Як паведамляюць у прэс-службе Беларусбанка, апошнім часам схемы махляроў зведалі некаторыя змены. Калі раней дастаткова было простага тэлефоннага званка, каб падмануць ахвяру, то цяпер зламыснікі ўзброіліся інфармацыйнымі тэхналогіямі, асвоілі функцыю трансляцыі экрана падчас відэазванка, якая летась з’явілася ў папулярных месенджарах.
Галоўны прынцып схемы ў тым, што на тым баку трубкі вам абавязкова прапануюць стэлефанавацца па месенджары, а ў працэсе размовы папросяць уключыць дэманстрацыю экрана.
Схема працуе наступным чынам. Ашуканцы ствараюць у месенджары акаўнт, які нібыта належыць банку, МУС ці іншай арганізацыі, з назвай, якая імітуе нумар і лагатып гэтых арганізацый. Першапачатковы званок можа ажыццяўляцца па мабільнай сувязі (як правіла, з выкарыстаннем ІP-тэлефаніі), але ў далейшым пад рознымі падставамі просяць перайсці на зносіны ў месенджары. Так, ашуканцы робяць званок з падробленага профілю, а потым просяць уключыць рэжым дэманстрацыі экрана.
Зламыснікі абгрунтоўваюць гэтую неабходнасць тым, што трэба правесці ідэнтыфікацыю па біяметрыі, праверыць тэлефон кліента, адсачыць падазроную актыўнасць на прыладзе або прыдумляюць якую-небудзь іншую нагоду.
Падчас дэманстрацыі экрана ашуканцы спрабуюць падгледзець як мага больш патрэбнай для іх інфармацыі: паролі 3D-Secure, коды доступу ў выдаленыя сістэмы банка, коды бяспекі, якія пацвярджаюць аперацыю. Яны могуць бачыць усё, што адбываецца на экране ўладальніка, якімі праграмамі ён карыстаецца. Напрыклад, накіраваць SMS-паведамленні з кодамі, убачыць іх і ўвесці на сайце банка, атрымаўшы доступ да асабістага кабінета, або папрасіць увесці нумар банкаўскай плацежнай карткі, каб нібыта застрахаваць яе ад ашуканскіх дзеянняў.
Дадзеная схема для ашуканцаў вельмі зручная: адна справа, калі з чалавека трэба «выцягваць» звесткі, а іншая — калі ахвяра непасрэдна не перадае якую-небудзь канфідэнцыяльную інфармацыю, але ашуканцы самі шляхам маніпуляцый над кліентам могуць убачыць неабходныя даныя на прыладзе. Убачыўшы, якімі сумамі валодае ахвяра, яны нацэльваюць яе на вывядзенне сродкаў — могуць спрабаваць пераканаць перавесці сродкі на нібыта «бяспечны» і «абаронены» рахунак.
Каб не стаць ахвярай падобнай ашуканскай схемы, Беларусбанк рэкамендуе памятаць наступнае:
— супрацоўнікі банкаў, праваахоўных органаў і іншых арганізацый не звязваюцца з кліентамі з дапамогай месенджараў (Telegrаm, Vіber, WhatsApp і інш.);
— работнікі фінансавых структур, МУС і іншых арганізацый ніколі не будуць прасіць устанавіць які-небудзь дадатак, а таксама ўключыць дэманстрацыю экрана вашай прылады;
— супрацоўнікі банкаў і праваахоўных органаў ні пры якіх абставінах не прад’яўляюць патрабаванняў аб афармленні крэдытаў або пераводаў грашовых сродкаў на «бяспечныя» і «абароненыя» рахункі.
Сяргей КУРКАЧ
Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.