Сёння ў Кітаі адзначаюць традыцыйнае свята Цысі (яно прыпадае на 7-е чысло 7-га месяца па месяцовым календары — Свята падвойнай сямёркі), якое ў апошнія гады называюць кітайскім днём закаханых, перадае «Сіньхуа».
З яго ўзнікненнем звязана вельмі прыгожая легенда аб нялёгкім лёсе двух закаханых — зямнога пастуха Нюлана і нябеснай ткачыхі Чжынюй. Нягледзячы на жаданне быць разам, яны былі падзелены, але атрымалі магчымасць сустракаца раз на год на нябёсах у 7-ы дзень 7-га месяцовага месяца. Паводле легенды, яны перапраўляюцца адзін да аднаго па мосце, які складаецца з хвастоў сарок. Калі ж гэтая ноч дажджлівая, то кроплі дажджу лічаць слёзамі закаханых, якія з-за аблокаў не могуць знайсці мост праз Млечны Шлях і сустрэцца.
У кітайскіх дзяўчат гэтай ноччу прынята варажыць. Яны бяруць тонкую іголку альбо травінку і кладуць у міску з вадой. Пасля чаго глядзяць на цень, які прадмет адкідае на дно. Калі ён выразны або ў форме кветкі, то дзяўчыну чакае наперадзе толькі добрае, калі ж цень расплывісты, то дзяўчына атрымлівае толькі насмешкі ад сябровак.Таксама бяруцца каляровыя ніткі і сем іголак, і калі дзяўчыне ўдаецца прасунуць ніткі ва ўсе іголкі, то яе чакае ў жыцці поспех.
Многія ў гэтую ноч звяртаюць свае позіркі да неба, назіраючы за зоркамі. Калі ўдавалася ўбачыць знічку, то чалавека чакаў поспех, калі ж камусьці ўдавалася ўбачыць знічку апоўначы, то лічылася, што ён бачыў як Пастух пераляцеў праз Млечны Шлях да сваёй каханай. Той, хто ўбачыў гэта, мог разлічваць на вельмі вялікі поспех і шанцаванне.
Зараз назвы Нюлан і Чжынюй у кітайскай астраноміі носяць зоркі Альтаір і Вега, размешчаныя на захад і ўсход ад Млечнага Шляху на адлегласці 16 светлавых гадоў. У ноч на 7-ы дзень 7-га месяцовага месяца на небе можна ўбачыць гэтыя дзве яркія зоркі адна насупраць адной па абодва бакі Млечнага Шляху.
Мікалай ЛІТВІНАЎ.
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.