У беларускай сталіцы налічваецца каля 34 тысяч будаўнікоў. Гэта тыя людзі, ад якіх цалкам залежыць будучыня нашага горада. Мінчане і госці сталіцы прывыклі бачыць прыгожыя і дагледжаныя жылыя дамы, буйныя шматпавярховікі і ўтульныя мікрараёны. Найлепшых прадстаўнікоў будаўнічай сферы ўшанавалі напярэдадні прафесійнага свята.
Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў адзначыў: «На працягу ўсёй сваёй шматвяковай гісторыі наша сталіца стваралася рукамі будаўнікоў, вашымі рукамі. Гісторыкі падлічылі, што за сваю гісторыю Мінск 19 разоў згараў дашчэнту і кожны раз адраджаўся дзякуючы моцным і мэтанакіраваным людзям, якія працавалі на карысць сталіцы».
«Сёння мы бачым, што наш Мінск — прыгожы і індывідуальны горад, які ствараўся на радасць людзям. Калі мы едзем па сталічных праспектах, бачым унікальную архітэктуру, жылыя мікрараёны, а новыя будынкі і збудаванні, якія ўзводзяцца сёння, робяцца так, каб яны сталі неад’емнай часткай нашага горада», — дадаў мэр горада.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран заўважыў: «Будаўніцтва — гэта тая сфера, якая непарыўна звязана з гісторыяй чалавецтва. Гістарычныя прыклады дойлідства, якія захаваліся, паказваюць, наколькі прафесіянальна і адказна будавалі нашы продкі». Па яго словах, будаўнічая галіна сталіцы на працягу гісторыі развівалася і заставалася адной з найважнейшых.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў расказаў, што сёння будаўнічы комплекс Мінска — гэта 34 тысячы чалавек, якія працуюць у 3,5 тысячы арганізацый: «Гэта і вялікія арганізацыі, такія як трэсты, якія налічваюць па некалькі тысяч чалавек. Гэта таксама і невялікія калектывы, у якіх працуюць па некалькі чалавек. Але ўсе разам яны выконваюць каля траціны ўсіх падрадных работ у краіне. У параўнанні з мінулым годам будаўнікоў у сталіцы стала на 500 чалавек больш».
Сярод ганаровых гасцей свята быў і старшыня Саюза будаўнікоў Беларусі Анатоль Нічкасаў. Згадаўшы пра 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі, ён расказаў, як змянілася будаўнічая галіна за гэты перыяд: «Давялося пераадолець шмат выклікаў. Заўсёды стаяла пытанне мадэрнізацыі галіны, пераходу на новыя канструктыўныя сістэмы і новыя тэхналогіі будаўніцтва жылля, павышэння якасці. Гэтыя задачы вырашаны, што можа прадэманстраваць як сталіца, так і іншыя населеныя пункты краіны. Высокую ацэнку нашым будаўнікам даюць не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой».
Не абышлося і без уручэння ўзнагарод прадстаўнікам галіны. Сярод узнагароджаных — Мікалай Барташэвіч, тынкоўшчык пятага разраду Будтрэста № 1. Вось ужо 14 гадоў ён працуе ў будаўнічай сферы, удзельнічаў у будаўніцтве Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра і іншых аб’ектаў. Суразмоўнік прызнаўся, што атрымліваць падзяку за сваю працу заўсёды вельмі прыемна.
Дарэчы, гэтая ўзнагарода для яго не першая. Летась малады чалавек удастоіўся ганаровага звання «Мінскі майстар». Напрыканцы ён падзяліўся сакрэтам поспеху, які, зрэшты, не такі ўжо сакрэт: трэба любіць сваю работу, і тады ўсё атрымаецца!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Кацярыны УРБАН
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.