Школы горада Мінска напоўніцу рыхтуюцца да першага верасня. Сёння шмат робіцца для таго, каб навучальны працэс быў не толькі карысны, але і камфортны. На капітальны і бягучы рамонт устаноў адукацыі штогод выдзяляюцца значныя сумы. Учора гатоўнасць некаторых агульнаадукацыйных устаноў праверылі кампетэнтныя спецыялісты на чале з памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па горадзе Мінску Юрыем Фраловым і намеснікам старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэем Стрыгельскім. Карэспандэнт «Звязды» таксама далучыўся да важнага рэйду і высветліў, якія работы былі зроблены, а што яшчэ толькі наперадзе.
Першым прыпыначным пунктам рабочай дэлегацыі стала сярэдняя школа № 53, што на вуліцы Леаніда Бяды. Установа адукацыі закрылася на капітальны рамонт яшчэ мінулай восенню. І вось праз менш чым год маштабных работ школа амаль як новенькая. У сучасных класах — усё неабходнае абсталяванне. У прыярытэце яе адміністрацыі — камфорт і бяспека дзяцей.
«Калі ў мінулым жніўні стартавалі работы, задача была адна: да першага верасня гэтага года дзеці павінны вярнуцца ў родныя сцены, — распавяла дырэктар СШ № 53 Наталля Сляпян. — Сёння работы выкананы на 90 працэнтаў. Нягледзячы на тое, што аб’ект яшчэ не здадзены, мы актыўна займаемся добраўпарадкаваннем разам з заказчыкамі і падрадчыкамі. Унутры школы вымыты ўсе кабінеты, блішчаць вокны. Цяпер збіраецца мэбля, манціруецца абсталяванне. Школьны калектыў актыўна рыхтуецца да пачатку навучальнага года».
Паводле яе слоў, за гэты час быў выкананы сапраўды вялікі аб’ём работ — зроблена ўцяпленне і афарбоўка фасада, замена даху і інжынерных камунікацый. У школе цалкам замянілі вокны, зрабілі рамонт абсалютна ва ўсіх кабінетах. Першага верасня ўстанова адчыніць свае дзверы тысячы вучняў.
Паралельна з капітальным рамонтам будынка школы ідзе і бягучы рамонт спартыўнага стадыёна. «Цяпер усе сілы накіраваны на тое, каб да першага верасня ён таксама быў гатовы. У самой школе засталося расставіць парты, стварыць утульнасць. Актыўна ідзе афармленне: устаноўка інфармацыйных стэндаў, дзяржаўнай сімволікі і завяршэнне фінальных крокаў да таго, каб першага верасня выглядаць годна», — падкрэсліла дырэктар.
Абноўленую школу па вартасці ацаніў і Юрый Фралоў: «Гэта ўстанова адукацыі, якая была на капітальным рамонце, пакінула вельмі прыемныя і станоўчыя ўражанні, яна сапраўды змянілася. Будынак школы 80-х гадоў, але калі я ўбачыў, што было зроблена ў ходзе капрамонту, склалася ўражанне, што гэта абсалютна новая школа! Была ўкладзена душа, створаны выдатныя ўмовы. У харчаблок закуплена новае абсталяванне, прыняты крэатыўныя рашэнні па ўнутраным размяшчэнні аб’ектаў. Таксама разгледзелі актавую залу. Як мне сказалі, гэтая школа з тэатральным ухілам, таму цяпер дзецям будзе вельмі зручна рэалізоўваць свае самыя смелыя творчыя ідэі і пачынанні. На дадзены момант тут даводзяць фінальныя штрыхі. Школа рыхтуецца да атрымання пашпарта аб’екта, і няма ніякіх сумненняў у тым, што яна будзе гатовая да пачатку новага навучальнага года».
Па яго словах, у нашай сталіцы больш за 700 устаноў адукацыі, што рыхтуюцца да новага навучальнага года. Усюды праводзіцца вялікая праца, каб як след падрыхтавацца да навучальнага працэсу. «Сёння школамі горада Мінска атрымана больш за 160 пашпартоў гатоўнасці з 245. У цэлым, на правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў устаноў адукацыі затрачаны значныя сродкі. Гэта больш за 120 мільёнаў рублёў толькі сёлета. Вядома, дапамагаюць і арганізацыі горада, вучні і настаўнікі таксама працуюць і прыводзяць навакольную тэрыторыю ў парадак. Усе разумеюць важнасць і значнасць гэтых работ», — падсумаваў памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску.
Наступным прыпынкам для дэлегацыі стала сярэдняя школа № 86 у Партызанскім раёне сталіцы. Яна носіць імя палкоўніка міліцыі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удзельніка партызанскага руху Фамы Занько. У ёй быў праведзены касметычны рамонт. Па словах мясцовай адміністрацыі, сёння тут навучаецца каля 530 дзяцей.
Летась у школе былі выкананы рамонты санвузлоў. Сёлета за кошт бюджэтных сродкаў зроблена лесвіца з цікавым каляровым аздабленнем. Штогод гэтая ўстанова адукацыі становіцца прызёрам раённага конкурсу кабінетаў. Самымі прыгожымі прызнаны кабінеты геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры. Сцены, парты і ўсё класнае абсталяванне аформлена сучасна, маляўніча, з QR-кодамі.
Таксама тут вялікую ўвагу ўдзяляюць спорту. Для кіраўніцтва школы самае галоўнае — дзеці, якія ў ёй навучаюцца. Прадстаўнікі школьнай адміністрацыі адзначылі, што ва ўстанове адукацыі практычна няма цякучкі кадраў. Калектыў захаваны з 2001 года. Практычна ўсе настаўнікі прыйшлі сюды маладымі спецыялістамі, а пасля засталіся назаўжды. У школы ёсць нават свой дэвіз: «Школа — дом, дзе сэрцу стане цёпла».
«Сёння завяршаюцца работы па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года, — расказаў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. — Было вызначана, што 15 жніўня — канчатковы тэрмін. Да гэтага часу павінны быць падпісаны пашпарты гатоўнасці міжведамаснымі раённымі камісіямі. Сёння гэтыя камісіі прынялі і падпісалі пашпарты гатоўнасці больш за палову сталічных школ. Гэта азначае, што школы фактычна гатовыя да новага навучальнага года».
Ён адзначыў, што ў сталіцы былі праведзены маштабныя работы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі. «Гэта і капітальныя, і бягучыя рамонты.
Выдзелена даволі значнае фінансаванне. Сталіца атрымала пяць школ пасля комплекснага капітальнага рамонту. Сярод іх — 53-я школа, якую мы з вамі наведалі. Фактычна яна атрымала другое нараджэнне. Пры правядзенні капітальнага рамонту быў ужыты комплексны падыход. Гэта не толькі інжынерныя сеткі, дах, узмацненне апорных канструкцый, але і эстэтызацыя адукацыйнага працэсу і прасторы», — дадаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.
Многае зроблена па замене аконных блокаў. «Сёння мы кажам, што фактычна ва ўсіх школах сталіцы драўляныя аконныя блокі заменены на сучасныя шклопакеты. Таксама быў праведзены рамонт спартыўных залаў, санітарных вузлоў, спортпляцовак. Больш за 60 мільёнаў рублёў з гарадскога бюджэту накіравана на правядзенне бягучых рамонтаў і больш за 65 мільёнаў рублёў — на правядзенне капітальных рамонтаў», — сказаў Андрэй Стрыгельскі.
Па яго словах, да першага верасня ў сталіцы 241 агульнаадукацыйная школа адчыніць свае дзверы для вучняў, а таксама тры прыватныя ўстановы адукацыі. «Апошнія таксама актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года, і міжведамасная камісія ацэніць іх ступень падрыхтоўкі.
А яшчэ ў сталіцы адкрываецца новая школа ў мікрараёне Лябяжы, куды пераязджае 42-я гімназія (яна атрымлівае новы будынак). Дзеці, якія пражываюць у дадзеным мікрараёне, таксама прыйдуць туды вучыцца», — падагульніў ён.
Пабывалі мы і ў гімназіі № 14, што недалёка ад універмага «Беларусь». Тут заканчваецца капітальны рамонт спартыўнага стадыёна. Навучанне ў гімназіі праходзіць на беларускай мове. Таксама ў ёй удзяляецца асаблівая ўвага захаванню нацыянальнай культуры. Больш падрабязна пра гэта распавяла дырэктар установы Марыя Гарохава:
«Наша гімназія — адна з пяці сталічных устаноў адукацыі, дзе навучальны працэс адбываецца на беларускай мове. Сёння ў нас навучаецца 784 вучні. На першага верасня мы набяром тры першыя класы па 28 чалавек. У нас нават быў конкурс. Спадзяёмся, што новая сотня дзяцей, якія папоўняць дружную сям’ю нашай гімназіі, будзе такая ж адказная, шанаваць беларускую мову, любіць родную зямлю і актыўна займацца спортам».
Таксама тут ёсць профільны клас грамадзянска-патрыятычнага выхавання і педагагічны клас. Адміністрацыя гімназіі ставіць задачу навучання і выхавання будучых педагогаў, якія змогуць арганізоўваць навучальны працэс на роднай беларускай мове. У навучальнай установе робіцца многае і для захавання беларускай нацыянальнай культуры. На базе гімназіі ёсць музей вясковага побыту, музей музычных інструментаў, музей гісторыі партызанскага руху ў Беларусі. Велізарнай папулярнасцю ў жыхароў Заводскага раёна карыстаецца басейн. У гэтым годзе была праведзена яго рэканструкцыя, створана гідраізаляцыя.
«Сёння ва ўсю ідзе капітальны рамонт нашага стадыёна. Упэўнена, што ён будзе карыстацца попытам. Работы вядуцца вельмі актыўна, згодна з графікам. Спадзяёмся, што да пачатку навучальнага года зможам урачыста адкрыць наш стадыён. Усе будаўнічыя работы будуць выкананы ў тэрмін.
Ужо ўкладваюцца апошнія метры асфальту, што надасць эстэтычны выгляд стадыёну. Затым — устаноўка гульнявога абсталявання, дарожак, валейбольнага, футбольнага поля і іншых аб’ектаў», — дадала дырэктар.
Дарэчы, у роднай гімназіі Марыя Іванаўна працуе ўжо 30-ы год. «Гэта даволі значны перыяд. Розныя былі часы стаўлення да навучання на беларускай мове. Але сёння адукацыя на роднай мове карыстаецца попытам. У нас няма цяжкасцяў з наборам дзяцей. Многія бацькі, якія любяць сваю нацыянальную культуру, паважаюць беларускую мову, усведамляюць сябе яе носьбітамі, імкнуцца навучаць на ёй і сваіх дзяцей. Таму першакласнікаў мы заўсёды набіраем без праблем, — адзначыла дырэктар гімназіі. — Няма складанасцяў для бацькоў і дзяцей.
Яны з лёгкасцю ўступаюць у адукацыйны працэс на беларускай мове і асвойваюць школьныя навукі без усялякіх перашкод. Дзеці прыходзяць да нас з задавальненнем. Многія ганарацца тым, што яны лепш за іншых ведаюць родную мову, маюць багаты слоўнікавы запас, могуць растлумачыць і расказаць некаторыя дзеянні і, безумоўна, ведаюць больш пра творчасць беларускіх паэтаў, прадстаўнікоў культуры. Менавіта гэтаму і садзейнічае наша ўстанова адукацыі».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.