Грыбны сезон — у самым разгары. А гэта значыць, што ў ратавальнікаў дабавілася работы. Кожны дзень яны дапамагаюць людзям, якія збочылі з маршруту, вярнуцца дахаты. У пошуку згубленых нярэдка задзейнічаны немалыя сілы: да супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падключаюцца міліцыянеры, ваеннаслужачыя, валанцёры і проста неабыякавыя грамадзяне. Замест таго каб выконваць свае штодзённыя задачы, яны вымушаны шукаць чалавека, які проста не падрыхтаваўся да «ціхага палявання» і не паклапаціўся пра ўласную бяспеку.
З пачатку года на раніцу 13 жніўня ў лясах Беларусі згубіліся 194 чалавекі, у тым ліку 25 дзяцей. 12 аматараў збору грыбоў і ягад дагэтуль не знайшлі...
Практычна ўсе сітуацыі падобныя адна на адну — пайшлі ў лес і не вярнуліся. Як правіла, трывогу б’юць сваякі грыбнікоў або ягаднікаў, якія іх не дачакаліся. Тэлефануюць ратавальнікам або міліцыянерам і самі пацярпелыя. Мабільны тэлефон, пакладзены ў кішэню, дазваляе не толькі паведаміць спецыялістам аб сваёй бядзе, але і дапамагае ў пошуку.
Так, жанчына, якая заблудзілася разам з дачкой у лясным масіве Кіраўскага раёна, самастойна паведаміла аб гэтым ратавальнікам. Як пасля расказаў старшы інструктар-ратавальнік ПАСП-13 вёскі Стайкі Алег СВІРЫД, яны звязаліся з мужам жанчыны, які патлумачыў, дзе звычайна з жонкай збіраюць грыбы. На месцы супрацоўнікі МНС знайшлі аўтамабіль пацярпелых і пачалі ўключаць сірэну, каб тыя маглі іх пачуць. У выніку маці з дачкой выйшлі на гук сірэны аўтацыстэрны. Яны знаходзіліся ў здавальняючым стане, у медыцынскай дапамозе не мелі патрэбы.
Аб тым, што заблукаў, ратавальнікам паведаміў і мужчына, што збіраў буякі ў лесе каля вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Каля шасці раніцы пенсіянер сышоў у лес ў ягады, а вось самастойна выйсці з лесу не змог. Дзякуючы мабільнаму тэлефону, ратавальнікі пастаянна знаходзіліся на сувязі з мужчынам. Ноччу пацярпелага знайшлі ў балоцістай мясцовасці. На шчасце, у медыцынскай дапамозе не было неабходнасці.
Губляюцца не толькі аматары «ціхага палявання». Днямі ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што патрабуецца дапамога ў пошуку грамадзяніна, які не можа выбрацца з кукурузнага поля. Здарэнне адбылося паблізу вёскі Гусакі Нясвіжскага раёна. Як высветлілася, каля 12.00 мужчына пайшоў у кукурузу і не вярнуўся. Сувязь са згубленым не падтрымлівалася — мабільнага тэлефона ў яго з сабой не было. Пошукі працягваліся больш за суткі. На наступны дзень, дзесьці каля поўдня, згублены быў знойдзены ў полі на адлегласці каля чатырох кіламетраў ад месца жыхарства. Мужчына меў хранічныя захворванні. Вядома, ён нават падумаць не мог, што трапіць у бяду, таму і лекаў з сабой не браў.
А ратавальнікі, між іншым, настойліва рэкамендуюць падумаць пра здароўе, перш чым пайсці ў лес ці кудысьці яшчэ. Калі ўжо вельмі хочацца, людзям з хранічнымі захворваннямі абавязкова трэба ўзяць з сабой неабходныя медыцынскія прэпараты, бо можа здарыцца, як паказвае жыццё, усякае, і невядома, калі чалавек ізноў акажацца дома.
Перш чым адпраўляцца ў лес з дзецьмі, варта падумаць, браць іх з сабой або не. Дастаткова ўсяго на некалькі хвілін пакінуць непаўналетніх без увагі, як можа здарыцца ўсё што заўгодна. У нядзелю, напрыклад, звыш 300 чалавек шукалі трохгадовага хлопчыка ў Шчучынскім раёне.
Паведамленне аб тым, што ў лесе згубілася дзіця, паступіла ратавальнікам у 14.28. Бацька хлопчыка расказаў, што разам з сынам яны адправіліся ў грыбы ў лес каля Шчучына. Мужчына збочыў з дарогі, каб паглядзець, ці ёсць грыбы, і на некалькі хвілін страціў хлопчыка з-пад увагі. Самастойныя пошукі выніку не прынеслі — на крык дзіця не адгукалася. Бацька быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў.
Маленькага грыбніка шукалі супрацоўнікі МНС, РАУС, вайскоўцы, добраахвотнікі, валанцёры пошукава-ратавальнага атрада і мясцовыя жыхары. У пошукавай аперацыі была задзейнічана 21 адзінка тэхнікі. У 18.26 мясцовы жыхар знайшоў хлопчыка на адлегласці каля кіламетра ад месца знікнення. Для абследавання дзіця даставілі ва ўстанову аховы здароўя, пасля чаго адпусцілі дадому.
У чэрвені непаўналетняга шукалі ў лясным масіве паблізу вёскі Салацце, што пад Гродна. Сям’я прыехала адпачыць на возера з начлегам. Раніцай сямігадовы хлопчык пайшоў пагуляць па лесе. Праз некаторы час ён не вярнуўся — бацькі забілі трывогу. Школьнік не адгукаўся на крык, тэлефона з сабой у яго не было. Прачасаўшы масіў паблізу месца стаянкі самастойна і не знайшоўшы сына, бацькі паведамілі аб тым, што здарылася, у міліцыю. Для пошукаў былі прыцягнуты ратавальнікі, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, пагранічнікі і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа. Сына вярнуў бацькам жыхар абласнога цэнтра, які прыехаў у лес збіраць ягады. На шчасце, у медыцынскай дапамозе непаўналетні не меў патрэбы.
Як звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ, калі вы запланавалі адправіцца ў лес у грыбы ці ў ягады, перш за ўсё пацікаўцеся, ці можна ў вашым раёне наведваць лес. «Аператыўна даведацца інфармацыю можна на інтэрактыўнай карце на сайце МНС, — расказвае прадстаўнік ратавальнага ведамства. — Калі дзейнічае забарона, то ўваходзіць у лес нельга, у тым ліку і для збору грыбоў, ягад ці проста шпацыраў. Калі ўведзена абмежаванне, то нельга заязджаць на транспарце, разводзіць вогнішчы. Не забывайце аб гэтых важных умовах. Калі ўсё ж вашым планам нічога не замінае, да паходу ў лес трэба падрыхтавацца. Пачаць варта з адзення. Яно павінна быць непрамакальным і абавязкова з яркім элементам (кепка, хустка). Вазьміце з сабой зараджаны мабільны тэлефон, ваду і ежу, неабходныя лекі».
Таксама не лішнім будзе «ўзброіцца» компасам і картай. Калі вы дрэнна арыентуецеся на мясцовасці, то ратавальнікі ўвогуле рэкамендуюць не ісці ў лес. Калі ўсё ж такі пайшлі, не забудзьцеся папярэдзіць сваякоў або суседзяў аб тым, куды збіраецеся. Раскажыце аб вашым маршруце і ўдакладніце час вяртання.
Калі вы заблукалі, першае, што рэкамендуюць супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — не панікаваць. Пасля — варта прыслухацца: гукі нярэдка дапамогуць зарыентавацца. Шум трактара, напрыклад, чуваць за 3-4 кіламетры, брэх сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў. Ідзіце на гук і абавязкова выйдзеце да людзей. У населены пункт прывядуць і лініі электраперадачы, прасекі, сцяжынкі. Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па плыні — яны заўсёды прывядуць да людзей.
Самастойна выбрацца з лесу не ўдаецца? Патэлефануйце ў МНС (па нумары 112) і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна вы ўвайшлі ў лес; апішыце, што бачыце па баках. Пачынае цямнець — зарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег. Для яго падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Старонкі газеты, засунутыя пад адзенне, зменшаць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад адзенне. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма.
Напрыклад, павесьце на кусты кепку, насоўку ці ліст паперы, абламіце галінкі, каб прыцягнуць увагу.
Калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона і не можаце самастойна выйсці да людзей, у любым выпадку супакойцеся і настройцеся на добры зыход.
Ніхто ў бядзе вас не пакіне. А каб увогуле не трапіць у такую сітуацыю, збіраючыся на «ціхае паляванне», абавязкова прыслухайцеся да парад ратавальнікаў. Паклапаціўшыся аб уласнай бяспецы, вы пазбегнеце непрыемнасцяў, а паход у грыбы ці ў ягады будзе толькі ў радасць.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МНС
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.