Вы тут

Што і пачым можна купіць да школы?


Мода для школьнага народа

З новага навучальнага года 20 сталічных школ прымуць удзел у эксперыменце па ўвядзенні адзінага стылю дзелавога адзення для навучэнцаў.

Сутнасць дадзенага праекта — уніфікаваць мадэльны шэраг школьнай, як мы яе раней называлі, формы. А мэта — у 2024/2025 навучальным годзе не прымусіць купіць распрацаваныя канцэрнам «Беллегпрам» камплекты (а іх да эксперыменту было распрацавана 15 для трох узроставых груп), а прапанаваць гэтыя варыянты, апрабаваць, каб у далейшым ідэя ўвядзення адзінага стылю адзення для навучэнцаў беларускіх школ усё ж увасобілася ў жыццё.

Па просьбе бацькоў і педагогаў

Сёння наш гандаль прапануе самы шырокі спектр школьнага адзення розных фасонаў, расфарбовак і мадэляў.

— І ў гэтай разнастайнасці лёгка згубіцца як школьнікам, так і іх бацькам, — тлумачыць першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ірына Барысенка. — Менавіта ад іх, а яшчэ ад настаўнікаў паступіла прапанова прывесці дзелавое адзенне да нейкага адзінага назоўніка, універсалізаваць падыход да вобраза мінскага вучня школы. Шлях па выпрацоўцы адзінага стылю разам з канцэрнам «Беллегпрам» мы пачалі яшчэ летась.

Першапачаткова было прапанавана некалькі дзясяткаў мадэляў, і нашы эксперты, у складзе якіх былі самі дзеці, іх бацькі, педагогі, дырэктары школ і гімназій адбіралі, ацэньвалі гэтыя мадэлі, выказвалі свае прапановы. Саму калекцыю назвалі капсульнай, бо ўсе элементы можна камплектаваць паміж сабой, ствараючы такім чынам індывідуальны лук. У выніку нарадзілася такая адзежная капсула, якая ўключае ў сябе некалькі элементаў: спадніцы, штаны, камізэлькі, бомберы. Гэта значыць — да чаго мы імкнуліся, то і атрымалі — з аднаго боку разнастайнасць, з другога — адзіны стыль, які прасочваецца ў тканіне, кроі, колеры. Адбыўся і выбар дваццаці сталічных школ і гімназій з кожнага адміністрацыйнага раёна сталіцы, навучэнцы якіх будуць апрабоўваць новую форму. Але гэта не значыць, што яны ў абавязковым парадку абяруць прапанаваныя варыянты.

— Эксперымент ёсць эксперымент, і асноўны, канчатковы выбар будзе за бацькамі, — падсумавала наша суразмоўніца. — Калі, напрыклад, у адной з пілотных школ захочуць набыць іншыя мадэлі — гэта іх абсалютнае права. Абмяжоўваць бацькоў у выбары ніхто не збіраецца.

— Якім крытэрыям адпавядае новае школьнае адзенне?

— Па-першае, як і ўсё астатняе дзіцячае адзенне, яно павінна адпавядаць асноўным патрабаванням — бяспецы, эстэтычнасці, прывабнасці, зручнасці і, вядома, розным узроставым групам. Калі мы бяром пачатковыя класы, то для вобраза дзяўчынкі мы падабралі і сарафанчыкі, і розныя мадэлі спаднічак, улічваючы розныя фігуры. 

У лінейцы для падлеткавага ўзросту ў дзяўчынак з’яўляюцца ўжо і штаны розных фасонаў: ад класічных прамых да модных шырокіх. У гардэробе школьніц-падлеткаў ёсць і бомбер. Гэты сучасны элемент школьнага адзення, дарэчы, прызначаны як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак для ўсіх узроставых груп. У старэйшых класах форма набывае ўжо больш дарослы, класічны характар. У падборы адзення для кожнай ступені ўзросту мы імкнуліся ўлічваць разам з іншым і ўзроставыя псіхалагічныя асаблівасці.

На пытанне аб перспектывах праекта Ірына Міхайлаўна адказала наступнае:

— Пілотны праект для таго і пачынаецца, каб апрабаваць нейкія мадэлі, калекцыі, якія ў далейшым закліканы ўвайсці ў нашае жыццё, у дадзеным выпадку — у жыццё школ і школьнікаў. У нас ёсць цэлы навучальны 2024–2025 год, каб зразумець, наколькі ён патрэбны, эфектыўны і, у выніку, жыццяздольны.

Яшчэ адно пытанне, якое ўжо больш хвалюе бацькоў — кошт школьнай капсулы. Усе бацькі ў стане набыць набор, які складаецца з некалькіх рэчаў? Па словах нашай суразмоўцы, кошты на камплекты не адрозніваюцца ад усіх тых лінеек школьнага адзення, якія прапануюцца сёння.

— Вядома, кошт узрастае з узростам дзіцяці, — тлумачыць яна. — Але ўсё роўна застаецца даступным на любы кашалёк. Выбар варыянтаў адзення для гэтага дастатковы.

Зручна, камфортна, бяспечна

Пытанні бяспекі, у тым ліку і школьнага адзення, сёння хвалююць многіх бацькоў. Асобыя патрабаванні — да матэрыялу, з якога яно выраблена і які павінен быць максімальна натуральным.

Сумненні на гэты конт развеяла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.

— Адзенне для школьнай калекцыі вырабляецца з тэкстыльнага і трыкатажнага матэрыялаў з утрыманнем воўны, бавоўны, — распавяла яна. — Мы ўлічваем не толькі ўзрост дзяцей, але і іх магчымую камплекцыю. Для гэтага распрацавалі мадэлі спадніц і штаноў, у якіх няма цвёрдага пояса, а лінія таліі не фіксуецца.

Што датычыцца якасці матэрыялаў, то ўсе тканіны былі выпрабаваны ў акрэдытаваных спецыяльных лабараторыях. Правяраліся на гіграскапічнасць, паветрапранікальнасць, наяўнасць пілінга і гэтак далей. Правяралі таксама і зносаўстойлівасць. Пагадзіцеся, школьная форма — гэта тое адзенне, якое мамы мыюць часцей за ўсё. Купляюць яго, як правіла, на год. І важна, каб камплект — штаны, камізэлька і іншыя элементы — не гублялі прывабнага і акуратнага выгляду. Увогуле, пасля ўсіх выпрабаванняў і карэкціровак мы атрымалі тканіну, якая адпавядае ўсім патрабаванням тэхнічнага задання, якое прад’яўляецца для дзіцячага адзення.

У мадэлях школьнай формы мы прадугледжваем і здымныя элементы, асабліва для дзяўчынак, якія і ў школе жадаюць быць прыгожымі і моднымі. Для іх прапануем здымныя каўнерыкі, элементы гарлавіны ў выглядзе банта або жабо, якія можна прышпіліць і адшпіліць.

Распрацаваны для мінскіх школьнікаў і шаўроны з дзяржаўнай сімволікай. Мацаваць адразу на элементы адзінай школьнай формы іх не сталі. Выбар пакідаем за кіраўнікамі школ, бацькамі. Аднак маё меркаванне — калі дзеці на школьнай форме будуць насіць такі знак адрознення, гэта будзе іх дысцыплінаваць, настройваць на сур’ёзную вучобу і карпаратыўную згуртаванасць, ганарыцца сваёй краінай, сваёй школай. Паверце, гэта вельмі важны выхаваўчы аспект.

Момант ісціны

Першая партыя пілотнай калекцыі паступіла на гандлёвыя пляцоўкі ГЦ «Першы нацыянальны гандлёвы дом» ужо 1 жніўня 2024 года. Як расказала Таццяна Лугіна, моманту, калі перад чарговым навучальным годам у гандаль паступае партыя новага школьнага адзення, супрацоўнікі «Беллегпрама» чакаюць з хваляваннем і трапятаннем: як ацэняць іх вырабы і старанні пакупнікі? Ці прыйдзецца даспадобы?

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да адной з пакупніц, маці мінскай чацвёртакласніцы Аліны. Жанчына стаяла каля касы з выбраным адзеннем у руках, задаволеная дзяўчынка чакала чаргі, апрануўшы на сябе новенькі школьны пінжак.

— Падабаецца тое, што выбрала?

— Вельмі, асабліва пінжак. Такая дарослая ўжо…

Мама засталася задаволеная ўсім, і чароўным, чыста дзявочым сарафанчыкам, і штанамі з блузкай, і камізэлькай.

— Вялікі дзякуй работнікам «Беллегпрама» за сучаснае, прыгожае і, спадзяюся, трывалае адзенне. 

З першых дзён продажу новае школьнае аддзенне стала настолькі папулярным, што колькасць прымерачных кабін у гандлёвых кропках Мінска, дзе прадаюць калекцыю, прыйшлося павялічыць больш чым у два разы. Прадпрыемствы Белягпрама ўжо пашылі больш як 45 тысяч вырабаў для капсульнай калекцыі. І на гэтым не скончаць.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота аўтара


Форменны бум

Што ў першую чаргу купляюць гродзенцы на школьным кірмашы

У будны дзень вялікага ажыятажу не назіраецца. Магчыма, гэта звязана з тым, што да пачатку навучальнага года дастаткова часу. Між тым прадаўцы запэўнілі, што да канца жніўня асартымент значна звузіцца. Асабліва гэта датычыцца школьнага адзення і заплечнікаў. Многія наведвальнікі адразу накіроўваліся ў павільёны з дадзеным відам тавару. Здаецца, што шырокі выбар можа задаволіць самага заўзятага пакупніка. Але ці так на самай справе? Карэспандэнт «Звязды» выслухала прадстаўнікоў абодвух бакоў гандлёвага прылаўка.

Віталій і Марыя з дзвюма дочкамі прыехалі ў Гродна з Мінскай вобласці і вырашылі сумясціць адпачынак з падрыхтоўкай да школы. Пакуль самае галоўнае — гэта адзець і абуць школьніц. Менавіта на гэтыя рэчы прыпадаюць самыя значныя выдаткі. Бацькам падабаецца, што ёсць магчымасць наведаць такі спецыялізаваны школьны кірмаш. «Які сэнс бегаць па горадзе ў пошуках патрэбных рэчаў, калі іх можна набыць у адным месцы? — задае рытарычнае пытанне Віталій. — А тут шырокі выбар заплечнікаў, школьнага адзення, ёсць і канцэлярскія тавары, і вучэбныя дапаможнікі». Найперш у сям’і стаіць мэта выбраць для сваіх школьніц новыя ранцы. На базары некалькі павільёнаў з імі.

Прадпрымальніца Вольга Томчык адзначае, што ў іх выбары намецілася новая тэндэнцыя. Цяпер школьнікі звяртаюць увагу на дызайн, колер і вагу. Заплечнік мае больш шырокую функцыю, чым проста школьны ранец. Сучасныя тканкавыя заплечнікі вельмі лёгкія, з цікавымі прынтамі. Разам з тым у маладзёжным асяроддзі вызначаецца трэнд менавіта на чорны колер. У шэрагу гэтых тавараў беларускія мадэлі выглядаюць вельмі стыльна і карыстаюцца добрым попытам, бо якасныя і добра носяцца, кажа Вольга. Коштавы дыяпазон вагаецца ад 45 рублёў да 180. Сёлета асартымент як ніколі, шырокі, вельмі шмат мадэляў, яны рознага колеру. Многія пакупнікі яшчэ прымяркоўваюцца, прыглядаюцца, бо ёсць час выбраць. Перад пачаткам заняткаў выбар будзе не такі вялікі«, — заўважае жанчына.

Яна не адзін год прымае ўдзел у падобных кірмашах, таму можа не толькі прапанаваць той ці іншы тавар, але і расказаць аб яго асаблівасцях. «Мы поўнасцю ў тэме школьных патрэб, нават калі прадстаўляем толькі адзін від тавару. І людзі ахвотна раяцца з намі», — кажа яна.

За якасцю тавараў сочаць прадстаўнікі абласнога аддзялення стандартызацыі і метралогіі. Падчас нашай размовы якраз вялася такая праверка. «Гэта правільна, што вядзецца такі кантроль, — згаджаецца прадпрымальніца Святлана. — Мы і самі зацікаўлены, каб у нашых спажыўцоў не ўзнікала ніякіх пытанняў, таму прапануем сертыфікаваны тавар». У яе павільёне прадстаўлены заплечнікі, шырокая лінейка канцылярскіх тавараў, спартыўныя касцюмы і кашулі для хлопчыкаў. Коштавая катэгорыя самая розная. Дарэчы, здзівіў той факт, што выдаткі на канцылярскія тавары для школьнікаў-пачаткоўцаў амаль такія ж, як і выдаткі на адзенне і заплечнік разам узятыя. Але прадавец упэўнена, што так і ёсць. Таму збіраць патрэбныя прылады лепш паступова. Святлана звяртае ўвагу на новы фармат дзённіка, які ўводзіцца з гэтага навучальнага года. Ён мае некаторыя змяненні ў параўнанні з ранейшымі. Бацькі таксама гэта ведаюць, таму ніякіх праблем не ўзнікае.

На яе думку, раней школьныя базары былі больш масавымі з пункту гледжання прапановы. Напрыклад, цяпер адсутнічае абутак, які прадстаўляла гродзенская абутковая фабрыка. Сёння абутак можна набыць у гандлёвым цэнтры, дзе ёсць адпаведныя буцікі. Што датычыцца базару, такія прапановы тут таксама не былі б лішнімі, упэўнены наведвальнікі. Адсутнасць дадзенага віду тавару адчуваецца і робіць базар не зусім паўнавартасным.

Затое даволі шырокі выбар адзення, заплечнікаў і канцтавараў. Канкурэнцыя робіць пакупніка больш разборлівым. Як правіла, ніхто адразу не імкнецца набыць тую ці іншую рэч, пакуль не азнаёміцца з усімі прапановамі кірмашу. Многія карыстаюцца маркет-плэйсамі інтэрнэт-пляцовак. Такая тэндэнцыя відавочна, заўважае Святлана. Разам з тым яна лічыць, што традыцыя школьных базараў актуальна. Бо толькі тут існуе тая асаблівая атмасфера, якую хочацца адчуць пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

Звяртае на сябе ўвагу шматдзетная сям’я з малымі дзецьмі. Аказваецца, што ў школу сёлета пойдзе самы старшы сын. На яго падрыхтоўку выдзелена сацыяльная дапамога ў памеры 130 рублёў. На думку бацькі, агульная сума закупак будзе не менш чым 500 рублёў. Пры тым, што ёсць і заплечнік, і спартыўная форма. Асноўныя выдаткі мяркуецца накіраваць на касцюм і кашулю. Як расказала маці, жорсткіх патрабаванняў пакуль няма, галоўнае, каб быў вытрыманы дзелавы стыль. Асобны атрыбут у іх школе — бардовая камізэлька. Праўда, знайсці такую не атрымалася.

А вось пяцікласніцы Дыяне пашанцавала. Ёй пасля некалькіх прымерак падабралі цэлы камплект — цёмна-сінюю спадніцу з белымі палоскамі і такога ж колеру спартыўны жакет. Праўда, у апошні момант спадніцу замянілі выставачным экзэмплярам з манекена — на ім палоскі былі шырэйшыя. Што ж, патрабаванні пакупнікоў — найперш. Сям’і Дыяны камплект абышоўся ў 150 рублёў. Як расказала маці дзяўчынкі, яшчэ патрэбна некалькі блузак, цёплая кофта, штаны. Абавязковыя трыкатажныя камізэлькі закупляюцца гімназіяй цэнтралізавана.

Гродзенцу Грышы бацькі Марына і Мікалай прыйшлі падабраць касцюм. У сярэднім кошт складае крыху больш чым 200 рублёў. Гэта толькі пачатак. Вырашылі пачаць з самага затратнага, наперадзе пакупкі кашуль, абутку. Мяркуецца, што на поўную падрыхтоўку школьніка спатрэбіцца рублёў 700–800.

А як фарміруецца асартымент? Аксана, у якой павільён складаецца менавіта з адзення, расказала, што яна зыходзіць з агульных стандартаў і класічнага стылю. Пры гэтым самі мадэлі разнапланавыя. Асабліва што датычыцца адзення для дзяўчынак. Блузкі самага рознага фармату, спадніцы, сарафаны, жакеты, камізэлькі, спадніцы-шорты, штаны шырокага пакрою, пінжакі. Думаю, старэйшае пакаленне пазайздросціла б сённяшнім школьнікам. У павільёне адразу разумееш: тут менавіта школьнае адзенне.

Дарэчы, пры жаданні можна набыць і школьную форму з белым фартухом, якая была абавязковай у савецкія часы. Цяпер такога патрабавання няма, як і канкрэтна вызначанай мадэлі. Школьную форму савецкага ўзору звычайна купляюць на апошні званок. Ёсць рэкамендацыі па дзелавым стылі з канкрэтнымі элементамі той ці іншай навучальнай установы. Часцей за ўсё гэта камізэлька альбо гальштук. Можа быць проста нашытая эмблема. Што датычыцца адзінага ўзору формы, такія перспектывы верагодныя. Хоць і тыя прапановы, якія ёсць на рынку, адпавядаюць патрабаванням часу. Гэты сегмент усё актыўней займаюць беларускія вытворцы.

З кожным днём аб’ёмы продажу растуць, кажуць прадаўцы павільёна з прадукцыяй беларускіх і расійскіх вытворцаў. Попыт вялікі. Тут упэўнены, што да новага навучальнага года адзенне будзе ў асноўным раскуплена. Самыя хадавыя мадэлі — белая кашуля, штаны-палацца, жакет-аверсайз прамога пакрою. Заўважыла, што большасць беларускіх мадэляў 2024 года вырабу. Напрыклад, спадніцы вядомага пінскага вытворцы — ад 50 да 80 рублёў, камізэлькі — 33–84, штаны — 74 рублі, касцюмы для хлопчыкаў парадку 220 рублёў. Гальштукі — ад 13 рублёў, спартыўная форма — мінімум 55.

— Мы адзіныя ў горадзе прадаём адзенне для школьнікаў і камізэлькі вядомых беларускіх брэндаў, таксама прапануем і расійскія школьныя сукенкі, аналагі «савецкай» школьнай формы. У беларускіх фірмах робім вельмі вялікі заказ, таму маем зніжку 15 працэнтаў, што дае нам магчымасць прадаваць танней, чым у інтэрнэт-крамах, — кажа прадавец Людміла. — У нас толькі фабрычнае адзенне, пашытае па ўсіх нормах школьнага рэгламенту. На выбар два колеры — чорны і сіні. Памеры ад 28 да 48, рост 116–176 сантыметраў.

«Некаторыя бяруць адразу ахапкамі — увесь камплект з 3-4 відаў, — кажа адна з прадаўцоў. — Гэта штаны, рубашка, пінжак для хлопчыкаў і больш шырокі асартымент для дзяўчынак. Тканіна з дабаўленнем бавоўны, яна не мнецца, не губляе свайго выгляду. Усе тавары адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам, спецыялісты за гэтым сочаць. Да таго ж ёсць указанні гандлю наконт колеру — школьнае адзенне павінна быць цёмна-сіняга альбо чорнага. Бывае, што асобная школа альбо гімназія патрабуе нейкі адзін колер формы, агульнае патрабаванне для навучальных устаноў — дзелавы стыль».

Дарэчы, не ўсе наведвальнікі задаволены асартыментам і коштамі. Гродзенка Вера прыйшла на базар з сынам школьнікам і яго бабуляй. Кажа, што летась купілі дзелавы касцюм за 300 рублёў, які вельмі хутка згубіў свой выгляд. Цяпер таксама пабывалі ў розных гандлёвых установах, але канчатковы выбар зрабілі на карысць гэтага базару. Выбіралі згодна з патрабаваннямі навучальнай установы — вызначанага колеру і пашыву. Касцюм абышоўся ў 220 рублёў. Вера лічыць, што асартымент для хлопчыкаў мог быць больш разнастайным, асабліва пры пэўных патрабаваннях.

Разам з тым варта адзначыць, што большасць пакупнікоў засталіся задаволенымі выбраным таварам. Амаль ніхто не выходзіў з кірмашу без пакупкі, што сведчыць аб агульных паразуменнях паміж пакупніком і работнікамі гандлю.

На кірмашы працуе два рады павільёнаў. Месца даўно вядомае гродзенцам і даволі зручнае — побач з адным з буйных гандлёвых цэнтраў горада. Гэта дае магчымасць для шырокага спажывецкага выбару. Школьны базар у Гродне працягнецца да 5 верасня.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


«Рабіць дабро лёгка!»

З 7 да 30 жніўня ў Мінску праходзіць дабрачынная акцыя «Збярэм партфель разам». У кожным буйным гандлёвым цэнтры сталіцы ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры, куды ўсе ахвотныя змогуць пакласці школьныя прылады, форму і іншыя прадметы ўжытку.

Праводзіць такія дабрачынныя акцыі ў сталіцы стала ўжо добрай традыцыяй. Школьнае адзенне, канцылярыю і іншыя прылады напярэдадні новага навучальнага года перадаюць дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзецям-інвалідам, дзецям, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, выхаванцам дзіцячых дамоў, дамоў сямейнага тыпу і іншых. «У гэтым годзе дабрачынная акцыя „Збярэм партфель разам“ пройдзе з 7 да 30 жніўня, — распавяла журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ Вольга Чамаданава. — Летась мы аддавалі ўвагу дзецям са шматдзетных сем’яў, а таксама выхаванцам дамоў-інтэрнатаў і сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Штогод мы чакаем жніўня. Не толькі таму, што гэта апошні летні месяц. Мы прывыклі, што менавіта ў гэты час пачынаецца масавая падрыхтоўка дзяцей да новага навучальнага года. І, вядома ж, мы дапаможам падрыхтаваць усіх — без выключэння».

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ Вольга Чамаданава

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Вольга Чамаданава разам з першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Раманам Бандаруком бяруць удзел у акцыі «Збярэм партфель разам»

Летась жыхары Мінска вельмі актыўна падтрымалі гэту ініцыятыву. «Чужых дзяцей не бывае! Таму паверце, што мы дапамагаем усім, хто мае ў гэтым патрэбу і нават знаходзім тых, хто саромеецца звярнуцца да нас», — сказала старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ.

Ва ўсіх буйных гандлёвых цэнтрах сталіцы будуць размешчаны спецыяльныя кантэйнеры з інфармацыяй. «Сёлета ўдзельнічаюць у акцыі 17 буйных гандлёвых аб’ектаў. Валанцёры БРСМ будуць распаўсюджваць неабходную інфармацыю сярод жыхароў горада. Мы заклікаем людзей аб’яднацца і дапамагчы дзецям. Бо рабіць дабро вельмі лёгка!» — сказала Вольга Чамаданава.

«Наша галоўная задача — заставацца вялікай і дружнай сям’ёй, зрабіць так, каб кожнае дзіця, якое ідзе ў першы клас, атрымала ўсё неабходнае, і, самае галоўнае, мы павінны аказаць садзейнічанне для таго, каб дзеці з задавальненнем ішлі ў першы клас, — адзначыў першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ Раман Бандарук. — Таму няхай наша краіна заўсёды застаецца такой добрай і міласэрнай. Мы заўсёды памятаем пра нашых дзяцей!»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.

Грамадства

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.

Сям'я і дэмаграфія

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».