Вы тут

У Докшыцах прайшоў фестываль «Дзве ракі»


У Докшыцах, што на Віцебшчыне, прайшоў рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва «Дзве ракі». Традыцыйна ў рамках форуму месцічы і госці яго адсвяткавалі Дзень горада.


На гербе Докшыц намаляваныя дзве жоўтыя пасудзіны, з якіх ільюцца серабрыстыя бруі — сімвалы галоўных вадаёмаў. Тут, у райцэнтры, бяруць свой пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна і разыходзяцца ў розных напрамках. Адна нясе воды да Балтыйскага мора, другая — да Чорнага. Гэты факт натхніў жыхароў краю на арганізацыю фестывалю «Дзве ракі», які сёння займае ганаровае месца сярод іншых брэндавых мерапрыемстваў паўночнага рэгіёна і краіны. Фестываль праводзіцца ў Докшыцах штогод з 2016 года ў другія выхадныя жніўня, збіраючы на сваёй гасціннай зямлі аматараў творчасці з розных абласцей і замежжа.

Каб павысіць прывабнасць рэгіёна, у кожным з 11 сельсаветаў раёна быў распрацаваны свой брэнд, які мясцовыя жыхары сумесна з органамі самакіравання прэзентуюць на фестывалі. Напрыклад, на падворку Бярозаўскага сельсавета можна паспрабаваць бярозавы махіта або кавалачак торта, аформленага ў выглядзе беластвольнага дрэва. Аграгарадок Порплішча з даўніх часоў асацыюецца з Яблычным Спасам. Таму гэты фрукт і абраны брэндам мястэчка, а на падворку — стравы з яблычнай начынкай.

«З кожным годам фестываль набірае папулярнасць, павышае турыстычную прывабнасць рэгіёна: збірае майстроў, спартсменаў, артыстаў і проста аматараў масавых гулянняў. Умацоўвае міжрэгіянальныя, сацыякультурныя сувязі, уключаючы гарады-пабрацімы», — расказала загадчык аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама Вольга Сушко.

Урачыстыя мерапрыемствы 9 жніўня пачаліся ў кінаканцэртнай зале «Іскра», дзе адбыўся кіналекторый, арганізаваны Беларускім саюзам кінематаграфістаў і расійскім клубам праваслаўных мецэнатаў. Увазе гледачоў быў прадстаўлены фільм «Чужая» рэжысёра Аляксея Луканева. Сёлета акрамя традыцыйнага тэатралізаванага шэсця «Дзве ракі збіраюць сяброў», у рамках Дня горада прайшло шэсце працоўных калектываў «30 гадоў пад знакам якасці». У райцэнтры, дарэчы, быў аб’яўлены конкурс на найлепшы лагатып Года якасці, макеты якога змаглі ўбачыць і ацаніць усе ахвотныя.

Свае падарункі Докшыцам падрыхтавалі арганізацыі горада. Так, філіял «Докшыцкі водаканал» прэзентаваў арку «Асвяжыся», якую ўстанавілі на гандлёвай плошчы. Такія аркі, дарэчы, карыстаюцца вялікім попытам летам у жыхароў і гасцей Віцебска, а цяпер і жыхары Докшыц змогуць пастаяць пад штучным дожджыкам у спёку. «Белтэлекам» падарыў гораду варкаўт-пляцоўку «ЯСНА»: спартыўныя трэнажоры з’явіліся на гарадскім стадыёне і былі адразу апрабаваны падрастаючым пакаленнем.

«Дзень горада традыцыйна з’яўляецца адной з самых любімых гараджанамі і гасцямі падзей, якую чакаюць і да якой грунтоўна рыхтуюцца. Гэта не проста свята, а знакавая дата для ўсіх, у лёсе, душы і свядомасці каго Докшыцы пакінулі глыбокі след. Азіраючыся на яшчэ адзін пражыты год, мы бачым, як наш горад змяняецца ў найлепшы бок. Сёння гэта прыгожы, маляўнічы, з развітой інфраструктурай і эканамічным патэнцыялам раённы цэнтр, якім усе мы, жыхары раёна, па праве ганарымся», — падкрэсліў старшыня Докшыцкага райвыканкама Сяргей Абірала.

Прывітальны адрас з нагоды правядзення ІX фестывалю і святкавання Дня горада жыхарам і гасцям раёна даслаў кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін. Ён падкрэсліў, што Докшыцкі край славіцца багатымі традыцыямі і самабытнай культурай: «Гэта адзіны раён Беларусі, на тэрыторыі якога бяруць пачатак дзве буйныя ракі Бярэзіна і Вілія, якія нясуць свае воды ў Чорнае і Балтыйскае моры. Фестываль дзвюх рэк сімвалізуе адзінства вытокаў славянскага сяброўства, спрыяе развіццю турыстычнай прывабнасці рэгіёна, творчых калектываў. Упэўнены, фестываль дорыць людзям радасць, натхненне, вучыць клапаціцца аб роднай зямлі. Карыстаючыся выпадкам, жадаю жыхарам райцэнтра здароўя, дабрабыту, а гасцям форуму — творчых поспехаў і добрага настрою».

Упершыню на фестывалі адбыўся адкрыты конкурс батлеечных калектываў «Батлейка», у якім узялі ўдзел восем канкурсантаў. Традыцыйна сабраў найлепшыя творчыя сем’і раёна «Кірмаш сямейных талентаў», а вакалісты з розных куткоў Віцебшчыны змагаліся ў конкурсе «Бярэзінскія напевы». Асабліва шчымлівым і трапяткім мерапрыемствам фестывалю штогод з’яўляецца абрад «Лебядзіная вернасць», падчас якога ўшаноўваюць маладыя пары, якія нядаўна ўступілі ў шлюб.

У кінаканцэртнай зале адбыўся маладзёжны форум, які сабраў актывістаў з Глыбокага, Лёзна, Ушачаў. У рамках фестывалю прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы «Кубка дзвюх рэк» па гіравым спорце, на якіх прысутнічалі ганаровыя госці: чэмпіёны Вячаслаў Харанека, Сяргей Мацкевіч, Вадзім Коркін, Павел Санько.

Віншаванні і самыя цёплыя словы Докшыцам ляцелі з розных куткоў Беларусі і краін-сябровак. Намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Нурлан Сейцімаў, які прадстаўляў на фестывалі «Дзве ракі» Рэспубліку Казахстан, таксама звярнуўся да ўдзельнікаў свята з галоўнай сцэнічнай пляцоўкі горада: «Дазвольце ад імя выканаўчага камітэта СНД павіншаваць усіх са святам горада Докшыцы і традыцыйным дзявятым фестывалем. Гэта выдатны творчы форум, прысвечаны сімвалам горада — рэкам Бярэзіне і Віліі, штогод збірае сяброў з розных краін, з’яўляецца сапраўдным прыкладам народнай дыпламатыі. Несумненна, фестываль стаў візітнай карткай Докшыцкай зямлі з яе працавітымі, шчырымі жыхарамі. З упэўненасцю магу сказаць, што высакародная місія форуму, яго аб’яднальны пачатак сугучныя каштоўнасцям, значным для ўсіх народаў СНД, якія звязвае агульная гісторыя, агульныя духоўныя традыцыі».

Увечары другога фестывальнага дня гасцей і ўдзельнікаў сабраў святочны канцэрт, музычныя падарункі Докшыччыне дасылалі найлепшыя мастацкія калектывы паўночнага рэгіёна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота газеты «Родныя вытокі»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.