Сацыяльна-асветніцкі Цэнтр падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» з’явіўся ў Бабруйску 12 гадоў таму. Сям’я без дзяцей не сям’я — сцвярджэнне бясспрэчнае. І дзейнасць установы накіравана на тое, каб абараніць самых бездапаможных, тых, хто яшчэ не нарадзіўся.
«Ты яго яшчэ не бачыш, ён цябе ўжо любіць» — гэтыя словы размешчаны на слайдары ўстановы як напамін, перасцярога для тых, хто рашыўся на крайні крок. І ў тым, што 932 жыцці, якія маглі абарвацца ў самым пачатку, сёння радуюць сваіх бацькоў, заслуга менавіта цэнтра. Гэту лічбу можна ўбачыць на сайце ўстановы. А пад ёй — споведзі маці гэтых дзяцей. І яны пераконваюць лепш за любыя аргументы.
Гэты ярка-блакітнага колеру будынак па вуліцы Спартакаўскай, 1А стаў, лічы, родным домам для многіх бабруйчан. Адны прыходзяць сюды па дапамогу, другія — па поклічы сэрца, валанцёрамі.
Намеснік дырэктара бабруйскага цэнтра «Пакровы» Крысціна Навасёлава пачынала тут якраз у якасці валанцёра. Цяпер яна сузаснавальнік і член праўлення Дабрачыннага фонду падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы», які працуе ў Мінску. Арганізатары не сталі абмяжоўвацца Бабруйскам, сёння спецыялісты ўстановы працуюць у Магілёве, Мінску, Віцебску, Слуцку, Наваполацку, Клічаве.
— Я прыйшла сюды пасля ўдзелу ў конкурсе «Моладзь за жыццё, маральныя і сямейныя каштоўнасці», — расказвае Крысціна. — Мяне вельмі ўразіла, як тут працуюць з цяжарнымі на перадабортным кансультаванні. Жанчыны, якія збіраліся ісці на аборт, нечакана мянялі сваё рашэнне. А пасля прыходзілі, каб падзякаваць за вельмі важныя ў той сітуацыі словы. Яны нарадзілі і толькі пасля гэтага зразумелі, што маглі страціць.
Некаторыя перажылі нават шок. Бо нічога няма лепшага, чым мацярынства, і горшага, чым забойства. Іх, лічы, адвялі ад краю прорвы. На той момант разумення гэтага не было. Быў падман, што вырашыцца праблема.
Але гэта няпраўда. З аборту праблемы толькі пачынаюцца. Тут я зразумела, наколькі важную функцыю выконвае цэнтр, і пажадала таксама займацца гэтай справай.
Конкурс «Моладзь за жыццё, маральныя і сямейныя каштоўнасці» узнік у Бабруйску ў 2017 годзе, з 2020-га стаў рэспубліканскім. Яго заснавальнікі — Фонд «Пакровы» , Беларуская праваслаўная царква і Міністэрства адукацыі.
— Сёлета на гэты конкурс паступіла 383 заявы з усёй Беларусі, — кажа Крысціна. — Перамаглі 34 праекты. Яны былі адзначаны ў рамках штогадовага рэспубліканскага маладзёжнага форуму «Сэнс, жыццё, будучае». У галіне аховы здароўя другі год рэалізоўваецца праект фонду «Святасць нараджэння», сугучны з расійскім «Святасць мацярынства».
Туды прыходзяць маці з малымі, якія кажуць нам: «Дзякуй за тое, што ўратавалі нас ад апошняга кроку. Зусім нядаўна мы хрысцілі нашага маленькага падапечнага, якому выратавалі жыццё. Немагчыма знайсці словы, каб апісаць той стан, які цябе ахоплівае пры выглядзе дзіця, якое магло не нарадзіцца. І колькасць такіх дзетак істотная. У сярэднім мы апякаем 320–340 сем’яў, большасць якіх з Бабруйска.
Сёлета Крысціна стала пераможцай абласнога этапу XVІ рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Духоўнасць і культура». Яна прымала ўдзел у стварэнні вучэбна-метадычнага комплексу «Духоўнасць і патрыятызм», які вывучаецца на факультатыўных занятках у 5-6 класах, мае свае аўтарскія праекты. На думку суразмоўніцы, галоўны здабытак грамадства — гэта сям’я і клопат пра яе.
— Мы працуем пры ўстановах аховы здароўя, кансультуем жанчын, якія вырашылі перарваць цяжарнасць, — расказвае Крысціна. — У Мінску і Бабруйску прыём вядуць па тры кабінеты «За жыццё», у Віцебску і Магілёве — па два. У штаце цэнтра ёсць і псіхолагі, і юрысты, і сацыяльныя работнікі. Ён функцыянуе ў цеснай узаемасувязі з царквой і дзяржаўнай уладай. Нашы педагогі працуюць у школах, заключаюць пагадненні з каледжамі, ВНУ. Наогул, цэнтр «Пакровы» ўнікальны, такога, як у нас, няма больш нідзе, нават у Расіі.
Ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам будаўніцтва Цэнтра ў Бабруйску стаў яго дырэктар Андрэй Зубенка. Менавіта дзякуючы яго намаганням з былога сціплага будынка судмедэкспертызы быў зроблены шматфункцыянальны аб’ект, плошча якога ў параўнанні з ранейшымі памерамі павялічылася ў пяць разоў — з 200 квадратных метраў да 1000. Каб уявіць сабе, якім ён быў раней, можна паглядзець на фота ў фае цэнтра. Змены ўражваюць.
Пад адным дахам тут знаходзяцца крызісныя пакоі, спартыўная зала, вучэбныя класы, канферэнц-зала, храм. Цэнтр — як мост паміж царквой і грамадствам. Сям’я мае магчымасць атрымаць бясплатна паслугі псіхолага, юрыста, пагутарыць са свяшчэннікам. Тут дапамогуць матэрыяльна, дадуць прытулак, адным словам — не кінуць у бядзе. Прычым адразу ж, не адкладваючы на шматабяцальнае «потым». Супрацоўнікі цэнтра жартуюць: «Працуем па схеме «аднаго акна».
Дамавы храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы быў асвечаны якраз на хрысціянскае свята — 21 кастрычніка 2018 года. Тут захоўваецца спіс абраза Прасвятой Багародзіцы «Млекакармільшчыца», якому больш за 200 гадоў. Ён быў перададзены ў Бабруйск манахамі святой гары Афон. Як і іншыя падарункі — часціцы мошчаў святой праведнай Ганны, святога Крыжа
Гасподняга, іконы.
Настаяцель храма іерэй Аляксей Палякоў займаецца актыўнай місіянерскай дзейнасцю. Ён узначальвае аддзел па пытаннях сям’і, мацярынства і дзяцінства Бабруйскай епархіі і цалкам паглыблены ў жыццё навучэнскай моладзі. Чытае лекцыі, вядзе духоўныя размовы з прыхаджанамі, апякуе людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
— Цэнтр ствараўся, каб дапамагаць шматдзетным сем’ям, маці-адзіночкам, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі і вагаюцца паміж жаданнем рабіць аборт або ратаваць дзіця, — расказвае свяшчэннік. — Людзі часта кіруюцца фінансавым складнікам, хоць мы аказваем нашым жанчынам і грашовую дапамогу. У нас ёсць рэчавы склад, дзе нашы наведвальнікі могуць атрымаць абутак і адзенне на дзяцей, падлеткаў, людзей старэйшага ўзросту. Хапае добрых людзей, якія ахвяруюць новыя рэчы, часта з этыкеткамі. А яшчэ перадаюць каляскі, дзіцячыя ложкі. Для маламаёмасных сямей гэта вельмі важная падтрымка.
Шэсць гадоў таму цэнтр сумесна з аддзелам па справах моладзі Бабруйскай епархіі запусціў праект для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з Бабруйска і Бабруйскага раёна. Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання і суправаджальнага пражывання пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага і Першамайскага раёнаў Бабруйска прыходзяць сюды на заняткі, удзельнічаюць у мерапрыемствах і конкурсах. Штогод для ўдзельнікаў праекта ладзяцца экскурсіі і паломніцкія паездкі па святых, культурна-гістарычных мясцінах Беларусі.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту пры цэнтры функцыянуе нядзельная школа, дзе займаюцца больш чым 30 дзяцей. Асаблівая ўвага — дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Айцец Аляксей вядзе з імі духоўныя бяседы, а валанцёры займаюцца з імі фізкультурай. «Чытаем Евангелле, глядзім ролікі, п’ём гарбату, — усміхаецца айцец Аляксей. — У нас дзеці не адчуваюць сябе кінутымі. Яны і ў спорце поспехі робяць. Для іх у цэнтры праводзіцца спартакіяды».
Пры цэнтры функцыянуе шмат дзіцячых гурткоў. Усе на бязвыплатнай аснове, бо з наведвальнікамі працуюць валанцёры. Вялікай папулярнасцю карыстаецца керамічная студыя «Глінка»: дзеці разам з бацькамі займаюцца пад кіраўніцтвам таленавітага майстра Таццянай Яновіч. За грошы дабрачынцаў набыты ганчарны круг, керамічная печ, закупляецца гліна. Таццяна Іванаўна ўзначальвае таксама студыю па выяўленчым мастацтве «Вернісаж». Работамі яе вучняў упрыгожаны вестыбюль і лесвічныя маршы цэнтра. Выхаванцы студыі прымаюць удзел у конкурсах дзіцячай творчасці гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Неаднойчы запрашаліся на ўзнагароджанні ў Маскву і Мінск.
З 2018 года адкрыў свае дзверы клас падрыхтоўкі дзяцей да школы.
Выкладчыца Ніна Дубліцэвіч будуе заняткі ў гульнявой форме, каб дзецям было цікава падарожнічаць па краіне ведаў.
У тэатральнай студыі «Благавест» маюць магчымасць займацца дзеці ад 6 да 18 гадоў. Далучыцца да творчасці ім дапамагаюць акцёры Магілёўскага драмтэатра імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Двойчы ў год — на Раство і Вялікдзень — адбываюцца справаздачныя канцэрты.
На самых маленькіх разлічана студыя «Музыка з мамай». На сёння ў групе займаюцца больш за дваццаць дзяцей ад 1,5 да 5 гадоў. Разняволіцца малым дапамагае прысутнасць іх маці. Валанцёр Вольга Шурына праводзіць заняткі ў гульнявай форме.
У цэнтры ўсе адносіны будуюцца на аснове поўнага даверу. Напрыклад, тут ёсць вялікая бібліятэка, дзе кнігі выдаюцца за абяцанне вярнуць. Ніякага запісу няма.
Гурткі, жывыя стасункі, сустрэчы — цэнтр дае магчымасць праводзіць час змястоўна і з карысцю. Сёлета 12-ы раз прайшоў міжнародны фестываль у падтрымку сям’і, мацярынства і дзяцінства «Шчасце ў дзецях», які быў ініцыяваны цэнтрам і прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і.
— Галоўная яго мэта — духоўнае адраджэнне грамадства, — кажа Крысціна Навасёлава. — На яго пляцоўках беларускія і расійскія эксперты выступаюць за зацвярджэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і павышэнне прэстыжу мацярынства і бацькоўства. Фестывальная камунікатыўная пляцоўка «Роля сям’і ў выхаванні дзяцей» рэгулярна праводзіць конкурс дзіцячых малюнкаў «Велікодная радасць». Сёлета паступіла больш чым сто работ. І гэта вельмі добры вынік.
Крысціна не хавае, што нічога так не натхняе, як радасць у вачах людзей, якім атрымалася дапамагчы. У цэнтры працуе ўсяго каля 40 чалавек, але шмат памочнікаў збоку. Нездарма кажуць: маліцеся, і Бог пашле патрэбных людзей. А праз іх прыйдзе і дапамога.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта pokrova.by
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.