Танцы і кнігі — гэта цудоўна. Але што будзе, калі сумясціць дзве гэтыя рэчы? Атрымаецца цудоўны баль «Бібліятэчнае лета», які ўпершыню прайшоў 10 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У гэты дзень у рытме танца ў бібліятэцы закруцілася каля ста падрыхтаваных танцораў з розных гарадоў Беларусі. Гэта і мінскі «Dancіng tіme», і гомельскі «Сярэбраны век», і бабруйскі «Паланэз».
Акрамя таго, усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у танцавальных майстар-класах і пагрузіцца ў чароўную атмасферу балю.
Нашу ўвагу прыцягнула пара з бабруйскага аматарскага ансамбля бальнага танца «Паланэз», якая вельмі ўпэўнена і грацыёзна вальсавала па зале. Ларыса займаецца бальнымі танцамі ўжо пяць гадоў, менавіта яна і прывяла на танцы свайго мужа Сяргея.
— Гэтае мерапрыемства — выдатная магчымасць яшчэ раз сустрэцца з нашымі сябрамі з іншых танцавальных калектываў. Усе ўжо добра ведаем адно аднаго па розных балях, — дзеліцца Ларыса.
— А яшчэ выдатна, што ўсё гэта праходзіць у той самай бібліятэцы, якую будавалі ўсім грамадствам, — дапаўняе Сяргей.
Па іх словах, вельмі важна падтрымліваць культуру бальнага танца.
— Гэта выхаванне духоўных каштоўнасцяў, а калі ў нацыі моцны дух — значыць, гэтая нацыя моцная, — заключылі яны.
Уразіла нас яшчэ адна ўдзельніца бабруйскага танцавальнага калектыву.
Убор Святланы быў прадуманы літаральна да дробязяў: ад веера на вытанчаным ланцужку да зіхатлівай тыяры. Як аказалася, Святлана ўсё жыццё займалася танцамі, і ўдзел у балях калісьці быў яе запаветнай марай, якая з часам увасобілася ў рэальнасць.
— Баль — гэта прыгажосць, радасць і захапленне з прымессю рызыкі і страсці. Адным словам, гэта цэлая культура. І людзі, якія займаюцца бальнымі танцамі, — яны крыху іншыя, як быццам увесь час захопленыя і закаханыя ў гэты свет, — дзеліцца думкамі Святлана.
Паводле яе слоў, да балю калектыў рыхтаваўся некалькі месяцаў. Вучылі танцы, адпрацоўвалі складаныя элементы, але ўсе намаганні былі таго вартыя.
— Люблю працэс падрыхтоўкі да гэтага свята. Ужо за некалькі месяцаў прадумваеш, якая сукенка, якая прычоска, якія завушніцы. Усё гэта радуе бязмерна, — расказвае яна.
Аднак «Бібліятэчнае лета» не абмяжоўвалася бальнымі танцамі.
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара — дырэктара па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Людмілы Высоцкай, у гэты дзень у бібліятэцы для наведвальнікаў былі адкрыты ўсе залы.
— Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўжо стала знакавай культурнай пляцоўкай. Тут увесь час праходзіць маса розных мерапрыемстваў. У нас адчыняюцца выставы, праходзяць пленэры, майстар-класы. У гэтым годзе ўпершыню праводзім баль. Вельмі прыемна, што людзі падтрымліваюць такія ініцыятывы, — адзначае яна.
Таксама Людміла Высоцкая падзялілася, што бібліятэка мае задумку прадоўжыць традыцыю правядзення баляў. Быць можа, напярэдадні Калядаў тут ізноў загучыць музыка і закруцяцца ў танцы дзясяткі пар.
«Бібліятэчнае лета» здзіўляла цікавай праграмай з майстар-класамі, экскурсіямі і інтэрактывамі. Мы зайшлі ў «Майстэрню рэстаўратара», якая размясцілася ў зале беларускай літаратуры. Там дзеці і дарослыя займаліся карпатлівым, але вельмі карысным заняткам — рэстаўрацыяй друкаваных выданняў.
— Многія людзі для таго, каб «паправіць» разарваную кнігу, выкарыстоўваюць скотч. Аднак калі б яны ведалі пра больш эстэтычны спосаб, то многія кнігі былі б у добрым стане значна даўжэй. Так, на майстар-класе мы паказваем просты спосаб рэстаўрацыі з дапамогай спецыяльнай стужкі. Яна вельмі тонкая, практычна незаўважная, і купіць яе не складаней чым скотч, — распавядае бібліятэкар 2-й катэгорыі Маргарыта Рыбалтоўская.
Падымаемся на трэці паверх і трапляем у чароўны свет класічнай музыкі.
Зала нотных і аўдыёвізуальных дакументаў. Тут госці балю маглі паслухаць вінтажныя вінілавыя кружэлкі і пайграць на музычных інструментах. Дарэчы, менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі самы буйны архіў кружэлак, які складае каля 25 тысяч адзінак. Клапатлівымі бібліятэкарамі для наведвальнікаў былі складзены тэматычныя экспазіцыі, і па запыце тут маглі паставіць любую кружэлку.
Усяго баль складаўся з трох танцавальных аддзяленняў. Адпачыць паміж імі можна было на любой з пляцовак. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Хтосьці адправіўся на экскурсію па выставе, прысвечанай Эдгару Дэга, хтосьці вырашыў наведаць музычна-літаратурную гасцёўню, а хтосьці нават вырашыў праверыць свае дэтэктыўныя здольнасці і паўдзельнічаць у гульнях «Шэрлак Холмс» і «Знікненне на французскім прыдворным балі XVІІІ стагоддзя».
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.