Афтальмалогія — адзін з кірункаў медыцыны, які найбольш імкліва развіваецца. Кожны новы крок у навуцы прыводзіць да з’яўлення новых магчымасцяў, якія дазваляюць урачам хутчэй выяўляць захворванне і больш эфектыўна лячыць пацыента. У 2023 годзе ў Беларусі колькасць высокатэхналагічных аперацый вырасла ў параўнанні з 2022-м на 50%. Штогод толькі на базе Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра выконваецца каля двух дзясяткаў тысяч лазерных аперацый, яны ў структуры хірургічных умяшанняў у орган зроку складаюць 40%. Пра інавацыі ў афтальмалогіі расказалі спецыялісты.
Высокаспецыялізаваная афтальмалагічная дапамога аказваецца ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.
— Наша навуковая школа складаецца з дактароў, якія працуюць на базе 10-й клінічнай бальніцы. Акрамя супрацоўнікаў кафедры, там практыкуюць пяць кандыдатаў медыцынскіх навук. Зацверджаны тэмы дысертацыйных даследаванняў яшчэ чатыром урачам, дзве абароны дысертацый на падыходзе — у нас атрымліваецца ўнікальны рэспубліканскі афтальмалагічны цэнтр, дзе навука непасрэдна звязана з практыкай, — расказвае галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчыца кафедры афтальмалогіі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя БДМУ Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ. — Акрамя таго, дапамагае ў аказанні спецыялізаванай дапамогі Дзіцячы рэспубліканакі афтальмалагічны цэнтр на базе 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы, РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, РНПЦ «Маці і дзіця», з якімі мы цесна кантактуем.
У 2022 годзе зацверджаны клінічныя пратаколы, якія акумулявалі самыя інавацыйныя метады дыягностыкі і лячэння афтальмалагічных паталогій.
Гэтыя пратаколы грунтуюцца на ўкараненні навуковых распрацовак айчыннай афтальмалогіі і сучасных міжнародных стандартах. Таксама ў Беларусі развіваецца практыка-арыентаваная навуковая дзейнасць. Усе дасягненні, якія з’яўляюцца на кафедры афтальмалогіі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя БДМУ, знаходзяць прымяненне ў практыцы.
Афтальмолагі часта ставяць дыягназ пацыентам з іншымі хваробамі.
Менавіта орган зроку дапамагае вызначыць цукровы дыябет, захворванні крыві развітой стадыі, розныя сістэмныя захворванні. Таму афтальмолагі працуюць у міждысцыплінарнай камандзе з калегамі: неўролагамі, рэўматолагамі, тэрапеўтамі, кардыёлагамі, эндакрынолагамі.
Самая вялікая дыспансерная група сярод тых, хто мае афтальмалагічныя захворванні, — пацыенты з глаўкомай. Гэта паталогія дае самы вялікі працэнт інваліднасці па зроку. Аднак хворыя абаронены дзяржавай: усе лекавыя прэпараты, якія прыводзяць да зніжэння ўнутрывочнага ціску, лазерныя метады лячэння, пластычная хірургія, мікрахірургія праводзяцца толькі на бясплатнай аснове, пры неабходнасці — з прымяненнем высокатэхналагічных, інавацыйных дрэнажных прылад. Усе віды лазерных умяшанняў, якія толькі магчымы ў свеце, праводзяцца ў Беларусі, і не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на абласным і гарадскім.
На самым высокім узроўні аказваецца неадкладная афтальмалагічная дапамога. У 2022 годзе па неадкладных паказаннях было выканана 4467 аперацый, у 2023-м — 4259. У 2023 годзе колькасць пралечаных пацыентаў вырасла на 13% у параўнанні з 2022 годам, аперыраваных пацыентаў — на 26%, аперацый — на 19%. Пры гэтым колькасць высокатэхналагічных аперацый вырасла на 50%, а складаных — на 27%. Усяго ў 2022 годзе было праведзена 44 988 аперацый, у 2023-м — 53 435. Часцей яны патрабаваліся пацыентам з катарактай, глаўкомай, адслаеннямі сятчаткі.
Аперацыі пацыентаў з катарактай склалі звыш 50% ад усёй колькасці.
Дарэчы, за суткі дактары Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра могуць прыняць каля 140 пацыентаў.
— Санавіяцыяй нам дастаўляюць людзей з любога рэгіёна Беларусі. Напрыклад, нядаўна з Віцебскай вобласці — са складанай лакалізацыяй унутрывочнага іншароднага цела. У нашай краіне гэта адбываецца вельмі хутка. Прычым пацыент ужо гатовы да эндатрахіяльнага наркозу, і дапамога аказваецца імгненна, — расказала Таццяна Імшанецкая.
Асаблівае месца ў практыцы ўрачоў рэспубліканскага цэнтра займаюць лазерныя тэхналогіі. Тут прадстаўлены поўны іх спектр.
— Мы можам дапамагчы пацыентам з рознай паталогіяй сятчаткі: разрывамі, перадразрывамі, дыстрафіяй, адслаеннямі. Захоўваем зрок камарбідным пацыентам з трамбозамі, цукровым дыябетам, сасудзістай паталогіяй. Дапамагаем хворым справіцца з глаўкомай, калі медыкаментознай тэрапіі недастаткова, а на хірургію ён пакуль не рашыўся. Можам дапамагчы, калі пасля аперацый па катаракце не дасягнулі жаданай вастрыні зроку. Калі хірургі не трапілі ў патрэбную рэфракцыю, можам дадаць лазерных метадаў карэкцыі —творча падыходзім да работы, — расказала ўрач аддзялення лазернай мікрахірургіі вока (в. а. загадчыка аддзялення) 10-й гарадской клінічнай бальніцы Алена ГЕРАСІМЕНКА.
Тут выконваюцца аперацыі і пры розных анамаліях рэфракцыі. Карэкцыю зроку праводзяць як стандартным метадам, так і пры дапамозе высокатэхналагічнага фемталазера. Апошні можа быць выкарыстаны пры перасадцы рагавіцы, гэта новы кірунак, які дазваляе больш дакладна і якасна зрабіць трансплантат, паскорыць яго зажыўленне і зменшыць колькасць ускладненняў.
Прымяняюцца тэхналогіі, якія дазваляюць у шэрагу выпадкаў асісціраваць пры дапамозе фемталазера.
Большасць лазерных аперацый праводзіцца без шпіталізацыі, што вельмі камфортна для пацыентаў і скарачае затраты на лячэнне.
Сёлета на базе клінікі было выканана больш чым 5,5 тысячы лазерных каагуляцый сятчаткі, звыш за 1,5 тысячы дысцызій (гэта аперацыі пры другасных плёнчатых катарактах), амаль 1700 лазерных аперацый пры глаўкоме, каля 900 лазерных карэкцый зроку. Апошнія выконваюцца на платнай аснове, усе астатнія — бясплатныя. Лазерныя аперацыі складаюць больш за 40% ад усіх, якія выконваюцца ў краіне.
Пра інавацыі ў дзіцячай афтальмалогіі расказала галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар кафедры афтальмалогіі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя БДМУ Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА.
— Усе інавацыі, якія прымяняюцца не толькі ў медыцыне, але і ў навуцы ў цэлым, актыўна ўкараняюцца і ў афтальмалагічную практыку.
У апошнія гады афтальмалогія выходзіць за рамкі ўласна афтальмалагічных праблем і ператвараецца ў мультыдысцыплінарную навуку. Гэтае ўзаемадзеянне набывае сапраўды інавацыйны характар з прыцягненнем самых сучасных метадаў дыягностыкі і лячэння, — адзначыла Вікторыя Красільнікава.
Яна падкрэсліла, што адной з галоўных інавацый з’яўляецца спроба выкарыстання ў дыягностыцы штучнага інтэлекту, які з’яўляецца будучыняй медыцыны і афтальмалогіі. Акрамя таго, да інавацый адносяцца медыцынская робататэхніка, нашэнне прылад для маніторынгу здароўя, аналіз і рэдагаванне геному, тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, імплантаваныя прылады і пратэзы, сістэмы дастаўкі лекаў, а таксама розныя імплантацыйныя тэхналогіі: ад штучных хрусталікаў да спроб стварэння штучнага вока. Найбольшую папулярнасць і запатрабаванасць на сёння мае тэлемедыцына. Асноўны кірунак развіцця дзіцячай афтальмалогіі — ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі з іншых галін медыцыны.
Сярод найбольш частых прыроджаных прычын слепаты ў дзяцей — анамаліі развіцця сятчаткі і зоркавага нерва, прыроджаная глаўкома і прыроджаная катаракта.
— На высокім узроўні ў нас ажыццяўляецца хірургія прыроджанай катаракты, якая можа пачынацца з дня нараджэння дзіцяці. Аперацыя ўключае ў сябе не толькі імплантацыю штучнага хрусталіка, але і выкарыстанне 3D-хірургіі. Таксама мы навучыліся вельмі добра спраўляцца з прыроджанай глаўкомай. Самае прыемнае, што цяпер на тэрыторыі Беларусі даступна лячэнне анамалій развіцця сятчаткі, у прыватнасці хваробы Лебера і пігментнай дэгенерацыі. У краіне зарэгістраваны прэпарат, які дазваляе лячыць гэтую паталогію, — расказала дзіцячы афтальмолаг.
З набытых захворванняў, якія ўплываюць на інваліднасць дзяцей, можна вылучыць рэтынапатыю неданошаных. Але за апошнія гады і тут адбыўся прарыў у лячэнні. Гэта датычыцца не толькі лазерных і крыятэхналогій.
— Летась мы атрымалі магчымасць выкарыстоўваць прэпараты з групы Аntі-VEGF, якія дазваляюць затармазіць актыўны рост сасудаў або перавесці іх у зоны, якія не з’яўляюцца зрокава важнымі, — удакладніла Вікторыя Красільнікава.
Як дадала Алена Герасіменка, рэтынапатыя неданошаных — асаблівае захворванне з цяжкімі наступствамі, адна з прычын слепаты і дрэннага зроку не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.
— За апошнія гады на больш высокі ўзровень выйшла аказанне хірургічнай дапамогі, лазернай каагуляцыі сятчаткі, дзякуючы чаму ў нас амаль няма сляпых дзяцей. У 2006 годзе, калі мы пачыналі, з’яўлялася каля 50 іх штогод, і гэта была вялікая праблема. На сёння дапамога аказваецца своечасова, што дае магчымасць да тэрміну нармальных родаў правесці аперацыю: калі дзіця нараджаецца на 23–30-м тыдні, звычайна на 35-36-м тыдні яму робіцца ўмяшанне, — расказала Алена Герасіменка.
Аднак такія пацыенты патрабуюць увагі і ў далейшым.
— Наступствы рэтынапатыі неданошаных праяўляюцца і пазней. Калі ўдалося захаваць зрок у дзяцінстве, можна страціць яго ў падлеткавым ці маладым узросце, — адзначыла афтальмолаг. — Гэта вялікая праблема, і мы шукаем яе рашэнне. Ствараюцца ўмовы для максімальна бескантактнай і дакладнай дыягностыкі, на базе нашага аддзялення даступны ўвесь спектр высокатэхналагічных працэдур.
Яшчэ адна распаўсюджаная сярод дзяцей паталогія — траўма органаў зроку.
— На жаль, дзеці настолькі актыўныя і рухомыя, што знаходзяць магчымасці нанесці сабе траўму, у тым ліку і органаў зроку. Але ў рамках аказання медыцынскай дапамогі і набліжэння самых інавацыйных метадаў лячэння з мінулага года на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы функцыянуе дзіцячае афтальмалагічнае аддзяленне. Гэта вялікае дасягненне, таму што мы максімальна наблізілі дапамогу дзіцячаму насельніцтву да ўзроўню дапамогі даросламу, — заўважыла Вікторыя Красільнікава.
Яшчэ адна прычына інваліднасці дзяцей — уплыў розных наступстваў захворванняў інфекцыйнай і неінфекцыйнай прыроды, якія трэба лячыць і даследаваць у тандэме з неанатолагамі, інфекцыяністамі, генетыкамі. Пры гэтым, як падкрэсліла афтальмолаг, у краіне ўрачы могуць спраўляцца з любой дзіцячай паталогіяй.
Беларускія афтальмолагі дзеляцца сваімі практыкамі з медыкамі з усіх краін постсавецкай прасторы. На кафедры афтальмалогіі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя БДМУ цяпер навучаецца 25 ардынатараў з краін блізкага замежжа, такіх як Грузія, Расія, Азербайджан, Туркменістан, а таксама ардынатары з Лівана і Ірана.
Беларускія спецыялісты ўдзельнічаюць у канферэнцыях і актыўна абменьваюцца вопытам. Пры гэтым запатрабаваны не толькі адукацыйныя паслугі, але і тыя ўнікальныя хірургічныя аперацыі, якія праводзяцца як дарослым, так і дзецям. Напрыклад, не ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы ёсць закон аб трансплантацыі органаў і тканак, таму трансплантацыя рагавіцы актыўна выконваецца для розных замежных пацыентаў.
Алена Кравец
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.