Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з калектывам РНПЦ «Кардыялогія»


Падчас сустрэчы з калектывам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Наталля Качанава праінфармавала аб асноўных кірунках дзейнасці Савета Рэспублікі: заканатворчасці, міжнародных стасунках, рабоце з насельніцтвам. Таксама спікер распавяла аб знешніх выкліках, якія ствараюць пагрозу нашай краіне, сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, дзе сістэме аховы здароўя ўдзяляецца асаблівая ўвага. 


«Сацыяльная сфера сёння — гэта пільная ўвага з боку Прэзідэнта нашай краіны і ўрада, — падкрэсліла ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску. — Усё, што датычыцца сацыяльнай сферы, для нас вельмі важна, бо калісьці дзяржава ўзяла на сябе сацыяльныя абавязкі і сёння яны выконваюцца. Гэта няпроста, далёка няпроста, бо не кожная краіна мае магчымасць прадастаўляць такія сацыяльныя гарантыі, якія ёсць у нас. У нас 11 дапамог, якія выплачваюць сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. А самае галоўнае, да трох гадоў жанчына можа знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, які аплочваецца». 

Пры гэтым спікер звярнула ўвагу на тое, што развіваць сацыяльную сферу і вырашаць пытанні, якія стаяць, можна тады, калі эфектыўна працуе эканоміка. «Сістэма аховы здароўя павінна працаваць эфектыўна, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Дакладна пастаўлена задача — па будаўніцтве новых устаноў аховы здароўя ўсё павінна быць абгрунтавана. У горадзе Мінску мы разумеем, што інфекцыйную бальніцу варта будаваць. Інфекцыйная бальніца на Крапоткіна, вядома, не інфекцыйная бальніца для нашай краіны. Яна павінна быць базавым навуковым цэнтрам. Таму прынята рашэнне і ўжо пачата будаўніцтва гэтай бальніцы». 

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, Прэзідэнтам пастаўлена задача — аказваць кваліфікаваную якасную дапамогу ў любым рэгіёне нашай краіны, любому чалавеку. Спікер удакладніла, што кожны мае права трапіць у рэспубліканскі цэнтр. Для гэтага павінны добра працаваць рэгіянальныя службы — канкрэтныя задачы пастаўлены перад мясцовымі органамі ўлады.

«Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры павінны быць магутным ядром сплаву навукі, сучасных тэхналогій і самых прафесійных і вопытных спецыялістаў, якія павінны працаваць у гэтых цэнтрах», — акцэнтавала ўвагу ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску. 

У размове з супрацоўнікамі РНПЦ «Кардыялогія» закраналіся і тэмы даступнасці аказання медыцынскай дапамогі, кадравага патэнцыялу медыцынскай галіны, развіцця айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці. Наталля Качанава звярнула ўвагу медыкаў на праблемы нарказалежнасці, уцягвання ў распаўсюджванне наркатычных сродкаў моладзі, масавага выкарыстання электронных курыльных сумесяў, педафіліі, незанятасці ў эканоміцы пэўнай катэгорыі працаздольнага насельніцтва. Пры гэтым спікер агучыла, што чакае ад медыцынскай супольнасці прапаноў, якія могуць пасадзейнічаць вырашэнню гэтых праблем. 

Напрыканцы сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі падзякавала калектыву РНПЦ «Кардыялогія» за іх няпростую працу і пажадала моцнага здароўя людзям, якія робяць здаровымі іншых. 

У размове з журналістамі Наталля Качанава паведаміла, што даўно хацела пабываць у гэтым працоўным калектыве. «Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, якія функцыянуюць у нашай краіне, нясуць сур’ёзную нагрузку па аказанні дапамогі ўсім жыхарам нашай краіны і тым, хто прыязджае, — канстатавала яна. — У нас працуюць добрыя спецыялісты, праводзяцца высокатэхналагічныя аперацыі.

Перш за ўсё хацела пачуць пытанні, якія ёсць у тых, хто працуе ў нашых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, давесці да нашых урачоў, медыцынскіх супрацоўнікаў, спецыялістаў тую інфармацыю, якой валодаем мы: аб тых заканадаўчых актах, аб той рабоце, якая праводзіцца Саветам Рэспублікі, над якімі праектамі мы цяпер працуем. Акурат мы працуем над Кодэксам аб ахове здароўя, таму для нас вельмі важна, што кажа медыцынская супольнасць для таго, каб у далейшым, прымаючы гэты кодэкс, мы разумелі, што гэтае рашэнне абсалютна правільнае». 

Старшыня Савета Рэспублікі расказала, што сенатары выступілі з заканадаўчай ініцыятывай аб забароне ўжывання электронных цыгарэт і курыльных сумесяў. Спікер заўважыла, што гэтая прапанова паступіла менавіта ад медыцынскіх работнікаў, які кажуць аб той небяспецы, якую нясуць электронныя цыгарэты і курыльныя сумесі. У рабоце над гэтым законапраектам будзе ўлічвацца меркаванне спецыялістаў сістэмы аховы здароўя. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.