Вы тут

Яўген Ціханцоў — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў


Цяжкая атлетыка. Яўген Ціханцоў, які выступае ў вагавой катэгорыі да 102 кг, заваяваў бронзавы медаль Алімпійскіх гульняў! Медаль яму прынёс сумарны вынік у 402 кілаграмы. Выступленні Ціханцоў пачаў з няўдалага падыходу ў рыўку на 176 кг, а затым справіўся са штангай вагой 178 і 183 кг. У штуршку беларус выканаў паспяховыя спробы на 214 і 219 кг, але вага ў 228 кг Ціханцову не пакарылася. Тым не менш набранай сумы Яўгену хапіла, каб абысці галоўнага канкурэнта з Арменіі Гарыка Карапецяна і стаць бронзавым прызёрам. Званне алімпійскага чэмпіёна заваяваў кітаец Лі Хуаньхуа (406 кг), «серабро» — у Акбара Джураева з Узбекістана (404 кг).


 

«Гэта наша агульная перамога. Каб дабіцца сённяшняга выніку і атрымаць медаль, мы з трэнерскім штабам прайшлі доўгі і цяжкі шлях. Але на гэтым спыняцца не збіраемся, а будзем рыхтавацца да наступнай Алімпіяды. І спадзяёмся, што зможам узяць вышэйшую ўзнагароду», — адзначыў Яўген у размове з журналістамі.

Сюзане Валадзько, якая выступае ў катэгорыі да 71 кг, пашанцавала менш. У фінале яна заняла чацвёртае месца, набраўшы ў суме 246 кг: 111 у рыўку і 135 у штуршку. Да бронзавага медаля беларусцы не хапіла дзесяці кілаграмаў. «На чэмпіянаце свету я радавалася шостаму месцу, а на Гульнях крыху засмучаная з-за чацвёртага. На трэніроўках я падымала і больш цяжкія вагі. 111 кг у рыўку — добра, гэта рэкорд Беларусі. Тут, у Парыжы, зрабіла ўсё нядрэнна, але да медаля яшчэ трэба працаваць», — прызнавалася спартсменка.

Веславанне на байдарках і каноэ. У фінале дыстанцыі 200 метраў у жаночых каноэ-адзіночак выступілі восем спартсменак, сярод іх і прадстаўніца Беларусі Юлія Трушкіна. Да фінішу беларуская спартсменка прыехала пятай з вынікам 44,83 секунды. Ад трэцяга месца, якое заняла кубінка Ярыслейдзіс Сірыла, Юлію аддзялілі паўсекунды. Уладальніцай «золата» з вынікам 44,12 секунды стала Кэці Вінцэнт з Канады, якая ўсяго на адну сотую секунды абышла чэмпіёнку Гульняў у Токіа амерыканку Нэвін Харысан.

У фінале мужчынскіх байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 1000 метраў беларус Уладзіслаў Кравец фінішаваў чацвёртым з вынікам 3 хвіліны 28,10 секунды. Ад бронзавай пазіцыі Уладзіслава аддзялілі дзве з паловай секунды. Алімпійскім чэмпіёнам у гэтым відзе стаў Ёзэф Дастаў з Чэхіі, «срэбра» і «бронзу» заваявалі венгры Адам Варга і Балінт Копас.

Барацьба. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе Абубакар Хаслаханаў (да 97) скончыў сваё выступленне на Алімпійскіх гульнях у чвэрцьфінале. На стадыі адной восьмай фіналу ён упэўнена перамог грузіна Роберта Кобліяшвілі (9:1), але ў чвэрцьфінале пацярпеў паражэнне ад Махамеда Алі Габра з Егіпта (1:4). Прэтэндаваць на медаль Абубакар мог толькі ў выпадку выхаду егіпцяніна ў фінал, але ў паўфінальным паядынку Габр прайграў іранцу Махамадхадзі Сараві. У турніры па вольнай барацьбе нашу краіну прадстаўляў толькі Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 74 кг). Выступленні на парыжскім дыване ён пачаў з паражэння ад Разамбека Жамалава з Узбекістана. Дзякуючы далейшаму выхаду ўзбека ў фінал наш спартсмен атрымаў шанц пазмагацца ў турніры за трэцяе месца. У першым крузе суцяшальнай сеткі Кадзімагамедаў перамог Таймураза Салказанава са Славакіі, але ў наступным раўндзе прайграў Чэрмену Валіеву з Албаніі (2:12), які атрымаў шанц змагацца за бронзавы медаль. Пазней галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па вольнай барацьбе Іван Янкоўскі расказаў, што на Алімпіядзе Магамедхабіб выступаў з траўмай калена. «Не хацеў адразу ў прэсу гэта выносіць, але ў першым перыядзе калена хруснула ў „завязцы“. Магчыма, гэта і адбілася, але Хабіб быў настроены дадаць у другім перыядзе. У калене нестабільнасць, хаця трэба яшчэ агледзець яго больш уважліва. Але, пакуль шанцы ёсць, не трэба, каб сапернікі ведалі пра гэта», — расказаў трэнер.

Тхэквандо. Адзіны прадстаўнік Беларусі Георгій Гурцыеў выступаў у катэгорыі да 58 кг. У першым крузе алімпійскага турніру ён у двух раўндах пацярпеў паражэнне ад Сірыяна Равета з Францыі (6:7, 3:5) і пакінуў асноўную сетку. Шанц на працяг барацьбы Георгій захоўваў толькі ў выпадку выхаду крыўдзіцеля ў фінал, але зрабіць гэтага француз не здолеў, ужо ў чвэрцьфінале саступіўшы карэйцу Паку Тхэ-джуну. Такім чынам, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету — 2023 з Беларусі застаўся без алімпійскай узнагароды.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.