Вы тут

Кантрольныя заняткі танкістаў прайшлі на Гожскім палігоне


Увесь мінулы тыдзень на Гожскім палігоне не змаўкалі грукат танкаў і кананада стрэлаў. Тут рэдка бывае ціха. У той дзень, там праходзіла планавая баявая вучоба ваеннаслужачых 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Танкісты адпрацоўвалі практыкаванне кантрольных стрэльбаў штатным артылерыйскім стрэлам з узбраення танка Т-72Б. За зладжанымі дзеяннямі танкістаў назіраў і аўтар гэтых радкоў.


З самай раніцы на палігоне ўжо ва ўсю кіпела работа па падрыхтоўцы танкаў да стральбы. На дырэктрысе разгорнуты тры напрамкі для стральбы па мішэнях, якія падымаюцца і рухаюцца. Тым часам на адным з навучальных месцаў экіпажы адточвалі навыкі загрузкі боепрыпасаў. Дзеянні вайскоўцаў павінны быць адпрацаваны да аўтаматызму. За лічаныя секунды яны павінны аператыўна перанесці ў танк тры баявыя снарады. Калі над вышкай танкавай дырэктрысы ўзвіўся чырвоны сцяг, гвардзейцы прыступілі да выканання практыкаванняў.

Нарэшце, цішыню Гожскага палігона парушыў магутны гул танкавых рухавікоў. Праз шчыльную смугу можна было бачыць, як танкі пачалі рух. І вось пачалася страляніна. Сілуэт танка на імгненне асвятляў агністы выбліск, а затым полымя змешвалася з дымам парахавых газаў і пылам, знікала, ператвараючыся ў лёгкую смугу, якая выносіцца ветрам. З раёна мішэннага поля неўзабаве даносіўся глухі гук разрыву. Ёсць паражэнне! Практычна ўсе экіпажы паспяхова адпрацавалі практыкаванне і трапілі ў мішэнь, якая абазначае танк умоўнага суперніка на адлегласці 1500-1600 метраў. Акрамя таго, танкістам трэба было трапіць у цэль з кулямёта — кулямётны разлік і ручны супрацьтанкавы гранатамёт на далёкасці 300-500 метраў, лёгкабраніраваны аўтамабіль — на адлегласці 700-900 метраў. Камандзіры выконвалі стральбу па ўстаноўцы ПТУР з зенітнага кулямёта на адлегласці 500-700 метраў.

Выканаўшы агнявыя задачы, танкі вяртаюцца на зыходную пазіцыю. Заезды паўтараюцца зноў і зноў. Перапынак робіцца толькі на абед, пасля чаго кантрольны занятак працягваецца.

Падчас стральбы вялікая адказнасць ляжыць і на камандзіры танка. Ён — злучнае звяно паміж членамі экіпажа. Ад лідарскіх здольнасцяў камандзіра залежыць поспех усяго калектыву. Яго галоўная задача — кіраваць экіпажам і карэкціраваць стральбу. Адным з самых вопытных на танкавай дырэктрысе аказаўся экіпаж танка гвардыі старшага лейтэнанта Арцём Рыся. Афіцэр з’яўляецца ўладальнікам бронзавага медаля ў складзе экіпажа ў індывідуальнай гонцы і сярэбраным прызёрам эстафеты ў конкурсе «Танкавы біятлон» АрМІ-2022. Цяпер афіцэр служыць на пасадзе камандзіра танкавай роты. Ён ахвотна дзеліцца вопытам з ваеннаслужачымі тэрміновай службы, робіць значны ўклад у падрыхтоўку экіпажаў і асабістым прыкладам паказвае выдатную работу гвардзейца-танкіста.

— І я, як камандзір і мая рота паказалі годныя вынікі, — распавёў гвардыі старшы лейтэнант Арцём Рысь. — Мы плённа папрацавалі, з кожным днём, з кожным крокам падыходзілі да галоўнага іспыту — штатнай стральбе. Экіпажы ў маім падраздзяленні зладжаныя, навучаныя, кожны ведае сваю задачу, свой манеўр. У гэты ж час, роўна два гады таму, прымаў удзел у Армейскіх міжнародных гульнях. Выступіў тады паспяхова: бронза ў індывідуальнай гонцы і срэбра ў эстафеце. Запамінальнае відовішча, больш за дваццаць краін, свайго роду Чэмпіянат свету па танкавым біятлоне. Такія спаборніцтвы — гэта выдатная загартоўка на ўсё жыццё. Мару зноў патрапіць на АрМІ і палепшыць гэты вынік.

А як дзейнічалі на танкавай дырэктрысе сяржанты і салдаты тэрміновай службы? Па-рознаму, але сваіх камандзіраў не падвялі. Напрыклад, пахвалы ўдастоіўся і гвардыі малодшы сяржант Мікіта Мальчук. Стральбу з зенітнага кулямёта НСВТ малады чалавек выканаў на «выдатна».

— Хвалявання не было, — бадзёра даклаў малодшы камандзір, ураджэнец горада Іванава. — На «штатцы» не ўпершыню. У час заезду ўважліва слухаў указанні камандзіра роты, засяродзіўся на правільным выкананні практыкаванні. У выніку адстраляўся на адзнаку «выдатна». Служба праходзіць хутка, лёгка і даволі цікава. Калі я ішоў у армію, сябры казалі, што мне нават не дадуць толкам пасядзець у танку. Але скажу вам так, што за час маёй службы я больш за дзесяць разоў браў удзел у розных стрэльбах і вучэннях на танку Т-72Б.

У той дзень, гродзенскія танкісты сапраўды папрацавалі на славу. Пасля паражэння цэляў умоўнага суперніка танкі адправіліся ў раён засяроджвання. Наперадзе бравых гвардзейцаў чакала чыстка ўзбраення і падрыхтоўка да выбыцця ў пункт пастаяннай дыслакацыі. Кантрольныя заняткі прайшлі паспяхова.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.