Вы тут

Дрыбін запрашае ў суботу на рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў


«Дрыбінскія таржкі» стартуюць ужо ў гэту пятніцу — 16 жніўня. У праграме першага дня двухдзённага свята шмат дзіцячых мерапрыемстваў. Гэта і конкурс малюнка на асфальце, і работа дзіцячых крамніц, гульнявых і спартыўных пляцовак, фотазон. Шмат будзе майстар-класаў, пройдзе дзіцячы конкурс вакальнага майстэрства «Музычны кропель», фестываль фарбаў. Дзіцячы дзень павольна перацячэ ў маладзёжны вечар. Аматары танцаў і забаўляльных праграм будуць запальваць на дыскатэцы, наведваць канцэрты, спяваць караоке. 


Але асноўныя фестывальныя падзеі на Цэнтральнай плошчы Дрыбіна разгорнуцца ў суботу. З 8 гадзін раніцы працягне сваю работу імправізаваная «мытня», на якой будуць сустракаюць дэлегацыі і ўдзельнікаў фестывалю. Гасцей чакае парад тэхнікі, горад майстроў, цікавыя фестывальныя лакацыі, атракцыёны, экскурсіі па падворках. Можна будзе наведаць літаратурную гасцёўню, даведацца пра сакрэты валення валёнкаў, вырабу іншых карысных у гаспадарцы рэчаў. Дрыбінскія таржкі нарадзіліся не на пустым месцы. У старадаўнія часы ў жніўні народ з’язджаўся ў гэтыя мясціны, каб другіх паглядзець і сябе паказаць. Сяляне прадавалі яйкі, масла, сыры ўласнай вытворчасці, везлі на кірмаш маладняк дамашняй жывёлы і птушку. Было шумна, весела і святочна. Арганізатары паклапаціліся, каб у Дрыбіне захавалася тая прыгожая традыцыя, каб працягвала панаваць атмасфера весялосці, творчасці, а ў людзей таленавітых і працавітых была магчымасць праявіць сябе, прадэманстраваць свае дасягненні. 

— Наш фестываль праводзіцца ўжо ў трынаццаты раз, — паведамілі ў Дрыбінскім райвыканкаме. — У гэтым годзе ён прымеркаваны да 100-годдзя раёна. Яго тэма — «Ад вытокаў да сучаснасці». Кожная арганізацыя Дрыбінскага раёна аформіць свой падворак з улікам гістарычнага складніка — ад мінулага да сучаснасці. Усё гэта плануецца зрабіць у люстэркавым выкананні — што было ўчора і чаго дасягнулі сёння. Мэта фестывалю — папулярызацыя народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў, прыцягненне ўвагі моладзі да народных абрадаў, звычаяў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і літаратурнай 
творчасці. Ва ўсім гэтым адлюстроўваюцца духоўная прыгажосць і сіла славянства. 

А ў якасці запрашэння на фестываль прапануем вершаваныя радкі дрыбінскай паэтэсы Людмілы Лісавай.

«У Дрыбіне кірмаш гудзе,
Няма месца анідзе.
Гасці едуць з усіх канцоў
Паглядзець на малайцоў,
Паглядзець на шапавалаў,
Іх паслухаць лемязень...
Дзіва тут на цэлы дзень!»

Нэлі ЗІГУЛЯ
Прэв’ю: mogilevnews.by.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.