заканчваліся такія гутаркі». Апавяданне пастаяннага аўтара «Маладосці», даследчыка і пісьменніка Пятра Жаўняровіча «Вясельны падарунак» перадае атмасферу апошняга пяцігоддзя. Тут паўстае адвечная тэма змагання пачуццёвага з рацыянальным. Ствараецца абагульненая карціна няроўнага шлюбу, які заключаецца паміж звычайным вясковым хлопцам і гарадской забяспечанай дзяўчынай. Рэмарка: маладыя кахаюць адзін аднаго, здавалася б, што можа пайсці не так? Але бацькі дзяўчыны — так бы мовіць, верхняя праслойка сярэдняга класа, поўныя паблажлівасці і фанабэрыі да абранніка іх дачкі і яе сям’і. 

«Колькі каштуе бохан хлеба». Яшчэ адзін узор сталай прозы нумара — «Урокі сялянскай акадэміі. З рабочых дзённікаў маладога агранома» паэта, празаіка і публіцыста Змітрака Марозава. Аўтар выкарыстаў для стварэння дакументальнай аповесці дзённікавыя запісы 1986–1987 гадоў, якія ўтрымліваюць назіранні, уражанні ад працы вясковага агранома. Змітрок Марозаў падкрэслівае, што прафесійны рост і маральнае станаўленне галоўнага героя — пакручасты шлях (зрэшты Алесь Валошка трапляе ў тыповыя для яго эпохі абставіны — вясковы малады спецыяліст, які ўступае ў новы свет, вучыцца ўсяму ў жыцці). Адзін з важных чыннікаў у гэтым — атачэнне, людзі, якія падтрымліваюць і вучаць. Надзвычай дакладна Змітрок Марозаў выводзіць мудрасць: «Напэўна, у гэтым і ёсць вышэйшая справядлівасць жыцця: перад хлебам усе людзі роўныя».

Пісьменнік зазначае, што пакідае дакладнасць запісаў, захоўвае дакументалізм, каб падкрэсліць дух часу, паказаць праблемы сучаснай вёскі — «праблемы не толькі сацыяльна-эканамічныя, але і палітычныя, без перабольшвання — гістарычныя».

* * *

Чэрвеньская паэзія «Маладосці» пачынаецца з нізкі Ніны Літвінкі «Хачу быць шэдэўрам Тваім», у якой злучаны вера ў Бога і надзея на сябе, падкрэсліваецца важкасць чалавечага саюза і сумесных спраў, істотнасць узаемаразумення. Асаблівым, малітоўным, у пэўнай ступені наіўным і па-дзіцячы смелым тонам валодае верш «На спіне пчалы»: 

Зрабі мяне рознай.

Я хачу быць

шэдэўрам Тваім, Божа. 

І пылам ля ног. 

Працягвае рубрыку любоўная лірыка Вікторыі Жытнік «З нас такія сабе акцёры...» (напэўна, такога азначэння просіць падборка вершаў паэтэсы). Тут увасабленне перажытага болю, страты, трывожнасці, ваганняў, надзвычайная асацыятыўнасць, умелыя характарыстыкі цялеснага, а яшчэ, тое, пра што сорамна і страшна казаць уголас — пра пачуцці, якія лічацца негатыўнымі. Вось яна, напрыклад, рэўнасць, а побач з ёй — прыніжэнне:

мне маё ж імя

становіцца ненавісным

калі з вуснаў тваіх

я чую

яе

імя

 

адчаю самотнага поўная

страшуся сваіх вачэй

ты казаў

што ў іх агонь гарыць

ды

яе

відавочна ярчэй 

«***мне маё ж імя...»

Не зменіць панурага тону Алесь Стружко, чые два вершы пад тытулам «Адзінота мая, адзінота...» гучаць амаль безнадзейна. Быццам, нельга розумам спалучыць вобразы, што саспелі ў паэта і зафіксаваліся ў тэкстах, можна толькі злавіць нітку адчуванняў:

У нязрушнай пустэчы,

У пустэчы глухога задушша

Выспяваю зямлёю

знутры.

«Камякі»

Вершы Наталлі Святловай ствараюць кантраст з дзвюма папярэднімі нізкамі. Тут пануе паэзія музыкі, раўнавагі, любові да свету... Вядома, знайшлося месца роздумам на тэму кахання і гульні з формамі. Асабліва кранальна гучыць твор «Чаму на сэрцы так спакойна», дзе персанальны анёл, які дорыць святло, — мама:

Таму што пазваніла маме,

І голас светлы азарыў,

І больш я не ў маркотным стане,

Адчуўшы новых сіл прыліў.

 

Ты аддаеш, як сок бяроза.

Лячу глынуць яго дамоў,

Прабач жа мне, аднак, за слёзы

Ад злых і рэзкіх маіх слоў.

 

Даруеш мне і зноўку поіш,

Глытаю сок святы нагбом.

Любоў у сэрцы чыстым тоіш,

Перапаўняючы дабром. 

Ад першых радкоў нізкі Міхася Пазнякова не ўзнікла адчування трывогі — быццам свет поўны святла, а з добрымі людзьмі не здараецца нічога дрэннага. То бок, калі кіравацца бацькоўскім запаветам «Шчыруй і вер, і не хлусі!..», то жыццё будзе простым і зразумелым. Калі пашыраць, распаўсюджваць і, галоўнае, увасабляць на справе гэтую мудрасць, то самыя лепшыя часы абавязкова прыйдуць. «Красой азораны паэт», Міхась Пазнякоў абвяшчае ў сваіх вершах абсалют любові да ўсяго навакольнага свету.

Мне па-ранейшаму балюча

(Як у маленстве і было),

Душу гнятліва і пякуча

Людское ахінае зло.

 

Але ганю прэч боль і звады.

Сам-насам дзесьці ў глыбіні

Да чуйных слёз бываю рады

Людской гаючай дабрыні. 

«***Мне па-ранейшаму балюча...»

Падборка вершаў «Абранай дарогай іду» Івана Капыловіча — пра долю, што выпадае чалавеку, пра ўдзел асобы ва ўласным лёсе, пра складаны выбар. Вобразы, якія паўстаюць у творах, нагадваюць пра вечныя тэмы, запрашаюць да філасофскіх роздумаў, праводзяць за паэтам па дарагіх яму мясцінах: валун-сузіральнік, які, здаецца, часта трапляе на вока, памятны старадаўні горад Сакі, дзе гаіліся раны, вёска — месца з запаволеным часам, але жывым і гаманкім наваколлем... Нізка суадносіцца з трыма словамі — час, шлях, памяць: 

Спынюся на полі, на ўзмежку —

Аддам самы нізкі паклон,

Душой прыхінуся да сцежкі,

З якой на працягу тых дзён,

 

Што білі мяне, шкадавалі

І роздумы часу няслі,

Парою няўтульнай трывалі

І памяццю добрай былі. 

«***Мяняюцца дні несупынна...»

«Сонца не выходзіць, дзверы не адчыняюцца, дзень складаецца з двух прыёмаў ежы». «Дзённік вар’ята» пісьменніка Лу Сіня ў перакладзе студэнта 5 курса факультэта кітайскай мовы і культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Кірыла Булая прапанаваны сярод скарбаў сусветнай літаратуры.

* * *

Яшчэ пры знаёмстве з нумарам адгарнула выпадковую старонку і пабачыла знаёмую вокладку з надпісамі «Vasil Bykov», «Alpine ballad», «Hold out till down» — гэтую кнігу 1989 года я набыла мінулай восенню ў Санкт-Пецярбургу ў букіністычным аддзеле крамы непадалёк ад канала Грыбаедава. Яе вокладка — адна з многіх, якая ілюструе багацце выданняў твораў Васіля Быкава на замежных мовах. Хто цікавіцца тэмай — матэрыял Міколы Курыпкі «Васіль Быкаў на глобусе мастацкіх перакладаў». 

«і новы чэрвень пачнецца

і прачнецца той хто народзіцца

на доўгай дарозе дадому»

Віктар Шніп дзеліцца дзённікавымі запісамі, звязанымі з лёсамі Васіля Быкава і яго жонкі Ірыны Міхайлаўны. 

«Выпрацоўваць механізм глыбіннага зроку бачання жыцця». Адзін з самых цікавых матэрыялаў нумара (мажліва, адзін з самых цікавых у бягучым годзе) — анкета «Мой Быкаў». Чаму так? Таму што ў апытанні паўдзельнічалі рэспандэнты, якія так ці іначай звязаныя з літаратурай, людзі розных генерацый і сфер дзейнасці, а яшчэ кожны мае ўласныя дачыненні да асобы і творчасці Васіля Быкава. Чытачу, які ведае празаіка толькі па школьнай праграме альбо не ведае зусім, будзе карыснае меркаванне даследчыка-літаратуразнаўца Ігара Шаладонава, які не толькі вывучае творчасць народнага пісьменніка, але і падтрымлівае сувязь з землякамі Васіля Уладзіміравіча, бачыў яго на даўнейшых сустрэчах. Цікава разважае студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыля Буйна аб успрыманні спадчыны пісьменніка яе пакаленнем. Паэтэса і публіцыст Тамара Мазур сцісла распавядае аб перыядзе працы аўтара ў «Гродзенскай праўдзе», з гонарам заўважаючы, што народны пісьменнік правёў у горадзе над Нёманам чвэрць стагоддзя. Ніхто з апытаных, відаць, не даў такіх добрых парад фільмаў і тэатральных пастановак па творах Васіля Уладзіміравіча, як бібліятэкар і паэт (таксама звязаны з Гродна) Андрэй Дарожкін (згадваю гісторыі з «Доўгай дарогі дадому» пра здымкі, разумею, якія цяжкія фільмы, але іх варта паглядзець).

Расставіла свае акцэнты ў прачытаным, але пытанняў 6 і 6 адказаў — усё варта ўвагі. 

* * *

«Літаратурныя сувязі, пранікненне ў іншанацыянальны свет у значнай ступені залежныя ад індывідуальнай актыўнасці творцаў». Тэма міжнародных культурных сувязяў пашыраецца ў рубрыцы «Знакі эпохі». Матэрыял Кастуся Лешніцы — хроніка літаратурнага жыцця 1966–1985 гг. — пацвярджэнне прысутнасці беларускай літаратуры ў свеце. Усе зацікаўленыя змогуць даведацца пра сустрэчы з нобелеўскім лаўрэатам Рамэнам Раланам, перакладчыкам на англійскую мову твораў (у прыватнасці, паэзіі і эпасу) народаў СССР Уолтэрам Мэем, перакладчыкам айчыннай класікі на польскую мову Мацеем Юзафам Канановічам і інш. Ідзе гаворка і пра беларускія кнігі, якія выходзілі на розных мовах, і пра замежную літаратуру, якая пабачыла свет на нашай радзіме. 

«...з’яўляецца калі не самай лепшай, дык адной з самых лепшых кніг беларускай паэзіі ХХ ст.» Мікола Мікуліч пашырае «Літаратурны свет» грунтоўным тэкстам, прысвечаным 30-годдзю выдання зборніка Максіма Танка «Мой каўчэг» (1994). 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва  

Сельская гаспадарка

Манга і маракуя на ўласных сотках

Манга і маракуя на ўласных сотках

Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.