Нядаўна ўступіў у дзеянне Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які ўтрымлівае шмат змен для галіны і мадэрнізуе яе. Як ён зменіць будаўнічую сферу? Хто адказвае за якасць будаўніцтва? Як выбіраюць месца будучай будоўлі і якія абмежаванні пры гэтым існуюць? Ці можа дапамагчы штучны інтэлект у будаўніцтве і праектаванні? Якія новыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца пры капітальным рамонце? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.
Першы ў гісторыі будаўнічай галіны Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ўступіў у сілу 23 ліпеня. Ён абагульніў практычна ўсе асноўныя дакументы, якія рэгламентуюць парадак узвядзення аб’ектаў на ўсіх яго стадыях — ад задумкі да прыёмкі ў эксплуатацыю. Кодэкс стане асноўным дакументам для ўсіх прадстаўнікоў будаўнічай галіны.
— Спецыялісты камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва ў рабоце, вядома, кіруюцца нормамі дзеючага заканадаўства, абапіраючыся на іх пры разглядзе праектнай дакументацыі, якая паступае на ўзгадненне. На жаль, да гэтага часу нярэдкія выпадкі, калі паступае праектная дакументацыя, дзе ўказаны спасылкі на даўно неактуальныя нарматывы, якія зведалі шэраг змен. Найбольш значныя для Мінска аб’екты разглядаюцца на пасяджэнні кансультатыўнага савета пры камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва, дзе ўдзельнічаюць архітэктары з вялікім досведам, выказваюць свае меркаванне, пажаданні і рэкамендацыі, — адзначыў намеснік старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Бабкуноў.
Ён лічыць, што новы кодэкс, які змяшчае мноства змен, у тым ліку закранаючых мадэрнізацыю комплексу, спросціць работу.
— З моманту ўступлення ў сілу заканадаўчага акта не трэба атрымліваць у мясцовых выканаўчых органах улады дазвол на праектна-пошукавыя работы. З пункту гледжання заказчыкаў гэта адназначна станоўчы момант, які адаб’ецца на змяншэнні тэрмінаў атрымання дакументацыі, скароціць тэрміны праектавання, а ў выніку і пасадзейнічае змяншэнню тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў, — прывёў прыклад Дзмітрый Бабкуноў.
Ён дадаў, што спецыялісты будгаліны рэгулярна ўносяць змены ў горадабудаўнічую дакументацыю, каб сталіца развівалася, з’яўляліся новыя мікрараёны. Сёння сталічны камітэт праводзіць актыўную работу па пераглядзе і карэкціроўцы дзейных праектаў дэталёвай планіроўкі Мінска. Эксперты вызначаюць тэрыторыі, неактуальныя ў фармаце, у якім яны былі запраектаваны 10 і больш гадоў таму, каб вылучыць іх пад новыя забудовы.
— Мяжу Мінска адсоўваць ніхто не плануе. За МКАД пачынаецца Мінскі раён, які таксама актыўна забудоўваецца, гэтыя тэрыторыі развіваюцца і без нас. У сталіцы, зразумела, будаўніцтва працягнецца — і жылля, і аб’ектаў сацкультбыту, — дадаў Дзмітрый Бабкуноў.
Пры рэалізацыі маштабных праектаў падчас выбару месца будаўніцтва спецыялісты першапачаткова абапіраюцца на генеральны план. Першачарговы кантроль бяруць на сябе адміністрацыі раёнаў сталіцы, дзе разгорнуты будоўлі. Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва ўзгадняе размяшчэнне запланаванага аб’екта ў адпаведнасці з рэгламентам генеральнага плана, зацвярджае агульнае яго напаўненне, удакладняе, што ён будзе сабой уяўляць і як будзе выглядаць. Затым ужо ідзе ўзгадненне праектнай дакументацыі.
Да наступных этапаў рэалізацыі праекта падключаюцца іншыя службы, якія адсочваюць непасрэдна працэс будаўніцтва ад пачатку да фінальнай кропкі. Развіццё і забудова тэрыторыі ідуць да таго моманту, пакуль яна не набывае сфарміраваны, самадастатковы выгляд, каб у бліжэйшыя некалькі дзясяткаў гадоў не мець патрэбы ў пераглядзе прызначэння.
— Мы шмат аналізуем. Дапусцім, праект дэталёвай планіроўкі тэрыторыі побач з будынкам, які з’явіўся, яшчэ не рэалізаваны з-за нізкай запатрабаванасці. У гэтым выпадку мы думаем, як гэту тэрыторыю можна развіваць, ці ёсць попыт на яе. Напрыклад, першапачатковым планам меркавалася прамысловая зона. Але на яе попыту няма, а вось на грамадска-дзелавую забудову — наадварот. Пасля прыняцця рашэння пераглядаюцца планы, уносяцца змены ў дакументацыю, а затым тэрыторыя набывае іншую функцыю, — расказаў Дзмітрый Бабкуноў.
Дарэчы, генеральны план сталіцы ёсць у свабодным доступе. Ён зацвярджаецца ўказам Прэзідэнта. Азнаёміцца з ім пры жаданні можа любы ахвотны. У выпадку звароту заказчыка будаўніцтва па атрыманне дазвольнай дакументацыі супрацоўнікі камітэта прапісваюць у архітэктурна-планіровачным заданні ўсе рэгламенты і абмежаванні, якія могуць быць звязаны з праектаваннем. З такімі зыходнымі данымі заказчык звяртаецца да праекціроўшчыкаў.
Акрамя рэгламентаў генеральнага плана ўлічваюцца і іншыя нормы заканадаўства, і не толькі ў сферы будаўніцтва. Напрыклад, кодэкс аб культуры. Ёсць будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Акрамя іх ёсць ахоўныя зоны, зацверджаныя Міністэрствам культуры. Для ахоўных зон таксама прапісаны абмежаванні: што можна ўзводзіць, што нельга. Гэта сімбіёз нарматыўна-прававых актаў, на падставе якіх у далейшым працуе праекціроўшчык.
Сёння на стадыі ўзгаднення знаходзіцца канцэпцыя афармлення асяроддзя Мінска, якая прадугледжвае прымяненне асаблівых указальнікаў і стэндаў з інфармацыяй аб ключавых сталічных славутасцях і найбольш знакавых месцах. У першую чаргу новаўвядзенне накіравана, вядома, на гасцей горада — замежных турыстаў. Праект распрацоўваецца разам з іншымі профільнымі службамі.
А вось штучны інтэлект у праектаванні часам прапануе цікавыя ідэі.
— Я сутыкаўся ў працы са штучным інтэлектам. Сапраўды, ШІ прапануе нават вельмі цікавыя ідэі, скажам, па вонкавым афармленні будынкаў. Праекціроўшчыкам штучны інтэлект можа стаць добрай дапамогай як генератар нестандартных ідэй, — падзяліўся Дзмітрый Бабкуноў.
Разам з тым намеснік старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва перакананы, што чалавека ў прафесіі нестабільны ШІ замяніць не зможа. У практыцы эксперта мелі месца выпадкі, калі прапанаваныя штучным інтэлектам ідэі былі проста недарэчныя.
У Беларусі штогод уводзіцца не менш як чатыры мільёны квадратных метраў жылля, пры гэтым капітальнаму рамонту падлягае не менш як тры мільёны. На капітальным рамонце жыллёвага фонду спецыялізуецца «Інстытут «Белжылпраект». Перад сталічнымі спецыялістамі ставіцца задача кожны год уводзіць у эксплуатацыю пасля работ па капітальным рамонце як мінімум адзін мільён квадратных метраў жылля. Работы выконваюцца ў рамках праграм капітальнага рамонту на пяцігодку. Цяпер завяршаецца рэалізацыя мерапрыемстваў на 2021–2025 гады. Адначасова «Інстытут «Белжылпраект» пачынае распрацоўку праграмы капрамонту жылфонду Мінска на наступныя пяць гадоў — 2026–2030 гады.
— Задачы застаюцца ранейшымі: дынамічна ўводзіць жылфонд у эксплуатацыю, распрацоўваць дакументацыю, выконваць работы на аб’ектах у памеры не менш як тры працэнты ад агульнай плошчы жылфонду па кожным раёне сталіцы, — адзначыў дырэктар прадпрыемства «Інстытут «Белжылпраект» Дзяніс Жэйма.
У першую чаргу ў праграму ўключаюцца аб’екты з тэрмінам эксплуатацыі без капітальнага рамонту больш за 35–40 гадоў. Пасля дадатковага абследавання пералік дапаўняюць аб’екты жылфонду, якія маюць патрэбу ў неадкладным рамонце.
Між іншым, у рамках праграмы капітальнага рамонту жылфонду вядуцца работы і ў гістарычнай частцы Мінска, прыгажэюць фасады і дахі будынкаў, якія адносяцца да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Спецыялісты інстытута хоць і не займаюцца рэстаўрацыяй, але падтрымліваюць у тэхнічна спраўным стане будынкі, тэрмін эксплуатацыі якіх дасягае больш за 70, а ў асобных выпадках і больш за 100 гадоў.
— Поўны пералік работ па капітальным рамонце вызначаны ўрадам. Па выніках тэхнічнага абследавання, вывучэння стану будаўнічых канструкцый, інжынерных сістэм эксперты вызначаюць, якія віды работ неабходна правесці на кожным асобным аб’екце і якія з іх будуць фінансавацца за кошт бюджэтных сродкаў і адлічэнняў насельніцтва на капрамонт, — удакладніў Дзяніс Жэйма.
Пры капітальным рамонце, як і ва ўсёй будаўнічай галіне, пераважна прымяняюцца тыпавыя тэхнічныя рашэнні. Аднак гэта не значыць, што падчас работ выкарыстоўваюцца матэрыялы, аналагічныя тым, што і некалькі дзясяткаў гадоў таму пры будаўніцтве. Інавацыі ў сферы капітальнага рамонту — ва ўкараненні новых матэрыялаў і тэхналогій.
Так, некалькі гадоў таму ў Заводскім раёне Мінска прапанавалі ўкараніць нестандартнае рашэнне пры капрамонце, і варыянт адобрыла экспертыза. Жалезабетонныя казыркі замянілі на шкляныя, і цяпер яны сталі ўжо звыклым элементам шматкватэрнага жылфонду ў новых кварталах. Яшчэ адно сучаснае рашэнне — ужыванне кампазітных матэрыялаў для ўзмацнення некаторых будаўнічых канструкцый. У якасці эксперыменту прымяняюцца тэхналогіі ЛСТК — лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый.
Яшчэ адзін прыклад — амаль у межах Мінска пачалося будаўніцтва нетыповых аднакватэрных жылых дамоў. Сталёвы каркас будынкаў запаўняецца альбо лёгкім бетонам, альбо плітнымі ўцяпляльнікамі. Сярод задач праекта — скарачэнне тэрмінаў выканання будаўніча-мантажных работ пры ўзвядзенні жылля і зніжэнне кошту квадратнага метра.
Алена КРАВЕЦ
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».