Як мы паведамлялі ва ўчарашнім нумары, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня падпісаў Указ нумар 323, якім уносяцца змяненні ва Указ ад 23 лістапада 2020 года нумар 437 «Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны». Дакументам даецца права юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку і падпарадкаваным Кіраўніцтву спраў Прэзідэнта, ажыццяўляць рэалізацыю фізічным асобам дзелавой драўніны ў нарыхтаваным выглядзе па-за біржавымі таргамі па цэнах арганізацый-вытворцаў для будаўніцтва або рамонту жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Раней, згодна з Указам нумар 437, такі механізм продажу быў прадугледжаны толькі для арганізацый Мінлясгаса.
Намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір КРЭЧ растлумачыў, чаму ў Беларусі змянілі ўмовы рэалізацыі дзелавой драўніны насельніцтву.
«Змяненні ў першую чаргу закранулі дапаўненне механізма рэалізацыі ў нарыхтаваным выглядзе лесу для фізічных асоб. Гэты механізм, па сутнасці, ужо дзейнічае, але толькі для лясгасаў, падпарадкаваных Мінлясгасу. У рамках маніторынгу гэтага механізма Камітэтам дзяржаўнага кантролю былі выяўлены пэўныя недапрацоўкі, і, зразумела, яны былі агучаны кіраўніку дзяржавы. У выніку намі падрыхтаваны змяненні, якія сёння даюць магчымасць скарыстацца такім механізмам яшчэ і юрыдычным асобам, нацпаркам, падпарадкаваным Кіраўніцтву спраў Прэзідэнта», — адзначыў Уладзімір Крэч.
Увага з боку Камітэта дзяржкантролю была звязана са зваротамі грамадзян, якія не маглі атрымаць драўніну па гэтым механізме на пэўных тэрыторыях, дзе якраз і знаходзяцца лясы пад юрысдыкцыяй Кіраўніцтва спраў. У прыватнасці, у Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» Віцебскай вобласці, які сёння займае даволі значныя плошчы, звярнуліся грамадзяне для атрымання драўніны па такім механізме.
Юрыдычна яны не мелі права адпусціць гэту драўніну, і людзям давялося звяртацца ў найбліжэйшы лясгас — Верхнядзвінскі. «Для іх гэта ўсё роўна атрымлівалася больш выгадна, чым атрымаць драўніну з нацпарка па прэйскурантных цэнах біржы. Але зноў жа за кошт лагістыкі гэта нязручна для нашага насельніцтва. Цяпер людзі ўжо спакойна змогуць звярнуцца ў любую ўстанову, вядучую лясную гаспадарку, падпарадкаваную Кіраўніцтву спраў Прэзідэнта, і па тым жа механізме набыць гэту драўніну», — патлумачыў намеснік міністра,
Уладзімір Крэч нагадаў аб механізме рэалізацыі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе. Сёння фізічныя асобы маюць права звярнуцца ў любы лясгас, а цяпер ужо і ў лесагаспадарчую ўстанову, падпарадкаваную Кіраўніцтву спраў, для атрымання драўніны без біржавых таргоў па цэнах прадпрыемства-вытворцы, гэта значыць па мінімальных цэнах з рэнтабельнасцю не больш як пяць працэнтаў ад сабекошту. На цяперашні момант такая цана вагаецца ад Br70 да Br100 за кубаметр у залежнасці ад дыяметра. Гэта практычна ў два разы ніжэй, чым біржавыя каціроўкі на Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Такая драўніна выдзяляецца па канкрэтных мэтавых прызначэннях. Напрыклад, для будаўніцтва жылых дамоў і надворных пабудоў. «Для гэтага павінен быць пэўны пакет дакументаў. Працэдура поўнасцю рэгламентавана, і людзі яе разумеюць. Не трэба хадзіць па некалькіх інстанцыях, усё ажыццяўляецца літаральна на тэрыторыі лясгаса. На працягу дня ўсё можна аформіць. Такі ж механізм цяпер распаўсюджваецца і на юрыдычных асоб Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта», — расказаў Уладзімір Крэч.
Таксама ўказам удакладнены аб’ёмы рэалізацыі дзелавой драўніны. Цяпер гэта да 70 куб. м на кожны аб’ект будаўніцтва або аднаўлення (раней — у сукупнасці на ўсе аб’екты) і да 10 куб. м для бягучага рамонту адзін раз у рамках каляндарнага года ў сукупнасці на ўсе аб’екты (раней — па 10 куб. м на кожны аб’ект — жылы дом, дачу, садовы дом). «Для бягучага рамонту таксама неабходны невялікі камплект дакументаў аб тым, што чалавек валодае гэтай нерухомай маёмасцю, якая зарэгістравана, мы заключаем дагавор, і па той жа льготнай цане выдзяляецца драўніна», — адзначыў ён.
Уладзімір Крэч падкрэсліў, што гэты механізм паказаў сваю эфектыўнасць. «За 2023 год намі заключана больш чым 5,1 тысячы дагавораў з фізічнымі асобамі і адпушчана каля 97 тысяч куб. м драўніны. Гэта на мэтавае прызначэнне менавіта за мінулы год, калі КДК праводзіў маніторынг. Па выніках 2023-га года і з’явіліся рэкамендацыі па дапаўненні пераліку юрыдычных асоб, — паведаміў намеснік міністра. — Сёння мы бачым, што, па меры таго як нашы людзі карыстаюцца гэтым механізмам, попыт расце. Ужо за сем месяцаў бягучага года маем больш за тры тысячы заключаных дагавораў. Рост у рамках года складзе каля 15 працэнтаў. Значыць, людзі разумеюць ужо гэты механізм, ён распаўсюджваецца і актыўна выкарыстоўваецца. Ён зручны, а самае галоўнае — запатрабаваны».
Абмежаванняў па выдзяленні неабходных аб’ёмаў драўніны не будзе, падкрэсліў Уладзімір Крэч. «Пры той забяспечанасці, якую мы маем, адмоў для людзей не будзе. Тым больш мы прадугледзелі, што нават калі не хапае фонду аблвыканкама, які ў першую чаргу выкарыстоўваецца для забеспячэння фізічных асоб сыравінай, мы можам выкарыстоўваць усе віды высечак, якія не забаронены заканадаўствам. Кожны будзе забяспечаны драўнінай», — рэзюмаваў ён.
Паводле БелТА
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.