Вы тут

Як рыхтуюццца да школы шматдзетныя сем’і з сельскай мясцовасці?


У адзін з першых дзён жніўня ў Савеце Рэспублікі адбылася нарада па пытаннях забеспячэння школьнай формай навучэнцаў у кантэксце падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Разглядалі цэнавую палітыку, асартымент, і разам з тым на нарадзе падкрэслівалася, што мясцовыя органы ўлады не павінны стаяць убаку ад пытанняў падрыхтоўкі да школы асабліва ў сельскіх населеных пунктах. Карэспандэнт «МС» пацікавілася ў шматдзетных вясковых бацькоў, як яны рыхтуюцца да новага навучальнага года, на якую падтрымку разлічваюць, і ці адчувальная для іх фінансавая дапамога дзяржавы.


За дзень прыбраць дваіх

Валянціна і Мікалай Літвінюкі з вёскі Войская Камянецкага раёна гадуюць дзевяцярых дзяцей. Шасцёра з іх ужо школьнікі.
— Да школы мы фактычна падрыхтаваныя, — гаворыць Валянціна Васільеўна. — Атрымалі дапамогу ад дзяржавы на падрыхтоўку школьнікаў да новага навучальнага года. Літаральна днямі грошы мне залічылі на картку. Але рыхтавацца да наступнага навучальнага года я пачынаю з пачатку лета. Бо ўсё адразу не купіш. У чэрвені звычайна купляю канцылярскія прылады: ручкі, сшыткі, дзённікі, вучэбныя дапаможнікі, якія абавязкова спатрэбяцца, яшчэ партфелі. Адзенне і абутак мы набываем у жніўні, бо нехта са школьнікаў можа падрасці, выцягнуцца за лета. Купіш загадзя — можаш у верасні атрымаць праблему з прадметам гардэроба.

Для нашых дзяцей гэта падзея — паездка ў Брэст за школьнай формай, — працягвае аповед шматдзетная маці. — Звычайна выбіраемся у горад з двума школьнікамі, каб добра разгледзець, памераць рэчы. У нашай школе прадугледжаны дзелавы стыль адзення з абавязковай бардовай камізэлькай. Астатняе падбіраем у тон камізэльцы. Цяпер выбар школьнай формы дастаткова вялікі. Ёсць рэчы фактычна на любы кашалёк. Я аддаю перавагу пінскаму трыкатажу і некаторым іншым вытворцам. Абутак таксама купляем беларускі, скураны. Ужо на горкім вопыце ўпэўніліся, што купіць пару абутку са штучнага матэрыялу можа абысціся даражэй. Маю на ўвазе сітуацыю, калі абутак парвецца, дзіця не даносіць чаравікі да канца навучальнага года, і давядзецца купляць новыя. А пару з натуральнай скуры купіш на 10-20 рублёў даражэй, школьнік адзін сезон паходзіць, яшчэ і малодшаму брату застанецца, — падзялілася досведам маці вялікага сямейства.

Варта сказаць, што ўсе дзеці Літвінюкоў добра вучацца, займаюцца ў музычнай школе. Напярэдадні новага навучальнага года бацькі за адным захадам набываюць зручнае адзенне, якое падыдзе для заняткаў у музычнай школе, а таксама сёе-тое патрэбнае для спорту. Адным словам, паездку за пакупкамі стараюцца зрабіць падзеяй. У гэтай сям’і заўсёды правядуць гутарку аб тым, як нялёгка зарабляюцца грошы, як трэба берагчы рэчы, дапамагаць бацькам па дамашняй гаспадарцы і адказна ставіцца да сваёй асноўнай працы — 
вучобы.

Сям'я Літвінюковых

Старшыня Войскага сельскага Савета Віктар Міхайлоўскі сказаў, што сям’ю Літвінюкоў мясцовая ўлада заўсёды ставіць у прыклад іншым:
— А ўсяго ў 21 вёсцы сельсавета пражывае 33 шматдзетныя сям’і. У асноўным сем’і добрыя, і дзеці ў іх ужо падрыхтаваныя да школы. Праўда, ёсць на тэрыторыі некалькі сем’яў, якія патрабуюць павышанай увагі мясцовай улады і іншых зацікаўленых арганізацый. Напрыклад, у адной з вёсак жыве сям’я, у якой бацька выхоўвае траіх дзяцей адзін. У свой час ім далі пэўныя льготы як шматдзетным бацькам. Маці гэтага сямейства пайшла з жыцця не так даўно. Раней былі заўвагі і да бацькі, які нярэдка грашыў выпіўкай. Цяпер мы пастаянна трымаем сям’ю на кантролі. Нядаўна ў іх у доме памянялі электраправодку, бо самае першае — гэта пытанне бяспекі. Наведваем сям’ю разам з супрацоўнікамі сферы адукацыі, сацыяльнай службы і іншых устаноў. Гатовыя падключыцца, калі ўзнікнуць пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

Істотная падтрымка ад прадпрыемства

Ірына і Сяргей Шавялёвы з вёскі Паляцічы Батчынскага сельсавета Кобрынскага раёна — бацькі траіх дзяцей. Варвара і Матвей ужо школьнікі. Іх сям’я кожнае лета абавязкова выбіраецца ў падарожжа па сваёй краіне альбо за яе межы, каб, як сказала Ірына, не толькі паляпшаць дабрабыт, але і назапашваць эмоцыі, успаміны. А пасля водпуску, як і ў кожнай сям’і, даводзіцца ўключаць рэжым эканоміі.
— І тады вельмі дарэчы выглядае дапамога дзяржавы, — гаворыць маці сямейства. — Мы ўжо атрымалі дзяржаўную дапамогу, зараз чакаем дапамогу ад прадпрыемства. Мы з мужам працуем на прадпрыемстве «Кобрынскае ПМС». Паводле калектыўнага дагавора, як шматдзетная сям’я атрымліваем пэўную суму грошай і ад прадпрыемства, і ад прафсаюзнай арганізацыі на кожнае дзіця. Прычым атрымлівае кожны з нас як член працоўнага калектыву. І гэта вельмі істотны ўнёсак у падрыхтоўку нашых школьнікаў. Бо самі ведаеце, цяпер дзіцячыя рэчы каштуюць амаль як дарослыя. За дапамогу наша сям’я ўдзячная і дзяржаве, і нашаму прадпрыемству. Так што для бацькоў, якія ў роздуме аб колькасці дзяцей, наш прыклад, думаю, можа быць стымулам, — заключыла Ірына Шавялёва.

Сям'я Шавялёвых

Старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана ГАНГАЛА сказала, што пакуль пытанняў па падрыхтоўцы да школы не ўзнікае. Цяпер гандлёвыя пункты знаходзяцца ў зоне доступу жыхароў нават малых вёсак. Хіба толькі форс-мажорныя абставіны ў якой-небудзь сям’і прымусяць падключацца мясцовую ўладу, але пакуль такіх абставін на тэрыторыі сельсавета не ўзнікала. Усе сем’і, у тым ліку шматдзетныя, набываюць неабходныя для новага навучальнага года форму, школьныя прыналежнасці. І сапраўды, для кожнай сям’і такі шопінг становіцца падзеяй, асабліва для тых сямей, у якіх ёсць першакласнікі.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота з архіва герояў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.