Жнівень і верасень — самыя папулярныя месяцы для правядзення вяселляў. А сёлета бум шлюбаў прыпаў на дзень трох васьмёрак — 08.08.2024. Часта казкі завяршаюцца вяселлем.
У жыцці ж усё толькі пачынаецца пасля штампа ў пашпарце. І, як сведчыць афіцыйная статыстыка, далёка не ва ўсіх атрымліваецца захаваць сям’ю.
У мінулым годзе ў нашай краіне было зарэгістравана 56 044 шлюбы, з іх сярод гараджан — 48 224, вяскоўцаў — 7820. Сярэдні ўзрост жаніхоў склаў 28,8 гадоў, а нявест — 26,5. Упершыню ўзялі шлюб 34 992 жанчыны і 36 933 мужчыны. Спецыялісты Нацыянальнага статыстычнага камітэта вывелі агульны каэфіцыент шлюбнасці (на 1000 чалавек насельніцтва) — гэта 6,1, але сярод жыхароў гарадоў ён вышэйшы — 6,7, у вяскоўцаў — 4,0.
Вельмі цікавая статыстыка міжнародных шлюбаў. Замуж за беларускіх мужчын выйшлі 991 грамадзянка Расіі, 152 — Украіны, 38 — Казахстана, 26 — Літвы і 21 грамадзянка Латвіі. Беларускія жанчыны ўзялі шлюб з 992 грамадзянамі Расіі, 116 — Украіны, 87 — Літвы, 73 — Турцыі і з 60 грамадзянамі Туркменістана. Такім чынам, грамадзяне Расіі, Украіны і Літвы папулярныя як шлюбныя партнёры і ў мужчын, і ў жанчын Беларусі. Цікава, што ніводны беларускі мужчына не ажаніўся з грамадзянкай Турцыі і Туркменістана, у той час як прыкметная колькасць нашых жанчын выбрала сабе ў якасці спадарожніка жыцця грамадзян менавіта з гэтых краін. Але важна разумець, што тут акцэнтуецца ўвага менавіта на грамадзянстве, а не на нацыянальнасці чалавека. Прасцей кажучы, грамадзянкай Казахстана можа быць хоць казашка, хоць беларуска.
У той жа час распалася 33 962 ячэйкі грамадства, сярод якіх 29 392 — сем’і гарадскіх жыхароў, 4570 — сем’і жыхароў сельскай мясцовасці. Агульны каэфіцыент разведзенасці — 3,7, у гараджан ён вышэйшы — 4,1, у вяскоўцаў — 2,3.
Дарэчы, у нашай краіне за апошнія гады склалася практыка заключэння шлюбных дагавораў. Прыкладна 4,5 тысячы сем’яў, якія знаходзяцца ў шлюбе, і пар, якія збіраюцца зарэгістраваць новую ячэйку грамадства, афармляюць такі дакумент. У выпадку скасавання шлюбу ён дапамагае цывілізавана ўрэгуляваць парадак выхавання і ўтрымання дзяцей, а таксама маёмасныя пытанні.
Разводзяцца не толькі маладыя сем’і, але і сем’і з вялікім стажам сумеснага жыцця.
Як правіла, дзеці перажываюць развод бацькоў значна цяжэй, чым самі дарослыя. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у суадносінах з агульнай колькасцю разводаў распаліся: 41,1% сем’яў, у якіх не было дзяцей, 36,9% сем’яў з адным дзіцем і 21,9% з двума і больш дзецьмі.
Маргарыта ДРАЗДОВА
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.