Беларускіх батутыстаў — прызёраў ХХХІІІ летніх Алімпійскіх гульняў — ушаноўвалі ў Віцебску. Менавіта ў паўночнай сталіцы размяшчаецца ўнікальны Цэнтр па скачках на батуце, які адчыніў свае дзверы ў 2019 годзе і стаў моцнай стартавай пляцоўкай для многіх спартсменаў.
На галоўных спаборніцтвах чатырохгоддзя ў сталіцы Францыі выступілі 17 беларусаў. За два тыдні Алімпіяды нашы атлеты заваявалі адну залатую, дзве сярэбраныя і адну бронзавую ўзнагароды. Два медалі з чатырох былі здабыты ў скачках на батуце: Іван Літвіновіч стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам, а Віялета Бардзілоўская заваявала сярэбраны медаль.
Іх упартыя трэніроўкі, воля да перамогі і імкненне да мэты прынеслі нашай краіне запаветную перамогу. А трыумф 23-гадовага маладога чалавека з Вілейкі пакінуў значны след у гісторыі айчыннага спорту. Першае алімпійскае «золата» батутыст атрымаў у Токіа ў 2021 годзе. Падчас прэс-канферэнцыі ў Парыжы Іван зазначыў, што ні адна перамога не давалася яму проста. «Гэта вынік працы на трэніроўках. Тут таксама атрымалася складана. Сур’ёзна рыхтаваліся, як і канкурэнты, якія паказалі добрыя скачкі. Проста я быў крыху лепшы», — распавёў спартсмен.
19-гадовая магіляўчанка Віялета Бардзілоўская заваявала сярэбраны медаль Алімпіяды, яе выступленне стала абсалютнай сенсацыяй. Дэбютантка Гульняў ніколі не паднімалася на пастамент дарослых элітных спаборніцтваў. Віялета з дзяцінства казала, што марыць пра алімпійскі медаль, і ён у дзяўчыны ўжо ёсць. Цяпер можна марыць толькі аб залатым.
Пасля вяртання на радзіму, прызёраў і трэнера Вольгу Уласаву сустракалі ў віцебскім Цэнтры па скачках на батуце. Тут сабраліся дзясяткі выхаванцаў СДЮШАР № 1, прадстаўнікі кіраўніцтва школы, упраўлення спорту, гарадской федэрацыі па скачках на батуце.
«Напэўна, у Беларусі не засталося абыякавых да поспеху нашых алімпійцаў, — сказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Фацееў. — Іван Літвіновіч у чарговы раз даказаў, што з’яўляецца наймацнейшым у свеце дзякуючы, вядома ж, трэнеру Вользе Анатольеўне Уласавай. Нягледзячы на сітуацыі, якія адбываюцца ў свеце, спартсмены нашай краіны даказалі, што з’яўляюцца найлепшымі і што школы батута Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь — наймацнейшыя ў свеце. Паважаныя спартсмены, дзякуй за тое, што вы робіце. Дзякуючы вашай упартай працы, дзеці, якія глядзяць на вас, разумеюць, што ўсяго можна дасягнуць».
Вольга Уласава прызналася, што сёлетні алімпійскі цыкл для Літвіновіча быў няпростым. «У нас было ўсяго толькі два этапы Кубка свету ліцэнзійных. Пасля мы паехалі ў Партугалію, гэта было ўжо ў пачатку ліпеня, каб абкатаць камбінацыю, з якой мы выступілі на Алімпійскіх гульнях. Ён сваю задачу выканаў, на спаборніцтвах быў спакойны, бо быў упэўнены ў сваёй камбінацыі. Мы яе наскакалі да аўтамата», — патлумачыла Вольга Анатольеўна.
Пад апладысменты залы ў Цэнтры прайгралі запісы паспяховых выступленняў нашых батутыстаў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Спартсмены і трэнер прымалі бясконцыя віншаванні і падарункі, а ў канцы сустрэчы прыняліся раздаваць аўтографы і фатаграфавацца са шматлікімі фанатамі ўсіх узростаў.
Дзякуй вам за такую значную перамогу, Беларусь вамі ганарыцца!
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.