Ну вось незаўважна і надышоў апошні месяц лета. Гэта ў кагосьці яшчэ канікулы ды водпускі, а на вёсцы — самая гарачая пара. Гарачая яна незалежна ад надвор’я — жніво... Час збору ўраджаю.
Давайце паглядзім, як гэты час адлюстроўваўся на старонках твораў беларускіх літаратараў.
Зразумела, любую вясковую працу можна знайсці ў беларускай паэтычнай «энцыклапедыі сялянскага жыцця», то-бок паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Класік добра ведаў, як здабываецца хлеб. Нават у сталым узросце, жывучы ў горадзе, каля свайго дома зладзіў участачак, на якім вырошчваў жыта ды праводзіў аграэксперыменты... А з дзяцінства засталіся ў яго памяці карціны жніва, асаблівая прыгажосць беларускіх жнеек, чые постаці мільгаюць у моры збожжа:
«Або калі над галавою
У жнейкі спрытнаю рукою
Пучок калоссяў мільгатнецца,
Апіша дужку, бы вясёлку,
Бы нейкай знічкі след пагаслы,
І борзда ляжа ў перавяслы,
Што распасцёрты на падолку, —
Дапраўды: ўзмахаў
гэтых мгненне —
Адна любота, заглядзенне!»
Але вось скончана жніво, і паэт прапаноўвае чытачу разам палюбавацца на зжатае поле:
«У якія роўныя шнурочкі
Цяпер пакладзены снапочкі!
І як прыгожа-слаўны бабкі!
Якія ладныя іх шапкі!
І хоць яны ўсе адзінакі,
Але і выраз і адзнакі
У кожнай бабкі асабісты,
А наагул усе фарсісты...»
А вось у Янкі Купалы вобраз жнейкі дваісты. У 1911-м ён піша знакаміты верш: «Як сама царыца ў залатой кароне, йдзе яна ў вяночку паміж спелых гоняў... На грудзях шчаслівых каптанок ружовы, у руцэ сярпочак зублены, сталёвы...» Гэтая жнейка карануе песняй жніво і сама ўся як сонца... А вось у вершы «Жніво», напісаным годам раней, карціна зусім іншая, маркотная і нават злавесная, за радкамі адчуваецца туга паэта з-за таго, што не бачыць вынікаў сваёй працы:
«І жнеі сышліся. —
Направа, налева
Кладучы ў снапы
каласы-старажы,
Зашасталі глуха сярпы, як нажы,
Пад жніўныя вечна старыя напевы.
Спагадная, нудная песня плыве,
Губляючы ў пушчы свае пералівы,
У шэлестах белага коласу нівы.
Плыве гэта песня ка мне і заве,
І ў сэрцы звініць, як каса ў траве:
«Ты так жа, брат, сееш...
а дзе тваё жніва?»
Максім Гарэцкі ў абразку «Млявыя сненні» побытавыя карціны ўздымае да экзістэнцыяльнага роздуму. Сцэна жніва на ранішнім полі ператвараецца ў пакутлівыя развагі над такімі рознымі чалавечымі лёсамі:
«Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку іржышча. Грубыя, туга звязаныя снапы разлягліся, як купцы, бавячы погляд. Не хочацца думаць, што там, на ўзгорачку, на пясочку, ёсць і рэдзенькае, жыдзенькае, дробненькае жытца з малюсенькімі каласінкамі. Сумна там... Затое ж тут, дзе яно буйнае, дзе яно густае, — надта хораша!..
А нечыя жнеі прыйшлі ўжо на пастаць — пад самы лес. Лётаюць па-над жытнім морам каласяныя жмені і хаваюцца ў ім. Уздоймецца галава ў белай намётцы, блісне на плячы гібінка сярпа, тонкія рукі круцяць вязьмо. І зрок задумана стаіць на дальнім ускраі паласы-шнурочка... „Відзіць маё вочка, што край недалёчка! Відзіць жа і другое, што яшчэ ганей двое!..“ Схавалася белая намётка, — узмятнулася чырвоная хустачка дзяўчыны... І дзве жмені, гнуткія, шумацяць, мятаюцца і мятаюцца.
Вуха з радасцю ловіць аднастайную музыку-ігранне сярпоў: хруп! хруп! хруп! І шамае жыта...»
У рамане Івана Мележа «Людзі на балоце» на полі падчас жніва віруюць нежартоўныя жарсці. Прыгажуня Ганна Чарнушка з бядняцкай сям’і рупна жне ды паглядае на каханага Васіля Дзятліка, чыя ніва таксама небагатая, а багацей Яўхім заглядаецца на Ганну... І хоць працуюць жыхары палескай вёскі Курані, не шкадуючы сіл, настрой журботны — неўрадлівая ў іх зямля, балоцістая…
«Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою. Журба гэтая ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені... Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галошанне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей. Сіратлівыя бабкі гэтыя выглядам сваім як бы казалі: вось усё, на большае не спадзявайся, большага не будзе, гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля…
Спявала, дажынаючы паласу, і Ганна, якой час ад часу памагала, падгалошвала мачыха.
— Да перастаньце вы ўжэ, — не вытрываў нарэшце Чарнушка. — Усё роўна як на могілкі сабраліся везці!..»
Паэт-франтавік Кастусь Кірэенка напісаў верш «Ураджай» у 1945 годзе. У ім малюецца першае пасляваеннае лета — час, калі яшчэ крывавяць успаміны пра вайну, але трэба аднаўляць панішчаную ворагам гаспадарку:
«Яшчэ нядаўна
першай навальніцай
Было абмыта поле, на якім,
Каб выгнаць з краю
лютых чужаніцаў,
Не раз мы падымаліся ў штыкі.
Яшчэ нядаўна песняй перамогі
Быў на зары абуджаны наш край,
А ўжо шумяць усходамі разлогі, —
Нясі нам шчасце,
сёлетні ўраджай!..
Мы цалавалі зерне,
перш чым кінуць
Яго ў разоры. Дружна, як на бой,
Выходзілі на працу золкам сінім,
Ўзбівалі глебу рупнаю рукой...
...І мы клянёмся,
што не ўчуем стомы,
Не дасядзім на йгрышчах,
недаспім!
Як серп вастрыць —
з маленства нам знаёма —
І жыта жаць пад сонцам залатым».
А вось у рамане Міхася Лынькова «Векапомныя дні» жніво адбываецца падчас вайны, на акупаванай Беларусі…
«Быў той год ураджайны як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Набіраліся сілы аўсы, ячмяні. На лугах такія выкінуліся травы, што хоць ты хавайся ў іх…
І ўся гэтая цвецень і багатая плоднасць зямлі не цешылі вока чалавека. Не ліпла рука да касы, да грабільна. Ды і мала было рук, а якія і былі, то менш за ўсё думалі аб касьбе, аб жніве...»
Але партызанскі камандзір Саколіч разумее, што хлеб неабходны для барацьбы з акупантамі, таму заклікае партызан дапамагчы сабраць ураджай. Яго апанент Свістун лічыць, што гэта не вартая справа — «зробім развёрстку, вось вам і хлеб». То-бок няхай сяляне дадуць. Саколіч пярэчыць:
«— Зрабіць развёрстку на гатовы хлеб — не хітрая справа. Гэта, выбачайце, і ўсякі дурань можа зрабіць. А вы памажыце народу мець ураджай, зберагчы збожжа, не даць яго ў нямецкія рукі.
— Вы, можа, загадаеце майму атраду яшчэ зямлю араць?
— Што ж, трэба будзе — і загадаем».
Зразумела, праўда на баку Саколіча, і партызанскае жніво адбываецца.
Паэма Петруся Броўкі «Хлеб» напісана ў жніўні 1946 года і таксама апавядае, як аднаўляюць людзі гаспадарку пасля нядаўняй ваеннай навалы. А на фоне таго, як жыта сеецца, як узыходзіць рунь, спеюць каласы і збіраецца ўраджай, разгортваецца каханне галоўных герояў, сейбіта і жнейкі. А ў фінальнай сцэне гуляюць разам і дажынкі, і вяселле.
«Выйшлі людзі на працу,
А між імі са спрытам
Два сярпы зіхацяцца,
Тых, што сеялі жыта.
Жыта іхнія вочы
Між усіх распазнала:
Гэта іх яно ўночы
Ад вятроў прыкрывала.
Колькі ў цемры глыбокай
Чула любых размовы
Ды схавала далёка
Іх таемныя словы.
Роўна, роўна радамі
На шырокай лагчыне
Усцілаюць снапамі
Поле сейбіт з дзяўчынай.
Між сабой размаўляюць,
Добра ім, як ніколі.
Ставяць бабкі і знаюць —
Тут з’яднала іх доля.
А як выйшлі дадому
Познім, змрочлівым часам,
Нізка полю жытному
Пакланіліся разам».
Для Максіма Танка ў вершы «Збор калосся», напісаным у 1985 годзе, жніво — сімвал падрахункаў, якія падводзіць чалавек напрыканцы жыцця, а калоссі — напісаныя творы. Танку было ўжо семдзесят тры, у яго радках гучаць сум і настальгія, а яшчэ — радасць кожнаму новаму дню, які дае магчымасць сабраць яшчэ трохі калоссяў, стварыць яшчэ штосьці.
«Хаця б не забыць, што
Даўно мінуў поўдзень
І час завяршаць
Збор калосся на полі.
Хаця б не забыць, што
Ноч не за гарамі,
І ўсім пажадаць
Добрага адпачынку.
Хаця б не забыць,
Калі заўтра пашчасціць
Убачыць світанне,
Падзякаваць сонцу,
Падзякаваць сонцу,
Што зноўку вярнула
Да любае працы —
Да збору калосся».
Алесь Разанаў у «Паэме жніва» прыпадабняе жніву плён чалавечага жыцця. Чалавек — не жнец, а ніва. Ён сам з сябе павінен выспеліць ураджай і расціць не куколле, а зерне, якое нагадуе іншых.
«Усё умеюць рукі, а душа... —
рыхтую да жніва душу:
ў бязлітаснай надзеі выспяляю
і ў скрусе загартоўваю зямной...
...Будзь прывітаны сёння і заўжды,
будзь прывітаны блізкі і далёкі,
паглядаў не стае — убачыць,
і сэрца не стае — адведаць,
але цягнуся да цябе надзеяй,
адвечнай несмяротнаю надзеяй:
будзь прывітаны, час жніва.
Народжаны ад хлеба,
прагну хлеба —
пакуль жыву,
хачу спасцігнуць сэнс
дыханнем кожным,
кожнаю крывінкай,
і позіркам, і крокам, і людзьмі.
З нічога паўстаюць не для нічога,
а для жніва —
ці выспелю ўраджай?!
Я меркаваў: калі настане час...
А неабходна наставаць самому,
не жнец, а ніва — помню пра жніво...»
У Рыгора Барадуліна ёсць незвычайны верш — «Снапавоз», у якім у даволі экспрэсіўных вобразах падаюцца будні жніва:
«Трасянуў сваім чубам —
даспелым калоссем,
Падперазаўся вязьмом —
і ў абоз.
Асмужаны, вусам асцістым калоўся
І шлях па іржышчы
прамяў снапавоз...
Працуе — і ўсё ў яго
спорыцца, клеіцца.
Вачэй не зажмурыць
ад рос і да рос.
І круціць баранку,
натужвае лейцы,
Пыліць па ўсіх бальшаках
снапавоз.
Ад тупату, грукату, гоману —
тлумна.
І жытам прапахлі утулкі калёс.
Пустыя такі, падхартаныя гумны,
Прымайце, — вязе ураджай
снапавоз.
Зярнятамі зор Млечны Шлях
зацярушан —
І там снапавоз
у дарожаньку рушыў.
Шчаслівай дарогі табе,
снапавоз!»
Давайце ж пажадаем спорнай работы тым, хто сёння працуе ў палях; каб надвор’е спрыяла, каб добрым быў настрой, каб залатымі былі і зернейкі, і зоры, і сэрцы, і рукі.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.