Наша краіна стала старшынёй Савета міністраў унутраных спраў краін СНД. Асноўнай задачай Савета міністраў унутраных спраў краін СНД з’яўляецца забеспячэнне каардынацыі і ўзаемадзеяння ў барацьбе са злачыннасцю, ахове правапарадку і іншых сферах дзейнасці названых міністэрстваў. Падчас юбілейнага, 50-га, саміту кіраўнікоў МУС, які праходзіў на мінулым тыдні ў Мінску, гаварылі аб актуальным для ўсіх праваахоўнікаў на прасторы СНД.
Форум быў нацэлены на абмеркаванне ключавых пытанняў супрацоўніцтва праваахоўных органаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці і абмен перадавым практычным вопытам па канкрэтных кірунках. Пытанні, вынесеныя на парадак дня, уключалі ўдасканаленне міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з кіберзлачыннасцю, процідзеянне дэструктыўнаму ўздзеянню на грамадска-палітычную стабільнасць, барацьбу з незаконнай міграцыяй. Таксама бакі абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы супрацьдзеяння злачынствам, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Калі гаворка ідзе пра кіберзлачынствы, праваахоўнікі ў першую чаргу дзейнічаюць на прафілактыку. «Кіберзлачыннасць становіцца праблемай усіх краін СНД. На мінулым пасяджэнні мы ўжо казалі, што не збіраемся стаяць на месцы, бо не стаіць на месцы злачыннасць. Органы ўнутраных спраў усіх краін павінны заўсёды быць на крок наперадзе. Толькі так мы можам супрацьстаяць злачыннасці, — распавёў журналістам міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў. — У першую чаргу мы працуем на прафілактыку, даводзім інфармацыю па відах махлярстваў, як гэта адбываецца. І, вядома, стараемся абараніць і папярэдзіць катэгорыю грамадзян, на якую ў першую чаргу накіроўваюць свае погляды махляры, — адзінока пражываючых пажылых людзей».
Кіраўнік міліцэйскага ведамства звярнуў увагу на тое, што Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з зацікаўленымі — у першую чаргу, Нацыянальным банкам — распрацавала прававы акт, які дае магчымасць на дзесяць дзён блакіраваць падазроныя аперацыі. «Гэты акт ужо паспяхова працуе, і мы бачым эфект дадзенага рашэння. Нам удалося вярнуць вельмі шмат грашовых сродкаў людзям, у дачыненні да якіх планавалі здзейсніць злачынствы», — канстатаваў ён.
Іван Кубракоў распавёў аб метадах барацьбы з такім відам махлярстваў, як «Алё, мама», калі звоніць нібыта блізкі родзіч і расказвае, што стаў віноўнікам ДТЗ або што трапіў у яго сам. Цяпер створаны спецыяльныя падраздзяленні, якія сумесна з «Белтэлекамам» працуюць па пэўных кодавых словах. «Нашы супрацоўнікі выяўляюць такія схемы і не даюць ашуканцам здзейсніць злачынства. Гэта накіравана перш за ўсё на затрыманне кур’ераў», — дадаў кіраўнік МУС Беларусі.
Такім чынам, міліцыя працуе на апераджэнне: «Разам з калегамі мы выпрацавалі рашэнне, якое, упэўнены, дапаможа нам засцерагчы грамадзян як Беларусі, так і іншых краін СНД ад гэтага віду злачынстваў. Мы сумесна будзем працаваць, усе выдатна вучымся. Я перакананы, што пасяджэнне Савета міністраў унутраных спраў краін СНД пойдзе на карысць і дазволіць яшчэ мацней умацаваць бяспеку ў нашых краінах».
«Савет міністраў унутраных спраў краін Садружнасці ўжо зарэкамендаваў сябе аўтарытэтнай міжнароднай пляцоўкай. Усе тыя пытанні, якія абмяркоўваюцца на пасяджэннях гэтага Савета, носяць прыкладны характар і накіраваны на павышэнне эфектыўнасці праваахоўнай работы нашых ведамстваў. Для правапарушальнікаў межы паміж краінамі ўмоўныя, мы вымушаныя з гэтым лічыцца, выпрацоўваем сумесныя меры для зніжэння ўзроўню злачыннасці», — распавёў журналістам міністр унутраных спраў Расіі генерал паліцыі Уладзімір Калакольцаў.
Кіраўнік МУС Расіі адзначыў, што для гэтага праводзяцца сумесныя аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы, якія даюць вынікі. «Магу прывесці такі прыклад: у першым паўгоддзі мы сумесна правялі аперацыю „Вышук“. На тэрыторыі краін Садружнасці былі затрыманыя 213 грамадзян, якія знаходзіліся ў вышуку. Гэта канкрэтна тыя, хто знаходзіўся на тэрыторыі Расіі. Мы выдатна разумеем: калі чалавек здзейсніў злачынства і знаходзіцца ў вышуку, ён працягвае сваю злачынную дзейнасць. Таму мы іх затрымалі і перадалі нашым калегам. Яны, у сваю чаргу, затрымалі 130 грамадзян, якіх шукаюць у Расіі», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні Савета міністраў унутраных спраў СНД абмяркоўваліся і іншыя надзённыя пытанні. У прыватнасці, барацьба з кіберзлачынствамі, экстрэмізмам, тэрарызмам, незаконнай некантралюемай міграцыяй: «Па ўсіх гэтых пытаннях прымаюцца рашэнні, і па заканчэнні некаторага часу мы бачым канкрэтныя вынікі».
Кіраўнік МУС Расіі дадаў, што на пасяджэнні ў тым ліку абмяркоўвалася пытанне аб функцыянаванні міждзяржаўнага банка даных, які сумесна напаўняецца звесткамі аб судзімых грамадзянах. «Калі грамадзянін прыязджае да нас, каб займацца працоўнай дзейнасцю або па іншых пытаннях, мы ўжо загадзя на мяжы бачым, што ён, напрыклад, быў раней судзімы за незаконны абарот наркотыкаў. Для якіх мэт ён да нас прыбывае? Навошта мы яго будзем прапускаць у краіну, калі раней ён быў судзімы за цяжкія тэрарыстычныя злачынствы? А калі мы яго прапускаем, то ўстанаўліваем за ім кантроль, працягваем назіранне за ім, каб перасцерагчы здзяйсненне іншых злачынстваў», — падсумаваў Уладзімір Калакольцаў.
Важная задача праваахоўнікаў краін СНД — выпрацаваць меры і рашэнні, якія дазволяць спрацаваць на прафілактыку тэрарызму, не дапусціць здзяйснення падобных злачынстваў і гібелі людзей. «Гэта пасяджэнне Савета міністраў унутраных спраў краін СНД стала юбілейным. Да гэтага мы сустракаліся з Прэзідэнтам нашай краіны, дзе таксама былі пастаўленыя задачы. Звяртаючыся да ўсіх, Прэзідэнт сказаў: самае галоўнае — нам усім быць разам. І наша пляцоўка — Савет міністраў унутраных спраў краін СНД — даказала, што, калі мы разам, вырашаюцца абсалютна ўсе пытанні», — сказаў Іван Кубракоў.
На думку кіраўніка міліцэйскага ведамства, Савет міністраў унутраных спраў краін СНД — гэта аўтарытэтная пляцоўка, на якой разглядаюцца самыя актуальныя пытанні. Пытанні барацьбы са злачыннасцю, вышуку зламыснікаў вырашаюцца аператыўна. Акрамя таго, на пасяджэннях Савета міністры ўнутраных спраў могуць пагутарыць і правесці двухбаковыя сустрэчы: «Мы таксама паспелі паказаць нашым калегам славутасці Беларусі. Усе ацанілі прыгажосць нашай краіны».
На гэтым пасяджэнні Савета былі разгледжаны 13 актуальных пытанняў. Сярод іх — пытанні процідзеяння кіберзлачынствам, абароту наркотыкаў, экстрэмізму, тэрарызму і іншыя. Кіраўнікі МУС абмяняліся актуальнай інфармацыяй па ўсіх пытаннях, якія разглядаліся. «Калі казаць пра вынікі, то рашэнні, якія мы прынялі, патрабуюць неадкладнага ўзаемадзеяння і прыняцця дадатковых мер. Гэта тое, што турбуе нашы краіны, тое, без чаго мы не можам, — падкрэсліў міністр унутраных спраў. — Самая, напэўна, актуальная праблема — гэта кіберзлачынствы. Таксама абмяркоўваліся пытанні і выпрацоўваліся рашэнні аб супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму».
На жаль, у краінах СНД сёлета адбыліся вельмі сур’ёзныя тэрарыстычныя акты, пры якіх загінулі людзі. «Наша задача — выпрацаваць тыя меры і рашэнні, якія дазволяць спрацаваць на прафілактыку, не дапусціць здзяйснення злачынстваў і гібелі людзей. А для гэтага мы павінны, як сказаў мой калега, абменьвацца аператыўнай інфармацыяй, каб усе мелі магчымасць хутка спрацаваць. Мы павінны зрабіць так, каб на тэрыторыі краін СНД абсалютна ўсе адчувалі сябе ў бяспецы. Упэўнены, што пасяджэнне — гэта яшчэ некалькі крокаў па ўмацаванні бяспекі як у нашай краіне, так і ў СНД», — падагульніў Іван Кубракоў.
Юбілейнае пасяджэнне Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц СНД завяршылася прыняццем шэрагу рашэнняў і зацвярджэннем выніковых дакументаў па ўсіх пытаннях парадку дня. У прыватнасці, дасягнуты дамоўленасці аб умацаванні сумеснага процідзеяння незаконнай міграцыі, зроблены крокі па вызначэнні парадку фарміравання і выкарыстання міждзяржаўнага банка даных электронных лічбавых слядоў злачынстваў, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.
Таксама бакі адобрылі праект Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, прынялі заяву Савета міністраў унутраных спраў у сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У работу праваахоўных ведамстваў краін-партнёраў прынята інфармацыя і па іншых кірунках, якія абмяркоўваліся ўдзельнікамі.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.