У Івацэвічах цяпер прывычная з’ява — дом у рыштаваннях альбо мастак, які размалёўвае апору моста. Можна сустрэць і гараджаніна, які спяшаецца падфарбаваць фасад уласнага дома альбо агароджу. Яно і зразумела, райцэнтр жыве прадчуваннем свята. У пачатку жніўня прайшло пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Старшыня аргкамітэта намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар Петрышэнка пазнаёміўся з аб’ектамі, правёў нараду, на якой вызначаны тэрмін завяршэння будаўніча-рамонтных работ — 25 жніўня.
— Усе шчыруем для таго, каб горад сустрэў гасцей прыгожым, прыбраным, памаладзелым, — сказаў карэспандэнту «Звязды» старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір БЯЛОЎ. — Кіраўніцтва выканкама, прадпрыемствы і ўстановы раёна, яго жыхары настроены правесці свята годна, з размахам, паказаць гасціннасць нашай краіны, павагу да мовы і культуры, да сваіх каранёў.
— Што для вас як кіраўніка раёна ўяўляецца самым галоўным у вялікім працэсе падрыхтоўкі, які выходзіць на фінальную стадыю?
— Галоўнае... прыцягнуць, задзейнічаць як мага больш людзей, арганізацый, устаноў. Хочацца, каб справа падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства стала справай агульнай для ўсяго раёна, каб кожны адчуў сваё дачыненне да будучай падзеі, тады і свята будзе больш яркім, запамінальным. Плануем яшчэ правесці адзін-два суботнікі, каб нанесці апошнія штрыхі парадку на вуліцы. Арыентуем гараджан на тое, каб упрыгожылі свае дамы і падворкі, каб зрабілі пасільны ўнёсак у агульную справу. Скажам, жыхар прыватнага сектара можа ўзяць вядро, рыдлёўку ды крыху палепшыць тэрыторыю і за сваёй агароджай. Другі дапаможа неяк інакш. Так было з самага пачатку падрыхтоўкі.
Гэта свята напрамую звязана з нашымі каранямі, нашай культурай, нашымі славутасцямі, якімі багатая Івацэвіччына. Таму асабліва важна, каб як мага больш людзей адчулі сябе датычнымі да падзеі, што і паспрыяе справе ўмацавання адзінства.
— Наколькі я ведаю, падрыхтоўка пачалася яшчэ летась. Калі коратка, што зроблена, чым прырос райцэнтр?
— Найперш прырос прыгажосцю. Горад на вачах пераўтвараецца. Па некаторых вуліцах пракладзены новыя інжынерныя камунікацыі; шэраг дамоў, асабліва ў цэнтральнай частцы горада, перажыў рамонт, фасады іх атрымалі новы выгляд у арыгінальным колеравым вырашэнні. Змяніліся да непазнавальнасці таксама фасады адміністрацыйных пабудоў, магазінаў.
На змену блякламу вобліку прыходзіць спектр спакойных тонаў з яркімі акцэнтамі, такім чынам кожнае збудаванне выяўляе індывідуальны характар. Пракладваюцца асфальт і тратуарныя дарожкі. На плошчы Леніна падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя фантана.
Па праграме падрыхтоўкі да свята нямала зроблена па аб’ектах сацыяльнай сферы. З пачатку года вядзецца рамонт у раённай паліклініцы. Будынак адрамантавалі і звонку, і ўнутры. Заменены вокны, новае аблічча атрымаў фасад. Новы ганак адпавядае цяпер патрабаванням безбар’ернага асяроддзя. Зроблены капітальны рамонт другога паверха.
На першым паверсе падрыхтавана памяшканне для камп’ютарнага тамографа. З’яўленне КТ у Івацэвічах стала падзеяй для нас, мантаж высокатэхналагічнага абсталявання завершаны, хутка тамограф пачне работу на карысць пацыентаў.
У бальніцы чакаюць таксама новы рэнтгенаўскі апарат.
Шмат чаго зроблена для ўстаноў адукацыі. Школы атрымалі новыя спартыўныя пляцоўкі, пачалася работа па цеплавой рэабілітацыі чацвёртай школы, пракладзены бегавыя дарожкі на стадыёнах першай і чацвёртай школ, да першай школы праклалі асфальт на пад’ездзе. Гэтыя работы будуць праводзіцца і далей, аж да канца года. Вось, прасілі пералічыць коратка, а атрымалася доўга, і можна яшчэ шмат чаго называць, бо робіцца сапраўды многа. Вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый двароў, робяцца пад’езды да дзіцячых садкоў, штодня паяўляюцца новыя клумбы, кветнікі. Усё гэта застанецца для жыхароў як напамін пра Дзень беларускага пісьменства.
А яшчэ застануцца арыгінальныя арт-аб’екты, вырабленыя да гэтай знакавай падзеі. Каля раённай бібліятэкі, напрыклад, устаноўлены аб’ект пад назвай «Лятучыя кнігі». Дарэчы, бібліятэка як адзін з галоўных аб’ектаў свята таксама перажыла рамонт і абнаўленне. Але ж галоўнае — сама праграма свята, надзвычай насычаная, багатая на мерапрыемствы і падзеі, накіраваныя на папулярызацыю чытання, любові да кнігі, да роднага слова. Самы актыўны ўдзел у праграме прымуць нашы ўстановы і арганізацыі, творчыя калектывы і людзі. Так што чакаем гасцей, пастараемся не расчараваць.
Да Дня беларускага пісьменства рыхтуюцца ўсе арганізацыі і ўстановы раёна. І першая ў гэтым шэрагу — раённая бібліятэка імя Піліпа Пестрака. Знаходзіцца яна ў вялікім і светлым будынку, узведзеным у 1956 годзе.
— Сёлета ўстанова перажыла рамонт і абнаўленне, — расказала дырэктар Івацэвіцкай раённай бібліятэчнай сеткі Галіна Міхнюк. — Абноўлены фасад выглядае вельмі стыльна. Цалкам памянялася пляцоўка перад уваходам, на змену старым ліпам прыйшла зялёная зона з лаўкамі, цэнтрам якой стаў арт-аб’ект «Лятучыя кнігі». Ён уяўляе сабой гэтакі металічны «букет», дзе кожная кветка — кніга з цытатай аднаго з нашых класікаў.
Таксама праведзены рамонт у памяшканнях абанемента і чытальнай залы, абноўлены холы на паверхах, установа атрымала новую мэблю, тэхніку; зараз супрацоўнікі развешваюць карціны і абстаўляюць канферэнц-залу, дзе можна будзе праводзіць мерапрыемствы, чытацкія канферэнцыі, круглыя сталы. На першым паверсе ўстаноўлены інфармацыйны інтэрактыўны стэнд.
Бібліятэка актыўна працуе над абнаўленнем фонду. Галіна Міхнюк расказала, што літаральна нядаўна Саюз пісьменнікаў Беларусі зрабіў падарунак: старшыня Саюза пісьменніаў Алесь Карлюкевіч перадаў каля тысячы экзэмпляраў кніг беларускіх аўтараў. І падкрэсліла, што новая літаратура паступае ў асноўным ад беларускіх выдавецтваў.
Да свята бібліятэка рыхтуе сваю пляцоўку. Усе нюансы адкрыцця арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце, але вядома, што ў цырымоніі таксама будзе задзейнічана бібліятэка. У скверы Перамогі непадалёку пакажуць рэканструкцыю ваенных падзей, якія адбываліся ва ўрочышчы «Хаваншчына», затым удзельнікі мерапрыемства накіруюцца да бібліятэкі, якая сустрэне гасцей выставай-прэзентацыяй. Апошняя ўключае ў сябе кніжную выставу «Івацэвіцкі раён: гісторыя і сучаснасць» з шэрагу раздзелаў. Напрыклад, Целяханская бібліятэка рыхтуе экспазіцыю «Генацыд — боль і памяць». Супрацоўнікі падыходзяць да работы творча, цікава афармляюць сваю выставу. Бібліятэкар з Гошчава Алена Ляўчук нават правядзе майстар-клас па вырабе сувеніраў з салёнага цеста.
А літаратурная пляцоўка «Паэтычны дворык» прывабіць аматараў паэзіі: дзеці і дарослыя прачытаюць вершы аўтараў, якія прадстаўлены ў кампазіцыі «Лятучыя кнігі». Яшчэ школьнікі рыхтуюць тэатралізаваную дзею паводле вершаў Янкі Купалы. Віктарына «Промні асветніцтва» збярэ аматараў і знаўцаў беларускай літаратуры. Адным словам, цікавінак будзе многа, пра ўсе Галіна Зумадзінаўна не расказала ў жаданні захаваць інтрыгу. Так што варта будзе ісці і глядзець.
Таксама варта наведаць музейны дворык Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Як расказала дырэктар музея Раіса Горбач, дворык з’явіўся ў выніку добраўпарадкавання тэрыторыі. Тут абсталявалі пляцоўку, дзе можна будзе ладзіць невялікія выставы і прэзентацыі.
Праўда, пакуль яшчэ дворык у рыштаваннях, але будаўнікам застаецца дзень-два. А першым мерапрыемствам у новым дворыку стане прэзентацыя твораў земляка Анатоля Галушкі. Чалавек унікальнага лёсу, мастак, паэт, які пераадолеў уласную нерухомасць. Прыкаваны да ложка, ён ствараў карціны, трымаючы пэндзаль у зубах, а літаратурныя творы дыктаваў родным людзям. Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Засталіся вершы, засталіся карціны, якія і пакажуць у дворыку. «Мы хочам нагадаць пра чалавека, улюбёнага ў хараство свету і родныя краявіды. У нас шмат людзей ведае пра Анатоля Галушку, ведае яго творчасць, — гаворыць Раіса Іванаўна. — Абавязкова прагучаць яго радкі. Аўтар здолеў узняцца над уласным болем, над сваёй нерухомасцю і сваёй творчасцю разбурыў перашкоды, што ўзніклі з-за абмежаваных магчымасцяў. Таму і гучаць яго, несумненна, выпакутаваныя радкі надзвычай шчыра».
Філіял музея — мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» — рыхтуе рэканструкцыю падзей вайны, рэканструктары пакажуць партызанскую школу ў скверы Перамогі. Дарэчы, перад Домам культуры будзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая прадстаўляе хлопчыка і дзяўчынку з кнігай. Гэта падарунак гораду гільдыі кавалёў. Аўтары падкрэсліваюць, што ва ўсе часы, нават у такія ліхія, як вайна, калі страх вымушаў людзей пакінуць свае дамы, кніга была запатрабаваная, бо яна суправаджае чалавека ўсё яго жыццё.
Начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Чалык расказала, што да ўдзелу ў свяце рыхтуюцца ўсе ўстановы культуры раёна. Чаго варты адзін толькі гастранамічны фэст: дзе яшчэ можна пакаштаваць жытнія праснакі з крапівой?! Гэтую страву гатовы прадставіць музей «Хаваншчына». А яшчэ партызанская гарбата з шасці траў, сухарыкі івацэвіцкія, пернікі з сухафруктамі і шмат чаго іншага, што можна пакаштаваць толькі ў Івацэвіцкім раёне. Да таго ж пяць мясцовых гаспадынь прадэманструюць сваю аўтарскую кухню.
На фестывалі народнай творчасці і фальклору можна будзе пачуць і ўбачыць творчых людзей з самых розных вёсак раёна. Яны пакажуць песні, танцы, элементы абрадаў, строі — усё, чым багаты кожны куток раёна. Больш за два дзясяткі майстроў раёна возьмуць удзел у лакацыі «Горад майстроў». Падрыхтаваны выцінанкі, вышыванкі, сувеніры з івацэвіцкімі матывамі.
— Мерапрыемстваў запланавана шмат, на любы густ, — адзначае Ірына Аляксандраўна. — Напрыклад, пра 100-годдзе беларускай кінематаграфіі будзе нагадваць кінатэатр пад адкрытым небам, гледачы змогуць убачыць стужкі айчынных аўтараў.
— У праграме рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Івацэвіцкія чытанні» прадугледжана пяць івацэвіцкіх дакладчыкаў, — паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Сяўко. — Адзін з нашых краязнаўцаў раскажа пра нашчадка Пушкіна, ураджэнца Івацэвіцкага раёна; будуць цікавыя паведамленні пра іншых землякоў, пра літаратурныя мясціны і падзеі раёна.
Мы рады, бо маем што паказаць гасцям. Напрыклад, у скверы Перамогі, дзе адбудзецца адно з мерапрыемстваў свята, сёлета паявілася Алея памяці. Мы сабралі з усяго раёна здымкі франтавікоў — тых, хто вярнуўся і не вярнуўся з вайны, усіх, хто зрабіў унёсак у Вялікую Перамогу. І сёння кожны нашчадак удзельніка вайны можа знайсці здымак продка. Рэалізацыя гэтага праекта аб’яднала многіх людзей. Спадзяюся, што і падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства паслужыць справе адзінства на падмурку павагі да роднага слова, да кнігі, да нашай спадчыны.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».