Анатолю Бензеруку пашчасціла расці ў асяродку, які максімальна спрыяў развіццю яго асобы і раскрыццю таленту. Яго бацька — вядомы пісьменнік Расціслаў Бензярук. Кожны з творцаў — самакаштоўная зорка на літаратурным небасхіле; ёсць у бацькі з сынам і кнігі ў суаўтарстве.
Анатоль Бензярук скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, пазней атрымаў журналісцкую адукацыю. Лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і іншых прэстыжных творчых спаборніцтваў. Нястомны і руплівы краязнаўца, які шмат робіць для захавання гістарычнай памяці ў родным куточку Берасцейшчыны — Жабінкаўскім раёне.
У апавяданні, прапанаваным на конкурс «Звязды», пацярпелы ў аўтакатастрофе герой спакойна, без ценю самашкадавання фіксуе эпізоды бальнічнага жыцця. Але праз няшчасны выпадак, што прыкаваў яго да ложка, знаходзіць сваё шчасце... Аўтар па-майстэрску ўплятае ў тканіну сюжэта раман Уладзіміра Караткевіча, і чытачу застаецца толькі паўтарыць услед за класікам несмяротнае: «О, жыццё!»
Алена БРАВА.
Я памятаю свой першы крок. Не, не той, калі быў дзіцём. А той, калі быў я ўжо вялікі, але зноў развучыўся хадзіць, і патрабавалася ўсё пачынаць спачатку.
Пасля той аварыі, калі мяне, беспрытомнага, выцягнулі з-пад белай машыны, і я амаль не бачыў белага свету, у мяне з’явілася шмат часу.
І што цікава: да таго павароту, з-за якога выслізнула белае аўто, часу, каб паўсюдна паспяваць, вельмі не хапала, а тут раптам стала яго ўдосталь. Хочаце, падзялюся?
Мяне збіралі па частках і амаль усяго склалі, як канструктар лега. Не хапала дзвюх драбніц: ногі развучыліся хадзіць і памяць адмаўлялася згадаць абставіны, што прывялі мяне на бальнічны ложак. Доктар Косміч абяцала: міне час, і я ўсё прыпомню. Аднак час мінаў, памяць не спяшала вяртацца, а нейкія абрыўкі ўспамінаў не дазвалялі цалкам дамаляваць карціну.
Я зірнуў у люстэрка. Калі шрамы ўпрыгожваюць мужчыну, дык я быў прыгажуном казачным, можа, трохі зачараваным, якому зламалі нос, прыляпілі горб і пляскатыя, як у рыбы, вусны.
З доктарам Косміч мы пасябравалі адразу, з першага погляду, калі я толькі расплюшчыў вочы пасля доўгага хворага сну. На мяне з цікавасцю пазірала дзіцё або птушаня з вострай дзюбкай.
— Ты хто? — спытаў я.
— Я ваш лечачы ўрач, — адказала дзіцё і сарамліва заўсміхалася.
— Мой?
— Ваш, — зноў чырыкнула птушачка.
Жанчыну, якая так выглядае, яшчэ смела можна называць дзяўчынай і пытацца пра яе ўзрост. Аднак я не назваў і не спытаўся, бо зноў праваліўся ў сон.
Не ведаю, колькі спаў, але калі прачнуўся, у пакоі была цёмна, а побач — нікога. Мне нават падалося, што дзіця-птушаня мне прымроілася. Ды не. Праз нейкі час, як за акном пасвятлела, яна зноў зайшла і ўжо без усмешкі пахістала галавой:
— Навошта вы мяне палохаеце?
Мне спачатку падалося, што яна гаворыць пра мой непрэзентабельны выгляд (што праўда, то праўда, мае цыліндр і смокінг пыліліся ў далёкай шафе). Аднак яе трывога была ад іншага: аказваецца, нада мною давялося варажыць усім аддзяленнем, выклікалі нават шматвопытнага Івана Ігнатавіча, каб вярнуць мяне, калі я раптоўна зноў зазбіраўся ў цемень — на іншы бок жыцця.
— Вярнулі, і што?
— Як што?! — абурылася мой маленькі ўрач. — Мы з вамі так не дамаўляліся.
Што праўда, то праўда, з ёю мы не дамаўляліся. Ніяк не дамаўляліся... Мне стала непрыемна, і самае жахлівае — я ведаў, у чым непрыемнасць: мне не хацелася, каб яна бачыла мяне ў такім разабраным стане. Хай бы на мяне пазіраў шматвопытны Іван Ігнатавіч. І не таму, што ён шматвопытны. Проста няёмка, што мае цыліндр і смокінг недзе ў замкнёнай шафе, а перад дзяўчынай даводзіцца дэманстраваць прыгажосць сваіх шрамаў і пасудзіну пад ложкам.
* * *
Аналізуючы мае аналізы, Іван Ігнатавіч сказаў (так, ён так і сказаў):
— Аналізуючы вашы аналізы, я прыйшоў да высновы, малады чалавек, што вы нарадзіліся ў сарочцы.
Я міжволі зірнуў на сваю бальнічную сарочку і паспрабаваў паўтарыць: «аналізуючы аналізы». Ацаніў свае моўныя патугі — атрымалася на слабенькую «троечку», і зноў згадаў смокінг-троечку з далёкай пыльнай
шафы.
— Дзякую.
— За што? — спытаў Іван Ігнатавіч.
— За «маладога чалавека». Мне ж хутка саракоўнік стукне.
— Кхе, ну якія нашы гады! — лагодна ўсміхнуўся ўрач. — Пасля такой аварыі і такіх аперацый вы памаладзелі на ўвесь саракоўнік да апошняй хвіліны... Ну, добра — назапашвайце сілы, яны вам яшчэ спатрэбяцца.
— А дзе... гэтая... ну-у-у...
— Любоў Антонаўна? Косміч?
— Так, Косміч.
— Ваш лечачы ўрач сёння адпачывае. Пакуль вы «спалі», яна тры змены адстаяла. Давялося ў загадным парадку адправіць адсыпацца, — сказаў Іван Ігнатавіч. — Але яна ўжо з ранку мне ўсе вушы пратрубіла: «Іван Ігнатавіч шаноўны, Іван Ігнатавіч даражэнькі! Вы ж толькі не забудзьцеся зайсці да майго пацыента». Забыцца пра пацыента?.. Эх-эх, быццам я нейкі Саргон Старажытны. Вось зараз абход скончу і пазваню — буду трымаць справаздачу перад доктарам Любоўю.
...Я больш не палохаў доктара Косміч, і праз тыдзень яна літасціва перавяла мяне з рэанімацыі ў хірургію пад апеку Івана Ігнатавіча, але пазней залятала нярэдка, «як матылёк на аганёк».
Іван Ігнатавіч нават аднойчы прымусіў дзяўчыну пачырванець:
— Ах, Любоў Антонаўна, гэта ўжо мой пацыент, і ён у надзейных руках, — пры гэтым урач паказаў свае моцныя рукі і непрыкметна міргнуў мне.
Яна апусціла галаву, прыглушана прабачылася і выслізнула з палаты.
— Ну вось, стары дурань, збянтэжыў маладзіцу. А ты, хлопча, прыглядзіся да Любові. Мо гэта і ёсць каханне?
* * *
На трэці дзень урач сказаў:
— Тут да вас хадакі просяцца з белага аўтамабіля. За рулём знаходзілася жанчына. Была імжа, вы пераходзілі дарогу ў прыцемках, і яна вас не адразу заўважыла. А калі пабачыла, пачала рэзка тармазіць. Дзякуй богу, што пачала... Алкаголю ў крыві ні ў яе, ні ў вас не выяўлена. Суд, канечне, будзе, але строгасць прысуду залежыць і ад таго, ці напішаце вы заяву. Пусціць?
Яна ўвайшла. Я рукой паказаў на крэсла, і яна прысела. Некалькі хвілін доўжылася маўчанне. Нарэшце наведвальніца не вытрымала і хутка-хутка замармытала:
— Даруйце... даруйце... даруйце...
І гэты трыпціх, падмацаваны горкаю слязой, крануў сэрца. Заяву я пісаць не стаў. Бо нарэшце ўспомніў: я — пісьменнік. Таму прасцей пісаць апавяданні...
Не такім ужо старым і тым больш зусім не дурнем быў Іван Ігнатавіч. Любачка не з’яўлялася некалькі дзён, а потым заходзіла двойчы на дзень, хоць я даўно ўжо не быў яе пацыентам...
Аднойчы яна спытала:
— Мне Іван Ігнатавіч сказаў... А вы і праўда пішаце кніжкі?
— Пакуль толькі адну напісаў. Я больш з перакладаў жыву: дапамагаю польскім, французскім і рускім аўтарам «загаварыць» па-беларуску. Перакладаю прозу і вершы.
— Вершы?
— Ну, вершы — трошкі.
Яна яшчэ больш ажывілася:
— Прачытайце што-небудзь, калі ласка.
Я крыху задумаўся, а потым прамовіў:
— Тады — пра любоў і каханне. Беларусы — людзі чуллівыя. Каб выказаць свае пачуцці, ім аднаго слова замала. Ёсць у нас любоў, але жыве сярод нас і каханне. Любіць можна і лапкі ў жабкі, а вось кахаць — толькі жанчыну або мужчыну. Сто дзевяноста гадоў таму жыў у маёнтку Доўгае на Пружаншчыне выдатны паэт. Ён пісаў па-польску, а я пералажыў на беларускую. Чытаць?
Доктар Косміч часта-часта захістала галавой, і я пачаў:
На мове душы
і на ўсіх іншых мовах
Ёсць два найдарожшыя,
ветлыя словы.
У іх, нібы ў кроплях расы і жыцця,
Закладзены скарб
для твайго развіцця.
Нібыта два яркія пёркі, паверце,
Дзве светлыя зоркі
ўвабралі ў сябе
Усё з нараджэння
да самае смерці.
У гэтых двух словах:
— Кахаю цябе!
— Прыгожа, — пахваліла дзяўчына і аўтара, і перакладчыка. — У нашай сям’і таксама праз літаратуру прыйшлі любоў і каханне. Майго тату завуць Антон Косміч, як галоўнага героя рамана «Чорны замак Альшанскі». Калі тата быў яшчэ кавалерам і заляцаўся да мамы, нават тое-сёе рыфмаваць спрабаваў, яна яму ў адказ паднесла томік Уладзіміра Караткевіча з «Чорным замкам» і «Дзікім паляваннем».
Падаравала каханаму кнігу і ў канцы аўтограф пакінула: «Антону Космічу Другому ад Любові Першай на доўгі добры ўспамін». Праз гэты раман у іх такі ра-а-ман завязаўся, што ў выніку і я прыйшла на свет. Каханне Другую Любоў нарадзіла...
* * *
Неяк непрыкметна і хутка мы перайшлі на «ты». Хоць не — прыкметна і памятна, бо ў тую раніцу я адарваўся ад свайго бальнічнага ложка і зрабіў свой першы крок.
Гэта яна мне строга загадала, калі ўвайшла ў палату:
— Ляжыш? Чаму ляжыш? Ідзі да мяне!
І я паслухаўся. Што мяне магло спыніць? Хто мне мог перашкодзіць?
Потым я еў кашу, а яна, шчаслівая, шчабятала:
— Упершыню бачу жывога пісьменніка.
— Дзякуй богу, што жывога.
— Ой, прабач, я не тое хацела сказаць.
— Нічога-нічога, я ўжо прывык, што жывы і пісьменнік.
— Я вось прынесла табе «Чорны замак»... А ты пра што зараз пішаш? — спытала Люба.
— Пра рознае. Найчасцей пра любоў і каханне, пра сябе, трошкі пра цябе і свой цыліндр ды смокінг, якія пыляцца ў далёкай шафе.
— У цябе ёсць цыліндр і смокінг?
Яна паклала руку на маю руку.
— Пакуль няма, але хутка давядзецца купіць...
Я глядзеў на Любоў закаханымі вачыма і лавіў у адказ яе падобны цёплы позірк.
Потым яна пайшла, каб вярнуцца пазней.
Калі санітарка прынесла вячэру, дзяўчына развіталася да заўтра. Яна прыкрыла асцярожна дзверы, пакінуўшы свой лёгкі непрыкметны след і саладосць любімага парфуму.
Я крыху пачакаў, зірнуў у зачыненае акно і раскрыў Караткевічаў раман на апошняй старонцы. Ніякага аўтографа там не было — толькі развітальныя словы класіка:
«Міргалі за адчыненым акном бясконцыя агні.
О, жыццё!»
Я ўстаў і расчыніў акно.
Анатоль Бензярук
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.