У нашай краіне шмат робіцца для захавання гістарычнай памяці. І вялікую ролю ў гэтай пачэснай місіі адыгрываюць архівы. Як гэтыя ўстановы жывуць сёння, пагаварылі ў прэс-цэнтры Дома прэсы на прэс-канферэнцыі «Памяць у дакументах. Гісторыя і развіццё сістэмы архіўнай справы і справаводства ў Рэспубліцы Беларусь».
— Роля дзяржаўных архіваў у сучасным беларускім грамадстве шматпланавая і шматаспектная, — зазначыў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Воінаў. — За трыццаць гадоў інстытута прэзідэнцтва архіўная галіна Рэспублікі Беларусь зрабіла значны крок у сваім развіцці, што дазволіла стварыць сучасныя ўстановы і сфарміраваць іх як гісторыка-асветніцкія цэнтры. Перад архівамі на сучасным этапе стаяць тры асноўныя задачы: першая — камплектаванне, другая — забяспечыць захаванасць дакументаў і трэцяя — арганізаваць правільнае выкарыстанне гэтых дакументаў.
Гэтыя задачы выконваюць дзесяць рэспубліканскіх, дваццаць пяць абласных і занальных і 122 тэрытарыяльных архіваў, у якіх працуюць больш за 1360 спецыялістаў. І выконваюць добра: Алег Леанідавіч з гонарам паведаміў, што па экспертнай ацэнцы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ход выканання падпраграмы «Архівы Беларусі» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» за 2021–2023 гады прызнаны высокаэфектыўным.
Кожны год фонды беларускіх архіваў папаўняюцца больш чым 100 тысячамі архіўных спраў і дакументаў. На сёння аб’ём нацыянальнага архіўнага фонду складае больш як 13 мільёнаў 840 тысяч адзінак захавання. З падтрымкай дзяржавы ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, рэканструююцца будынкі — у гэтым годзе спецыяльна падрыхтаваныя для архіваў будынкі адкрыліся ў Гомелі і Віцебску, што дазволіць у дзвюх абласцях прыняць на захаванне дадаткова адзін мільён дакументаў. Працягваюцца рэканструкцыі будынкаў архіваў у Магілёве і Гродна, прынята рашэнне пра будаўніцтва Дзяржаўнага архіва ў Мінску. Робяцца камфортнымі чытальныя залы, у іх з’яўляецца сучаснае абсталяванне — у мінулым годзе нават упершыню прайшоў конкурс сярод архіваў на найлепшую чытальную залу. А набыццё 25 самых сучасных сканераў дазволіла павялічыць алічбоўку дакументаў. Калі ў 2021 годзе алічбавалі крыху больш за адзін мільён старонак, дык сёлета плануецца давесці да двух мільёнаў. Усё больш дакументаў рэстаўрыруецца — гэтая лічба па краіне дасягнула звыш 600 аркушаў.
Дакумент — надзейны фундамент гістарычнай памяці, інструмент супрацьдзеяння спробам фальсіфікацыі айчыннай гісторыі. Штогод архівы праводзяць звыш 350 выстаў — і звычайных, і віртуальных, асноўная тэматыка якіх датычыцца падзей Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа. Архівы займаюцца і выдавецкай дзейнасцю, рыхтуюць відэаматэрыялы. Працягваецца акцыя «Архівы — школе», за некалькі гадоў праведзена больш чым дзве з паловай тысячы мерапрыемстваў.
Дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Андрэй Рыбакоў акрэсліў этапы гісторыі беларускіх архіваў. Самыя раннія дакументы, якія дайшлі да нашага часу і былі створаныя на тэрыторыі Беларусі, адносяцца да XІІІ стагоддзя. Большасць навукоўцаў лічыць, што гісторыя беларускіх архіваў пачынаецца з канца XІV стагоддзя, гэта часы Вялікага Княства Літоўскага. З сярэдзіны XVІ стагоддзя там паводле закона ствараліся архівы пры земскіх судах і іншых установах. У 1850 годзе, у часы Расійскай імперыі, былі заснаваныя Віцебскі і Віленскі архівы старажытных актавых кніг — прататыпы сучасных архіваў. А 12 верасня 1922 года беларускім урадам была прынята пастанова аб стварэнні Цэнтральнага архіва Беларусі. Новы этап наступіў пасля таго, як Рэспубліка Беларусь стала незалежнай краінай. У 1994-м усе архівы ўзяла пад сваю апеку Адміністрацыя Прэзідэнта, у тым жа годзе Прэзідэнт падпісаў першы ў гісторыі Беларусі Закон аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах.
Сёлета беларускія архівісты ў праекце «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы» падрыхтавалі фундаментальнае выданне «Аперацыя «Баграціён. Партызаны беларускай зямлі». Важную ролю ў гэтым і іншых значных выдавецкіх праектах мае Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Намеснік дырэктара архіва Святаслаў Кулінок распавёў, што за апошнія дваццаць пяць гадоў імі выдадзена больш за 120 розных выданняў — ад зборнікаў дакументаў і манаграфій да даведнікаў. Галоўнай тэмай выданняў з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Гэта тлумачыцца і запытамі грамадства, якое чакае аб’ектыўных фактаў, і тым, што ў архіве захоўваецца ўнікальны комплекс дакументаў на гэтую тэму.
— Па-сапраўднаму дакумент набывае жыццё, калі публікуецца, уводзіцца ў навуковы абарот. Таму штогод наш архіў выдае ад пяці да дзесяці зборнікаў дакументаў. Сярод знакавых выданняў — серыя зборнікаў пра спаленыя вёскі Беларусі, выйшла ўжо 13 кніг. Гэта добрая дапамога для Генеральнай пракуратуры, якая расследуе крымінальную справу пра генацыд беларускага народа. Другі праект — «Без тэрміну даўнінасці», які мы падхапілі ў нашых расійскіх калег. У ім выдадзена шэсць зборнікаў дакументаў пра злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Кожная з шасці кніг прысвечана адной з абласцей Беларусі, рыхтуецца і сёмая, агульная па ўсёй краіне.
Плануецца таксама выдаць асобную кнігу пра карную аперацыю «Зімовае чараўніцтва». Дарэчы, Нацыянальны архіў на сёння — адзіная ўстанова, якая вывучае карныя аперацыі нацыстаў, выдадзены ўжо чатыры зборнікі пра тыя жудасныя падзеі. На наступны год, да 80-годдзя Перамогі, супрацоўнікі архіва рыхтуюць сумесны праект з расійскімі калегамі «Нацысцкія карныя аперацыі на беларуска-расійскім паграніччы», дзе будзе паказана дзесяць малавядомых карных аперацый. Ёсць у Нацыянальнага архіва і цікавы досвед папулярных выданняў — разам з БелТА яны здзейснілі выданне «Архівы. Нічога, акрамя праўды». Пачыналася з таго, што на сайце БелТА размяшчаліся дакументы пра малавядомыя старонкі часоў фашысцкай акупацыі, потым гэтыя матэрыялы былі выдадзеныя кнігай, адрасаванай шырокай публіцы. Сёння рыхтуюцца дзве падобныя кнігі з серыі «Партызанскі архіў», прысвечаныя выяўленчаму мастацтву партызан, — там будуць малюнкі, якія адлюстроўваюць не толькі баявыя дзеянні, але і побыт, гумарыстычныя моманты.
Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў за некалькі гадоў у рамках праекта «Біяграфія маёй краіны» стварыў больш як 240 відэасюжэтаў. Створаныя там і дзевяць дакументальных фільмаў, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А 3 мая па ўсёй краіне адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Вызваленне», таксама створанага архівістамі. Дырэктар архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Ганчар распавёў, што за 80-гадовую гісторыю існавання архіва ў ім сабрана каля 300 тысяч фотадакументаў, больш за 60 тысяч кінадакументаў, 26 тысяч фоназапісаў і больш за 8 тысяч відэадакументаў. Кожны год прымаецца на захаванне 10 тысяч новых адзінак. Асаблівасць таго, што архіў захоўвае, вымагае адмысловага абсталявання, бо тыя дакументы трэба і праглядаць, і праслухоўваць, і алічбоўваць, прычым абсталяванне патрэбна і самае сучаснае, і, можна сказаць, антыкварнае. А на чым яшчэ паглядзець старую кінаплёнку ці праслухаць грампласцінку?
— Самае складанае — алічбоўванне кінадакументаў. І сёння мы можам алічбоўваць іх у самай добрай якасці, іх можна паказваць на любых экранах, — агучыў Андрэй Ганчар. — Таму і з’явілася магчымасць новых унікальных праектаў. Гэта і праекты па стварэнні сацыяльнай рэкламы — мы ўжо зрабілі 15 ролікаў на аснове гістарычнай хронікі, і дакументальныя фільмы. Першы цыкл тых фільмаў быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З Белтэлерадыёкампаніяй рэалізуем праект «У адкрытым доступе» — штотыдзень паказваем гістарычную хроніку ў адпаведнасці з тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца ў краіне і свеце.
У Нацыянальным гістарычным архіве захоўваюцца дакументы пачынаючы з 1391 года і да 1917-га. Дырэктар архіва Міхаіл Глушакоў адзначыў, што тыя дакументы дапамагаюць прасачыць станаўленне беларускай дзяржаўнасці і фарміраванне беларускай нацыі. На захаванні знаходзяцца 3148 фондаў, усяго больш чым мільён адзінак захавання. Унікальнымі прызнаныя 12 дакументаў, яны асабліва каштоўныя і не маюць падобных. Вялікую ўвагу ў архіве надаюць алічбоўцы дакументаў — сёння гэта каля 250 тысяч старонак у год. Алічбоўка дазваляе бясшкодна карыстацца паперамі, якім не адна сотня гадоў.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва адзіны з архіваў мае статус музея. Дырэктар установы Алена Макаранка нагадала, што такі статус быў нададзены ў сакавіку 1976 года. А ў наступным годзе архіў-музей адсвяткуе 65 гадоў з дня заснавання. У архіве-музеі захоўваюцца дакументы ўстаноў культуры, ад Белдзяржцырка да філармоніі, а таксама фонды асабістага паходжання, якія ў архіве складаюць 85 працэнтаў усіх фондаў.
— Мы адрозніваемся ад іншых архіваў і тым, што захоўваем не толькі дакументы, але і музейныя прадметы, — распавяла Алена Макаранка. — Іх звыш 720, ад дырыжорскай палачкі да фартэпіяна вядомага музыканта Віктара Скарабагатава і сталовых прыбораў сям’і Багдановічаў. Мы знаходзімся ў гістарычным будынку XVІІ стагоддзя, выставачных плошчаў там мала. Таму выкарыстоўваем музейныя прадметы падчас розных праектаў.
Алена Макаранка паведаміла, што большую частку фондаў складаюць дакументы літаратараў. У архіве вялікія фонды Цішкі Гартнага, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі. Захоўваюцца ў архіве-музеі таксама дакументы вядомых беларускіх артыстаў, спевакоў, музыкантаў, мастакоў. Там заўсёды можна адкрыць нешта новае. Напрыклад, у фондзе легендарнай спявачкі Ларысы Александроўскай, які складае 800 адзінак, калі апрацоўвалі дакументы яе пляменніцы, знайшлі перапіску спявачкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Шмат паступае дакументаў, што датычацца выяўленчага мастацтва. Нядаўна, напрыклад, перадала шэраг дакументаў удава народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.
— Зразумела, мы не можам дазволіць сабе ўзяць карціны, але эскізы, накіды, эцюды мы можам захаваць. Гэта вельмі важна. Вось мы разам з Нацыянальным мастацкім музеем рыхтавалі выставу да юбілею Івана Ахрэмчыка. Яго карцін даваеннага перыяду не захавалася ніводнай. І менавіта ў нас аказаліся фотаздымкі гэтых карцін, якія нам перадала яго дачка яшчэ ў 1970-я гады.
Ёсць у архіве-музеі і дакументы, што датычацца гісторыі беларускага кінематографа. Напрыклад, вялікія фонды рэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна і Віктара Турава. Нядаўна паступіў фонд рэжысёра Віталя Чацверыкова. Перадала біяграфічныя дакументы дачка франтавога кінааператара Юліяна Доўнара. У юбілейны для Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» год шмат мерапрыемстваў было арганізавана з прыцягненнем дакументаў па гісторыі студыі з архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Яшчэ Алена Макаранка згадала, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы для архіва быў закуплены дарагі планетарны сканер, цяпер колькасць алічбавання дакументаў павялічыцца не менш чым у два разы. Яшчэ падзея — пасля рамонту адчынілася чытальная зала, якая стала больш камфартабельная.
У адным будынку з БДАМЛіМ знаходзіцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, які быў створаны ў 1968 годзе. У дакументах яго фондаў зафіксаваныя ўсе навукова-тэхнічныя дасягненні Беларусі. Дырэктар архіва Андрэй Куракоў паведаміў, што захоўваецца ў архіве звыш 220 тысяч спраў. Сярод іх самыя запатрабаваныя — старыя планы Мінска канца ХІХ — пачатку ХХ ст., першы пасляваенны генеральны план аднаўлення сталіцы, праекты забудоў беларускіх гарадоў. Вядома, вялікая ўвага да дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Часта звяртаюцца да фондаў вядомых беларускіх архітэктараў Георгія Заборскага, Уладзіміра Караля, Міхаіла Бакланава, Віктара Волчака і іншых. 156 устаноў увесь час перадаюць у архіў дакументы на пастаяннае захоўванне, такія як МАЗ, «Атлант», МТЗ, «Амкадор» і іншыя. Сярод выстаў, падрыхтаваных архівам апошнім часам, — «Арыстакрат архітэктуры» да 110-годдзя архітэктара Міхаіла Бакланава, да 50-годдзя выпуску першага серыйнага беларускага матацыкла М1, выстава «Стрэльбай і алоўкам», прысвечаная архітэктарам-франтавікам, «Партызанскія малюнкі», прысвечаная ранняй творчасці архітэктара Яўгена Дзятлава.
Падводзячы вынікі прэс-канферэнцыі, Алег Воінаў запэўніў, што сённяшнія беларускія архівы працуюць на годным, самым сучасным узроўні і здольныя прыняць на захаванне ўсю неабходную колькасць дакументаў і захаваць іх.
Людміла ІВАНОВА
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».