Каля мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» працягваюцца мерапрыемствы, якія сталі ўжо добрай традыцыяй, — выставы раёнаў Мінскай вобласці. Сёлета яны прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Году якасці. Карэспандэнт «Звязды» высветліў, чым на гэты раз здзіўляе цэнтральны рэгіён.
Курган Славы — асаблівае месца для кожнага беларуса. У экскурсійных маршрутах гэты мемарыял займае важную частку. Сюды прыязджаюць аўтобусы, запоўненыя турыстамі, сем’і прывозяць дзяцей і гасцей з іншых рэгіёнаў і краін. Летам наведвальнікі знаёмяцца тут яшчэ і з самабытнай культурай і дасягненнямі Мінскай вобласці.
На адных з мінулых выхадных на мемарыяльным комплексе ва ўсёй разнастайнасці была прадстаўлена культурная сфера Барысаўскага раёна: бібліятэкі, музей, народныя рамёствы. Акрамя таго, тут можна было ўбачыць прадстаўнікоў школ і каледжаў. І, вядома ж, сваю прадукцыю дэманстравалі прамысловыя прадпрыемствы.
Барысаўчане падумалі пра гасцей усіх узростаў. Знайшлі, што прапанаваць як дарослым, так і дзецям. Напрыклад, Барысаўскае ўпраўленне адукацыі знаёміла з землякамі — Героямі Савецкага Саюза, а мясцовая бібліятэка — з ганаровымі грамадзянамі раёна. Пра подзвіг Люсі Чалоўскай распавядалі работнікі Барысаўскага аб’яднанага музея. Выставілі сваю прадукцыю Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Барысаўская папяровая фабрыка Дзяржзнака, Барысаўхлебпрам, «Здравушка-милк» і многія іншыя. Са сваёй творчасцю знаёмілі калектывы ўстаноў культуры Барысаўскага, Вілейскага і Валожынскага раёнаў.
Падрыхтавалі і фотазоны. «БЕЛДЖЫ» прыгнала на Курган Славы свае новыя мадэлі. Прадпрыемствы падрыхтавалі розныя забаўкі для дзяцей.
Была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прадукцыяй Вілейскага хлебазавода, Вілейскага вопытнага лясгаса, завода «Буддэталі», рамонтнага завода, завода «Зеніт». У выставе ўдзельнічалі дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Надзея», аддзелы культуры і адукацыі, Цэнтр дадатковай адукацыі, Вілейскі дзяржаўны каледж, Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж, а таксама грамадскія арганізацыі раёна: «Белая Русь», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі саюз жанчын, прафсаюзы Вілейшчыны.
Аматарскія калектывы і майстры па мастацкай самадзейнасці дзяліліся сваімі талентамі. Калектывы Вілейшчыны падрыхтавалі творчую праграму. У мінулыя выхадныя на Кургане Славы выступілі калектыў мастацкай самадзейнасці «Нравіца» Вязынскага сельскага Дома культуры і народны вакальны калектыў «Суквецце» Вілейскага гарадскога Дома культуры.
Таксама былі прадстаўлены дасягненні ў розных сферах, вырабы народнай творчасці, прапаноўвалася дэгустацыя прадукцыі, прайшлі выставы і кінапаказы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Рамеснікі прывезлі свае вырабы, якія можна было набыць альбо зрабіць самастойна на майстар-класе.
Прадэгуставаць прадукцыю сваіх перапрацоўчых прадпрыемстваў — хлебазавода, мясакамбіната, цукрарафінаднага і сыраробнага камбінатаў — запрашаў Слуцкі раён. Прадпрыемствы падрыхтавалі разнастайныя забаўкі: гульню ў шашкі, у рулетку, роставыя лялькі.
Грамадскія арганізацыі раёна зладзілі вялікую гульнявую тэрыторыю. Тут і спілс-карты, і настольныя гульні, і зона з размалёўкамі для малых. Слуцкі цэнтр турызму прывёз вялікую інтэрактыўную пляцоўку, дзе заняткі па душы знайшлі як дзеці, так і іх бацькі.
Случчына ва ўсе часы ганарылася сваімі рамёствамі. Таму работнікі Квасыніцкага цэнтра рамёстваў прывезлі выставу работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта і саламяныя вырабы, і гліняныя, і абрадавыя лялькі, і ткацтва. На ўсё гэта можна было не толькі палюбавацца, але і навучыцца рабіць самому. Майстры Квасыніцкага цэнтра рамёстваў запрасілі ўсіх ахвотных на выставачную экспазіцыю «Традыцыі і рамёствы Случчыны». На ёй вучылі ткаць, плесці з саломы, рабіць абярэгавую ляльку і, вядома ж, плесці пояс.
У зоне фізкультурна-спартыўнага клуба Слуцкага раёна можна было згуляць у настольны футбол, дзіцячы баскетбол, тэтрыс, шахматы, крыжыкі-нулікі.
Тыя, хто аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку, сабіраліся каля пляцоўкі Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Тут і кніжная выстава, і забаўляльная праграма: літаратурна-гістарычны красворд і інтэлектуальны турнір.
Прадстаўнікі Слуцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» паказвалі, як вырабляць валошкі. Слуцкі краязнаўчы музей прадставіў выставу, прысвечаную творчасці знакамітага земляка Уладзіміра Садзіна. Былі экспанаваны мастацкія работы на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Слуцкі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрашаў на выставу-продаж сувеніраў ручной работы аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пад назвай «Тэрыторыя творчасці са знакам якасці».
Любанскі раён частаваў прадукцыяй сыраробнага камбіната, хлебазавода і рыбакамбіната. Шырокі асартымент дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу і прадукты з мёду прадставіў Любанскі лясгас. Санаторый «Рассвет-Любань» падрыхтаваў для гасцей інфармацыйны матэрыял аб сваёй дзейнасці, відах сваіх паслуг і коштах.
Асаблівы акцэнт Любанскі раён зрабіў на сваіх культурных асаблівасцях. І хоць свае адметныя асаблівасці ёсць у кожнага раёна, Любаншчына прэзентавала сваю ўнікальную традыцыйную культуру. Па словах мясцовых умельцаў, гэта адмысловая традыцыя выпякання хлеба ў вёсках Кузьмічы і Жораўка, унесеная ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Гэта і народныя абрады, святы, выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы па народных промыслах і рамёствах, сярод якіх — ганчарства, ткацтва, пляценне лапцей, а таксама выступленне творчых калектываў, арганізацыя інтэрактыўных пляцовак.
Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра прапаноўвалі купіць сувеніры і карысныя прадметы побыту: нататнікі, кошыкі, магніты, кубкі, бірулькі. Не толькі прыемна, але і карысна правесці вольны час запрашалі работнікі адукацыі і культуры. Спартыўныя гульні, займальныя квэсты, майстар-класы па вышыўцы, песні — гэта далёка не поўны пералік прадстаўленага на Кургане Славы.
Адной з галоўных «фішак» Лагойскага раёна на Кургане Славы стала інтэрактыўная экспазіцыя з фотазонай ад Цэнтральнай раённай бальніцы. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з гісторыяй медыцыны, пачынаючы ад часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі і да нашых дзён. Таксама тут можна было ўбачыць форму медперсаналу розных гадоў.
Асаблівай папулярнасцю карысталася арт-кафэ ад раённага спажывецкага таварыства. У ім можна было паспрабаваць свежую прадукцыю ўласнай вытворчасці мясцовых кулінараў. Таксама на Кургане Славы размясцілася пляцоўка «Game Room», наведвальнікі якой маглі паспрабаваць свае сілы ў гульні на кансолях. Гэта сучасны фармат пакоя вольнага часу для моладзі, дзе можна пагуляць у розныя гульні на «Sony PlayStatіon 4 Pro» і «Xboxe One».
Прыемна правесці час з кнігай на свежым паветры дазваляў праект раённай цэнтральнай бібліятэкі «Чытаючая лаўка». Установа культуры падрыхтавала інтэрактывы, тэмай якіх стаў 80-гадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэту тэму на Кургане Славы працягнуў ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт» з Цэнтра дзіцячай творчасці. Паспрабаваць сябе ў робататэхніцы прапаноўваў стэнд ад Астрашыцкай школы.
Таксама наведвальнікі мемарыяльнага комплексу азнаёміліся з праектамі Лагойскага ЖКГ па паасобным зборы смецця і добраўпарадкаванні горада і праектамі тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, Беларусбанка, БРСМ. А артысты эстрады з Лагойшчыны радавалі слухачоў творчымі нумарамі.
На наступных выхадных каля Кургана Славы будзе прадстаўлена адразу шэсць раёнаў Мінскай вобласці. Яны прадэманструюць свае дасягненні ў самых розных сферах. Гэтым разам гасцей мемарыяльнага комплексу будуць здзіўляць Смалявіцкі, Чэрвеньскі, Капыльскі, Мядзельскі, Мінскі і Бярэзінскі раёны.
Яны прадставяць увазе наведвальнікаў экспазіцыі цэнтраў культуры, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, музеяў. Гасцям таксама прапануюць прайсці квэсты і наведаць майстар-класы, пабываць на канцэртах аматарскіх калектываў, зазірнуць на выставы рамеснікаў. Выставы прадоўжацца ўвесь жнівень і будуць праходзіць праз выхадныя пры спрыяльных умовах надвор’я з 11.00 да 16.00.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з тэлеграм-канала «Минская область | О главном»
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.