Вы тут

Пра што пісалі франтавікі?


«Кожны чацвёрты быў мёртвы! Кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны. Кожны другі на целе меў раны, апёкі ці шрамы...» Анатоль Вярцінскі напісаў гэтыя радкі, абапіраючыся на дакументы, на гісторыі тых, пра каго змаглі хоць нешта зафіксаваць. Аднак гэта ўсяго толькі маленькая частка страт нашай краіны. Кожнай сям’і ў прыватнасці. Таму так жахліва, што сёння людзі пачынаюць забываць пра тую трагедыю, якая здарылася з іх народам восемдзесят гадоў таму. Кажуць «мала сведак», «не верым мы!», «а дзе пра гэта напісана?». Таму, каб яшчэ раз нагадаць усім, чаго каштуе сённяшняе мірнае неба, Дзяржаўны музей гісторыіі беларускай літаратуры сумесна з Белгарадскім дзяржаўным літаратурным музеем арганізавалі выставу «Дарагая мая Надзя...», прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Мы ведаем прозвішчы герояў таго часу яшчэ са школы: дакументы і фотаздымкі, прааналізаваныя на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, вялікія аповесці і зусім кароткія вершы, прачытаныя на ўроках літаратуры. І здаецца, што мы ведаем гісторыю амаль кожнага салдата і медсястры, партызана і падпольшчыка... Аднак колькі знікла без вестак? Колькі вывезлі з роднай зямлі? Колькі жанчын і старых спалілі ў вёсках? Колькі ненароджаных дзяцей так і не ўбачылі свет?... Вайна ні да каго не мела літасці.

— Часам я чую выказванні, наколькі ж надакучыла ўсім тэма вайны, што трэба гаварыць пра нешта іншае. І скажу, што мне шчыра шкада гэтых людзей. Мы з вамі цудоўна ведаем, што вайна заўсёды будзе нас яднаць, як 80 гадоў таму згуртавала савецкі народ, а вялікі подзвіг савецкага салдата застанецца жыць у вяках. І тэма вайны для патрыёта, які сапраўды любіць сваю Радзіму, заўсёды будзе адной з самых важных і знакавых. Да яе ён заўсёды будзе вяртацца, каб знайсці новыя доказы гераізму нашых салдат і подласці фашыстаў, — падкрэсліў важнасць арганізацыі выставы дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усікаў.

Экспазіцыя кранае адразу, як толькі ўваходзіш у залу — «Дарагая мая...», колькі маладых хлопцаў у апошні раз назвалі так сваю каханую, колькі мужоў пісалі сваім жонкам лісты з надзеяй, што ўсе дома жывы і здаровы.

І як часта так пачыналіся апошнія лісты да сваіх любімых... Назвай выставы паслужыў зварот старшага сяржанта, забітага ў 1945-м у Рудых гарах пад Прагай, да жонкі ў апошнім пісьме. У тыя гады мільёны пасланняў пачыналіся словамі «Дарагая мая...»: «Здравствуйте, милая и дорогая жена Галя Сергеевна», «Дарагая Мар’я Канстанцінаўна», «Дорогая мама и сестра»... Аднак кожнае з іх адметнае і індывідуальнае, вельмі асабістае. Сімвалічнасць набыло і імя Надзя — надзея... Надзея на вяртанне, на спакойнае і шчаслівае жыццё, на багатую гаспадарку і вяліую хату, на бязмежнае каханне і цеплыню сям’і... Надзея на перамогу.

Пра ўсе гэтыя хваляванні і турботы салдат мы сёння можам даведацца з іх пісьмаў — каштоўных сведак асабістых гісторый, якія склалі лёс цэлай краіны. Апошнім часам усё больш эпісталярнай спадчыны тых часоў, якая доўгія гады заставалася выключна сямейнай рэліквіяй, становіцца здабыткам шырокай грамадскасці.

— Сёння мы прадставілі каля 130 франтавых лістоў. Большасць з іх знаходзяцца ў белгародскіх архівах: Дзяржаўны архіў Белгародскай вобласці і Дзяржаўны архіў найноўшай гісторыі Белгародскай вобласці. Для гэтай выставы мы якраз атрымалі іх копіі. Частка лістоў, якія напісаны Віталём Буханавым, Аляксеем Крыўцовым (белгародскія пісьменнікі-ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. — Аўт.) — гэта пісьмы, якія захоўваюцца ў фондах нашага музея, — расказала дырэктар Белгарадскага дзяржаўнага літаратурнага музея Іна Клімава.

Частка экспанатаў прадстаўлена ў выглядзе адсканіраваных лістоў-арыгіналаў, а другая — у выглядзе надрукаванага тэксту. На жаль, не ўсе спехам напісаныя хімічным алоўкам жыццёвыя мудрасці і наказы будучым пакаленням захаваліся ў першапачатковым выглядзе і зразумелыя для чытання. Аднак арганізатарам хацелася, каб як мага больш людзей маглі пазнаёміцца з гісторыямі іх герояў, з лёсамі тых, ад каго засталіся толькі франтавыя лісты.

Пра што ж пісалі франтавікі? Зусім юны хлопец жартаўліва казаў матулі, што калі ёй не падабаецца фотаздымак, на якім ён моцна схуднеў, то няхай глядзіць на самы першы, які ён даслаў, — там і шчочкі ёсць. Альбо пераконвалі, што жывы і здаровы і не трэба за іх хвалявацца: «Здравствуйте, дорогие родители! С горячим приветом ваш сын Петя. Вы пишете, что получили от меня письмо, и там было написано, что устала правая рука, но это я писал как лучше. Вы не подумайте о том, что она у меня болит. Нет. Она у меня не болит, и я здоров, как бык, любого немца могу с ног сбить».

У жонак пыталі, як гаспадарка, ці на ўсё хапае: «Как получите моё письмо, напишите немедленно ответ, как вы живёте, как переживали, кто помогал и кто вредил, есть ли хлеб, картошка? Есть ли одежда? Цела ли хата? Велосипед-то, я уже и не надеюсь, что цел». Пераконвалі, што ім нічога не трэба: абуты, апрануты і накормлены, таму хутка дашлюць грошы: «Если нужны деньги, то я вышлю. Мне негде их девать. Если вы плохо материально живёте, то пойдите в военкомат или райисполком с письмом. Они вам помогут». І, канешне, выказвалі спадзяванне на вернасць каханай.

Цікавіліся, як дзеткі, вучылі іх мудрасцям, давалі наказы на будучае і проста пісалі цёплыя словы: «Здравствуй, дорогая маленькая дочка Лидочка! Передаю тебе свой пламенный привет. Дочка, письмо пишет тебе твой папа, который так безумно тебя любит. Дочка, расти, Лидочка, слушай маму».

У кіраўніцтва прасілі прыстроіць сына ў вучылішча, бо без родзічаў застаўся, ратавалі, каб жонку на працу ўладкавалі, бо грошай у хаце няма. Вырашалі звычайныя будзённыя клопаты. Салдаты захоўвалі надзею на перамогу, але часта разумелі, што дадому яны могуць не вярнуцца. Аднак, як можна пакінуць хатнія справы, калі на табе адказнасць за сям’ю? Франтавікі так і не знайшлі адказ…

На доўгія гады тэма вайны стала адной з вядучых і ў беларускай літаратуры. Бо вялікая колькасць пісьменнікаў у гады вайны таксама апранула вайсковыя шынялі і змянілі асадку на вінтоўку. Так, усім нам вядомы імёны франтавікоў Васіля Быкава, Івана Мележа і Івана Шамякіна. Янка Брыль і Алесь Адамовіч прымкнулі да партызанскага руху, Уладзімір Калеснік — да падпольшчыкаў. Ужо славутыя мастакі слова, такія як Кандрат Крапіва, Максім Танк і Міхась Лынкоў працавалі ў тыле: выдавалі газеты, публікавалі вершы, пісалі лозунгі, каб падтрымаць дух салдат. Пісьменнікі разам са сваім народам, для якога павінны былі ствараць багатую спадчыну, прайшлі праз вайну, здабылі перамогу. А тэма вайны пасля пачала гучаць у творчасці тых майстроў слова, якія прайшлі гэту навалу ад першага дня да апошняга. Вось чаму акрамя лістоў на экспазіцыі прадстаўлены літаратурныя творы ваеннага і пасляваеннага перыяду, а таксама фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы пісьменнікаў: Анатоля Астрэйкі, Пімена Панчанкі, Пятра Глебкі і іншых. Уражвае, як у нечалавечых умовах, пад грукат ваеннай тэхнікі, у халодных акопах, у акупацыі, а часам і прайшоўшы праз канцлагер, можна было ствараць. Аднак адказ просты: яны гэта рабілі для чалавека.

Наведаць выставу можна да 29 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дарогамі франтавых лістоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва  

Сельская гаспадарка

Манга і маракуя на ўласных сотках

Манга і маракуя на ўласных сотках

Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.