Яе імя стала сімвалам мужнасці і адвагі. За сваё кароткае жыццё Паліна Асіпенка паспела зрабіць столькі, што яе дасягненні натхняюць і сёння.
Нарадзілася Паліна Дзянісаўна Асіпенка восенню 1907 года ў запарожскім сяле Наваспасаўка. З дзяцінства выяўляла незвычайную рашучасць і імкненне да ведаў. Вучылася ў пачатковай школе, рана пайшла працаваць. Пазней працягнула адукацыю на курсах птушкаводаў, загадвала калгаснай птушкафермай.
Падчас працы ў сталовай Качынскай школы ваенных лётчыкаў у маладой жанчыны ўзнік вялікі запал да палётаў. Жаданне было настолькі моцнае, што Паліна асвоіла пілатаванне самалёта У-2. З гэтага моманту пачаўся яе пераможны шлях да мары. Нягледзячы на першапачатковыя няўдачы, яна была залічана ў Качынскую школу ваенных лётчыкаў, якую з поспехам скончыла ў 1933 годзе.
Пасля заканчэння адукацыі Паліну Асіпенка накіравалі ў Бабруйскую авіябрыгаду. Яна камандавала звяном знішчальнікаў. Служба ў ваенна-паветраных сілах СССР адкрыла перад ёю новыя гарызонты — да сусветных авіяцыйных рэкордаў.
У 1937 годзе Паліна Асіпенка паднялася на вышыню 8864 метра на гідрасамалёце МП-1. У тым жа годзе здзейсніла яшчэ два яркія палёты, паднялася на больш чым 7000 метраў спачатку з грузам у 500 кг, а затым — у адну тону.
Праз год Паліна Дзянісаўна ўзначаліла беспасадачны пералёт «Севастопаль — Архангельск». На выкананне задання спатрэбілася больш за 10 гадзін, адлегласць склала 2416 км.
Найбольш значным яе дасягненнем стаў беспасадачны пералёт з Масквы на Далёкі Усход у якасці другога пілота ў складзе жаночага экіпажа самалёта АНТ-37біс «Радзіма». Працягласць палёту па прамой склала 5908 км, доўжыўся ён 26 гадзін 29 хвілін. Гэты палёт не толькі ўсталяваў сусветны жаночы авіяцыйны рэкорд далёкасці палёту, але і прадэманстраваў выбітную мужнасць і вытрымку ўсяго экіпажа. Разам з Палінай Асіпенка ў яго ўваходзілі знакамітыя лётчыцы Валянціна Грызадубава (камандзір) і Марына Раскава (штурман). Кожная з трох лётчыц была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.
За свае подзвігі і ўклад у развіццё авіяцыі Паліна Асіпенка была ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна. Яе імя назаўжды ўпісана ў гісторыю як сімвал нязломнай волі і імкнення да немагчымага.
Жыццё Паліны Дзянісаўны трагічна абарвалася ў маі 1939 года ў авіякатастрофе падчас вучэбна-трэніровачнага палёту ў пары з Героем Савецкага Саюза, вядомым авіятарам Анатолем Сяровым. Але яе спадчына жыве, і памяць пра яе захоўваецца не толькі ў мемарыялах і помніках, але і ў сэрцах тых, хто натхняецца яе прыкладам смеласці і адданасці сваёй справе.
Вуліцы, названыя ў гонар Паліны Асіпенка, ёсць у многіх гарадах Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. Пасёлак, дзе нарадзілася лётчыца, быў перайменаваны ў яе гонар. Яе імем названы навучальныя ўстановы і нават кратар на Венеры. Жыццё і дасягненні адважнай лётчыцы працягваюць натхняць людзей. Паліна Асіпенка застаецца прыкладам таго, што няма мяжы чалавечаму духу ў яго імкненні да засваення неба.
Вуліца Паліны Асіпенка ў Мінску патанае ў зеляніне. На балконах і каля пад’ездаў шматпавярховак мясцовыя жыхары вырошчваюць кветкі. Увёсну тут шчодра цвіце духмяны бэз — дарэчы, адзін з сортаў гэтай прыгожай расліны названы ў гонар лётчыцы-рэкардсменкі.
У Беларусі памятаюць пра подзвігі Паліны Асіпенка, адной з першых жанчын — Герояў Савецкага Саюза.
Юлія РАМАНЬКОВА
Фота аўтара
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.