Вы тут

Хто марыць аднавіць былы сквер у гарадскім пасёлку Поразава Свіслацкага раёна?


Неяк мясцовая жыхарка Валянціна Ботвіч задумалася: чаму б не заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў цэнтры свайго роднага пасёлка? З гэтай ідэяй яна звярнулася да старшыні Поразаўскага сельвыканкама Віктара Акудовіча. Агульнымі намаганнямі ідэя ў хуткім часе ўвасобілася ў праект з прыгожай назвай «Сквер маёй мары». Заяўку накіравалі ў конкурсную камісію асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў пры абласным Савеце дэпутатаў. Праект атрымаў станоўчую ацэнку і грант для рэалізацыі ідэі.


Сядзіба Багудзенкі  і ўнікальны торт «банкуха» –  славутасці Поразава,  якія прыцягваюць турыстаў.

Валянціна Ботвіч працуе ў мясцовай краме, яна карэнная жыхарка гарадскога пасёлка. Яе жыццёвае крэда простае: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Але мала жыць як жывецца — трэба яшчэ і карысць нейкую людзям прынесці. З такіх пазіцый і пачала яна сваю грамадскую дзейнасць.

— Ведаеце, гэта месца ў цэнтры пасёлка даўно патрабуе ўвагі. Я калі тут праходжу, заўсёды думаю: добра было б яго акультурыць. Калісьці тут быў сквер, былі лаўкі, але з цягам часу яны зніклі і гэты кавалак зямлі проста пусты. Праўда, нядаўна мы высадзілі там каля 20 дрэў, але гэтага мала, патрэбна нейкая інфраструктура. Бо ўчастак у самым цэнтры Поразава, праз яго ідзе актыўны рух. Хочацца, каб тут быў утульны куточак, — тлумачыць жанчына сваю зацікаўленасць.

Вядома, былы сквер не занядбаны. Тут праходзяць суботнікі, вядзецца прыбіраюць тэрыторыю. Вось і дрэўцы маладыя пасадзілі. Але мясцовыя жыхары хочуць бачыць яго больш ажыўленым. Праект грамадзянскіх ініцыятыў якраз і накіраваны на гэта.

— У Поразаве пражывае каля 900 чалавек, а ў сельскім савеце ў два разы больш. У нас нямала аб'ектаў, якія цікавыя турыстам. А сквер знаходзіцца якраз на шляху да многіх з іх, — Валянціна Ботвіч прыгадвае гістарычнае мінулае свайго краю. — Аб старажытнасці пасёлка гаворыць той факт, што ён згадваецца ў 1460 годзе. У Поразаве знаходзяцца два даволі старыя храмы, захаваўся будынак сінагогі, а сядзіба Багудзенкі з'яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя.

Таксама актывістка прыгадала і асаблівасці гэтых тэрыторый. Напрыклад, менавіта адсюль, з Поразава, пачаўся росквіт знакамітай чорна-дымкавай керамікі. У мясцовай бібліятэцы створаны музей, дзе захоўваюцца каштоўныя экспанаты поразаўскіх майстроў, сабрана цікавая інфармацыя аб развіцці ганчарнага рамяства на тэрыторыі сельскага савета. Таксама тут вырабляецца Поразаўская банкуха — кандытарскі выраб, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Сквер у Поразаве невялікі, але праявіць фантазію ёсць дзе.

Як правіла, праезд да славутасцяў наваколля ляжыць праз цэнтр гарадскога пасёлка. Тут праходзіць некалькі турыстычных маршрутаў, у тым ліку веласіпедных. Валянціна лічыць, што адноўлены сквер стане яшчэ і месцам невялікага перапынку для велатурыстаў. Але не толькі. Мяркуецца, што тут змогуць спыніцца і сем'і з дзецьмі. Напрыклад, падчас наведвання гандлёвых цэнтраў і храмаў. Каб усім было зручна, у скверы будзе ўстаноўлена адпаведная інфраструктура. Для дзетак — гульнявы комплекс, для турыстаў — стаянка для веласіпедаў, для тых, хто хоча проста адпачыць, — некалькі стыльных лавак і альтанка. Прадугледжаны і сметніцы. Паколькі сквер знаходзіцца каля праезнай часткі, у мерах бяспекі плануецца ўстанавіць агароджу фармату 3D. Каля ўвахода будзе размешчаны інфармацыйны стэнд з картай-схемай маршрутаў і пазначаны славутыя аб'екты Поразаўскага краю.

— Плошча сквера невялікая, таму вырашылі спыніцца на самых актуальных аб'ектах інфраструктуры. Яшчэ варта ўкласціся ў каштарыс. Згодна з праектам, нам выдзелена 24 тысячы рублёў, яшчэ некалькі тысяч мы атрымалі ад нашых спонсараў — СВК імя Дзеншчыкова і прыватных прадпрыемстваў. Не засталіся ўбаку ад добрай справы нашы прыходы — каталіцкі і праваслаўны. Свой уклад унеслі мясцовыя жыхары, якія таксама хочуць бачыць нашу малую радзіму дагледжанай і ўтульнай, — расказвае Валянціна Ботвіч. Яна ўпэўнена, што з аднаўленнем цэнтральнага сквера пасёлак яшчэ больш ажыве.

Праект «Сквер маёй мары» можна лічыць першым праектам Поразаўскага сельскага Савета, які атрымаў фінансавую падтрымку ў рамках абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Між тым вопыт праектнай дзейнасці тут ёсць. У рамках міжнароднай праграмы рэалізаваны праект «Другое жыццё векавога парку». Па словах старшыні Поразаўскага сельвыканкама Віктара Акудовіча, была прыцягнута значная сума на аднаўленне і добраўпарадкаванне паркавай зоны. Устаноўлена агароджа, канцэртная сцэна для правядзення масавых мерапрыемстваў. З'явілася месца для размяшчэння гандлёвых павільёнаў, устаноўлены лаўкі, альтанкі, пракладзены дарожкі. Цяпер гэта любімае месца адпачынку мясцовых жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка.

У планах старшыні сельсавета працягваць праектную дзейнасць. Ён расказаў, што мае задумку прапанаваць на конкурс ініцыятыў праект па захаванні гістарычнай памяці па выніках пошукавай работы. На тэрыторыі сельскага савета амаль штогод вядуцца раскопкі, звязаныя з пахаваннямі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Па словах старшыні сельвыканкама, сабраны даволі багаты матэрыял, які можа стаць экспазіцыяй музейнага пакоя. Размясціць экспанаты плануецца ў будынку сельвыканкама, які нядаўна перададзены мясцовай уладзе.

Укладанні, па словах Віктара Акудовіча, невялікія — зрабіць рамонт і ўстанавіць стэлажы. «Праекты грамадзянскіх ініцыятыў, якія цяпер актыўна рэалізоўваюцца асацыяцыяй мясцовых Саветаў пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, дазваляюць прыцягваць шырокае кола мясцовых жыхароў, прадпрыемствы і арганізацыі ў развіццё тэрыторый, садзейнічаюць турыстычнаму патэнцыялу і фарміраванню спрыяльнага асяроддзя», — заўважыў старшыня сельвыканкама. Да таго ж такія праекты дапамагаюць яшчэ і раскрыцца людзям, якія маюць трывалую грамадзянскую пазіцыю і хочуць накіраваць свае сілы на карысць малой радзімы.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.