Вы тут

Што людзі пішуць?


Словы — як найлепшая ўзнагарода настаўніку

...Гады, калі іх шмат, і сапраўды гады.

Цяпер з Верай Піліпаўнай Вяргейчык мы сустракаемся рэдка, найчасцей размаўляем па тэлефоне: калі — з нагоды нейкіх свят, а калі і без. Мне прыемна чуць яе спакойны разважлівы голас, яе сардэчнае: «А добра было б убачыцца, пакуль мы тут...» Нам абедзвюм ужо трошкі за 80, мы — так званыя дзеці вайны, удовы, з адных педагагічных падмосткаў, з мноствам агульных знаёмых... Так што тэм для размоў — проста не вычарпаць.

І вось я ў амаль што ў родным для Веры Піліпаўны Трасцянцы.

Вёска сустракае бязлюднай пустатой ды новымі дамамі дачнікаў, сяліба Вяргейчыкаў — утульнасцю і парадкам, што, напэўна, і не дзіва.

Гаспадыня, Вера Піліпаўна — з вялікай працавітай сям’і. Усіх дзяцей там нарадзілася 11, вайну перажылі сямёра. Усіх трэ было нечым пакарміць, у нешта апрануць і абуць. Да восеньскіх маразоў дзеці хадзілі босымі. Толькі потым, ужо зазімкам, той самай Веры бацькі маглі купіць (калі ад старэйшых не засталіся) новыя кірзавыя боты, у якіх яна хадзіла і дома, і ў школу. Пра нейкі іншы абутак нават размовы не ішлі, бо не было грошай. Бацькам за работу ў калгасе амаль нічога не плацілі, падаткі спаганялі...

Выжывала сям’я за кошт сваіх мазалёў, сваёй гаспадаркі: агарод, карова, свінні, авечкі, куры... Усё гэта ў асноўным было пад наглядам Веры — перадапошняй у сям’і, бо старэйшыя дзеці, скончыўшы сямігодку, адразу з’язджалі.

З’ехала і яна: пасля заканчэння Межаўскай сямігодкі паступіла ў Аршанскае індустрыяльна-педагагічнае вучылішча на факультэт пачатковых класаў, паспяхова, з павышанай стыпендыяй адвучылася і вярнулася ў свой раён — прыйшла працаваць у Капланецкую сярэднюю школу.

Да сёння Вера Піліпаўна помніць, як цёпла сустрэлі яе настаўнікі, з якой павагай дырэктар школы Уладзімір Іванавіч Анцыпаў вывучаў дыплом будучай каляжанкі.

...Пасялілі яе ў хаце адзінокай жанчыны, даверылі першы клас — 20 малых, якія лавілі кожнае слова маладой настаўніцы, сачылі за кожным рухам. «Я настолькі любіла Веру Піліпаўну, — успамінала яе былая вучаніца Вольга Старынская, — што не хацела са школы ісці дадому! І я ж такая не адна была... Да сёння ўспамінаю яе з удзячнасцю».

Падобныя словы, мусіць, — найлепшая ўзнагарода для кожнага настаўніка!

...Прыгадвае Вера Піліпаўна і першае працоўнае выпрабаванне — сустрэчу з інспектарам райана. «У школу іх тады прыехала чалавекі чатыры ці пяць. Адзін — высокі такі мужчына — сказаў, што хоча на ўрок да настаўніцы пачатковых класаў. У мяне ад страху ногі падкасіліся, але што тут будзеш рабіць?.. Прыйшоў той інспектар у клас, ледзь уладкаваўся за апошняй партай, дастаў паперу, нешта піша на ёй... А я ў той бок і паглядзець баюся — выкладаю тэму ўрока».

У канцы яго інспектар падышоў да спалоханай, збянтэжанай настаўніцы, прыязна ўсміхнуўся ёй і ціха прамовіў: «Не хвалюйцеся. Усё было добра».

З гэтых слоў пачалося знаёмства Мікалая Фаміча Вяргейчыка з Верай Піліпаўнай Карэнька. Ёй здавалася — мімалётнае, выпадковае, абсалютна бесперспектыўнае, бо хто ён, — прыгажун ды яшчэ і з пасадай! А ў яе дык нават адукацыі вышэйшай няма.

З усіх сіл старалася не трапляцца яму на вочы, пазбягаць сустрэч.

Ён — не сляпы — гэта ўбачыў і... напісаў ёй ліст. Яна адказала.

Перапіска — цёплая, даверлівая, шчырая (што цікава, на адлегласці паміж адрасатамі ў 10 кіламетраў — прасцей, здавалася, пеханой прайсці) доўжылася... два гады, пасля якіх Мікалай Фаміч зрабіў прапанову — напісаў: «Я без цябе — не я, ты без мяне — не ты. А вось разам мы ўжо сям’я... Ты згодна?»

Дзяўчына ўсё яшчэ вагалася... Аж пакуль не пачула ад старэйшай сяброўкі, што ідэальных, бездакорных людзей проста не існуе. А для сумеснага жыцця дай бог знайсці чалавека, які цэніць цябе і ведае цану сабе... Калі трапіўся такі — лічы, пашчасціла.

Маладыя згулялі вяселле, сталі разам працаваць у Паложынскай сярэдняй школе (муж — дырэктарам), гадаваць дачушак, паралельна будаваць свой дом у Трасцянцы...

У ім — вялікім і прасторным — Вера Піліпаўна ўжо дзесяць гадоў як жыве адна. Дзеці клікалі да сябе, але пераязджаць яна пакуль не збіраецца. 

«У гасцях, — кажа, — добра, а дома я сама сабе гаспадыня. Як хачу, так і жыву. Нікому не замінаю. Яшчэ і дапамагу, чым магу... Дзеці любяць сюды прыязджаць. Я сустракаю іх, прымаю. І ім добра, і мне».
Жыццё, згадзіцеся, вартае павагі.

Ніна Бурко

Бярэзінскі раён


...Калі бацькі не супраць

Пад канец жніўня мы з мужам плануем з’ездзіць да сваякоў у Санкт-Пецярбург. Хацелася б узяць з сабою ўнучку (ёй восем гадоў)...

Падкажыце, як яе бацькам аформіць дазвол на выезд за мяжу? Ці дастаткова згоды некага аднаго — напрыклад, маці?

Пісьмовая згода бацькоў на часовы выезд дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь можа быць засведчана ў любога натарыуса. Звярнуцца да яго трэба асабіста з дакументам, які сведчыць асобу і дакументам, які пацвярджае роднасныя адносіны з дзіцем.

Факт роднасных адносін бацькоў і непаўналетняга можна праверыць па пасведчанні аб нараджэнні, па даведцы, якая змяшчае звесткі з запісу акта аб нараджэнні, па адзнаках у дакументах, якія пацвярджаюць асобу.

Агульныя правілы выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетніх грамадзян устаноўлены артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 2009 г. № 49-З «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». Згодна з ім, непаўналетнія могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь без суправаджэння законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні пісьмовай згоды абодвух законных прадстаўнікоў.

Такім чынам, для выезду вашай унучкі спатрэбіцца пісьмовая згода і маці, і бацькі.

Па адпаведнае пасведчанне яны могуць звярнуцца як разам, адначасова, так і паасобку. Пры жаданні дакумент можна аформіць на любы тэрмін, у тым ліку да дасягнення дзіцем паўналетняга ўзросту, што выключыць неабходнасць штогадовага афармлення. Натарыяльны тарыф за пасведчанне згоды, за складанне і падрыхтоўку натарыусам праекта згоды не залежыць ад тэрміну яго дзеяння і складае 50 працэнтаў базавай велічыні.

Наталля Жукава,натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі.


Прыйшоў Спас — і... лета ад нас

У беларусаў, як і ў кожнага народа, спрадвеку існаваў свой каляндар, з дапамогай якога з пакалення ў пакаленне перадаваліся веды, мудрасць, вопыт жыццёвых назіранняў. Крупінкі яго адбіваліся ў гульнях, песнях, звычаях і абрадах, у прыкметах, якія трэба зберагчы і перадаць нашчадкам.

Для гэтага майстрамі нашага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры створаны адмысловы твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У цэнтры яго, у аснове, знаходзіцца слуп з колам — сімвалам сонца, года, чарговасці з’яў у прыродзе і любімых свят. Сярод іх — Каляды, Вадохрышча, Гуканне вясны, Масленіца, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Зялёныя святкі, Купалле, мядовы і яблычны Спасы, Дажынкі... Да кожнага з іх ад кола «спускаюцца» рознакаляровыя стужкі — прамяні.

Мэта экспазіцыі заключаецца ў тым, каб паказаць адметнасці святкавання, таго ці іншага перыяду календара.

Экспазіцыя «Кола свят» знаходзіцца ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмян. Супрацоўнікі яго запрашаюць ахвотных наведаць установу і хоць на нейкі час апынуцца ў мінулым.

Вераніка НАВІЦКАЯ

г. Ашмяны


Быў на Палессі свой Марат Казей

Сям’я Аляксея Міхайлавіча Калянковіча з вёскі Лахаўкі (цяпер Лунінецкага раёна) была невялікай: сам, жонка Ганна, дачка Таццяна і сын Іван. Да вайны гаспадар працаваў участковым міліцыянерам, жонка і дзеці займаліся гаспадаркай.

«Брат Ваня рос працавітым і цікаўным, — распавядала яго сястра Таццяна Ермалінская. — Перад вайной яму было 12 гадоў, але ён працаваў за дарослага мужчыну, шмат чытаў (яшчэ і на памяць вершы многіх паэтаў), мог разабраць і сабраць веласіпед, радыёпрыёмнік... Вайна заспела нашага бацьку ў Мінску. Адтуль ён даслаў вестачку, што з навучэнцаў міліцэйскіх курсаў фарміруюць апалчэнне. Больш пра яго мы нічога не ведаем. Сям’я заставалася на акупаванай тэрыторыі, потым падалася ў лес у партызаны. Івана залічылі ў разведчыкі».

...Летам 1944-га ў атрад паступілі звесткі, што ў вяскоўцаў з Краснай Волі паліцаі будуць адбіраць кароў. Хлопчыкаў паслалі ў разведку. Старэйшаму з іх, Васілю Глушню, далі карабін і патроны, Івану — гранату. З імі быў яшчэ адзін хлопчык-навічок...

Дабраўшыся да вёскі, разведчыкі высветлілі, што статак у бок Вулькі-2 гоняць тры паліцаі, падумалі, калі абстраляць іх, — каровы разбягуцца па дамах.

Гэты план, напэўна, спрацаваў бы, але паліцаяў аказалася больш, яны ехалі на возе ззаду. Васіль аднаго параніў, і быў застрэлены сам. Іван з сябрам сталі ўцякаць... Паліцаі, ведаючы мясцовасць, іх акружылі.

...Пазней, на судзе, адзін з тых здраднікаў і расказаў, як загінуў старэйшы хлопчык, як узялі ў круг малодшых і сталі набліжацца. 

Хлопчыкі стаялі абняўшыся, а калі першыя з ворагаў апынуліся зусім блізка, рванулі гранату.

Разведчыкі загінулі самі. Разам з імі загінуў адзін паліцай, другі быў цяжка паранены. Каровы вярнуліся да сваіх гаспадароў...

Удзячныя вяскоўцы праз некалькі дзён пахавалі юных партызан на Краснавольскіх могілках.

...Найбліжэйшыя родныя Івана (маці і сястра) адразу пасля вайны пераехалі ў Крым. Імя Івана Калянковіча, хлопчыка, які паўтарыў подзвіг Марата Казея, носіць піянерская дружына Любанскай СШ.

Сцяпан Нефідовіч, аг. Любань, Лунінецкі раён.


Тут ёсць каму жыць, каму працаваць...

На месцы, дзе цяпер квітнее мая вёска Магільна, шмат вякоў таму неба падпіраў лес, прасціралася балота, працякала рака...

Хто ён, той першапраходзец, які на беразе наладзіў стаянку?

Адно зразумела: чалавек быў абачлівы. Ну яшчэ б: лес і рэчка — значыць, можна збіраць ягады-грыбы, лавіць рыбу — мець як мінімум работу і ежу.

А якое тут хараство! Лес падступае да самай вёскі. На вяршынях стромкіх кашлатых хвой часам начуюць аблокі, да дарог збягаюцца беластволыя бярозкі, серабром шапоча лістота асін, у вечным задуменні стаяць яліны.

Амаль побач выток магутнага Нёмана, на беразе якога і месціцца вёска.

Сёння яна разраслася і ўдоўж, і ўпоперак. На новых вуліцах выраслі дабротныя катэджы. Кругом чысціня і парадак. На вуліцах — асфальт, дамы патанаюць у садах і кветках.

Тут цэнтральная сядзіба гаспадаркі, а значыць, і «офісы» — СВК «Наднёман», сельскага Савета, тутэйшага лясніцтва. Тут — нашы магазіны і пошта, клуб, бібліятэка, узводзіцца прыгожая драўляная царква, адбудавана новая амбулаторыя і школа, дзе вучылі і вучаць дзяцей адданыя справе настаўнікі: Любоў Анатолеўна Собаль, Настасся Мікалаеўна Шкуратава, Алена Іванаўна Каладзінская...

Сярод іх вучняў — рабочыя і калгаснікі, інжынеры, урачы, людзі іншых прафесій.

Каб расказаць пра ўсіх паважаных, заслужаных з нашай вёскі, не хопіць ніякай паперы... Узяць хаця бы ардэнаносца Мікалая Адамавіча Пармона (светлай памяці!), былога старшыню гаспадаркі. У час яго кіравання калгас быў у ліку самых перадавых, атрымліваў і высокія надоі, і добрыя ўраджаі, хаця каровы тады даіліся ўручную, ды і тэхніка была зусім не такой, як цяпер.

...З часам мяняецца многае: на змену старэйшым пакаленням прыходзяць маладыя. Дзякуй богу, ёсць каму жыць і працаваць на гэтай зямлі, бачыць і цаніць яе хараство, помніць тых, хто рабіў гэта раней, хто будзе рабіць потым.

Галіна Нічыпаровіч

Уздзенскі раён

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.