Штогадовыя зборы ў школу патрабуюць ад бацькоў немалых намаганняў і значных матэрыяльных выдаткаў. Ці можна сэканоміць калі не першае, дык хоць бы другое? Будзем разбірацца.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю падлічылі, што сёлета арыенціровачны сярэдні кошт камплектаў адзення дзелавога стылю і абутку для школьнікаў складае ад 120 да 620 рублёў. І дэталізавалі: прыкладны кошт адзення і абутку для малодшых класаў — ад 120 да 600 рублёў, для сярэдніх класаў — ад 180 да 580 рублёў, бацькам старшакласнікаў давядзецца выкласці ад 170 да 620 рублёў.
Арыенціровачны кошт «аптымальнага набору школьна-пісьмовых і канцылярскіх прылад» складае да 270 рублёў для малодшых класаў і да 260 рублёў — для старшакласнікаў. У сталіцы Дзень ведаў абыдзецца бацькам даражэй, чым у невялікіх населеных пунктах. Так, па падліках ДА «Сталічны гандаль і паслугі», арыенціровачны кошт «аптымальнай экіпіроўкі» для малодшых класаў — 320–1200 рублёў, для старшых класаў — 390–1300 рублёў. У любым выпадку, сумы немаленькія. І пытанне эканоміі тут вельмі дарэчнае. Дык што можна зрабіць?
У нашы дні выкідваць тое, што засталося з мінулага навучальнага года, — сапраўднае марнатраўства. Таму перад вераснёўскім школьным шопінгам праводзім рэвізію: што яшчэ дапушчальна (магчыма, папярэдне адмыўшы) ужыць па прызначэнні. Пачнём з канцтавараў. Пеналы, алоўкі і фламастары, пластылін і каляровая папера, лінейкі, цыркулі і транспарціры, сціркі і тачылкі, вокладкі для кніг і сшыткаў... Калі раней вам здавалася, што прасцей усё выкінуць і купіць новенькае і чысценькае, пазбаўцеся такой ілюзіі. Па-першае, усё гэта вельмі хутка набудзе такі ж патрапаны выгляд, а па-другое, успамінаем аб адказным спажыванні — адным з трэндаў сучаснасці. Тыя ж вокладкі для кніг: новымі і глянцавымі яны будуць толькі першы школьны тыдзень. Потым на іх, хутчэй за ўсё, з’явяцца малюнкі шарыкавай ручкай, падручнікі будуць не раз падаць пад парту, і іх вокладкі перастануць быць такімі ўжо чысценькімі. Вокладкі для кніг і сшыткаў — па сутнасці, проста кляёнка, а значыць, яе можна працерці вільготнай анучкай і выкарыстоўваць у новым навучальным годзе.
Прыгожы пенал — гэта, вядома, прыемна, тым больш што сёння школьныя аддзелы прапануюць дзясяткі варыянтаў, ажно вочы разбягаюцца. Але ўлічыце высокую верагоднасць таго, што гэты самы новенькі пенал яшчэ да канца верасня будзе згублены або парваны, або ваша дзіця памяняецца пеналамі з сябрам... І гэта вам будзе шкада і страчаных ці зламаных прыгожых дарагіх ручак, і аўтаматычных алоўкаў, і такіх мілых сцірак у выглядзе экзатычных рыбак — дзіця з гэтай нагоды не разгубіцца (калі, вядома, вы не дапаможаце яму разгубіцца, аблаяўшы і нагадаўшы, што «мама грошы не малюе»). Купляючы дарагія рэчы — няхай гэта будзе новы пенал або брэндавыя красоўкі на фізкультуру, — бацькі кормяць уласных «дэманаў».
У дзяцей іншыя каштоўнасці, асабліва калі гаворка ідзе аб малодшых і сярэдніх класах (у падлеткаў усё яшчэ больш складана). Дзіця можа не ацаніць дарагую рэч, затое нейкую дробязь, якая мае для яго зусім не зразумелую дарослым каштоўнасць, будзе захоўваць гадамі і перажываць аб страце, калі згубіць або зломіць. Так што пенал, калі ён яшчэ, у прынцыпе, прыдатны да ўжывання, таксама выкарыстоўваем леташні. Гэтак жа прыдзірліва аглядаем і іншыя школьна-пісьмовыя прылады. Пакінутыя чыстымі аркушы з леташніх сшыткаў адпраўляем на чарнавікі: і зялёныя насаджэнні ратуем, і чыстыя сшыткі эканомім (а калі ўжо зусім затлуміцца адказным спажываннем, то спісаныя сшыткі можна здаць у макулатуру).
Гэта толькі здаецца, што «канцылярка» каштуе капейкі. Па факце, набягае круглая сума, якую мы пакідаем у сямейным бюджэце. Асабліва калі дзяцей у сям’і некалькі. Дарэчы, пераход «у спадчыну» ад старэйшых да малодшых усіх гэтых падліковых палачак, нявыкарыстаных пропісяў і іншых неабходных у малодшай школе рэчаў, як і атласаў па геаграфіі-гісторыі, таксама ніхто не адмяняў.
Тое ж самае датычыцца школьнага адзення. Прыгожыя камплекты са школьных аддзелаў (ёсць сапраўды вельмі стыльныя, сёлета дызайнеры пастараліся) так і просяцца прымераць іх на ваша дзіця. І ўсё ж спыняем парыў і для пачатку дастаём леташнюю форму. Глядзім, з чаго канчаткова вырас ваш школьнік (школьніца), што ўжо безнадзейна зношана або парвана, а што яшчэ можна вымыць, адпрасаваць і рэаніміраваць. Пра пераход «у спадчыну» ад старэйшых дзяцей да малодшых не зусім зношаных прадметаў школьнага гардэроба (як гэта было ў нашым дзяцінстве) таксама варта ўспомніць. Прыйдзецца прыкласці намаганні, прыводзячы гэтыя рэчы ў парадак, затое эканомія можа быць адчувальнай.
Як расказалі ў канцэрне «Беллегпрам», апошнім часам бацькоўскі запыт на эканомію і разумнае спажыванне ўлічваецца пры распрацоўцы новых школьных калекцый. Многія мадэлі штаноў і спадніц маюць рэгуляваную талію (калі ўжо купляем новае, мабыць, варта выбраць менавіта такія мадэлі), прадугледжана і магчымасць для мам лёгка «адпусціць даўжыню» вырабу. Дзеці растуць хутка, нават на працягу навучальнага года — не тое што за лета — не накупішся...
А вы былі калі-небудзь у школьнай раздзявалцы? Калі так, то, напэўна, бачылі ўсе гэтыя курткі, што выпадкова зваліліся з вешалак, абы-як засунутыя на паліцы для абутку красоўкі, забыты пад лаўкай на падлозе світар, на які ўжо паспелі наступіць... Нягледзячы на ўсе намаганні школьных гардэробшчыц, менавіта такая карціна, хутчэй за ўсё, і адкрыецца вашым вачам. Ну а ў той раздзявалцы, дзе дзеці апранаюць форму на ўрок фізкультуры, вы былі?.. Там школьнікі пераапранаюцца яшчэ і спехам, за нядоўгі час перапынку... Пра што гэта я? Ды пра тое, што дарагія красоўкі вельмі хутка страцяць выгляд, а стыльнае спартыўнае адзенне на фізкультуру, набытае ў жніўні, ужо ў кастрычніку будзе выглядаць гэтак жа, як не вельмі дарагое і не вельмі стыльнае.
Дзяцей не варта ў гэтым вінаваціць. А вось бацькам, каб пазбегнуць непатрэбнага марнавання нерваў і сродкаў, варта ставіцца да школьнага адзення менавіта як да «расходнікаў». З пазіцыі фразы з рэкламы: «Калі не відаць розніцы, навошта плаціць больш?».
Меркаванне, што рэч тым лепшая, чым даражэйшая, неадназначнае. Часцяком мы плацім за дызайн, а не за якасць пашыву ці матэрыялу, яшчэ часцей — за брэнд. На якасці эканоміць, вядома, не варта: дзіця ж будзе насіць гэтыя рэчы штодня (школьную форму) або амаль штодня (форму фізкультурную). Але вось пераплачваць за «непаўторны дызайн», стыльны прынт або вядомы брэнд у дадзеным выпадку зусім залішне. Гэта датычыцца ў першую чаргу спартыўнай формы. Сёння спартыўнае адзенне ў модзе, прапанова вымяраецца сотнямі і тысячамі мадэляў, але ўлічвайце: фізкультура — усяго толькі адзін з урокаў. І калі ваша дзіця не вучыцца ў школе алімпійскага рэзерву, не плануе прафесійную спартыўную кар’еру і не з’яўляецца надзеяй нашай зборнай, то і спартыўнае адзенне яму цалкам падыдзе якаснае, але не брэндавае. Ну, а калі вучыцца, плануе і з’яўляецца?.. Тады тым больш у вас дастаткова выдаткаў — на прафесійную экіпіроўку, паездкі на спаборніцтвы і зборы і гэтак далей.
Словам, з некалькіх якасных рэчаў выбіраем найбольш бюджэтны варыянт.
З падлеткамі-старшакласнікамі, вядома, у гэтым плане бывае складана, і ўсё ж дамовіцца можна і з імі.
Ну а што да школьнага заплечніка, а таксама «зменкі» (на якую мяняюць вулічны абутак у школе) — тут галоўным (акрамя зручнасці) крытэрыем павінна выступаць надзейнасць. Бо менавіта гэтыя рэчы «рвуцца на шматкі» першымі, адзначаюць мамы «са стажам».
Закупляемся на школьных кірмашах і распродажах. Калі мы высветлілі, што канкрэтна нам трэба набыць (з улікам таго, што максімальна можна выкарыстаць з мінулага года), адпраўляемся рабіць пакупкі (якія здзяйсняем па вышэйапісаным прынцыпе «расходнікаў»). Але куды больш выгадна ісці? На думку вопытных мам і бабуль, якія не першы год збіраюць дзяцей і ўнукаў у школу, менавіта школьныя кірмашы — месца найбольш нізкіх цэн на «школьную экіпіроўку». Бо яны разлічаны на тое, каб распрадаць тавар за некалькі дзён.
Невялікая эканомія тут, некалькі рублёў там — а ў выніку набягае нядрэнная сума. Гэтым летам у Беларусі прайшло і яшчэ пройдзе мноства такіх кірмашоў (паводле звестак МАРГ, больш за 170): да 5 верасня — у Гродне, з 10 жніўня — у Маладзечне, з 16-га — у Баранавічах, з 17-га — у Салігорску, з 24-га — у Жодзіне і гэтак далей. Увесь жнівень у буйных універмагах праводзяцца акцыі, якія прадугледжваюць зніжкі і падарункі, — не лянуемся адсочваць іх на сайтах гандлёвых устаноў. Буйныя ўнівермагі, дарэчы, маюць перавагу перад маленькімі крамамі: у іх больш магчымасці зніжаць цэны і прапаноўваць дадатковыя зніжкі — рабіць гэта дазваляе велізарны аб’ём іх продажаў. Адпаведна, менавіта ў вялікіх крамах у вас больш шанцаў набыць школьны асартымент па прывабных цэнах. Яны ж звычайна прапаноўваюць праграмы крэдытавання і растэрміновак. Але што датычыцца, напрыклад, карт растэрміновак (накшталт «Халвы»), тут аб эканоміі размова не ідзе. З аднаго боку, мы быццам бы плацім за зборы ў школу «не сваімі» грашыма, з іншага — потым некалькі месяцаў аддаём уласныя сродкі, прычым ужо паспеўшы забыцца, за што. Акрамя таго, нярэдка пры аплаце картамі растэрміноўкі не дзейнічаюць акцыйныя зніжкі. А вось дысконтныя карты ўнівермагаў — гэта якраз аб скарачэнні выдаткаў на зборы ў школу. Акрамя таго, у буйных універмагах шматдзетным сем’ям і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, пры прад’яўленні пацвярджальных дакументаў прадугледжаны дадатковыя зніжкі на школьны асартымент: калі ваша сям’я ў адной з гэтых катэгорый, гэта пытанне трэба ўдакладніць, выбіраючы месца для шопінгу.
І яшчэ адна парада ад вопытных мам, якая гучыць так: непасрэдна да Дня ведаў — толькі самае неабходнае. Астатняе дакупляем пазней. У верасні—кастрычніку ажыятаж схлыне, а магазіны знізяць цэны на школьны асартымент да магчымага мінімуму.
І, такім чынам, з’явіцца магчымасць набыць танней тое, што каштавала даражэй у 20-х чыслах жніўня.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.