Вы тут

Аддаць сэрца людзям


Працоўны стаж віцебскай сям’і медыкаў Украінец — больш за 160 гадоў. Сёння аб гэтай дынастыі ведаюць далёка за межамі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Алена і Станіслаў перанялі любоў да медыцыны ад сваіх бацькоў, якія ўсё жыццё аддалі хірургіі. За працоўныя гады літаральна праз рукі сужэнцаў прайшлі тысячы пацыентаў, і яны нястомна працягваюць лячыць тых, каму патрэбна дапамога.


Тата Алены Віктар Васільевіч быў выдатным хірургам, сапраўдным майстрам сваёй, можна сказаць ювелірнай, справы. На працягу доўгіх гадоў узначальваў Віцебскую абласную клінічную бальніцу. Менавіта жыццёвы прыклад бацькі і стаў для Алены вырашальным падчас выбару будучай прафесіі, іншых варыянтаў у гэтай сям’і быць не магло.

«Дома заўсёды было мноства літаратуры па хірургіі і ўвогуле медыцынскай. Тата дзяліўся з намі сваімі рабочымі гісторыямі, заўсёды з натхненнем і запалам расказваў пра выпадкі, калі цяжкага пацыента ўдалося выратаваць. І з самага ранняга дзяцінства я назірала за шматлікімі кансультацыямі, па якія прыходзілі блізкія і знаёмыя, а бацька ўсім імкнуўся дапамагчы. Тата марыў, каб яго дочкі сталі медыкамі. Мая старэйшая сястра пайшла ў навуку, а я — у медыцыну», — расказвае наша гераіня.

З усмешкай успамінае Алена Віктараўна, як, знаходзячыся маленькай у вёсцы ў бабулі, ударылася ілбом аб востры крук дзвярэй. Віктар Васільевіч з мужчынскім спакоем заціснуў рану і павёз дачку ў мясцовую бальніцу, дзе хірурга не аказалася. Тады бацька ў падрыхтаванай аперацыйнай сам наклаў швы, заспакоіў. Толькі праз гады Алена зразумела, чаго каштавала бацьку, які бачыў сваё дзіця ў крыві, стрымацца і не паказаць хвалявання.

Урачы, як і большасць прадстаўнікоў іншых прафесій, людзі прымхлівыя. Так, выходзячы на работу, сужэнцы ні ў якім разе не жадаюць адно аднаму спакойнага дзяжурства. 

Адукацыю яна атрымлівала ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, скончыла альма-матар з дыпломам урача-тэрапеўта. У Віцебскай абласной клінічнай бальніцы праходзіла інтэрнатуру, тут з 2013 года пачала пісаць свой прафесійны летапіс, як і яе муж Станіслаў — траўматолаг.

Самым складаным у прафесіі Украінец называюць штодзённыя зносіны з людзьмі, якія прыходзяць у бальніцу часам зусім не з пазітыўным настроем.

У сужэнцаў на дзіва падобныя жыццёвыя гісторыі. Так, напэўна, сышліся зоркі, што іх бацькі працавалі разам. 

І абое — віртуозы хірургіі. 

Алена і Станіслаў з бацькам Яўгенам Аляксандравічам.

А пазнаёмілася пара ва ўніверсітэце, убачыўшы знаёмыя прозвішчы. Станіслаў таксама з дзяцінства быў уцягнуты ў медыцынскае асяроддзе і таксама выбраў прафесіяй ратаванне людзей. Яго маці Ірына Украінец шмат гадоў аддала эпідэміялогіі, цётка Інэса Аляксандраўна працуе ў інфекцыйным аддзяленні бальніцы.

Агульны медыцынскі стаж сям’і Украінец сёння налічвае больш за 160 гадоў. Бацька Станіслава Яўген Аляксандравіч узначальвае хірургічнае аддзяленне, сын — траўматалагічнае, Алена кіруе аддзяленнем гіпербарычнай аксігенацыі. «Наколькі складана быць з сям’ёй і на рабоце, і дома?» — пытаюся я ў гераіні. «Вялікі плюс у тым, што мы не маем дачынення да работы адно аднаго. Нашы кірункі ніяк не перасякаюцца, хіба толькі можам параіцца наконт адміністрацыйных пытанняў, вядзення дакументацыі. Кожны спецыяліст у сваёй вобласці, і гэта вельмі правільна, на маю думку», — разважае Алена Віктараўна.

Душэўнай адтулінай і, вядома, вынікам шчырага кахання Алены і Станіслава сталі двое сыноў, Косця і Міша. Цяпер хлопчыкі ўжо праяўляюць інтарэс да прафесіі сваіх бацькоў, адзін з любімых заняткаў — слухаць гісторыі аб цікавых здарэннях і шчаслівых выратаваннях, а яшчэ мераць ціск бабулі. Але, прызнаецца Алена, муж бывае дома не так часта, як хацелася б, — складаны графік, дзяжурствы. 

«Калі б я не бачыла графік свайго бацькі, не была б сама ўрачом, мяне вельмі напружвала б, што ноччу могуць патэлефанаваць і выклікаць мужа на аперацыю. На шчасце, я ўсё разумею і прымаю», — дзеліцца жанчына. 

Яна змагла растлумачыць і дзецям, што прафесія, якую выбралі бацькі, патрабуе пастаяннай дапамогі людзям у незалежнасці ад часу і выхадных. 

І малыя гэту ісціну засвоілі выдатна: ведаюць, што пасля напружанага дня бацьку патрэбен час спакою, нават усе гадзіннікі або прадметы, якія выдаюць гукі, з пакоя трэба ўбраць. Маці Алена любіць адпачываць ад работы ў садзе, дзе падчас працы з зямлёй прыходзяць у парадак думкі і супакойваецца душа. І ў такія гадзіны Косця і Міша таксама стараюцца без патрэбы яе не турбаваць.

Самым складаным у прафесіі Украінец называюць штодзённыя зносіны з людзьмі, якія прыходзяць у бальніцу часам зусім не з пазітыўным настроем. І тыя выпадкі, калі на аперацыйным стале, на вялікі жаль, перамагае смерць. Асабліва ўзрушальнай дагэтуль застаецца дзіцячая. Ад першых падобных выпадкаў Станіслаў адыходзіў тыднямі, успрымаючы кожную трагедыю як асабістую. З часам эмацыянальны фон урача-траўматолага стаў больш трывалым, але некаторыя гісторыі ўсё роўна застаюцца ў памяці надоўга.

Урачы, як і большасць прадстаўнікоў іншых прафесій, людзі прымхлівыя. 

Цяпер хлопчыкі ўжо праяўляюць інтарэс да прафесіі сваіх бацькоў, адзін з любімых заняткаў — слухаць гісторыі аб цікавых здарэннях і шчаслівых выратаваннях, а яшчэ мераць ціск бабулі. 

Так, выходзячы на работу, сужэнцы ні ў якім разе не жадаюць адно аднаму спакойнага дзяжурства. Сказаў так — чакай дзень з незлічонай колькасцю здарэнняў. Ёсць і «сіндром парнага выпадку»: калі паступіў пацыент з невядомымі складанымі сімптомамі, з якімі разбіраецца амаль што кансіліум, праз пэўны прамежак часу зноў паступіць такі ж пацыент, з вялікай верагоднасцю — з той жа хваробай.

Па слядах бацькоў цяпер «кансультацыі дома», здараецца, праводзяць Станіслаў і Алена. Выбудоўваць асабістыя граніцы, абмяжоўваючыся рабочым графікам, пара не хоча і не збіраецца. «І сябрам, і знаёмым мы стараемся аказаць дапамогу ў любы час. Мы давалі клятву, гэта наша жыццё. Напэўна, язык не павернецца сказаць: «Прабач, сёння ў мяне выхадны». Часта да мяне звяртаюцца з хваробамі дзяцей, бо не заўсёды назначанае лячэнне правільнае, таму адмовіць нельга», — расказвае Алена Віктараўна.

У вольны час, якога ў сям’і не зусім шмат, яны стараюцца займацца актыўным адпачынкам: ездзіць на экскурсіі, катацца разам на веласіпедах, адпачываць на возеры. Станіслаў доўгі час захапляецца рэстаўрацыяй старой мэблі і разьбой па дрэве, творы мастацтва главы сямейства — вытанчаныя палічкі, шафы, разьбяныя лаўкі — упрыгожваюць інтэр’ер лазні і дома.

На ўсе святы вялікая сям’я Украінец збіраецца разам, гэта абавязковая і нязменная традыцыя. Асабліва важным днём для Алены, Станіслава і Яўгена Аляксандравіча, вядома, з’яўляецца Дзень медыка. 

«У сувязі з тым, што свята прыходзіцца на лета, мы выбіраем адпачынак на свежым паветры. Віншуем калег, усе сябры нашай сям’і дасылаюць нам віншаванні, як на дзень нараджэння. Гэта свята для нашай дынастыі мае вялікае значэнне», — дзеліцца Алена. Цікава, што Станіслаў нарадзіўся 20 мая, у Дзень траўматолага, таму сужэнцы традыцыйна адзначаюць двайное свята.

Алена Віктараўна і Станіслаў Яўгенавіч разам 16 гадоў, 13 з іх — у шлюбе. Сакрэт сямейнага шчасця, кажа гераіня, заключаецца ва ўзаемаразуменні. «Важна разумець і чуць адно аднаго. Адчуваць настрой і перажыванні без слоў. Сакрэт шчасця яшчэ і ва ўзаемапавазе, каханні і клопаце».

Аляксандра Гвоздзева.

Фота БелТА і з архіва сям’і Украінец.

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.