Вы тут

Дзіўнае падарожжа па кукурузным лабірынце


Кукурузны лабірынт, які знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, пачаў новы сезон аграквэстаў. Гэта даволі цікавае месца адпачынку для ўсёй сям'і. Кожны сезон аблічча лабірынта змяняецца і ўскладняецца. Так, сёлета на плошчы велічынёй у некалькі футбольных палёў зроблены заблытаныя сцяжынкі ў форме казы. Кукурузны лабірынт мае некалькі ўзроўняў складанасці. Тут сем'і правяраюць сябе на спрыт, хуткасць і спартыўнае арыентаванне. Карэспандэнты «Сямейнай газеты» таксама вырашылі выпрабаваць сябе.


У квэсце па кукурузным лабірынце можна ўдзельнічаць як аднаму, так і з камандай. Узор карты дэталёва адлюстравалі ў спецыяльнай праграме, потым па міліметрах рабілі сцяжынкі, каб дакладна паўтарыць задуманую ідэю. Пасля праходжання лабірынта гасцям аграпарку прапануюць паўдзельнічаць у іншых забаўках, а яшчэ паспрабаваць экапрадукты, пагуляць у настольныя гульні і пазнаёміцца з насельнікамі «Кукуполіса». Падрабязней пра гэта распавяла кіраўнік фермерскай гаспадаркі «ДАК» Дзяржынскага раёна, адміністратар кукурузнага лабірынта Галіна ВАЎЧАНІНА.

— Галіна Эдуардаўна, кукурузны лабірынт — гэта сапраўды ўнікальнае і адзінае ва ўсёй Беларусі месца. Раскажыце, калі ласка, з чаго ўсё пачалося?

— Сам праект лабірынта нарадзіўся раптоўна. Але выпадковасцяў не бывае, таму ў нас усё атрымалася. Тады яшчэ малады студэнт захацеў зрабіць унікальны лабірынт. Ён шукаў месца, але яму ўсе адмаўлялі. Майму мужу спадабалася гэтая ідэя. Стварыўшы кукурузны лабірынт на базе нашай гаспадаркі, мы не толькі прынеслі радасць сем'ям, але і сталі папулярызаваць сваю прадукцыю. Шмат каму спадабалася гэта месца, і нават у будныя дні сюды масава прыязджаюць адпачываць сем'і, дзеці бегаюць, радуюцца. Ды і іх бацькі задаволеныя і шчаслівыя.

Дарэчы, кукурузны лабірынт існуе ўжо восьмы сезон. Кожны год стараемся здзіўляць новай яго карцінкай. Мы старанна рыхтуемся і выразаем яе. На жаль, яе можна ўбачыць толькі з вышыні птушынага палёту. Сёлета ў нас вяршыня лабірынта зроблена ў форме казы з рознымі ўзорамі.

— Даволі шмат людзей у будны дзень. Што ж тады ў выхадныя? І ці можна тут паспытаць кукурузу?

— Людзі прыязджаюць у будныя дні, каб правесці час са сваімі блізкімі ў больш спакойнай абстаноўцы. У выхадныя дні тут працуюць аніматары, артысты Дзяржынскага Дома культуры, тут пачынаецца сапраўдны хаос! (Смяецца.)

Такі лабірынт у Беларусі пакуль адзін. Ніхто яшчэ не адважыўся на падобнае, хоць кукуруза ў нас расце па ўсёй краіне. Дарэчы, яе можна паспытаць і на смак. Мы рэалізоўваем кукурузу нашых фермераў, гэта не тая, якая расце ў лабірынце. Калі скончыцца сезон, мы запускаем у лабірынт нашых коз. Праз тыдзень ад лабірынта застаюцца рожкі ды ножкі.

Пакуль надвор'е дазваляе, радуем людзей. Запрашаем і СМІ, і блогераў. 

Сёння беларускі турызм актыўна развіваецца, людзі імкнуцца даведацца новае аб нашай краіне. Здавалася б, паўгадзіны язды ад Мінска, а вельмі многія не ведаюць пра існаванне такой гаспадаркі. Пабываўшы ў нас, яны даведаюцца, чым мы займаемся, пасля чаго прыязджаюць яшчэ. Самы галоўны наш кірунак — вытворчасць казінага малака і прадуктаў з яго. А кукурузны лабірынт — прыемны дадатак. Дзеці радуюцца, а нам прыемна.

— Акрамя кукурузнага лабірынта, мы бачым тут мноства інтэрактыўных лакацый і жывёл. Ці могуць дзеці як-небудзь узаемадзейнічаць з імі?

— Мы не прэтэндуем на званне заапарка, проста выставілі некалькі відаў жывёл. Многія падкормліваюць нашых гадаванцаў морквай. У сваю чаргу стараліся выводзіць не дзікіх жывёл, каб дзеці спакойна маглі зайсці і пагладзіць іх. Напэўна, усіх, за выключэннем нашых гусей (смяецца).

Ёсць у нас і невялікі саламяны лабірынт. Ён прызначаны для самых маленькіх. Старэйшыя ператвараюць яго ў паркур, што не вельмі пажадана. Пасля падарожжа па лабірынтах можна адпачыць у паркавай зоне, схавацца ад гарачага летняга сонца ў цені. Там арэлі, гамакі, альтанкі каля возера. Апошнія, як правіла, арандуюць кампаніі людзей, якія хочуць спакойна адпачыць ці адсвяткаваць дзень нараджэння.

У нас ёсць і экскурсійны маршрут на трактары «Беларус». Нашы трактарысты яшчэ і машыністы. Таму толькі па выхадных днях мы ладзім аб'язныя экскурсіі па гаспадарцы з гідам. На фудкорце нашы партнёры працуюць у найбольшы пік — выхадныя дні.

— Ці змяняюцца лакацыі з года ў год? Імкняцеся прыўнесці нешта новае?

— Мы не прэтэндуем на абсалют, але стараемся і развіваемся, кожны сезон імкнёмся прыўнесці нешта новае. У мінулым годзе крыху спазніліся выразаць лабірынт, таму ён аказаўся для наведвальнікаў простым. Сёлета лабірынт больш складаны. У сярэднім людзі праходзяць яго за 50—60 хвілін. Што самае цікавае — ёсць аматары, якія прыязджаюць сюды яшчэ з першага сезона.

Увогуле, мы адсочваем колькасць наведвальнікаў. У мінулую нядзелю ўстанавілі рэкорд — толькі за адзін дзень да нас прыехала каля тысячы чалавек, а гэта сапраўды вельмі шмат! Мы нават баяліся, што не справімся, але, тым не менш, усё атрымалася. Мы заўсёды папярэджваем бацькоў, каб яны не пакідалі сваіх маленькіх дзяцей без нагляду. У лабірынце можна згубіцца, асабліва самым маленькім. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

Адкрыццё восьмага сезона не было пампезным. Праўда, у той дзень не пашанцавала з надвор'ем. Але, дзякуючы яму ж сёлета мы адкрыліся раней, бо кукуруза вырасла хутка. Будзем працаваць увесь жнівень і вельмі спадзявацца, што ў верасні надвор'е не падвядзе. Прыязджайце да нас у дзіўнае падарожжа па кукурузным лабірынце, будзем вельмі рады!

Узняць настрой і не заблукацца

Пасля шчырай размовы з кіраўніком гаспадаркі карэспандэнты «СГ» таксама адправіліся ў незабыўное падарожжа. Але перад гэтым вырашылі пагутарыць з тымі, хто ўжо прайшоў яго. Так, Мінчане Руслан і Марына прыехалі ў парк «Кукуполіс» разам з дзецьмі і сябрамі. Сям'я паспяхова прайшла праз лабірынт, паўдзельнічала ва ўсіх лакацыях і падзяліліся ўражаннямі: «Абышлі абсалютна ўсе лакацыі. У лабірынце знайшлі ўсе дзесяць пячатак, але не скажу, што гэта было проста. На праходжанне лабірынта спатрэбілася прыкладна паўтары гадзіны. Дзецям асабліва спадабаўся замак з сена. Атрымаліся цудоўныя сямейныя фатаграфіі. 

Вельмі парадаваў вяровачны гарадок. Арэлі, гамакі, зона адпачынку — усё на найвышэйшым узроўні. На беразе возера размешчаны альтанкі з мангаламі. Там можна схавацца ад сонца і пасмажыць шашлыкі. Тут вельмі класныя жывёлы. Дзецям асабліва спадабаўся вослік. Усім раю абавязкова наведаць гэтае выдатнае месца».

Наступных суразмоўцаў мы сустрэлі ўжо ў самім лабірынце. Міхаіл прыехаў разам з дачкой Кацярынай і ўнукам Данем ужо другі раз: «Мы самі з Мінска, дабірацца зручна. Дачцэ з унукам тут вельмі падабаецца. 

А сёлета стала яшчэ лепш, бо з'явіліся новыя лакацыі! Даню вельмі ўразілі козачкі. Наведалі і саму ферму. На выхадных тут асабліва весела, выступаюць артысты. Наш вердыкт — гэта сапраўды выдатнае месца для сямейнага адпачынку».

Працягваючы падарожжа па кукурузным лабірынце, сустракаем новую сям'ю. 

У парку «Кукуполіс» Кацярына разам з сынам Аляксандрам не ўпершыню. 

Сёлета яны прыехалі з сябрамі: «Мы прыязджаем сюды кожны год, выбіраем гэтае месца, таму што тут усе ўмовы для сямейнага адпачынку. Дарэчы, кожны год з'яўляюцца новыя лакацыі. Летась, напрыклад, не было моста ў цэнтры лабірынта. Калі залезці на яго, убачыш усё вакол, акрамя пячатак, якія неабходна сабраць».

Блукаючы па лабірынце, знаходзім новых спадарожнікаў. Аляксандр і Ірына разам з дачкой Валерыяй прыехала сюды не проста так. У маленькай прыгажуні дзень нараджэння! «Мы тут упершыню, але нам вельмі падабаецца. Акрамя лабірынта і фермы, можна паўдзельнічаць у розных актыўнасцях. Так, напрыклад, мы паспаборнічалі ў трапнасці — пастралялі з рагаткі па фігурках. Дачцэ ж больш спадабаўся лабірынт з сена. Не пашкадавалі, што прыехалі сюды». Валерыя расказала па сакрэце, што ёй падарылі вялізнага аднарога: «Мне вельмі спадабаліся козачкі і трусы. Я пакарміла іх морквай! Для мяне гэта найлепшы падарунак!»

Наступных суразмоўцаў заспелі ўжо на выхадзе з лабірынта. Сяргей і Іна разам з дочкамі Сафіяй і Крысцінай каталіся на вяровачных арэлях: «Мы тут упершыню. Вельмі спадабаўся лабірынт. Ён цікавы і незвычайны. Дзеці былі ў захапленні. Гэта добрае месца для спакойнага сямейнага адпачынку без лішняга шуму».

Дзве Наталлі разам з дзецьмі падкормлівалі гусей. Сяброўкі прыехалі ў «Кукуполіс» упершыню. Што цікава, іх сыноў таксама завуць аднолькава — Аляксандрамі. «Даведаліся пра гэта месца ў інтэрнэце. Шмат станоўчых уражанняў, цудоўны лабірынт, унікальныя лакацыі. Можна спусціцца да возера, пасядзець у альтанцы, пасмажыць шашлыкі. Таксама тут рэалізоўваюць найсмачнейшыя фермерскія прадукты».

Да размовы далучылася другая Наталля: «Чым сёння здзівіш сучасных дзяцей? Тут жа сапраўды ёсць на што паглядзець і чым заняцца. Для хлопчыкаў гэта не падобна на іх звычайнае жыццё! Больш за ўсё нашым дзецям спадабаўся квэст у лабірынце. Яны адразу ж уключыліся ў яго. Ды і гэта сапраўды захапляе: хочацца хутчэй знайсці ўсе пячаткі і выбрацца з лабірынта. Дзецям гэта цікава. Кормім звяркоў. Для дзяцей гэта будзе незабыўнае падарожжа і яркія ўражанні. І калі тут падабаецца 14-гадовым, то што ўжо казаць пра маладзейшых і дарослых?»

Жанчыны адзначылі, што і дабірацца сюды няцяжка — па дарозе размешчаны паказальнікі, якія не дазволяць заблукаць. Ёсць і вялікая паркоўка для аўтамабіляў, што немалаважна.

Наступныя нашы суразмоўцы каштавалі фермерскую прадукцыю: «Адпачываць з дзецьмі на прыродзе цудоўна, таму што яны актыўна рухаюцца і дыхаюць свежым паветрам. Маленькім Васілісе і Макару тут вельмі падабаецца. 

Задума ўдалая, месца адпачынку выдатнае. Прыехалі ўсёй сям'ёй, узялі з сабой нават маленькае дзіця, якому ўсяго тры месяцы. Мы паспяхова прайшлі праз лабірынт — усе адно аднаму дапамагалі. Наогул, ездзім па Беларусі ў пошуках актыўнага адпачынку для ўсёй сям'і, — расказала мама Юлія. — Я б паставіла гэтаму месцу 9 з 10, шкада толькі, што ў будныя дні не працуюць атракцыёны. Мы прыехалі з Барысава. На машыне дабірацца даволі зручна. Мінчанам у гэтым плане пашанцавала: усяго 20 кіламетраў ехаць».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

Фота Лізаветы ГОЛАД,

Дзяржынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.

Сілавыя структуры

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.