Вы тут

На прыём да Старшыні Савета Рэспублікі людзі едуць з усёй краіны


«У мяне ёсць інфармацыя, што пасля візіту да Наталлі Іванаўны пытанне было вырашана нават не на 100, а на 150 працэнтаў, і проста імгненна. І такіх выпадкаў, наколькі я ведаю, вельмі шмат», — падзялілася з журналістамі жанчына, якая прыехала на асабісты прыём грамадзян да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай па дапамогу. Асабістыя прыёмы дазваляюць людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, вырашыць сваю праблему ці як мінімум атрымаць каштоўную параду. Прадстаўнікам улады падобныя мерапрыемствы дазваляюць убачыць, дзе ў заканадаўстве ці іншых нарматыўна-прававых актах ёсць недахопы і на што трэба звярнуць пільную ўвагу.


Чаму дальнабойшчык — «беспрацоўны»?

Паказальны прыклад Ніны Аляксандраўны з Бабруйска. Яна ўжо амаль пяць гадоў не можа спагнаць аліменты з былога мужа. Мужчына працуе ў Літве, мае заробак, але ў Беларусі лічыцца беспрацоўным і аліменты на дзіця выплачвае як беспрацоўны. Прычым гэта не адзінкавы выпадак. Па словах жанчыны, у Бабруйску нямала маці з такой жа праблемай. «Справіцца сваімі сіламі і сіламі судовага выканаўцы ў мяне не атрымалася, таму я звярнулася па дапамогу да Наталлі Іванаўны. Дзякуй ёй вялікі, я была прынята, выслухана, пачута. На жаль, мая праблема — гэта класічны фармат, у Бабруйску такіх, як я, вельмі шмат. Чамусьці ўсе нашы дальнабойшчыкі, развёўшыся, аказваюцца беспрацоўнымі і плацяць на дзіця 50% пражытачнага мінімуму, хоць іх рэальныя даходы нашмат большыя. У мінулым месяцы я атрымала ад былога мужа 200 беларускіх рублёў. А з 2017 года атрымлівалася, што месяц плаціць, месяц не плаціць. І мы не ведаем, што з гэтым рабіць», — расказала жанчына. 

Старшыня Савета Рэспублікі даручыла ўзяць гэтае пытанне на асаблівы кантроль, звязацца з міністрам унутраных спраў, а таксама з міністрам працы і сацыяльнай абароны для прававога вырашэння гэтай сітуацыі. 

«Гэтую гісторыю я бяру на кантроль і цяпер буду яе каментаваць усюды. Чалавек лічыцца беспрацоўным, знаходзіцца на сацыяльным забеспячэнні, яго сям’я карыстаецца ўсімі сацыяльнымі дабротамі ў Беларусі. А ён насамрэч тым часам працуе за межамі краіны. Так быць не павінна», — адзначыла Наталля Качанава.

Дача — гэта не катэдж

На ўсе прыёмы грамадзян у Савет Рэспублікі запрашаюцца прадстаўнікі адпаведных ведамстваў і арганізацый. Гэта робіцца для таго, каб людзей, якія прыязджаюць за сотні кіламетраў, не проста выслухалі, а адразу далі парады, кансультацыі і ўзялі на кантроль. Напрыклад, Вольга Валер’еўна — шматдзетная маці, не можа атрымаць субсідыю на будаўніцтва жыцця ў поўным аб’ёме, паколькі ў спадчыннай маёмасці ў яе ёсць дача. Але гэты дом знаходзіцца ў глухой вёсцы, дзе зусім няма ўмоў для пастаяннага жылля, няма дзіцячага садка, школы, магазіна. 

Аднак яго ўлічваюць як жылы. «Законы на сёння менавіта такія. Але мясцовым уладам неабходна зыходзіць з існуючых рэалій. Адна справа — катэдж у шматдзетнай сям’і ў Тарасаве. Іншая справа — вось такія сітуацыі, як у заяўніцы. Я катэгарычна не згодна з такім раўнаваннем. 

Даручаць вырашэнне такіх пытанняў трэба мясцовай уладзе: разбірацца зыходзячы з існуючых рэалій і па сутнасці», — адзначыла Наталля Качанава. Яна ўзяла гэтую сітуацыю на кантроль.

«Візітам я вельмі задаволена. Наталлі Іванаўне вялікі дзякуй: усё расклала па палічках, растлумачыла, паведаміла, што закон ужо ў распрацоўцы і найбліжэйшым часам сітуацыя павінна вырашацца ў лепшы бок. Таму спадзяёмся, што ўсё будзе добра. Яна мяне зразумела — як жанчына, як кіраўнік. Дзякуй ёй вялікі!» — падзялілася з журналістамі Вольга Валер’еўна.

Асаблівыя дзеці — асаблівыя праблемы

На прыём да Старшыні Савета Рэспублікі часта прыходзяць людзі, якім больш няма да каго звярнуцца па дапамогу. Таму і адлегласць для іх не перашкода. Крысціна Анатольеўна прыехала з Жабінкі. Жанчына адна выхоўвае 7-гадовага сына-інваліда з трэцяй ступенню страты здароўя — аўтызмам. Бацька ў хлопчыка ёсць, але ён пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Жанчына расказала, што родных у яе няма і разлічваць яна можа толькі на сябе. 

Сям’і няма дзе жыць, і жанчына з сынам спынілася ў сяброўкі. Наталля Качанава даручыла знайсці сям’і зручнае жыллё, узяла сітуацыю на кантроль і запэўніла, што пастараецца максімальна дапамагчы ў гэтай сітуацыі. «Калі апускаюцца рукі і больш няма куды звяртацца, то, мабыць, гэта менавіта тое месца, куды трэбы прыязджаць і прасіць дапамогі. Гэта была мая самая вялікая надзея. Калі я казала сабе, што я так больш не магу, Наталля Іванаўна мяне натхняла на тое, што ёсць выхад», — пасля прыёму Крысціна Анатольеўна не хавала эмоцый.

Па дапамогу да Старшыні Савета Рэспублікі звярнуўся і Сяргей Іванавіч з Мінска. Пасля смерці жонкі мужчына адзін выхоўвае сына-інваліда першай группы (аўтызм). Хлопцу трэба адпачываць, аздараўлівацца. Але з такім дыягназам накіроўваць яго ў санаторый не належыць. «Нам трэба падумаць аб стварэнні санаторыя для аўтыстаў, старэйшых за 18 гадоў, і асоб, якія пакутуюць ад іншых захворванняў. Гэта трэба нават для бацькоў, якія ажыццяўляюць догляд іх, каб даць магчымасць адпачыць», — заўважыла Наталля Качанава. Гэта пытанне яна таксама ўзяла на свой кантроль.

«Вельмі прыемная сустрэча, прыемна прайшла гутарка. Вельмі тонкія, душэўныя людзі, выслухалі з разуменнем. Я думаю, што ўсё будзе добра. Дай Бог ім усім здароўя, доўгіх гадоў. Каб у іх сямейны дабрабыт быў і ўсё было добра. Наша кіраўніцтва сапраўды выклікае захапленні», — падзяліўся ўражаннямі Сяргей Іванавіч.

Галіна Віктараўна з Мінска перадала Наталлі Іванаўне калектыўны зварот бацькоў дзяцей-інвалідаў. Яны просяць даць роўныя магчымасці ў адукацыйным працэсе дзецям-інвалідам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у прыватнасці арганізацыі персанальнага суправаджэння дзяцей з сіндромам Даўна падчас навучальнага працэсу. Пры Савеце Рэспублікі дзейнічае кансультатыўны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У найбліжэйшы час адбудзецца чарговае пасяджэнне гэтага савета. Наталля Качанава даручыла падрыхтаваць у Савеце Рэспублікі сустрэчу з ініцыятыўнай групай бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

* * *

Усе пытанні, з якімі людзі з розных гарадоў прыехалі на асабісты прыём да Старшыні Савета Рэспублікі, узяты на кантроль, адказным асобам дадзены адпаведныя даручэнні. І не толькі на словах, а на справе, паколькі работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адным з асноўных кірункаў дзейнасці Савета Рэспублікі. З красавіка да ліпеня бягучага года сенатарамі праведзена 186 асабістых прыёмаў, 92 прамыя тэлефонныя лініі. Разгледжана звыш 1960 зваротаў. За кожным з іх — гісторыі людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Таму, як неаднаразова падкрэслівала Наталля Качанава, трэба ўважліва разглядаць кожную канкрэтную сітуацыю і прыкладаць максімум намаганняў, каб дапамагчы чалавеку.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА 

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.