Спрыяльнае надвор’е апошніх дзён дало магчымасць хлебаробам зноў выйсці на добрыя тэмпы ў вырашэнні важнейшых зараз сельгасзадач. На Гомельшчыне аграрыям у гэтую гарачую пару дапамагаюць вайскоўцы. Байцы аднаго са зводных узводаў Узброеных сіл працуюць у гаспадарках Рэчыцкага раёна. Карэспандэнты «Звязды» на свае вочы пабачылі, як яны ўключыліся ў працу і нясуць службу на карысць харчовай бяспекі краіны.
Зводны ўзвод вайскоўцаў, які аказвае дапамогу ў сельгасработах аграрыям Рэчыцкага раёна, размясціўся непасрэдна ў райцэнтры. Раніцай з горада байцы выязджаюць у гаспадаркі, за якімі замацаваны. Заступаюць на службу з васьмі гадзін. У іх ужо адладжаны працэс выхаду на змену: на мехдварах агляд-падрыхтоўка машын і трактароў, запраўка. Перад выездам на працу ў поле для байцоў — невялікая «планёрка»: кіраўнікі сельгаспрадпрыемства ставяць задачы на дзень. Цяпер у гаспадарках вайскоўцы задзейнічаны на ўборцы з палёў саломы, выконваюць транспарціроўку збожжа на зернесушыльных комплексах і дапамагаюць у працэсе сушкі зерня перад яго адпраўкай у сховішча.
У полі КСУП «Дзяржынскі-Агра» Рэчыцкага раёна за штурвалам трактара — вайсковец Мацвей Саракач. Хлопец сам родам са Смалявіч. Служыць па кантракце ў 127-й гвардзейскай брыгадзе сувязі.
— Служу толькі чацвёрты месяц. Па грамадзянскай спецыяльнасці я трактарыст. Да прызыву ў войска адвучыўся на кіроўцу-слесара. Праходзіў адпрацоўку ў сельгаспрадпрыпрыемстве ў сваім родным раёне. Працаваў слесарам па рамонце аўтамабіляў і сельгастэхнікі, — распавёў Мацвей.
У КСУП «Дзяржынскі-Агра» вайсковец цяпер задзейнічаны на перавозцы саломы.
— Пагрузчык запаўняе прычэп, і мая задача перавезці ўжо салому на месца захоўвання. За дзень прыкладна 100 цюкоў перавожу. Падабаецца, што працуеш у цішыні, і спакой на прыродзе, — дадаў малады чалавек.
Уборка саломы з палёў, якую выконваюць зараз байцы, — вельмі важны этап ва ўборачна-пасяўной кампаніі. Цяпер, пасля жніва, якраз час сяўбы азімых культур. Пакуль з палёў не вывезлі салому, немагчыма падрыхтаваць неабходныя плошчы для сяўбы.
— Без дапамогі вайскоўцаў нам было б нашмат складаней справіцца з гэтым этапам сельгасработ у тэрмін, — пацвярджае дырэктар КСУП «Дземяхоўскае» Рэчыцкага раёна Іван Анісавец. У яго гаспадарцы таксама на службу заступілі вайскоўцы. — Байцы — гэта і дадатковыя працоўныя рукі, а таксама і добрая магутная тэхніка.
Як распавёў дырэктар КСУП «Дземяхоўскае», у гаспадарцы збожжавыя, зернебабовыя — каля дзвюх тысяч гектараў — ужо поўнасцю ўбралі з палёў. Цяпер галоўны клопат — дапрацаваць збожжа, апрацаваць насенне і падрыхтавацца да ўборкі кукурузы на зерне і сілас.
— Паралельна пачалі сяўбу азімага рапсу. Закладваем будучы ўраджай. Ваеннаслужачыя нам вельмі дапамаглі. Такая аперацыя, як звоз саломы з-за недахопу тэхнікі і людзей у нас практычна поўнасцю прастойвала. Дзякуючы дапамозе байцоў пад пасеў рапсу мы поўнасцю вызвалілі палі ад саломы. Плюс у нас два салдаты задзейнічаны на сушыльным комплексе ў якасці аператараў на дасушцы збожжа. Мы іх навучылі, працуюць яны ў звязцы з нашым мясцовым дасведчаным работнікам. Плюс дзве адзінкі ваеннай тэхнікі на адвозцы збожжа ад камбайнаў — таксама вельмі вялікая падтрымка. Мы павялічылі тэмпы ўборкі дзякуючы гэтаму намнога, — адзначыў Іван Анісавец.
«Прынялі іх як самых родных»: так пра гэтыя дні агульнай работы з байцамі расказваюць працаўнікі гаспадарак Рэчыцкага раёна. Для многіх у працоўным вопыце гэта першая такая практыка і каласальная дапамога ў рабоце.
На зернетаку аддзялення Мілаград КСУП «Дземяхоўскае» на транспарціроўцы збожжа працуе кіроўца батальёна матэрыяльнага забеспячэння 19-й гвардзейскай брыгады Аляксандр Папко. Ён прыехаў на Гомельшчыну з Віцебшчыны. Больш за 30 гадоў Аляксандр Аляксеевіч працуе кіроўцам у арміі. Спачатку ў пошукавым батальёне, а вось апошнія 20 гадоў — за рулём МАЗа ў батальёне матэрыяльнага забеспячэння.
— За час службы не раз даводзілася адпраўляцца ў камандзіроўкі на дапамогу працаўнікам гаспадарак у сваім рэгіёне, але на Гомельшчыне — упершыню. Трэба ж дапамагаць, вядома, каб з хлебам людзі былі, — перакананы Аляксандр Папко.
На дасушцы збожжа ў гэтым аддзяленні задзейнічаны Канстанцін Будзько. Хлопец з Баранавіч. Праходзіць службу па кантракце ў 85 брыгадзе сувязі.
— Адслужыў ужо больш за паўтара года і яшчэ па кантракце крыху менш за паўгода засталося служыць. Па грамадзянскай спецыяльнасці я тэхнік-механік. Да войска дзевяць месяцаў працаваў у гаспадарцы майстрам-наладчыкам, — распавёў вайсковец. — Тут на зернетаку наша задача — дапамога ў загрузцы збожжа, якое ідзе на сушыльны комплекс.
Працуе ў звязцы з байцом з Баранавіч і Уладзіслаў Гурын. Малады чалавек праходзіць службу па кантракце ў 740 зенітна-ракетным палку.
— У гаспадарцы працаваць даводзілася ў сваім родным раёне. Пасля школы атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста, быў на вытворчай практыцы і адпрацоўцы ў сельгасарганізацыі. Так што да фізічнай працы прывычны, — распавёў хлопец.
Усе байцы, з якімі сустрэліся, падзяліліся, што іх вельмі добра прынялі ў калектывах. Вайскоўцы знаходзяцца на поўным забеспячэнні: снедаюць у раённым цэнтры, гарачыя абед і вячэру ім прывозяць непасрэдна на месца працы.
— Умовы пражывання добрыя. У рабоце дні ляцяць як імгненне, — распавёў салдат тэрміновай службы 30 чыгуначнай брыгады Дзмітрый Кетрыс.
Хлопец у войску дзевяць месяцаў. Размеркаваны ён у філіял «Советская Белоруссия» ААТ «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў».
— Сам родам з Ашмян. Па спецыяльнасці — майстар вытворчага навучання. Падчас вучобы ў каледжы і цяпер у арміі атрымаў катэгорыі кіравання на трактары. Пакуль задзейнічаны на адвозцы саломы на трактары, але змагу працаваць і на ўспашцы, бо ўжо будзем у гаспадарцы рыхтаваць поле пад ворыва, — распавёў баец.
У цэлым у зводным узводзе вайскоўцаў, якія працуюць у гаспадарках Рэчыцкага раёна, — 26 чалавек. Гэта ваеннаслужачыя, якія прадстаўляюць розныя роды войскаў, вайсковыя часці з Мінска, Наваполацка, Слуцка, Гродна, Барысава, Старых Дарог і іншых гарадоў краіны.
— Сфарміравалі 5 экіпажаў, якія выязджаюць на дапамогу ў гаспадаркі, размешчаныя на тэрыторыі раёна. У рабоце задзейнічаны 10 нашых грузавых машын, — адзначыў старшы на ўборцы ўраджаю ў Рэчыцкім раёне, гвардыі старшы лейтэнант 6 асобнай механізаванай брыгады Віталь Максіменка.
— У раён на дапамогу аграрыям прыехалі байцы, якія праходзяць службу па кантракце, тэрміновую службу, і грамадзянскія асобы. Гэта кіроўцы «Уралаў», «КАМАЗаў», «МАЗаў», самазвалаў, якія праходзяць службу ў арміі, трактарысты-камбайнеры па грамадзянскіх спецыяльнасцях. Адбіралі вайскоўцаў, якія ўжо маюць вопыт працы ў гаспадарках. Працуем ужо другі тыдзень. Змены з васьмі раніцы да шасці-сямі вечара, — дадаў Віталь Максіменка.
Размеркаваны байцы на працу ў пяць гаспадарак Рэчыцкага раёна. Плануецца, што вайскоўцы працягнуць дапамагаць аграрыям раёна ў сельгасработах яшчэ на працягу верасня.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».